Барань надзеі нашай

Зьміцер Бартосік

 

Трэці год ежджу па краіне ў кампаніі з Уладзімерам Арловым на «творчыя сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі». Так дыпляматычна называюць нашыя выступленьні арганізатары на месцах. Дзе мы толькі ні перабывалі!

 

Нават у актавай залі райвыканкаму аднаго тыповага пасёлку гарадзкога тыпу з адзіным помнікам вядома каму. Назву пасёлка не называю адмыслова.

Уявіце сабе тую залю з усімі райвыканкамаўскімі сьвятынямі: гіпсавай капустай, чырвона-зялёным сьцягам у куце ды партрэтам першага пад стольлю. Заля запоўненая настаўнікамі, мясцовай прагрэсіўнай інтэлігенцыяй ды пераважна школьнікамі старэйшых клясаў. Чым далей, тым больш сымпатыі ўзьнікае паміж выступоўцамі ды публікай: беларускія пісьменьнікі (зрэшты, якія шчэ ў Беларусі могуць быць пісьменьнікі?) кажуць не пра тое, як трэба любіць родную мову. Яны распавядаюць пра сваё першае каханьне, сьпяваюць палітычныя памфлеты, чытаюць эратычныя вершы ды адказваюць на самыя вострыя пытаньні зь ня меншай вастрынёй.

У гэты самы час, у гэтай самай залі паралельна наладжваюць апаратуру для заўтрашняй усебеларускай сэлектарнай нарады з удзелам прэзыдэнта. Таго самага, які ласкава паглядае са сьцяны і якога скланяюць у мінулым часе сталічныя госьці.

Усе прысутныя разумеюць, што гэта ня мы замінаем наладжваць вэртыкальную апаратуру, а яны замінаюць нам займацца самай пільнай на дадзены момант справай і менавіта ў гэтым месцы. Адзін толькі няшчасны чыноўнічак ходзіць нэрвова па фае, паўтараючы: «Я знаў, чэм усё эта закончыцца. Я знаў».

Калісьці Арлова разрывалі на сустрэчы з чытачамі па частках. Сустрэцца з усімі ахвотнымі Ўладзімер проста ня мог. Прыходзілася людзям адмаўляць. Ажно настаў травень 1995-га. Пасьля яго колькасьць запрашэньняў скарацілася разоў у сто. З таго моманту Арлоў вырашыў ніколі не адмаўляцца ад запрашэньняў, куды б ні паклікалі і ў які б нязручны час. Мне вельмі імпануе такая пазыцыя Ўладзімера.

Днямі мы зь ім адправіліся ў горад Барань. Пасьля гэтай паездкі я канчаткова прыйшоў да аднае простае высновы. Самыя ўдзячныя слухачы (і самыя сапраўдныя беларусы) жывуць у самых закінутых, жудасных, няўтульных гарадках. Такіх, як Барань.

Пасьля санлівай ды роўнай эўрапейскай трасы №30, што злучае Маскву з Парыжам, трэба збочыць да Воршы, каб крыху ўзбадзёрыцца на выбоінах ды ўзгадаць, што едзеш не ў Парыж, а ў значна больш цікавае месца.

 

Што рабіць у Барані, заштатным гарадку, у параўнаньні зь якім нават блізкая Ворша падаецца мэгаполісам? Вельмі няпростае пытаньне.

Язык не паварочваецца назваць гэты “населены пункт” мястэчкам. Перад табой жылая зона, дзе за любым акном адзін і той сама краявід — брудныя дамы стылю «барака», пыльныя вуліцы ды іржавыя гаражы. Напаўразбуранай ваданапорнай вежы цалкам падыдзе мянушка “Пізанская” і па дамінанце, і па прыгажосьці.

Што рабіць у такім мястэчку, як толькі не сьпівацца? Гэта першае, што звычайна прыходзіць мне ў галаву, як толькі апынаюся на дабітых вуліцах, на якіх машыны доўга не жывуць. Аднак менавіта ў Барані нас чакае такі прыём, пасьля якога гэты самы краявід ужо не падаецца безнадзейным. Наадварот, менавіта ў такіх гарадах да мяне прыходзіла разуменьне, што не дарэмна я жыву на сьвеце. Бо менавіта ў такіх краявідах людзям, як нідзе хочацца Беларусі Прыгожай.

Нашу сустрэчу ў Барані арганізаваў Генадзь Шэпелеў. Гледзячы на гэтага прыгажуна-мужчыну, былога афіцэра-дэсантніка, сёньняшняга прадпрымальніка й заўжды шчырага беларуса, я дзіўлюся, як яму ўдалося захаваць той запал канца 80-х — пачатку 90-х, які ў большасьці адраджэнцаў разьвеяўся, як дым. Быццам і не было ў нас усіх гэтых рэфэрэндумаў: якім я ўпершыню ўбачыў Генадзя на фэсьце аўтарскай песьні «Аршанская бітва» ў 1992-м, такім самым ён выглядае й сёньня. Можа, толькі больш азарту зьявілася ў вачох.

Гэтаму няма калі піць. Столькі ж працы навокал! Ёсьць магчымасьць адстаяць шыльду з «Пагоняй» на сярэдняй школе. Можна арганізаваць беларускамоўны летнік для дзяцей. Можна…

Як яго любяць дзеці! Такіх, як ён, сапраўды ня зломіш. Асабліва тут. «На месцах». Куды, дзякуй Богу, пакуль яшчэ не дайшлі на ўсю поўніцу сталічныя хваробы апошняга дзесяцігодзьдзя — усеагульны ўдзел у палітычных інтрыжках і сапраўды бязрадасная п’янка.

Тут, куды не заяжджаюць расейскія папсовыя гастралёры, дзе найбольшай папулярнасьцю карыстаецца свая, тутэйшая газэтка, дзе фасады дамоў не заклееныя расейскамоўнымі налепкамі «змагароў»-дачасьнікаў. Тут сапраўды адчуваецца свабода. Ці мо так: адсюль, вось з такіх гарадкоў, у нас і пачынаецца свабода.

 

Сустрэча адбывалася ў баранскім Палацы культуры. Публіка збольшага маладая. Пытаньні з залі — не пра мінуўшчыну, а пра нашу супольную будучыню. «Як пачаць гаварыць па-беларуску?», «Як выхаваць сваіх дзяцей беларусамі?» — найбольш у гэткім кшталце.

Праўда, і змрочная мінуўшчына абавязкова нагадае пра сябе. Гэтым разам у асобе худзенькага дзядка, служкі Палацу. Яго больш за ўсё цікавіла, «сколька нам заплаціў Пазьняк амэрыканскіх грошай». Няшчаснага дзядка проста круціла нячыстая сіла. Ён то выбягаў з залі, то забягаў ізноў. Адзінае жаданьне чыталася на ягоным злобным тварыку — настукаць. Але куды? Правадыр далёка, а тутэйшыя міліцыянты, бадай, пашлюць куды падалей.

З Уладзімерам здарылася анэкдатычная гісторыя. Сталага веку чалавек падышоў да пісьменьніка па аўтограф з набытай кніжкай «Адкуль наш род» — для ўнукаў купіў, — і сам прадыктаваў пісьменьніку тэкст пасланьня: «Каб вы, засранцы, ведалі і ніколі не забываліся, адкуль ваш род. Уладзімер Арлоў». Задаволены творчаю знаходкай мужык панёс кніжку сваім «засранцам». Да Арлова тым часам падышла інтэлігентная кабета. З той самай кніжкай, набытай для дзяцей. Спытаўшы ў жанчыны імёны нашчадкаў, Уладзімер пачаў падпісваць том, аўтаматычна выводзячы «засранцы». Прыйшлося пісьменьніку выбачацца ды падпісваць іншы асобнік.

 

Барань мы пакідалі больш задаволеныя, чымся стомленыя. Ды за пару кілямэтраў трапілі ў невялічкі затор. Дабіты “Жыгуль” рабіў на дарозе зыгзагі ад кювэту да кювэту. Ахвотных абганяць п’янога вар’ята не знаходзілася. “Мэрсэдэсы” з “Фальксвагенамі” асьцярожненька ў радочак ехалі за тымі “Жыгулямі”, што даўно ня слухаліся кіроўцы. Нарэшце небясьпечны аб’ект забуксаваў у кювэце. Наш спантанны картэж як мага хутчэй паехаў далей ад бяды. Ці даехалі тыя “Жыгулі” куды-небудзь у той вечар, ня ведаю, але ў адным пэўны: нядоўга ім нам замінаць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0