Я за Ганчарыка

Можа, Вас узяў подзіў, што нехта прагаласаваў бы за Ў.Ганчарыка? Мой век даволі ўжо сталы — 72 гады, ёсьць што ўспомніць. Помню, савецкія прафсаюзы праводзілі вялікую работу па задавальненьні сацыяльных патрэбаў працоўных: тут і льготныя пуцёўкі ў санаторыі, у дамы адпачынку, піянэрскія лягеры, дзіцячыя садкі, араганізацыя мастацкай самадзейнасьці і г.д.

Амаль кожны заводзік ці фабрыка мелі свой духавы аркестар, хор, часьцяком ладзіліся агляды мастацкай самадзейнасьці. Праводзіліся і спартовыя спаборніцтвы — валейбол, настольны тэніс, шахматы, шашкі. Усё гэта — пры значным удзеле прафсаюзаў.

У пастаноўцы на чаргу для паляпшэньня жыльлёвых умоваў таксама ўдзельнічаў прафсаюз. Я, напрыклад, стаў на чаргу ў 1963 г. і ўжо ў студзені 1967-га атрымаў новую кватэру-двухпакаёўку на сям’ю з 4-х чалавек.

Ну, і мне, вінным свайму заводу, было непрыгожа заставацца. Амаль кожны год выбіраўся ў цэхкам, трэба ў калгас падшэфны — калі ласка, Алесь паедзе і на бульбу, і на нарыхтоўку кармоў, і на калгасны тартак бярвёны лічыць, дошкі абразаць, складаць. Трэба пасьля работы пайсьці ў ДНД — можна пайсьці. Хоць з гэтых швэнданьняў па вуліцах карысьці было ня дужа многа.

Памятаючы, колькі рабілі прафсаюзы для людзей, я за Ганчарыка.

Алесь Ліцьвінаў, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0