Кастусь Травень

Жарт

апавяданьне

Шаноўны спадару рэдактар, герой аповеду жыве, дыхае, ходзіць па вуліцах Менску, любіць Беларусь і ня любіць людзей, якія зьневажаюць Беларусь... Ён існуе, ён не прыдуманы, а ўзяты з жыцьця, і сьведчаньне гэтаму — тысячы людзей, што прыходзяць на мітынгі апазыцыі. Ён — частка нашай рэчаіснасьці. Ён нікому не пагражае, ён абараняе сваю жыцьцёвую тэрыторыю, свой лад жыцьця. Казімір Гурскі — патрыёт зьняважанай, пакрыўджанай краіны. Ён патрыёт прыгнечанай нацыі, якой не даюць падняцца з каленяў, увайсьці ў Эўрапейскі дом. Калі ён існуе ў жыцьці, чаму ён ня можа існаваць у літаратуры?

Cяньня пры панаваньні электронных СМІ, Інтэрнэту — спроба ўлады абмежаваць атрыманьне інфармацыі ці наагул захапіць валадарства над грамадзкай сьвядомасьцю выглядае недарэчнай. Сьвядомы чалавек — ужо патрыёт. А несьвядомы?.. Каму ён патрэбны?.. ”Жарт’’ — гэта спроба зразумець, як і адкуль узьнікаюць Косава, Чачэнія... Там, дзе ўлада адмахваецца ад інтарэсаў сьвядомай часткі грамадзтва, не ідзе на кампраміс, заганяе патрыётаў у кут, тамака рана ці позна і ўзьнікае напружаньне, якое часьцяком і перарастае ў буру... Найлепшая бура — цывілізаваныя, раз у пяць год, дэмакратычныя і канстытуцыйныя выбары...

26 сьнежня 2000 г.

Кастусь Травень

Заўсёды існуе альтэрнатыва: удзельнічаць ці быць ахвярай

Непаўторны пах лесу зьмяшаўся з водарам туману, якi на сьвiтанку сышоў з поля i дзе-нiдзе затрымаўся сярод лясных дрэваў. Драбнюткiя кропелькi начнога дажджу абсыпалi ялiны, i пад першымi промнямi сонца, якія прасьвечвалi лес, цёмна-смарагдавыя дрэвы зьзялi мiрыядамi зьнiчак. Пругкi мох дываном слаўся пад нагамi. Стаяла мяккая першабытная цiшыня.

Казiмiр Гурскi зрабiў колькi крокаў i спынiўся, узiраючыся ў прыгажосьць восеньскага лесу i слухаючы цiшыню. У гэтай цішы, не засьмечанай гукавай штодзённасьцю гарадоў, прысутнiчала вечнасьць. У кроплi часу сустрэліся мiнулае i будучае, i той, хто добра ведаў мiнулае, ужо разумеў рэчаiснасьць i мог прадбачыць хаду будучых падзеяў.

Казiк удыхаў настой хваёвага паветра, напружана слухаў, зьвязваючы ў ланцуг будучыя падзеі, i ўсякi раз атрымлiвалася нядобра, пагрозьлiва, трывожна.

Ноччу лесам прайшоў дзiк, сям-там па-гаспадарску калупнуў лычом зямлю, вывернуў на срабрысты мох шэра-буры падзол. На мху і шэрай зямлі засталіся буйныя сьляды капытоў. Казiк заўважыў маленькi цёмны патрон на вывернутым жоўтым жвiры каля ямiны.

Паўстагодзьдзя патрон праляжаў у лесе на ўзгорку ля былога акопу, не саржавеў, захаваў усю вонкавую гладкасьць і пранізьлівасьць. Цяпер ён выпраменьваў жаданьне захавацца, як сьведка iншай гiстарычнай эпохi, як напамiн пра час, калi людзi вырашалi супярэчнасьцi мiж сабой ня моцай розуму, а з дапамогай гэткiх маленькiх цылiндрыкаў.

Казiк патрымаў патрон у руцэ, пакруцiў, паклаў у кiшэнь.

Патрон як кропля мiнулага сустрэўся ў кроплi часу зь iм, суб’ектыўнай кропкай сучаснасьцi. З трох дзейсных сілаў быцьця самым невядомым i незразумелым быў ён, Казiмір Гурскі.

У цяжкай задуме Казiк рушыў зь лесу. У будучыні заўсёды прысутнічала дылема: удзельнічаць ці назіраць хаду падзей. Спроба застацца ўбаку была толькі марным прывідам. Хто ня ўдзельнічаў, рана ці позна прайграваў і рабіўся ахвярай. Бо хто баіцца ці бессэнсоўна мроіць — той ужо прайграў.

 

Увечары, вяртаючыся цягніком у Менск, ён углядаўся ў чалавечы статак, што ехаў у вагоне побач: рухаўся, дыхаў, размаўляў, чытаў, еў, сьмяяўся, iншы раз спрачаўся, але збольшага маўчаў. Маўчаньне было абсалютнай дамiнантай iснаваньня статку. Ці, хутчэй, біямасы, электарату. У статку ёсьць важакi, гіерархiя, памкненьнi, мэта iснаваньня. У біямасы адсутнічала гіерархія, не было мiнулага, яе не цiкавiла будучыня. Магчыма, электарат быў глебай…

Да Казiмiра зьвярнуўся мужчына ў цёплай вайсковай ватоўцы, на выгляд адстаўнiк.

— Не падкажаце, як трапiць на вулiцу Горкага?

Казiк змрочна зiрнуў адстаўнiку ў вочы.

— Такой вулiцы ў Менску няма.

— Кажуць, працяг Нямiгi.

— У адзiн бок ад Нямiгi ідзе Койданаўская, у другi – Максiма Багдановiча.

— Наагул, мне трэба расейская амбасада.

— На Нямiзе сядзеце на 53-ці тралейбус, даедзеце да кадэцкай вучэльнi iмя Касьцюшкi, i там, на вулiцы Джахара Дудаева, былой Камунiстычнай, зьвернеце леваруч на захад i дойдзеце да сваёй расейскай амбасады.

— Дзякуй, дзякуй, — адстаўнiк занатаваў пачутае ў нататнiк.

— Якая шчэ Койданаўская, Джахара, Касьцюшкi, што за херня? — незадаволена прагугнеў брытагаловы юнак, што смактаў піва з бутэлькі ў кампаніі падпiтых сяброў на суседняй лаўцы.

— Пасьля трагiчнай гiбелi Джахара патрыёты перайменавалi вулiцу Камунiстычную ў вулiцу Дудаева, — цярплiва патлумачыў Казiк, не зважаючы на варушэньне раптоўна прыціхлага электарату.

Юны фашык, як маладое ваўчанё, злосна зiркнуў на Казiка, але сустрэў змрочны позiрк тыгра i ня вытрымаў, адвёў вочы.

Казiмiр Гурскi жыў у горадзе, дзе вулiцы i плошчы несьлі знакамітыя iмёны гераiчнай мінуўшчыны: вулiцу Дзяржынскага ён для сябе перайменаваў у Койданаўскую, Камунiстычную — у Дудаева, парк Горкага — у парк Эўфрасiньнi Полацкай, Кастрычнiцкую — у плошчу Караля Вiтаўта, парк Чалюскiнцаў — у парк Давыда Гарадзенскага. У ягоным горадзе быў праспэкт Адама Мiцкевiча i бульвар Кастуся Астроскага, Грунвальдзкая плошча і пляц 53 Памерлых Нявiнна, Мэмарыял Ахвяраў Чарнобылю і праспэкт Агiнскага…

 

Казiмiр Гурскi, нашчадак некалi магутнага шляхецкага роду, стварыў сабе свой горад i ўтульна ў iм жыў, тады як прыхадні выдумалі горад з вулiцамi герояў-прывідаў, якія былі фантазіямі імпэрскага часу і ўсё яшчэ працягвалі мроіць, хаця нiколi тут не існавалі фізычна.

Прайшло колькі дзён. Аднойчы ранiцой Казiк, як заўсёды займаўся фiзычнымi практыкаваньнямi пад песьнi Цоя i Шалкевiча. У спартовых блакітных портках, цяльняшцы (якую ён сам для сябе называў зебраўкай), шырокi ў касьцi й хударлявы, пругкi, ён упарта мацаваў сваё сэрца, цяглiцы, дых, позiрк i падсьвядомасьць. Змоклы ад затрачаных высілкаў, Казiк зьменшыў тэмп i перайшоў у мяккi рытм заканчэньня. Раз-пораз ён пазiраў на пiсьмовы стол, дзе, сярод газэт, кнiжак, алоўкаў i розных набытых у вандроўках сувэнiраў, ляжаў знойдзены ў лесе патрон.

Ён апошнiм часам проста сілаю прыцягваў увагу. Казiк уважлiва разглядаў яго, дзiвячыся, як патрон зьмяняе сваю iснасьць, штодзень выпраменьвае новую аўру, у залежнасьці ад iсных у гэты момант абставiн.

Патрон належаў зусiм iншай гiстарычнай эпосе, дзе ўсё было iншым. Дзе пытаньнi жыцьця i сьмерцi, праўды i няпраўды вырашалiся людзьмi, звыклымi да канкрэтных дзеяньняў. Перажыўшы эпоху, патрон захаваў яе дух, яе паветра, яе дзейснасьць i вынiковасьць.

Тым часам, новая гiстарычная рэчаiснасьць набывала некаторыя прыкметы той былой ваяўнiчай эпохi, i таму патрон зьмяняўся i аджываў. Эпоха вярталася i стварала магчымасьць ня толькi прысутнiчаць, але i ўдзельнiчаць i нават зьдзейсьніцца.

Як часьцiнка рэчаiснасьцi, кропля быцьця, патрон адлюстроўваў усе тыя падзеi, якiя адбывалiся ў бясконцым акiяне жыцьця, што бушаваў за вокнамi кватэры Казiмiра Гурскага. Патрон зіхацеў жаданьнем апынуцца там, дзе буяюць падзеi. Вяртаўся час, калi ён, патрон, iзноў рабiўся дамiнуючым аргумэнтам, носьбiтам моцы і меў непасрэднае дачыненьне да ўлады.

Патрон меў кулю. Куля была альфай i амэгай патрону, яго галоўнай каштоўнасьцю, галоўным сэнсам. Куля ставiла апошнюю кропку на патылiцы цi лобе тых, хто ставаў перашкодай на шляху да цьвёрдага жыцьця, цьвёрдай улады.

 

У канцы сьнежня кіраўніцтва дзяржавы наладзiла ўрачыстае сьвяткаваньне сустрэчы новага тысячагодзьдзя. На сьвята запрасілі прадстаўнікоў братняга народу й вылучэнцаў працоўных калектываў краiны. Казiк, як адзiн зь лепшых IТР заводу рухавікоў, атрымаў запрашэньне на вечарыну зь цьвёрдым наказам — добра апрануцца, пагаліцца, быць вясёлым, памяркоўным i сур’ёзным. Прафсаюзны лiдэр Алесь Бахановiч, даючы запрашальнік, шапнуў яму на вуха, што там, магчыма, будзе сам ГнУ.

У суботу надвячоркам Казiк, зьбiраючыся на сьвяткаваньне, змрочна апрануў белую кашулю, прычапiў гальштук, i тут позiрк яго сутыкнуўся з патронам, які выпраменьваў магутнае жаданьне ўдзельнiчаць. Казiк нечакана ўсьміхнуўся. Ён рушыў на кухню, паставiў на фаерку рондаль, налiў вады, запалiў агонь i, дачакаўшы, калi вада закiпiць, кiнуў туды патрон...

 

На ўваходзе ў Дом афiцэраў Казiка ветлiва абмацалi, правялi нейкай электроннай штуковiнай па плячах i сьцёгнах. Патрон ляжаў пад мэталёвай спражкай дзягi. Пад уважлiвымi позiркамi людзей у цывiльным, што стаялi ў кутах фае, Казiк разам з натоўпам запрошаных пайшоў у партэр да свайго месца.

У праходзе ён паправiў дзягу i непрыкметна нацiснуў пальцам на мэталёвы цыліндрык. Той па калашыне цiхенька выкацiўся на чырвоны ходнік.

Прагучаў апошнi званок. Госьцi паселi на свае месцы.

Маёр службы бясьпекi ў цывiльным, выдрэсiраваны iмпэрскi дог, першым убачыў на чырвоным дыване ходніка патрон. Ён аж падскочыў у крэсьле, схіліў галаву да каўняра i, прыкрыўшыся даланёй, пачаў шэптам дакладаць аб здарэньнi начальнiку бясьпекi Ўрсану Джахоеву.

У залі загула трывога, галоўнага носьбiта ўлады абкружылi некалькi ланцугоў ахоўнікаў у цывiльным. Казімір зь цікавасьцю адзначыў, што сярод іх былі ня толькі мужчыны, але й жанчыны. Увесь другi шэраг устаў, павярнуўся да залі й пiльна сачыў за кожным рухам гасьцей. Галоўны носьбiт Улады подбегам, у атачэньні аховы, трушком пабег да выйсьця.

Аднекуль зьверху прагучаў уладны загад:

— Усiм заставацца на месцах.

Па дывановай сьцежцы ўжо беглi экспэрты спэцслужбаў. Патрон спачатку сфатаграфавалі, потым пiнцэтам пераклалі на спэцыяльную талерачку, далi нейкаму цюцьку, якi старанна прынюхаўся сваiм доўгiм, блiскучым носам, потым зморшчыўся i чхнуў, iзноў зморшчыўся i зноў гучна чхнуў. Нехта з гасьцей ня вытрымаў i засьмяяўся. Агенты, якiх у залі было каля трацiны, падхапiлi гумарыста пад пахi i павялi ў дзьверы, дзе, ужо не хаваючы свайго злоснага намеру, заламалi яму рукi за сьпiну.

Гэты чалавек у шыкоўным строi, з гальштукам i ў белай кашулi, са значкам выдатнiка дзяржаўнай службы, належаў да ўладнага кола, карыстаўся ўсiмi льготамi й радасьцямi свайго становiшча, але ўсё гэта было дзесяць, дваццаць, пяцьдзясят сэкундаў таму, а цяпер ён ператварыўся проста ў ахвяру. Так жвавага, вясёлага ваяра спэцназу куля чачэнскага паўстанца ўмомант ператварае ў нежывое цела.

І ўсе, хто знаходзiўся ў залі, адразу прынялi ягоны статус ахвяры, дый сам ён iмгненна пагадзiўся з гэтым станам. Твар ягоны зьбялеў ад страху, позірк спалохана бегаў, шукаючы, дапамогі, абароны, але людзi адварочвалiся, i ён хутка схiлiў галаву. Ён не супрацiўляўся, ён ведаў, што ня варта злаваць ахоўнiкаў-янычараў. У глыбiнi сьвядомасьцi гэты чалавек заўсёды быў ахвяраю. Ён, як i большасьць у залі, некалi лёгка выракся матчынай мовы, сымбаляў дзяржавы, Канстытуцыi, а потым i Незалежнасьцi, як непатрэбных атрыбутаў жыцьця. I цяпер без усякага супрацiву, без пратэсту, бiямаса здавала сваю асабiстую свабоду i само жыцьцё.

Казiмiр непрыкметна перавёў дух і пахвалiў сябе за тое, што ў апошнi момант абсыпаў патрон чырвоным перцам.

Усiх, хто знаходзiўся ў залі, здымалi на вiдэакамэры. Потым па адным пачалi запрашаць да выхаду, дзе абшуквалi, фатаграфавалi, здымалi адбiткi пальцаў, запiсвалi сьведчаньнi, зьвесткi аб месцы працы й жыхарства. Тых, хто ня меў з сабою пашпартоў, везьлi дадому па дакумэнты.

Апрацоўка 800 гасьцей вялася цэлую ноч i ўсю першую палову наступнага дня. Паводле адной з вэрсiяў сьледчых, кiлер, дасылаючы патрон у патроньнiк, ад хваляваньня зрабiў гэта двойчы i страцiў першы патрон.

Ранiцай навiны BBC, “Голасу Амэрыкi”, Радыё Свабоды, “Балтыйскіх Хваляў” і НТВ паведамілi аб спробе замаху на жыцьцё ўладаносца і арышце дзясяткаў падазроных.

 

Наступным днём патрон ужо стаяў на талерачцы сьледчага па асабліва важных справах, капiтана ФСБ Арсэна Громава, тэрмiнова прысланага з Масквы з брыгадай крымiналiстаў.

Яны сустрэлiся. Баявы патрон эпохi, калi людзi дзейнiчалi рашуча i вынiкова, умелi пазнаваць сваiх ворагаў у твар, не баялiся ненавiдзець iх i змагацца зь iмi. I капiтан ФСБ Арсэн Громаў, які таксама ўмеў усё гэта: нездарма ўжо колькi год займаўся дывэрсійна-вышуковай дзейнасьцю супраць паўстанцаў-сэпаратыстаў на поўднi Iмпэрыi, у каўкаскiм рэгiёне.

Ён быў проста сьледчым, але любiў зброю, як яе любіць снайпэр, любіў ласкава перабiраць у кiшэнi жоўтыя жалуды патронаў. Кожны дзень Арсэн Громаў з паўгадзiны практыкаваўся ў стральбе па постацях людзей. Ён ганарыўся сваёй бясхібнасьцю.

Увечары капiтан, вывучыўшы матэрыялы справы “Аб спробе замаху на жыцьцё ГнУ”, сабраў супрацоўнiкаў сваёй апэратыўна-сьледчай групы ў вылучаным для працы кабiнэце ў будынку на Камсамольскай і паставiў ім мэту.

— Кантроль за ўсiмi васьмю сотнямі гасьцей i запрошаных. Нехта з падазроных ня вытрымае праверак, кiнецца ўцякаць, вось тут мы яго i схопiм. Наагул, неістотна, хто зрабiў гэты замах, — спыніўся ён, паглядаючы на супрацоўнiкаў. — Незадаволеных, агентаў уплыву, неадданых людзей усё яшчэ дастаткова i на дзяржаўнай службе. Вось мы i зробiм iм праполку, — капiтан зноў прайшоўся па кабiнэце — высокi, зграбны, у парадным мундзіры расейскага афiцэра з фанабэрыстымі нашыўкамi, адзнакамi i шаўронамi. — Як толькi там, уверсе, — ён тыцнуў пальцам у столь, — вызначаць час iкс, мы пачнем з прысутных на сьвяткаваньнi зачыстку ўсiх, хто перашкаджае будаваць Iмпэрыю.

Арсэн Громаў заўсёды быў у гуморы i гэтым падабаўся калегам па працы i босу.

— Прыйдзе час iкс, i мы будзем мачыць iх усюды! Разьлічымся за ўсе нашыя паразы!

 

Цэлы месяц Казiмiра Гурскага штотыдзень запрашалі ў сьледчыя органы і трымалі там па шмат гадзiнаў. Дапытваліся, як ён iшоў на вечарыну i з кiм, хто сядзеў праваруч, хто леваруч ад яго, каго ён запомнiў. Усё ўносілася ў пратакол, i на кожнай старонцы Казiк ставiў свой подпiс. Аднойчы на допыце прысутнiчаў сам Громаў. Ён быў у цывiльным i маўклiва назiраў за размовай. Маёр Кулагiн насядаў на Казiка.

— Мы ўсё ведаем, шаноўны спадару Казiмiр. Вось сьведчаньні, вось вы сфатаграфаны на так званым мiтынгу. Вось вы зь бел-чырвона-белым сьцягам, вось вядзеце шкодную антысаюзную агiтацыю…

— У рамках Канстытуцыi, — баранiўся Казiк.

— Напiсанай i прынятай ворагамi нашых народаў. Вось зiрнiце, вашая сям’я, дзеткi, вашая жонка на працы… Мы ўсё ведаем. Мы хочам пагаварыць, паслухаць вашыя меркаваньнi.

— Прабачце, як сьведка я ўжо выканаў свой грамадзянскi абавязак, расказаў усё i ўсё падпiсаў. Што яшчэ канкрэтна маеце да мяне? Давайце дзейнiчаць у межах закону…

Яго спрабавалі разгаварыць, частавалі кавай, вялі гамонку пра жанчынаў, пра футбол, палітыку, надвор’е, пра працу, заробкі.

 

Перад Казімірам ад самага пачатку паўстала пытаньне: якой мовай карыстацца, роднай ці каляніяльнай? Карыстаючыся каланіяльнай, можна было прыкінуцца авечкай, і паспрабуй тады адшукаць гэтую авечку сярод 800 гасьцей. Ці ўзяць на ўзбраеньне родную мову і адразу зрабіць зь сябе патэнцыйнага змоўшчыка. Нават ня маючы пэўных і ўскосных доказаў, сьледчыя пратрымаюць яго пару гадоў у няволі, сапсуюць здароў’е, жыцьцёвы час... Пасьля роздумаў Казімір прыйшоў да высновы, што ўладзе самае галоўнае пры кожнай нагодзе запалохаць грамадзтва і асобнага чалавека, зламаць волю, імкненьне да вольнага жыцьця, і таму, насуперак здароваму сэнсу філістэраў, ён зь першага допыту пачаў гаварыць роднай мовай. На допытах трымаўся спакойна, ветліва, на ясныя пытаньні адказваў таксама адназначна і тактоўна, пра палітыку не разважаў ці прасіў правакыцыйныя і двухсэнсоўныя пытаньні занесьці ў пратакол.

 

На допытах з большасьцю падазраваных маёр КДБ Кулагін вёў сябе разьняволена, гаварыў шмат, сыпаў показкамі, шчыра ўсьміхаўся. Цяжкасьці ў яго ўзьнікалі, калі пачынаў адказваць Казік, які карыстаўся роднай мовай. Маёр адразу страчваў плыннасьць гаворкі, рытм і тэмп допыту. Выклікаць перакладчыка яму не хацелася, бо тым самым ён выявіў бы свой непрафэсіяналізм.

— Ха-ха-ха, жарт. Ха-ха-ха, жарт... гэта быў жарт. Усё зразумела цяпер. Гэта жарт! – сьмяяўся маёр Кулагін.

— Ха-ха-ха, — шчыра сьмяяўся і Арсэн Громаў, які таксама зразумеў сэнс беларускага слова “жарт”, толькі прачытаўшы ў апазыцыйных газэтах артыкул “Жарт над Уладай”.

Казімір адказаў сур’ёзна, не дазваляючы сабе разьняволенасьці.

— Не разумею, што вы маеце на ўвазе.

Мова моцна нэрвавала маёра, ён зіркаў на капітана Громава, але стрымліваў сябе і, дачакаўшыся, калі дапытваны скончыў свой адказ, ізноў пачаў тое, што сяньня ўжо казаў дзясяткам затрыманых.

— Ну, ня трэба, гаспадзін Гурскі. Мы зачыняем справу, дастаткова вам засьведчыць, што гэта быў жарт. Мы ставім кропку ў надаеўшай усім валтузьне і адпраўляем яе ў архіў.

— Стамілі вы мяне, пане маёр, сваёй фантазіяй. Вам бы раманы пісаць. Прыдумляеце розныя фокусы проста зь лёту. Так нельга. Ваша праца аналітычная, дзяржаўная, пад электронным мікраскопам, як у вучоных фізікаў. Цяпер ня 37-ы год.

Вусны капітана Громава расьцягнуліся ў ледзь прыкметнай усьмешцы.

— Учора пераконвалі мяне ў важнасьці справы, цяжкой меры пакараньня, а сяньня такое кажаце, — працягваў Казімір. — Давайце, пане маёр, працаваць па пратаколе, інакш заблытаемся.

Капітан Громаў падняў слухаўку, нешта сказаў. За некалькі хвілін яму прынесьлі стос паперы, пратакол допыту, які ён і пачаў уважліва вывучаць.

У прыродзе рэчаў і зьяваў ёсьць адна асаблівасьць, сутнасьць якой у тым, што захаваць таямніцу зьдзяйсьненьня немагчыма, нават калі аб гэтым нічога нікому не казаць.

Хаўрусьнікі дамаўляюцца аб здрадзе, і нечакана тыя, каго гэта датычыць, пачынаюць ведаць усё, як быццам ім нехта аб гэтым даклаў, хаця ніхто не дакладаў.

Абвострана ўглядаючыся ў твары Кулагіна і Громава, празь нейкі час Казімір пачаў задумвацца пра сэнс гэтых бясконцых размоваў. Ён адчуў, што галоўнай мэтай Арсэна Громава было нешта іншае.

“Чаму яны так упарта жуюць гэтую справу? Ну, маёр, зразумела, выслужваецца перад начальствам. А капітан? Хоць, які ён капітан!? Жывы палкоўнік. Навошта ён тут? Палкоўнік ФСБ займацца хернёй не павінен. Што яны задумалі? Калі Маскве стаў непатрэбны Шушкеня, яго лёгка і проста скінулі. Крамлю трэба помнік герою, а ня сам Герой, — так заўжды казаў бацька. Дастаткова помніка. Дык навошта дасылаць сюды такую шышку? А маёр? Што маёр? Тутэйшы падсобнік. Нешта адчувае, і ня больш за тое. Ловіць мух”.

Плынь думак прыпыніў капітан Громаў. Ён адклаў паперы ўбок і задаволена выпрастаўся ў крэсьле:

— Скажыце, спадару Гурскі, чаму вы адмовіліся здаць аналіз крыві?

— Баяўся заразіцца AIDSам.

— Чаму вы абразілі мэдыкаў-экспэртаў, сказаўшы ім, што можаце ім насікаць і накакаць...

— Якая ж гэта абраза? Я запытаўся, мо трэба яшчэ нейкія аналізы здаць, каб не хадзіць сто разоў, я б мог адразу здаць мачу і кал.

— Я б хацеў вас папярэдзіць, шаноўны спадару Гурскі, што вы паводзіце сябе вельмі непрадбачліва. Вы бацька двух дзяцей, маеце прыгожую жонку, жывяце ў сталіцы.

Капітан Громаў адкінуўся на сьпінку скуранога фатэлю і жорстка зірнуў на Казіміра, але гаварыць працягваў лагодна.

— Сяньня ідзе жорсткая барацьба дзьвюх сыстэмаў існаваньня. Хто вас пашкадуе, калі вы апынецеся пад катком? Усе гэтыя апазыцыянэры — проста паслугачы, агенты заходняга сьвету. Ім плацяць, абяцаюць дах над галавой, вось яны і шукаюць дурняў. Навумчыкі, Пазьнякі, Шарэцкія – усе за бугром. А вы куды дзенецеся? Пашкадуйце сям’ю, дзяцей. А так званая беларуская мова? Ёсьць адзіны расейскі народ, і ён не дазволіць расьцягваць сябе на плямёны, ствараць на роўным месцы праблемы. Можна яшчэ зразумець чачэнаў, сапраўды іншароднае цела, а сярод расейцаў якія яшчэ могуць быць маларосы, беларосы? Ідзіце і помніце, што мы вас шкадуем. Улада ў асобе Гарбачова і ягонай кампаніі шмат наблытала... Да заўтра, спадару Гурскі. Мы вас больш не затрымліваем.

 

Арсэн Громаў потым доўга сядзеў у кабiнэце, курыў, думаў, выклікаў нарэшце маёра Кулагiна.

— Здаецца, гэта сапраўдная рыбiна, якраз тое, што нам трэба, пільнуйце яго дзень і ноч. Замацуй нарад з групы “Дэльта” на выпадак уцёкаў. Распрацуй сапраўдны мiт, як на кiраўнiка бандыцкай групоўкi. Можна справакаваць яго на ўцёкі, потым пайсьцi па сьледзе. Даць iнфармацыю ў газэты, на радыё й тэлебачаньне і, ледзь ён схаваецца ў нару, схапiць, лепш за ўсё па даносе тутэйшага жыхара-патрыёта.

Прайшоў па кабiнэце, закурыў.

— Някепска было б знайсьці ягоныя сувязі з нацыяналiстычнымi групоўкамi, Вызвольным Рухам. Справа пэрспэктыўная. Можна атрымаць i ўзнагароду, i павышэньне ў чынах. Пара табе ўжо стацца падпалкоўнiкам, а мне маёрам.

— Гэнэрал-маёрам, — хiтра зiрнуў на капiтана маёр Кулагiн.

Ён таксама адчуваў, што сапраўдны чын Арсэна Громава – ня менш, як палкоўнiцкі.

Той прамаўчаў.

Яны разумелi адзiн аднаго. Вiнаваты, невiнаваты… Пярэчыць, трымаецца за свой варожы сьветапогляд, значыць, ужо патэнцыйны вораг, i рана цi позна мусiць быць зьнiшчаны. А зьнiшчэньне патэнцыйных ворагаў, тэрарыстаў, бандытаў i ёсьць галоўнай мэтай працы органаў бясьпекi.

За тыдзень Казiк прачытаў у газэтах, што арыштаваны сусед зьлева, Станiслаў Каляда, якi абвiнавачваецца ва ўдзеле ў змове з мэтай замаху на жыцьцё ГнУ. Затрыманы ў залі сьмяхун па прозьвішчы Андрусевіч ужо прызнаўся ў саўдзеле.

Адзiн з гістарычных лiдэраў апазыцыi, што стала знаходзiўся ў Вiльнi, ужо выступіў на Радыё Свабода з заяваю, у якой патрабаваў неадкладнага вызваленьня Андрусевiча. “…Паколькi пiсталет ня знойдзены, дык размова можа iсьцi толькi аб патроне, якi нехта страцiў цi наўмысна падкiнуў у залю. Магчыма, гэта толькi дрэнны жарт, спроба пасьмяяцца з улады, якая асабiстую бясьпеку ўзводзiць у абсалют… Патрон — гэта сымбаль, i ня больш. Абвiнавачаньне Андрусевiча ў тэрарызьме беспадстаўнае i ня толькi юрыдычна нікчэмнае, але і абсурднае. Яно паказвае, што нашай краінай кіруюць псыхічна няўстойлівыя людзі…”

Казiк да глыбокай ночы хадзіў па пакоі, думаў, аналізаваў словы, выраз твару, жарты маёра Кулагіна, злавеснае папярэджаньне капітана Громава. Пасьля пэўнага роздуму ён надрукаваў ліст пра жарт з патронам, дзе ўсё падрабязна патлумачыў, а таксама ліст пра сакрэтную місію палкоўніка ФСБ, які пад прыкрыцьцём надуманай справы “Аб замаху на жыцьцё ГнУ” вядзе падрыўную і антыканстытуцыйную дзейнасьць па зьмене “носьбіта” на пасадзе ГнУ. Казімір цытаваў словы палкоўніка, дадаў чытаных у газэтах меркаваньняў, палітычных гіпотэзаў, усё гэта закруціў у такі кактэйль, што раніцай, на сьвежую галаву перачытаўшы прыгатаваную паперыну, канчаткова пераканаўся ў слушнасьці свайго аналізу. Апоўдні электронная пошта даслала лісты ў апазыцыйныя і замежныя сродкі масавай інфармацыі...

Мiж тым у Менску распачаўся Фэст Мастацтва i Кiно Эўрапейскiх Краiнаў.

На другi дзень Фэст ашчасьлiвiў сваёй прысутнасьцю Галоўны носьбіт Улады.

Дзейства бегла згодна з плянам, калі раптам адзiн з ахоўнiкаў заўважыў у праходзе патрон. Да яго пабеглі яшчэ некалькi чалавек з аховы. Яны заўважылi пад суседнімі крэсламі яшчэ патрон i яшчэ, праз хвiлiну ўся ахова, сутаргава сагнуўшыся, зьбiрала патроны, раскiданыя ў залі. Якiх толькi тут не было! Ад звычайных малакаляк да аўтаматных патронаў АК, дзясяткі патронаў часоў другой сусьветнай вайны, нехта дзеля сьмеху прыцягнуў патрон ад буйнакалiбэрнага кулямёта, нехта — ад паляўнічай стрэльбы.

Першым засьмяяўся польскі амбасадар, потым захіхікаў італійскі, а за імі ўвесь дыпляматычны корпус, усьміхнуўся нават стрыманы кiтайскi дыплямат.

Часовы павераны ў справах Нямеччыны паляпаў рукой па сьцягне i выцягнуў зь кiшэні маленькi блiскучы цылiндрык-запальнічку з кругленькай кулепадобнай галоўкай – i, паказаўшы францускаму паслу, пусьцiў запальнiчку на дывановае пакрыцьцё. Гэта выклiкала новы выбух весялосьцi. Тысячы людзей узьняліся з крэслаў i пачалi воплескамі падтрымліваць эўрапейцаў, што, не змаўляючыся, прынесьлі на фэстываль патроны.

“Cвабоду Андрусевiчу”, — гукнуў нехта зьверху, i ўся заля запляскала, затупала нагамі. Яны завочна віталі й таго першага жартаўнiка, што здолеў пасьмяяцца над уладаносцамі, што пераблыталі сваё асабiстае нікчэмнае “я” зь дзяржавай, — жартаўніка, які ў гэты час захлынаўся ад недахопу паветра i сардэчнай недастатковасьці ў цагляным мяху жодзiнскай турмы.

ГнУ пасьпешліва пакінуў лёжу ганаровых гасьцей.

Гэтак Эўропа ўрачыста адмовілася ад галоўнага аргумэнту палiтыкi ў ХХ стагодзьдзі, скарыстаўшы гэты аргумэнт дзеля мiру i справядлiвасьцi.

“Эўропа — дэмакратычная, настойлiвая, працавiтая, калыска сучаснай цывiлiзацыi — прыцягвала да сябе, чаравала i ўражвала. Нiводзiн кантынэнт ня меў такой колькасьцi старажытных сталiцаў. Якая мiлагучнасьць у гэтых словах — Парыж і Рым, Прага і Вiльня”, — Казімір з апошніх сілаў спрабаваў засяродзіцца на ўспамінах.

На працягу тыдня ўсе затрыманыя па справе замаху на жыцьцё ГнУ вярнулiся дадому. Неўзабаве мелi адбыцца ўрачыстыя сьвяткаваньнi з удзелам беларускае дэлегацыі i ўлада не магла дазволiць, каб зь яе сьмяялiся ў Эўропе.

Пры канцы месяца Казiмiра Гурскага запрасілі ў палiклiнiку МУС, дзе ў яго дадаткова ўзялі аналiзы скуры і сьліны... Упартыя нашчадкі Бэрыі настойліва раскручвалі справу “надзвычай разгалінаванай і глыбока закансьпіраванай нацыяналістычнай групоўкі, што ўзяла на ўзбраеньне мэтады тэрарызму...”. Казіку адводзілася роля аднаго з кіраўнікоў. Яму, Казіміру Гурскаму, шляхцічу старадаўняга літоўскага роду, які даўным-даўно зразумеў: хто ня ўдзельнічае, таго няма, не было і ня будзе.

Ішоў дробны дожджык, не імжа, а дробнакраплісты дожджык, які бывае толькі ў канцы сакавіка, калі сьнег ужо сышоў, а зямля, што адтаяла, ляжыць, забруджаная сьмецьцем і гнільлём, засталым ад мінулага стагодзьдзя, і яшчэ толькі зьбірае сілы, каб заквітнець травеньскім бэзам і чаромхай. Казімір вяртаўся з пошты дамоў.

 

29 сакавiка — 7 сьнежня 2000 г., Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0