З усёй краіны
Кунстатэр выпіў
Траецкі кірмаш, што ад 1999 г. праводзіцца ў Менску ініцыятываю Фонду культуры з удзелам народных майстроў з розных куткоў краіны, 9 чэрвеня прымаў Смургонскі раён. Мастацкая самадзейнасьць, вырабы майстроў — цацкі з тканіны, вышываныя ручнікі, карціны — і прадпрыемстваў-арганізацый (напрыклад, мэблевая фабрыка прадавала дзьверы), яткі зазывалі: “Падыходзьце, пабачце, як у нас весела!” Але гасьцей, сталічных жыхароў можна было па пальцах пералічыць. І гэтыя лічаныя былі збольшага замежныя грамадзяне, якія ў асноўным і здымаюць шыкоўныя апартамэнты ў Траецкім. Мо ня ведалі менчукі пра свята (а адкуль ім было дазнацца?). Карацей, у аўтобусе па дарозе дамоў смургонцы пагадзіліся, што найбольшым уражаньнем было, як Джон Кунстатэр, намесьнік пасла ЗША, каштаваў смургонскай самагонкі і закусваў маласольным гурочкам.
Тацяна Скарынкіна, Смургоні
Сумнеўныя доўгажыхаркі
115-гадовая жыхарка Францыі Мары Брэмон, што памерла ў мінулую сераду, не была найстарэйшай жыхаркай плянэты. Як паведамілі ў Гарадзенскім аблвыканкаме, у вёсцы Малыя Нягневічы Наваградзкага раёну жыве сп-ня Тэкля Баброўская, якой сёлета ў красавіку споўнілася 116 год. Разам зь ёй жыве 80-гадовая дачка, яны трымаюць гаспадарку. А ў студзені ў Гомельскай вобласьці памерла 124-гадовая Марыя Шарая.
Праўда, у 40-я гады многія беларускія кабеты накідалі сабе гадоў, каб іх ужо ў калгас ня гналі.
Б.Т.
Няўстойлівыя гусі
У канцы красавіка ірляндзкае агенцтва, што рэалізуе праект «Устойлівае разьвіцьцё пасёлку Сьвяцілавічы», перадало ягоным жыхарам 400 гусей. Аднак празь некаторы час птушкі пачалі здыхаць. Гомельская абласная вэтэрынарная лябараторыя высьветліла, што птушаняты загінулі ад інфэкцыі, набытай яшчэ на птушкафабрыцы. Апошняя сваю віну прызнала і бліжэйшымі днямі паставіць жыхарам Сьвяцілавіч 270 новых птушанят.
Шалёныя лісы
Больш за 120 чалавек, што кантактавалі з шалёным лісянём, зьвярнуліся ў больніцы Слоніму. Спачатку хворая жывёліна жыла ў жаўнераў тутэйшай вайсковай часткі, а пасьля яе прытулілі ў слонімскай школе №9.
А ў Пінскім раёне шалёныя лісы пакусалі калгасных кароваў, дык пяць здохла. Даярак цяпер лечаць.
На Закозель напалі вусені
Успышка алергічнага дэрматыту, выкліканага вусенем залатагузкі, адзначаная ў Дарагічынскім раёне. У паліклінікі ўсё часьцей зьвяртаюцца людзі са скаргамі на сьверб і пачырваненьне скуры. Асабліва пацярпелі жыхары вёскі Закозель. Галоўнай прычынай распаўсюджаньня вусеня сталі цёплыя зімы і недахоп ядахімікатаў. Вусеняў так шмат, што яны часта падаюць з дрэваў на людзей і выклікаюць вострую алергічную рэакцыю. На раённай нарадзе, прысьвечанай гэтай праблеме, вызначаныя меры барацьбы з вусенем. У ліпені-жніўні плянуецца арганізаваць збор і зьнішчэньне павуцінных гнёздаў з вусенямі, а дрэвы апырскаць ядахімікатамі. Калі не дапаможа, вяскоўцы зьбіраюцца зьвярнуцца да прэзыдэнта.
Энцэфаліт
Першыя сёлета захворваньні на клешчавы энцэфаліт зарэгістравалі ў Бярозаўскім раёне. Захварэла адна баба і двое яе ўнукаў — 11 і 15 гадоў. Заразіліся, выпіўшы заражанага казінага малака. Клешчавы энцэфаліт вылечваюць – выпадкаў сьмерці або ўскладненьняў за апошнія 10 гадоў не адзначалася. Больш небясьпечная іншая хвароба — клешчавы сыстэмны барэліёз. Тым, хто жыве або працуе ў лесе, трэба абавязкова рабіць прышчэпкі. Зь вясны ў лес трэба таксама насіць кашулі з рукавамі і аглядаць сябе час ад часу. Калі клешч усё ж укусіў, варта зьвярнуцца да доктара і стаць на ўлік.
Разам з крыжам адарвалі рукі
У Магілёве зьнікла копія крыжа Эўфрасіньні Полацкай са скульптуры, што на Архірэйскім вале. Копія была выкананая з дрэва й істотнай каштоўнасьці не ўяўляла. Разам з крыжом вандалы адарвалі ў скульптуры рукі.
“Нісан” у Дняпры
Ля вёскі Палыкавічы пад Магілёвам у Дняпры знайшлі затоплены аўтамабіль «Нісан Патрол». Непадалёк супрацоўнікі міліцыі адшукалі й труп гаспадара зь сечанымі ранамі галавы: 42-гадовы магілёвец прадстаўляў у Беларусі інтарэсы адной расейскай фірмы.
Заваліла чалавека
У берасьцейскім мікрараёне Дуброўка на вуліцы Прахадной жыхары капалі траншэю пад водаправод. Край траншэі абваліўся, і 20-гадовага хлапца па горла засыпала пяском. Людзі кінуліся яго ратаваць, але не давалі рады. Выклікалі ратавальнікаў. Яны прыехалі за 4 хвіліны і пасьпелі раскапаць пацярпелага жывым. Той ужо не варушыўся: быў у шоку.
Асьцярожна, слоік!
6 чэрвеня ў Баранавічах на бальконе аднаго зь пяціпавярховых дамоў узьнік пажар. Пажарныя, прыехаўшы, убачылі на задымленым бальконе сатлелы матрац. Апошні загарэўся ў выніку факусаваньня сонечных промняў праз трохлітровы слоік з празрыстай вадкасьцю, які стаяў на гаўбцы. Цікаўныя пажарныя правялі экспэрымэнт: паставілі слоік так, каб промні траплялі на салому. Хутка яна пачала тлець.
Паводле БелаПАН
Да залатога верасьня
Пакрысе да банкруцтва набліжаецца жыльлёва-камунальная гаспадарка. Дзяржава рэзка скарачае традыцыйныя датацыі, адначасова забараняючы на працягу лета падвышаць тарыфы для насельніцтва. Цяпер камунальнікам адно застаецца падлічваць страты й меркаваць, як падрыхтавацца да зімы. Не выпадае зэканоміць нават на гарачай вадзе. Менскі мэр Паўлаў запатрабаваў скараціць тэрміны традыцыйных “прафіляктычных” рамонтаў цепласетак зь месяца да двух тыдняў.
Спыняецца гандаль прадуктамі харчаваньня з намётаў і аўтапрычэпаў на Камароўцы. Афіцыйная вэрсія — “рэканструкцыя рынку” — хочуць будаваць новую шматпавярховую аўтастаянку.
Тым часам стала вядома, што запазычанасьці па заробках будуць павялічвацца. Міністар фінансаў Корбут на мінулым тыдні прызнаў, што праблемы з выкананьнем даходнай часткі як рэспубліканскага, так і ўсіх мясцовых бюджэтаў наблізіліся да крытычнай мяжы. Гэта адчуюць настаўнікі, якія разам з вучнямі сыдуць праз колькі тыдняў на традыцыйныя вакацыі, а свае грошы будуць атрымліваць часткамі аж да верасьня.
Вядомая стала і цана сёлетніх “дажынак”. Яны будуць каштаваць каля 4 мільярдаў рублёў — амаль 3 мільёны даляраў.
Сяржук Іваноўскі
Пацярпелыя за Беларусь
31 траўня ў Менску быў затрыманы маладафронтавец Іван Тамашэвіч за тое, што праехаў на роліках ад выканкаму СНД да Адміністрацыі прэзыдэнта зь бел-чырвона-белым сьцягам у руках. У ноч з 31 траўня на 1 чэрвеня за расклейку налепак затрымалі зуброўцаў Цімоха Дранчука, Аляксея Шыдлоўскага, Ірыну Тоўсьцік і Валер’я Сюльда. У Горадні 1 чэрвеня затрымалі Аляксея Салея, які фатаграфаваў, як салдатаў вывелі рукамі ірваць траву на газонах каля аблвыканкаму перад прыездам Селязьнёва, затрымалі таксама падчас маладзёвай акцыі пратэсту Сьвятлану Нех, Зьмітра Ягорава ды адміністратара кавярні, які выйшаў на вуліцу папаліць у гэты час. У Барысаве падчас акцыі зуброўцаў затрымалі Сяргея Падзолку, Зьмітра Фядорчанку, Алесю Ясюк з дачкой Тацянай. У ноч з 4 на 5 чэрвеня ў Менску затрымалі зуброўцаў Аляксея Шыдлоўскага, Цімоха Дранчука, Зьмітра Драпачку і Алеся Апраніча. 5 чэрвеня ў Горадні адбыўся суд над Тадэвушам Гавіным, затрыманым падчас акцыі “Хочам ведаць праўду”. Далі 3 ночы арышту. У Віцебску 6 чэрвеня затрымалі Ірыну Байдак, якая раздавала навучэнцам Вэтэрынарнай акадэміі ўлёткі. У Мазыры за расклейку налепак затрымлівалі Кірылу Мухіна і Яўгена Анціпава. 7 чэрвеня ў Гомелі затрымалі Сержука Паўлянковіча, Зьмітра Гаўруціка, Андрэя Вітушку і Крысьціну Сідун, якія раздавалі «Студэнцкую Газэту».