Моцны крок слабое партыі

БСДГ прыняла валявое рашэньне падтрымаць Пазьняка

Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада прыпыніла сваё сяброўства ў Каардынацыйнай Радзе Дэмакратычных Сілаў і плянуе ўтварыць перадвыбарную кааліцыю з Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй БНФ.

 

Сацыял-дэмакраты Шушкевіча нязгодныя з тым, што Рада супрацоўнічае зь «пяцёркай» кандыдатаў, якія прымаюць існаваньне «саюзу Беларусі й Расеі». Вярнуцца ў Раду БСДГ гатовая толькі ў тым выпадку, калі ў праграме кандыдата КРДС зьявяцца палажэньні аб недапушчальнасьці любога абмежаваньня незалежнасьці Беларусі і яе фінансавай сыстэмы ды аб вяртаньні да Канстытуцыі 1994 г. і нацыянальнай сымболікі.

Выканкам БСДГ у сваёй заяве аднадушна ўхваліў вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта Зянона Пазьняка, які «заўжды пасьлядоўна й рашуча адстойваў прынцып незалежнасьці Беларускай дзяржавы».

Пазыцыі БСДГ і кансэрватараў супадаюць па ўсіх прынцыповых пытаньнях. Дзіва што кааліцыя выглядае натуральна.

Станіслаў Шушкевіч цяпер у ЗША і сваёй думкі пакуль ня выказаў. А ўвогуле, такія рашэньні ў БСДГ мусяць прымацца на паседжаньні Рады партыі або зьезьдзе. Так што пакуль заяву Выканкаму БСДГ можна лічыць толькі праектам. У якім і прыхільнікі, і апанэнты ўбачылі праяву самастойнае палітычнае волі і прынцыповасьці.

Алег Трусаў, адзін з заснавальнікаў БСДГ, сябар Рады партыі, лічыць, што наяўнасьць моцнага правага кандыдата ў прэзыдэнты надзвычай важная для дасягненьня палітычнае раўнавагі. «Кандыдат мае ісьці на выбары з жорсткай незалежніцкай праграмай, — мяркуе ён. — Сацыяльная база такога кандыдата — ня толькі 13% выбарцаў, якія падтрымалі Пазьняка ў 1994 г., але найперш — моладзь, што пойдзе на выбары ўпершыню, і выбарцы, расчараваныя вынікамі прарасейскае палітыкі Лукашэнкі». З такой правай сілай вымушаныя будуць лічыцца ўсе кандыдаты. Рашэньне Выканкаму БСДГ сп.Трусаў пакуль ніяк не камэнтуе.

Невылечная хвароба партыяў Пазьняка і Шушкевіча – нешматлікасьць моладзі ў іхных шэрагах. Калі партыі здолеюць стварыць арганізаваную стабільную кааліцыю, прыцягальнасьць правіцы пачне ўзрастаць. Да правае сілы адразу ж, фармальна ці нефармальна, далучацца шматлікія радыкальныя групоўкі, нацыянал-дэмакратычная інтэлігенцыя, правае крыло цэнтрысцкіх партыяў. Правіца вабіць яснасьцю сваёй пазыцыі, кансэрватызмам каштоўнасьцяў і апірышчам на мясцовыя рэсурсы, але палохае раздробленасьцю. Умацаваньне правага крыла паскорыла б і натуральны працэс кансалідацыі касьцяка КРДС у дысцыплінаваную дэмакратычную кааліцыю.

Зараз будзе ўдалы момант для зьяўленьня правае сілы. Яна можа згуртавацца вакол правага кандыдата на прэзыдэнты і валявым чынам зьмяніць верасьнёўскі расклад. Такая сіла будзе асабліва запатрабаваная палітычнай сыстэмай краіны пасьля верасьня.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0