14 чэрвеня ў будынку Навукова‑дасьледчага інстытуту гематалёгіі й пераліваньня крыві Ігар Каваленка аддаў свой мэдаль «Ганаровы донар Беларусі» чыноўнікам.

Прычыны такога ўчынку спадар Каваленка адразу патлумачыў Радыё Свабода:

«Безь дзяржаўнай падтрымкі, без ільготаў і падтрымкі донарства мэдаль — проста бляшка. Гэта не ганаровая ўзнагарода, а проста бляшка».

Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што кожнаму трэцяму жыхару Беларусі хаця б раз у жыцьці спатрэбілася донарская кроў.

Дырэктар НДІ гематалёгіі прафэсар Міхаіл Патапнёў кажа, што запасы крыві ў краіне ствараюць больш як два мільёны добраахвотнікаў:

«Я разумею, што бяз донараў мая дзяржаўная служба нічога не каштуе. І паверце мне: я абараняю іхныя правы. Вядома, што эмацыйны ўсплёск ёсьць і будзе. Але колькасьць донараў застаецца ранейшая: у Беларусі 200—300 чалавек здаюць кроў штодзённа».

На сёньня ў Беларусі больш як 40 тысяч чалавек маюць званьне «Ганаровы донар». Цяпер у іх забіраюць зьніжкі на лекі й санаторныя пуцёўкі, дабаўкі да пэнсіі, права на бясплатнае зубапратэзаваньне.

20 чэрвеня — папераджальны страйк

На знак пратэсту донары ў Магілёве заявілі, што зьбіраюцца спыніць здачу крыві й плязмы. Сёньня ініцыятар акцыі Ігар Каваленка назваў дакладны дзень яе пачатку:

«20 чэрвеня — папераджальны страйк. Але ж ужо ў Магілёве гарадзкія ўлады мяне папярэджвалі. Сарамацілі нібыта. А я адказваў ім проста: «Калі донары гэты тыдзень будуць адпачываць, то вы, чыноўнікі, будзьце ласкавыя — здайце сваю кроў, выратуйце адно‑два жыцьці. Зрабіце гэта, калі вы лічыце сябе гуманнымі людзьмі, а донараў, якія аб’явілі папераджальны страйк, дрэннымі».

Са словаў Ігара Каваленкі, згоду далучыцца да магілёўскага страйку выказалі больш як 120 ганаровых донараў, у тым ліку і зь іншых рэгіёнаў — Меншчыны, Берасьцейшчыны, Віцебшчыны.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0