Каб каласіла ніва нашага роду

Леанід Галубовіч

 

Вас з днём нараджэньня газэты
віншую!

Гарачы прывет вам ад сэрца ўсяго!

Народ ужо к шчасьцю за вамі
прастуе,

Вядзіце ж і далей яго.

І што б ні нясло вам жыцьцё, гэтым
рухам

Жывіце, ідзіце будзіць вы народ

І шчыра працуйце ўсім целам і
духам,

Што ж будзе,– пабачым праз год!

Максім Багдановіч

(Ліст у рэдакцыю “Нашай Нівы”)

Проста ня верыцца, што нашай Незалежнасьці і “Нашай Ніве” ажно дзесяць год. Афіцыйна й фармальна.

Фактычна, поўнага сувэрэнітэту Беларусі ўсё яшчэ няма. Затое ў нас заўжды была свая ніва. Нашая пракаветная ніва. Ёй столькі ж, колькі й самім беларусам...

Потам здабывалі продкі нашыя свой хлеб надзённы, аж пакуль не былі “ад родных ніў, ад роднай хаты // У панскі двор дзеля красы // Яны, бяздольныя, узяты // Ткаць залатыя паясы”...

Мяне ў гэтых клясычных радках Максіма Багдановіча асабліва ўражваюць два словы: краса і бяздольнасьць... Заўжды, калі чытаю гэты верш, міжволі паколвае зь левага боку сьветлая подумка: а ўсё ж “дзеля красы”...

Адтуль і пайшла ў сьвет нашая ніва...

Адным словам, як ні круці, — юбілей. Сьвята духоўнага хараства і творчай волі. З гэтым і віншую сёньняшніх нашаніўскіх нашчадкаў.

А зараз — пасьляслоўе да ўласных развагаў.

Сам я, як чалавек бяз комплексаў, а таму, мяркую, у меру здаровы і разумны, апошнія колькі гадоў чытаю толькі чатыры газэты: “Нашу Ніву”, “Нашу Свабоду”, “Прессбол” і “ЛіМ”. Прычым, першую і трэцюю — штораз і бяз выняткаў.

Чаму “Нашу Ніву”?

Па-першае, яна блізкая мне па духу і родзе. Па-другое, яна ёсьць папярэднікам і сутворцам, апанэнтам і прыхільнікам ідэяў вядомага беларускага часопісу “Крыніца”, у якім я, незважаючы на ўсе пералякі, маю гонар працаваць вось ужо сем год. Якраз той тэрмін, калі чалавек павінен вырашыць, ці варты ён абранага месца... Іначай — вырашаць за яго. Час і людзі (падпісчыкі, чытачы, выбаршчыкі)...

Суб’ектыўна мяркую, што “НН” і “Крыніца” — гэта два аратыя ў адным полі, хоць і з розных яго бакоў. Мы разам уходжваем сваю зямлю, адзіную на ўсіх нашую ніву — Беларусь.

Гадоў шэсьць таму ідэоляг і рэдактар адноўленай газэты Сяргей Дубавец так вызначыў тэндэнцыі ў беларускай літаратуры, што тычыліся, перапрашаю, і маёй ня надта каб выбітнай асобы: “Ад Галубовіча заўсёды чакаеш меншага. Так было зь вершамі, так цяпер з гэтымі зацемкамі. Наймацней гэта адчуваецца ў параўнаньні з новымі публікацыямі “клясыкаў мініятурызму”, ад якіх чакаеш якраз большага”.

Не для ўцехі ўласнай працытаваў я гэтае “ружоватуманнае” месца, а найперш дзеля таго, каб чытачы паспрабавалі паставіць тут “Нашу Ніву” заместа “Галубовіча”.

І афіцыёз, і традыцыйная архікансэрватыўная дзяржаўная прэса “заўсёды чакалі” ад новай дэмакратычнай беларускай газэты “меншага”... Аднак, насуперак сваім “спадзяваньням”, у параўнаньні зь “бюджэтнымі домапрэсаўскімі” выданьнямі, “ад якіх чакаюць якраз большага”, “Наша Ніва” адчувалася наймацней”...

Гэта, бадай, адзінае апазыцыйнае выданьне са сваім прывабным і адметным тварам, што распазнаецца і не губляе сваёй прыцягальнасьці нават пасьля касмэтычных маніпуляцыяў.

Добра, што ў беларусаў ёсьць моладзевая газэта з інтэлектуальным ухілам. Прыемна ўсьведамляць, што, не зважаючы на выбоіны беларускага шляху, нішто эўрапейскае ня ўнікла на яе старонках нацыянальнай “мэнтальнай вакцынацыі”, як, дарэчы, не згубілася і не растрэслася там і нашая гістарычная старызна...

Адчуваецца, што рэдакцыя сочыць за сацыялягічнымі дасьледаваньнямі і новымі тэхналягічнымі распрацоўкамі. Выхад газэты па панядзелках — сьведчаньне гэтага.

Апэратыўна “згуляць” на апярэджаньне ў сёньняшнім перагружаным інфармацыйным полі — адна з самых галоўных задач сучасных СМІ.

Ад свайго “ўваскрашэньня” “Наша Ніва” найперш дэкляравала прынцыпы дэмакратыі й адчайна адстойвала беларускую незалежнасьць. Гэта было на пачатку 90-х, сёньня ўжо, страшна казаць, мінулага ХХ ст.

Ад сярэдзіны ж 90-х беззаконнае змаганьне з “Нашай Нівай” распачала сама “сувэрэнная” беларуская ўлада.

Цяпер, як мне здаецца, газэта знайшла аптымальны варыянт свайго выжываньня: яна пачала “заваёўваць” чытача цывілізаванымі мэтадамі, завабліваючы яго ў свой кантэкст, але не падладжваючыся пад чытацкі ўзровень, а “ўкладаючы” яго ў сваё культуралягічнае “нашаніўскае ложа”.

І не бяз поспеху. Найбольш сьвядомы, адукаваны і дасьведчаны беларускамоўны чытач — і, што найважней, малады і пэрспэктыўны! — як той пясок у пясочным гадзіньніку, стаў паступова “перасыпацца” зь “ЛіМу” ў “НН”...

У такой сытуацыі крый Божа праспаць свой час ды ў пару не перавярнуць таго гадзіньніка...

Трэба адзначыць, што падзеі тыдня падаюцца ў газэце апэратыўна і бяз таннага папулізму, у большасьці выпадкаў тактоўна і ў меру аналітычна. Стылістыка падачы інфармацыі блізкая да культуралягічных і літаратурных матэрыялаў, а таму не ствараецца дысгармоніі ва ўспрыманьні чытачамі газэты ў цэлым, як тое было, скажам, з колішняй савецкай “Литературной газетой” (дзьве ў адной)...

Што да літаратуры, дык, скажам шчыра, у “Нашай Ніве” яшчэ пустуе шырокі загон для “выпасу і выгулу” маладых і ня надта беларускіх аматараў сьціла.

Асабліва нішчымна было на ніве паэтычнай. Што праўда, вершаў хапала, а вось паэзіі, за выняткам асобных і рэдкіх публікацыяў Мінкіна, Сыса, Разанава, Адамовіча, Сапач, Сільновай ды Хадановіча, можна сказаць, не зьяўлялася.

Нягуста, калі ўсе гэтыя вершаваныя каралі нанізаць на адну “юбілейную” нітку мэтафарычнага беларускага часу...

З прозай справы лепшыя, але не нашмат. Праўда, апошнія праекты рэдакцыі даюць спадзеў на актывізацыю “празаічнага клопату”. Хоць увогуле гэтая жанравая шуфляда “НН” дастаткова напоўненая і разнастайная. Усіх аўтараў і не згадаеш, назаву хоць тых, хто адымаў сваімі мастацкімі фантазіямі каштоўны час майго адзінага жыцьця: В.Мудроў, Ул.Арлоў, А.Глёбус, Н.Бабіна, В.Адамчык ды Васіль Быкаў з “Жоўтым пясочкам” наастатку...

Сьвецяцца ў зьмяркальнай памяці эсэ і публіцыстычныя тэксты С.Паўлоўскага, З.Бартосіка, А.Дашкевіча, І.Бабкова, Л.Рублеўскай, Ю.Андрэевай ды А.Чобата...

На вялікі жаль, не ставала ў “НН” сур’ёзнай і незаангажаванай літаратурнай крытыкі.

Затое адклаліся мастацка-выяўленчыя праекты Сяргея Харэўскага, а таксама суб’ектыўныя анкеты кшталту “100 лепшых беларускіх кніг” ды інш.

Застаецца чытэльнай і апошняя старонка “Нашай Нівы”, зробленая наўмысна ў анархічна-адвольным стылі з усімі ейнымі “сабакамі”, “гражданамі”-пісацелямі і “зазываламі” кшталту “малады хлопец хоча пазнаёміцца з актыўнымі вайскоўцамі”... Тут, вядома, да Навінак недалёка (я маю на ўвазе газэту), але гэта ў стылі... Старэйшым трэба папросту зьмірыцца з гэтым альбо адшукаць згубленае пачуцьцё гумару...

Прыканцы ж зазначу, што нават гэты мой “шкадобны і скнарлівы” пералік літаратурнага плёну дзесяцігадовай “Нашай Нівы” насамрэч пераважвае “набыткі” шмат якіх тоўстых, але, па часе і па духу, састарэлых выданьняў.

Галоўная ж хвароба любімай мною газэты (я і крытыкую яе толькі з прычыны заклапочанасьці ейным лёсам) — гэта вузкае кола аўтарскага актыву і... тарашкевіца...

Тарашкевіца, на мой суб’ектыўны погляд, гэта адзнака нашага нацыянальнага кансэрватызму, а не адметнасьць беларускай мовы ад іншых славянскіх і найперш — расейскай мовы.

Шаноўныя лінгвісты-нацыяналісты, усе на сьвеце мовы эвалюцыянуюць разам з інтэлектуальным разьвіцьцём грамадзтва, у якім яны функцыянуюць. Не забываючыся на савецкі пэрманэнтны сілавы ўціск на беларускую мову, яна ўсё адно разьвівалася насуперак усяму ў рэчышчы сучаснага ёй мысьленьня... І спрабаваць тым самым сілавым бальшавіцкім мэтадам узаконіць у сучасным Менску ці ў глухой вёсцы тую мову, якой гаманіў (вядома, без умяшаньня Якуба Коласа і АН БССР) “дзядзька ў Вільні” — гэта абсурд.

Не, мінулае не прападае, але і не прыжываецца ў новым часе ва ўсёй сваёй былой яве і значнасьці, а толькі жывіць будучае, як патаемныя падземныя карані — паднебную крону...

Мяккі знак у сучасным беларускім правапісе — гэта відочная цёмная прымета нацыянальнага анахранізму.

Нават няўступныя расейцы ў свой час адмовіліся ад бескарысных яцяў, а ў Нямеччыне й сёньня ўводзяцца новыя формы ў правапісе...

Мы ж упарта трымаемся за мінулае, нібыта ня маем аніякіх пэрспэктываў на разьвіцьцё і спадзеву на будучае.

І ўвогуле, часам складаецца не зусім добрае ўражаньне, што толькі тыя, хто карыстаецца тарашкевіцай, і ёсьць сапраўднымі сьвядомымі беларусамі, апазыцыянэрамі й змагарамі-героямі...

Сьмешна ўсё гэта. Хто скажа, што Вячорка большы беларус, чым Галубовіч — той не беларус...

Паасьцеражэмся распальваць антаганізм у нешматлікіх, але пакуль яшчэ здаровых сілах нашага грамадзтва ў дачыненьні да такога далікатнага і шчымлівага пытаньня, як моўнае...

Ня трэба зьмякчаць цьвёрдасьць нашага духу.

Цяпер у сьвеце столькі ўсебаковай інфармацыі, што аж празьмерна для чалавечай галавы, ды нават і для найноўшага кампутара “зручней загружацца шырокім досьведам”, маючы ў праграме хоць на адзін сымбалічны знак менш, разам з тым не зьбядняючы ні сваёй памяці — як гістарычнай, так і інтэлектуальнай, — ні магчымасьцяў закладзенай праграмы, ні пэрспэктываў яе разьвіцьця ў будучым...

Разумею, што для бальшыні прыхільнікаў “НН” гэта вельмі балючае пытаньне. Аднак, спадзяюся, ня самае важнае і не сьмяротнае. Добра было б, каб яно на старонках шаноўнай газэты сталася палемічным...

Любіць можна многае. Галоўнае — не памыліцца ў сваім выбары.

Тым больш, што й яны — тут як тут. Асабіста я, у каторы ўжо раз, выбіраючы “Нашу Ніву”, аддаю свой голас за БЕЛАРУСЬ!

Урэшце, ДОМАШ лепш, чым у гасьцях...

Пачаў эпіграфам з Максіма Багдановіча, а скончу цытатай зь верша Янкі Купалы, адрасаванага таксама “Нашай Ніве”:

Ночка цёмная на сьвеце

Вечна не начуе;

Зерне, кінутае ў ніву,

Ўсходзіць ды красуе.

.....................

З добрых думак, што мы кінем

На сваім дзірване,

Будзе ўнукам нашым жніва —

Доля, панаваньне.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0