Гутарка ў зоне чатырохмоўя

Міжнародны сэмінар “Культурная спадчына Вялікага Княства Літоўскага, яе значэньне для сёньняшніх Беларусі і Літвы й узаемаразуменьня ў Эўропе” адбыўся ў Рымдзюнах на Астравеччыне

Галоўнай мэтай сустрэчы была выпрацоўка новага супольнага для гісторыкаў новых краінаў падыходу да гісторыі ВКЛ, а таксама да міждзяржаўных стасункаў у нашай частцы Эўропы. Менавіта з гэткім разьлікам было абранае месца правядзеньня сэмінару — вёска ў Беларусі зь пераважна літоўскім насельніцтвам.

Значная частка жыхароў Рымдзюнаў, Гервятаў ды іншых навакольных вёсак лічаць сябе літоўцамі, хаця прозьвішчы ў іх збольшага беларускія. Паводле статыстыкі, літоўскае насельніцтва складае 0,2% жыхароў сучаснае Гарадзеншчыны. Яно засяроджанае ў 15 вёсках у рымдзюна-гервяцкім краі ды ў Пелясе на Лідчыне.

Прыкметы мінуўшчыны бачныя ў Рымдзюнах на кожным кроку. Вясковая вуліца, што цягнецца ўздоўж лугоў над рэчкай Ашмянкай, захавала сваю пляніроўку з часоў Боны Савойскай. Традыцыйныя хаты ў два акны, пуні ды павеці з закалотамі, бусьлянкі… Вось толькі касьцёлу няма. Каб памаліцца, трэба ісьці чатыры кілямэтры — у родную вёску Адама Мальдзіса, Гервяты. Там у прыгожым мураваным касьцёле у 30-я гады літоўцы зацята біліся з “палякамі”, дамагаючыся, каб набажэнства ішло па-літоўску. “Вось дурні былі!” — кажуць рымдзюнскія кабеты пра тыя бойкі ў касьцёле.

Цяпер у Гервятах ранішнюю імшу служаць на літоўскай мове, а вечаровую — на польскай. Рымдзюнцы дасканала зрэалізавалі ў сваім жыцьці ідэал чатырохмоўя: яны аднолькава добра размаўляюць і па-літоўску, і па-беларуску, нядрэнна разумеюцца па-польску, дый па-расейску гутараць ня горш за чыноўных апалягетаў імпэрыі. Ня дзіва, што побач з рымдзюнскімі кабетамі, якія нязмушана пераскокваюць з адной мовы на другую, навукоўцы з розных краінаў пачуваліся невукамі.

Кабеты ў Рымдзюнах надзвычай разумныя і маюць на кожны конт собскае меркаваньне. Адзінае, пра што ў іх няма цьвёрдае думкі – гэта пра выбары. Да Лукашэнкі рымдзюнскія жанчыны ставяцца дваіста. Цямяць, што ён цягне краіну “ў ня той бок”, але баяцца, што “безь яго яшчэ горш будзе”.

Вяскоўцы зь міжвольным захапленьнем глядзяць на “ліхога казака”, які падмяў пад сябе цэлую краіну і ня хоча падпарадкоўвацца ні дзяржаўным законам, ні сусьветнай супольнасьці. Старэйшыя кабеты мяркуюць таксама, што Лукашэнка ня ведае пра іхную бяду, а як даведаецца, дык абавязкова ўсё паправіць…

Тым часам сярэдні заробак рымдзюнскіх калгасьнікаў — 15—20 тысяч рублёў у месяц. Прычэп жа дроваў каштуе 30 тысяч. Бульба апошнім часам ня родзіць — відаць, гатунак вывеўся — летась зусім мізэрная была, трэ было купляць у суседнім калгасе. Вяскоўцы, хоць і немаладыя ўжо, па-ранейшаму трымаюць дзьве каровы, але прадаць малако і мяса ў блізкай Вільні цяпер немагчыма — на мяжы адбяруць увесь тавар. Ня дзіва, што жыхары спакушаюцца на кантрабандны гандаль сьпіртам, папулярны на Астравеччыне бізнэс. Нават міліцыя займаецца гэтым. Заадно народ хутка сьпіваецца. У адных толькі Рымдзюнах тры дзясяткі алькаголікаў.

За савецкім часам багата беларускай моладзі перабралася на жыхарства ў Літву. Зьяжджалі ў Вільню, у Ігналіну — будаваць АЭС. Літоўскія гарады вабілі дабрабытам, эўрапейскай культурай побыту. Цяпер літоўскія беларусы езьдзяць дамоў празь мяжу — трэ бацькам дапамагчы ўпорацца з бульбай, накасіць сена. Дый дзецям нялішне падыхаць чыстым паветрам... Аднак літоўскаму грамадзяніну, каб трапіць на гістарычную радзіму, трэба выкласьці ў беларускім консультве 50 даляраў ды шчэ на мяжы заплаціць ладныя грошы за праезд машынай. Во й падлічыце, колькі грошай трэба віленчуку, каб наведаць бацькоў у ашмянскай вёсцы.

Літоўская дзяржава ставіцца да гэткіх праблемаў з большым разуменьнем. Яшчэ нядаўна віза ў Літву каштавала для беларуса 40 даляраў. Цяпер крыху патаньнела, а для пэнсіянэраў яна ўвогуле дармовая. Дзеці беларускіх літоўцаў маюць істотныя льготы пры паступленьні ў навучальныя ўстановы Літвы. Таму ў невялічкіх Рымдзюнах дзьве школы — літоўская і беларуская — і два дзіцячыя садкі. А 18 сакавіка тут адчыніўся шчэ й Літоўскі культурны, асьветны й інфармацыйны цэнтар, дзе разьмясьцілася літоўская школа-інтэрнат, пара канфэрэнц-заляў, бібліятэка, музэй, выстаўная й актавая залі, гатэльныя нумары для гасьцей, сталоўкі, кавярня... Грошы на будаўніцтва, распачатае за савецкім часам, давала Літва. Адтуль прывозілі будаўнічыя матэрыялы і саміх будаўнікоў. Аднак і Міністэрства культуры Беларусі вельмі дапамагло сродкамі.

Такога беларускага культурнага цэнтру ў Літве няма. А што вы хочаце, браткі літоўскія беларусы, прытулілі там Шарэцкага, ды яшчэ на “Балтыйскіх хвалях” на паўкраіны вяшчаеце!..

На побытавым узроўні беларусафобія ў Літве заўжды адчувалася больш выразна, чым літуанафобія ў Беларусі. Аднойчы ў размове зь літоўскім прафэсарам музыкі я пахваліла віленскую бітую сьмятанку. “Найлепшую сьмятанку можна пакаштаваць хіба ў Шаўлях, — адказаў прафэсар. — А ў Вільні яна ўвогуле нясмачная, бо ў прыгарадных вёсках жывуць брудныя палякі”. Хто гэтыя палякі, удакладняць ня трэба. Гэткае стаўленьне да беларусаў сустракаецца і ў літоўскай навуцы. Ніколі не забудуся, як у працы аднаго ковенскага прафэсара гісторыі прачытала, што стварэньне саюзу Беларусі й Расеі — добрая зьява, бо такім чынам з часам беларусы перастануць прэтэндаваць на спадчыну Вялікага Княства.

Сустрэча ў Рымдзюнах мелася выправіць гэткае становішча, але беларускія й літоўскія навукоўцы нібыта сьвядома пазьбягалі зьмястоўнае размовы. Ролю пасярэднікаў у нязьдзейсьненай дыскусіі ўзялі на сябе палякі. Яны заклікалі адмовіцца ад стэрэатыпнага ўспрыманьня супольнай гісторыі і на гэтай аснове будаваць новыя адносіны між дзяржавамі і народамі. Прафэсар Ежы Клачоўскі сымбалічна папрасіў прабачэньня за “гістарычны польскі імпэрыялізм”, празь які й самі палякі страцілі ўяўленьне пра сваю нацыянальную ідэнтычнасьць.

Уяўленьне пра “Рэч Паспалітую абодвух народаў”, паводле якога палякі былі народам палітычным і шляхецкім, а ліцьвіны — вясковым і прыгонным, і абодва народы лічыліся дзьвюма іпастасямі “адзінай і непадзельнай” Польшчы, “было вялізнай памылкай палякаў”, — сказаў прафэсар Клачоўскі, — “бо Рэч Паспалітая і тым больш Вялікае Княства — гэта зусім ня Польшча. Гэта супольны твор многіх народаў, якія жылі ў тых дзяржавах”.

Каб падкрэсьліць прынцыповую роўнасьць усіх, хто насяляў “Рэч Паспалітую многіх народаў” — беларусаў, габрэяў, літоўцаў, палякаў, татараў, украінцаў, польскія дасьледчыкі нават пералічваюць іх выключна ў альфабэтным парадку, гэта асабліва заўважна пры параўнаньні з расейскай традыцыяй, у якой “братнія славянскія народы” заўжды распачынаюцца са “старэйшага брата”.

Розьніца ў мысьленьні адбіваецца на палітыцы. Расея настойліва імкнецца да апекі над Беларусяй, тады як Польшча бачыць на ўсходзе раўнапраўнага партнэра, зь якім яе лучыць супольная і непадзельная гістарычная спадчына. Польшча прызнае ўсе крыўды, зробленыя беларусам у мінулым стагодзьдзі, і просіць за іх прабачэньня. Яна выяўляе сваю сымпатыю ў канкрэтных учынках на карысьць беларускага грамадзтва: падтрымлівае беларускую культуру, дзеліцца сваім досьведам дэмакратыі, спрыяе ўваходжаньню Беларусі ў Эўропу.

Польшча ня мае намеру адгароджвацца ад нас візавай заслонай, нават калі Эўразьвяз змусіць яе да гэтага. “Бязь візаў нам не абысьціся, але каштаваць яны маюць прыкладна, як квіток у кіно”, — тлумачылі мне ўдзельнікі канфэрэнцыі. З гледзішча польскіх інтэлектуалаў, Беларусь — арганічная частка Эўропы, якую нельга адасабляць ад агульнаэўрапейскае прасторы.

На думку прафэсара Клачоўскага, галоўнымі фактарамі, якія ядналі народы Рэчы Паспалітай, былі прыналежнасьць да Эўропы і глыбокая прывязанасьць да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Яны яшчэ зь Сярэднявечча назапасілі досьвед суіснаваньня ў межах адной дзяржавы, ад якой засталіся ў спадчыну рэлігійная талерантнасьць і падмуркі грамадзянскай супольнасьці. Таму, мяркуе ён, мы арганічным чынам належым да Эўропы, хаця гэта не заўжды ўсьведамляецца: нават высокаадукаваныя замежнікі часьцяком упэўненыя, што нашыя народы прынялі хрышчэньне ў XVII ст.

З гледзішча тэарэтычнай канфлікталёгіі, Сярэдне-Ўсходняя Эўропа, часткаю якой мы зьяўляемся, — вельмі небясьпечны рэгіён. Пасьля распаду савецкай імпэрыі эўрапейскія навукоўцы прагназавалі ўзброеныя канфлікты паміж Украінай і Польшчай, Польшчай і Літвой, Літвой і Беларусяй. Для нас, нашчадкаў Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай, гэткія прагнозы выглядаюць дзіка.

Сёлета ў Польшчы выйшла кніга нямецкага прафэсара Кляўса Цэрляка “Расея і Польшча”. На думку аўтара, пагібель Рэчы Паспалітай, што сталася вынікам змовы Расеі і Прусіі, прывяла адначасова й да краху Сьвятарнай Рымскай Імпэрыі, якая будавалася на супрацоўніцтве паміж эўрапейскімі краінамі. З гэтага, на думку Цэрляка, пачалася трагедыя Нямеччыны, бо традыцыя ў гэтай краіне была тым самым зламаная, і адсюль усе няшчасьці — ад Бісмарка да Гітлера. Сёньня Эўропа зьвяртаецца да досьведу Сьвятарнай Рымскай Імпэрыі й Рэчы Паспалітай, займаючыся будаваньнем Эўразьвязу.

ВКЛ і Рэч Паспалітая традыцыйна разглядаліся як “слабыя”, нежыцьцяздольныя дзяржаўныя ўтварэньні. Аднак Трэці статут Вялікага Княства, зацьверджаны 28 студзеня 1588 г., быў скасаваны толькі ў 1840-м. Прававое поле ў Вялікім Княстве было акрэсьленае вельмі выразна, і грамадзтва трымалася ў ягоных межах, нават калі дзяржава зьнікла. Гэта ўнікальны прыклад таго, як грамадзтва выявілася мацнейшым за дзяржаву й нейкі час пасьпяхова супраціўлялася ціску імпэрскай машыны. Палякі трымаліся яшчэ больш упарта. Менавіта таму яны яшчэ ў 1918 г. вызваліліся ад іншаземнага ярма і здабылі незалежнасьць.

Дый мы пачынаем з усё большай пэўнасьцю ўсьведамляць, што адзіны шлях да рэальнае незалежнасьці Беларусі — гэта адраджэньне грамадзянскае супольнасьці. Сёньня яна складаецца зь людзей, якія пачуваюцца нашчадкамі вялікай эўрапейскай традыцыі ды ўсведамляюць сваю адказнасьць за лёс краіны. Пераважная большасьць гэтых людзей размаўляе па-беларуску.

Менавіта на іх арыентуецца сёньня польская дзяржава ў сваёй усходняй палітыцы. Польскія навукоўцы, журналісты і дыпляматы дасканала разумеюць розьніцу паміж незалежным беларускім грамадзтвам, якое паўстае, і аўтарытарнай лукашэнкаўскай дзяржавай.

“Гісторыя — гэта палітыка, перакуленая ў мінулае”, — казаў Сталін. І многія дагэтуль намагаюцца ствараць гісторыю паводле гэтага прынцыпу. Напраўдзе ж, усё наадварот. Палітыка – гэта гісторыя, пераасэнсаваная дзеля будучыні. І толькі такая палітыка мае шанцы на посьпех у цяперашнім сьвеце. Таму “часам ціхая гутарка ў вузкім коле інтэлектуалаў больш уплывае на лёсы сьвету, чым гучныя дыспуты палітыкаў”, — як сказаў пасол Польшчы ў Беларусі Мар’юш Машкевіч на сэмінары.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0