Лявон Вольскі

Камэта

апавяданьне

 

ваніцкі пабойваўся ваенкаматаў. Увесь гэты забор у войска, які ён перажыў у 18 гадоў, пакінуў у душы глыбокі сьлед, і нават цяпер, калі, нібыта, баяцца не было чаго, Званіцкі сьніў кашмарныя сны пра тое, што яго зноў “забрылі”. Што ён, 35-гадовы мужчына, прыбыў у нейкую частку й марна даказвае маладзёну-сэржанту, што тут нейкая памылка, што ён даўно адпахаў свае два гады і што ніякім чынам ня можа лічыцца “салабонам”. А сэржант адно крыва пасьміхаецца і ўсім выглядам паказвае, што давядзецца прайсьці праз прыніжэньні ды ўсю мярзоту таго, што суха завецца пазастатутнымі адносінамі.

 

Званіцкі адслужыў 15 гадоў таму. Цераз год пасьля вяртаньня яго “цёпленькім” узялі а 6-й раніцы, прымусілі падпісаць нейкую позву, і Званіцкі загрымеў на зборы (25 дзён). Гэтыя зборы зблыталі ўсе ягоныя тагачасныя пляны. Зноўку яго пастрыглі, зноўку надзелі на яго пачварныя вайсковыя шмоткі, і ён доўгія чатыры тыдні займаўся нікому не патрэбнай і брыдкай сабе самому працай – перакладаў на сховішчах розныя біклагі й плашч-палаткі ды маляваў мужных, з квадратнымі амэрыканізаванымі сківіцамі, вайскоўцаў для падняцьця баявога духу асабовага складу і ўпрыгажэньня вайсковае часткі.

Пасьля гэтага стрэсу Званіцкі паставіўся да вырашэньня пытаньня радыкальна: ён выкінуў вайсковы білет, зьмяніў месца жыхарства, звольніўся й пачаў займацца выпадковай працай. Грошай было нават болей, чымся на ягоным былым прадпрыемстве, што сутаргава білася ў абдымках крызысу. Дый вайскоўцы цяпер наўрад ці знайшлі б яго. Прынамсі, за 15 гадоў гэткага жыцьця ваенкаматы Званіцкага не патурбавалі.

А цяпер ён сам ішоў у ваенкамат.

Калі я не аднаўлю гэтага вайсковага білету зараз, я не аднаўлю яго ніколі. Калі я не аднаўлю яго ніколі, я не паступлю ў аўташколу. Калі я туды не паступлю, я ня буду кіраваць машынаю. Тады я заўсёды буду езьдзіць у поўных аўтобусах і вагонах мэтро, дзе так нясе перагарам, нібыта там разьлілі гарэлку. Так я буду езьдзіць шмат гадоў, аж пакуль мне не пачнуць саступаць месца.

Такімі словамі Званіцкі гнаў сябе ў ваенкамат. І прыгнаў.

У дзяжурцы сядзеў маёр. Ён насьцярожана паглядзеў на Званіцкага.

«Кантужаны», — вылічыў Званіцкі.

— Што вы хотите? – запытаўся кантужаны маёр.

— Мне б аднавіць ваенны білет. Ну... Новы ваенны білет зрабіць...

— В два часа кончается обед. Подойдите в кабинет №1, — насьцярожана парэкамэндаваў маёр.

На чорным дэрмаціне дзьвярэй кабінэту нумар адзін вісела шыльда “начальнік транспартнага аддзяленьня”.

«Дзіўнавата, – падумаў Званіцкі. – Як гэта стасуецца з афармленьнем білету?»

Аднак таямнічыя вайсковыя паралелі заўсёды былі яму малазразумелыя. Так што ён ня ўгледзеў у гэтым нічога ненармальнага.

Званіцкі выйшаў з драўлянага ваенкаматаўскага будынку. На лаўцы сядзелі супрацоўніцы й гаманілі. Званіцкі прыслухаўся, ён любіў падслухоўваць размовы розных слаёў насельніцтва.

— І, карацей, рабёнак іхны — інвалід дзецтва. Бо дзіцё гэтае, як было малое, дык яго ўранілі са стала, як спавівалі.

— Аёй, аёй, — заперажывалі дамы.

На лаўцы побач сядзеў хлопец прызыўнога веку. Ён мэтанакіравана чысьціў сваю скураную куртку. Лавы так даўно былі пафарбаваныя, што блакітная алейная фарба ад сонца й вады перасохла й пачала пэцкацца, нібы крэйда. Ваенкаматаўкі дык падсьцялілі сабе газэткі, а прызыўніка не папярэдзілі. І цяпер ён утрапёна чысьціў куртку, бо ягоная юнацкая годнасьць не дазваляла яму хадзіць зьлёгку запэцканым у пыльна-блакітны колер лавы.

 

Камэта набліжалася. Яна, нібыта назло навукоўцам і вылічальнай тэхніцы, ішла па зусім іншай, ня вылічанай кампутарамі траекторыі.

Прэзыдэнт ЗША, каб прадухіліць паніку, выступіў з супакаеньнямі. Маўляў, сутыкненьня ня будзе, лёгкае адхіленьне камэты ад вылічанае траекторыі таксама вылічанае, сытуацыя цалкам кантралюецца.

І ўсё роўна хваляваньні працягваліся.

 

— Колькі цяпер часу? – запытаўся Званіцкі ў ваенкаматавак.

— На маіх два, — адказала самая тоўстая.

Званіцкі зайшоў у ваенкамат. Дзяжурны маёр прыўзьняўся з крэсла.

— Во второй кабинет. Вам во второй. Во второй, — амаль гістэрычна паўтараў ён.

Званіцкі зразумеў, што з транспартным аддзяленьнем усё-ткі маёр памыліўся (кантузія), а цяпер выпраўляе памылку.

Званіцкі таргануў дзьверы другога кабінэту. Замкнёна. Малады чалавек прызыўнога веку зайшоў у ваенкамат і адразу накіраваўся да люстэрка й паспрабаваў паглядзець на сябе ззаду – ці адчысьціўся? Потым падышоў да дзьвярэй, абабітых брунатным дэрмацінам, таргануў клямку. Таксама зачынена. Прызыўнік пачакаў з тры хвіліны, потым завярнуўся й пайшоў.

«Потым скажа, што прыходзіў а другой, а нікога не было, — здагадаўся Званіцкі. — Хоць якая, а адтэрміноўка».

Літаральна пасьля гэтае думкі Званіцкага ў ваенкамат зайшла суворая дама з квадратным чырвоным тварам.

— Вы по повестке? — спыталася ў Званіцкага.

— Не, я ў кабінэт №2, — азваўся ён.

— А кроме вас никто не приходил?

— Прыходзіў нейкі малады чалавек, але толькі што пайшоў. Відаць, ня меў калі чакаць.

Дама зь непрыхаванай прыкрасьцю адамкнула, зайшла да сябе й бразнула дзьвярыма.

“Упусьціла птушачку, — падумаў Званіцкі. — Так табе й трэба, пацучыха”.

Зайшлі кабеты, што раней сядзелі на лаве.

— Дык а чаго вы не заходзіце? — запыталася ў Званіцкага тая, што распавядала пра інваліда дзяцінства. — Чаго вы стаіця? Вы па якім вапросе?

— Ваенны білет хачу зрабіць.

— Ну дык у другую комнату прахадзіця.

— А там зачынена.

— Нічога там не зачынена. Вы пастукайця.

Званіцкі пастукаўся.

— Так было ж открыто, — пачуў з кабінэту.

Неўзабаве дзьверы адчыніліся, патыхнула сьвежаразьліванай гарэлкай. З кабінэту выйшаў тоўсты капітан і, не зважаючы на Званіцкага, зьнік у нетрах камісарыяту. Другім з кабінэту выйшаў востратвары маёр.

— Тебе што надо? — некультурна пацікавіўся ён.

— Мне — ваенны білет.

— А што, у тебя его нет?

— Быў. Пакралі.

— Паспорт есть? Дай сюда. Подожди. Постой тут.

Маёр пайшоў недзе ў ваенкамацкія памяшканьні.

Званіцкі падумаў, што вось зараз яму ня вернуць пашпарту, пакінуць яго тут, накіруюць на зборы альбо ў якасьці пакараньня прымусяць разносіць позвы ці капаць “ад забора да абеду”.

 

Камэта набліжалася. Цяпер ужо ўсе разумелі, што сутыкненьня не пазьбегнуць. Мільёны людзей маліліся за ўратаваньне душаў сваіх. Вялікая колькасьць сканчала жыцьцё самагубствам. Швэдзкія астраномы ўсё яшчэ спрабавалі пралічыць траекторыю камэты, каб хаця ведаць найбольш небясьпечныя рэгіёны й пачаць эвакуацыю. Хаця камэта паводзіла сябе, як жывы арганізм, які падпарадкоўваецца ня толькі аб’ектыўным прыродным законам, але й сваім капрызам і памкненьням. У Беларусі ў мэтах прадухіленьня панікі сярод насельніцтва працаваў адно дзяржаўны тэлеканал, хаця чуткі прапаўзалі праз замежныя радыё й расейскі друк. Народ рэагаваў стрымана.

 

— Ну-ка, зайдите в шестой, — пачуў Званіцкі голас маёра.

У шостым тоўстая дама корпалася ў архівах.

— Вы, наверно, не у нас закреплены, — сказаў маёр.

— У вас, — адказаў Званіцкі. — Мяне ад вас забіралі.

— Не забирали, а призывали. Если бы вас от нас призывали, вы бы были у нас тут, в картотеке, а вас нет.

— Не магу найсьці, — сказала дама. — Ано ж ня можа згубіцца.

Маёр зірнуў у пашпарт Званіцкага.

— Посмотри ещё раз. На “э”. Эвоницкий.

— Якое “э”?! Я — Званіцкі. Якое “э”?

— Тихо, тихо. А-а, это я плохо посмотрел. В этих новых паспортах оно похоже – “з”, “э”.

— Так там жа ёсьць па-рускі, — сказала дама. — А ты, відаць, па-англійскі глядзеў.

— А-а, тут хрен разберёшься, — падвёў рысу маёр. — Ладно. Пошли во второй.

У другім Званіцкага прымусілі запаўняць паперу, што, маўляў, ён згубіў вайсковы білет №..., а таксама маёр перапісаў ягоны новы адрас, тэлефон, карацей, зноўку Званіцкі трапіў у залежнасьць ад грувасткае вайсковае машыны гэтае дзяржавы.

— Теперь так, — сказаў маёр, — вы идёте в милицию своего раёна. И берёте там справку. Что билет с номером ... не найден. Потом идёте в газету. И пишете объявление, что билет №... прошу считать недействительным. Приносите мне квитанцию или вырезку с газеты. И справку с милиции. И тогда уже мы будем думать, как вас наказывать.

“І вось няма як адказаць, — падумаў Званіцкі. — Ён жа ж адчувае, што мне гэты білет патрэбны. А чаго б іначай я пацёгся яго аднаўляць”.

— Ну что, всё ясно? — запытаў маёр.

“Ты б яшчэ дадаў “таварыш радавы”, — падумаў Званіцкі.

— Я спрашиваю, всё ясно?

— Да пайшоў ты, казёл, — са зьдзіўленьнем пачуў свае словы Званіцкі. — І ты, і твой ваенкамат, і ўсё тваё гаўнянае войска.

 

Як паперу, прабіла камэта шыфэрны дах ваенкамату. У адно імгненьне на месцы ваенкамату, раёну, гораду паўстала сьцяна агню. Дамы падалі, як пясочныя. Зямля скранулася зь месца й памяняла траекторыю. Пачаліся масавыя пажары й затапленьні. Большая частка насельніцтва загінула. Тыя, што выжылі, вымушаныя былі прыстасоўвацца да новых кліматычных, тэмпэратурных умоваў і адсутнасьці камунікацыяў і выгодаў. Большасьць так і ня здолела прыстасавацца. Новая эра спусьцілася на Зямлю. Наступныя ваенкаматы зьявяцца тут не раней, чымся праз тысячу гадоў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0