ЛІСТЫ Ў РЭДАКЦЫЮ

 

У абарону Польскага інстытуту

Прашу прабачэньня за крыху запозьненую рэакцыю на артыкул “Зычлівая абыякавасьць”, на які я спачатку проста не зьвярнуў увагі. Напэўна, з тае прычыны, што тэма “занядбанай і пагарджанай” беларускай мовы ўвогуле мяне мала цікавіць.

 

Шаноўны сп.Тумар аднак здолеў дадаць нешта новае ў гаму пакутніцкіх пачуцьцяў тых “абаронцаў роднага слова”, якія пачуваюцца пакрыўджанымі ледзьве не на ўвесь сьвет. На гэты раз крыўдзіцелямі аказаліся замежныя (не расейскія, зразумела) дыпляматы і прадстаўніцтвы. Пачнем, аднак, усё ж такі з мовы. Цалкам відавочна, што сытуацыя зь беларускай мовай цягам ужо колькіх гадоў нагадвае хутчэй становішча катакомбавай царквы, чым публічнай інстытуцыі, якая пасьпяхова разьвівае й пашырае свой уплыў на розныя бакі сацыяльнага жыцьця.

І ўсё ж такі зьвернем увагу на тое, што гэтая сытуацыя зусім не падобная на тую, што існавала ў канцы 70—80-х гадоў, калі беларуская мова рэальна функцыянавала адно што ў кулюарах бібліятэкі Акадэміі Навук ці ў Інстытуце літаратуры. Можна, вядома, пашкадаваць, што распачатая ў 90-х гадах беларусізацыя была гвалтоўна спыненая цяперашнімі ўладамі, але пры гэтым варта памятаць, што аніякія шкадаваньні ці патасныя прамовы ў абарону “матчынай мовы” практычна нічога не зьмяняюць і не вырашаюць. Нічога не зьмяняюць і не вырашаюць таксама і прэтэнзіі да тых, хто “не паважае” роднай мовы альбо ня бачыць сэнсу ў карыстаньні ёю. Яшчэ меней канструктыўная пазыцыя — мазахісцкае стаўленьне да моўнай праблемы. І гэта ёсьць тое “новае”, што вынайшаў шаноўны аўтар “НН”, даючы волю сваім пачуцьцям, каб яшчэ раз пашкадаваць самога сябе й усіх беларусаў разам. Вось жа, глядзіце, якія мы нягеглыя: “Ня выйшлі зь беларускае эміграцыі прафэсары, ня выйшлі губэрнатары, ня выйшлі сэнатары, — піша Барыс Тумар. — Ня выйшлі тыя, да каго сьвет прыслухоўваецца. Таму й не заўважаюць беларусаў”. Ад гэтага сумна і маркотна шаноўнаму аўтару “НН”.

Найлепей, вядома, шкадаваць самога сябе, калі ў дадатак да ўсяго маеш яшчэ і пачуцьцё прыніжанасьці. Між тым відавочна, што сп.Тумара менавіта як паважаную асобу запрашаюць на розныя дыпляматычныя прыёмы, але ня ведае наш “гаротны беларус”, куды сябе падзець ад “зрусіфікаваных” замежных дыпляматаў ня толькі ў эўрапейскіх, але і ў амэрыканскай амбасадзе.

“Татальная русіфікацыя дзейнасьці замежных прадстаўніцтваў у Беларусі, — скрушна зазначае аўтар артыкула, — павялічвае пачуцьцё ізаляцыі. Міжволі думаеш: а мо насамрэч у беларусаў няма сапраўдных саюзьнікаў у сьвеце”.

Мазахісты, як вядома, найперш самі заганяюць сябе ў псыхалягічныя рэзэрвацыі, а ад чалавека пакрыўджанага лёсам (ці то беларускай доляй) найменей трэба чакаць рэалістычных і справядлівых меркаваньняў. Мушу аднак зазначыць, шаноўны сп.Тумар, што насамрэч маем шмат саюзьнікаў незалежнай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Іншая справа, што гэтых саюзьнікаў ня варта вызначаць паводле моўнай прыкметы і тым больш ня трэба іх залічваць у ворагі беларушчыны.

Вось жа і Польскі інстытут у Менску ды польская амбасада, паводле сп.Тумара, апынуліся ў ліку сумнеўных і ненадзейных саюзьнікаў дэмакратычнай і незалежнай Беларусі. Ня буду прыводзіць аргумэнтаў супраць, а хачу толькі папрасіць прабачэньня за Ваш артыкул, які, папраўдзе, не адлюстроўвае ні маёй думкі, ні думкі маіх сяброў і знаёмцаў, якія ня маюць комплексу пакрыўджаных беларусаў.

Вас таксама цікавіць, што робяць 250 беларускіх студэнтаў-уцекачоў у Варшаве, на што яны там вучацца? Дакладна ня ведаю, але дакладна ведаю некалькіх маладых людзей, якія навучаліся ў Польшчы і вярнуліся на Радзіму. Гэта вельмі сэнсоўныя для нашай беларускай сытуацыі маладыя людзі.

Праблема выжываньня і рэальнага функцыянаваньня беларускай мовы, безумоўна, надзвычай важная, але гэта не праблема замежных прадстаўніцтваў і дыпляматаў. Гэта наша з Вамі, сп.Тумар, праблема. І найлепей яна вырашальная не тады, калі фармулююцца прэтэнзіі ці назапашваюцца крыўды на тых, хто зьвяртаецца да Вас на расейскай мове.

Здаецца, ужо нават ТБМ зразумела, што мець дзесяць добрых мэнэджэраў у справе прамоцыі беларушчыны значна лепш, чымся сотню друкаваных артыкулаў, напісаных тымі, хто ўсё яшчэ “плача па роднай староцны”.

Алесь Анціпенка

P.S. Зь вялікай прыемнасьцю віншую сп.Тумара і ўсіх супрацоўнікаў “НН” зь дзясятай гадавінай Вашай і нашай адноўленай газэты. Трывайце!

 

Шаноўная рэдакцыя “НН”!

Сардэчна віншую Вашу газэту з 10-гадовым юбілеем!

 

Зычу Вам посьпехаў, вялікіх накладаў ды прыбыткаў. Няхай “НН” заваюе душы тысячаў украінскіх, польскіх, літоўскіх ды расейскіх чытачоў (у дадатак, ясная рэч, да 100%-га ахопу насельніцтва Беларусі). Прынамсі адзін сталы чытач ва Ўкраіне ў Вас ёсьць: я ўжо год як штотыдня наведваю Вашу Інтэрнэт-бачыну. І, напэўна, найзапаветнейшае для Беларусі (і Ўкраіны) “пабажаньне”: Свабоды ўсім (палітычнай, духоўнай, творчай таксама).

Перапрашаю за магчымыя памылкі ў беларушчыне. Чытаю ёю толькі год, пішу ў трэці раз, размаўляць пакуль што не даводзілася. Асобная падзяка Віцебскай суполцы моладзі “Верас” за электронны слоўнік.

Трохі пра сябе: праграміст, асьпірант, лінгвіст-аматар, маю 22 гады, жіву ў Кіеве.

 

З павагаю, Ігар Булыга

[email protected]

Заможнасьць

Дзень добры, шаноўная рэдакцыя. Спачатку хачу павіншаваць усіх нас зь дзесяцігодзьдзем аднаўленьня “НН”. Сам я пачаў чытаць газэту ў 93-м. Пакуль была магчымасьць — выпісваў, потым час ад часу набываў пры наведваньні Беларусі.

 

Чытаючы артыкулы й лісты ў “НН”, я часта бачу ў іх расчараваньне й адчай. Марылі аб адной краіне — эўрапейскай, багатай і беларускамоўнай, а жыць прыходзіцца ў іншай, якой адна назва — РБ. Усё так. Але, спадарства, пройдзе час, і мы зусім па-іншаму паглядзім на гэтае дзесяцігодзьдзе. Прыгадаем 70-я. Хто тады з нас марыў пра незалежную Беларусь? А хто з нас размаўляў па-беларуску? Адзінкі. Адбыўся Боскі цуд. Беларусь — незалежная. Беларускамоўная грамада налічвае тысячы, а мо й дзясяткі тысячаў. Бог даў нам шанец. Як мы яго выкарыстаем — залежыць ад кожнага з нас. Ніхто, акрамя мяне, ня выхавае маю дачку беларускай. Ніхто, акрамя сьведамых беларусаў, ня зробіць Беларусь нармалёвай эўрапейскай краінай. Ні Захад, ні, тым больш, Расея. Гэта трэба разумець. Трэба працаваць, нараджаць дзяцей, зарабляць грошы. Будуць у сьведамых беларусаў грошы — будзе існаваць і разьвівацца нацыянальная культура. Попыт выклікае прапанову. Ня здолеюць сьвядомыя беларусы зрабіцца заможнымі — на беларускай культуры й мове можна будзе паставіць крыж. Калі раней мову здолела выратаваць беднасьць, дык цяпер яе можа ўратаваць толькі багацьце. Таму нацыянальная ідэя ў нас адна — заможнасьць.

З павагай,

Уладзімер Васькоў, Тула

 

Арыстакратызм духу

Для мяне бадай што самы адметны дзень тыдня — аўторак, калі прыходзіць чарговы нумар “НН” і адкладаюцца на потым розныя справы дзеля маўклівага сумоўя з газэтаю мае душы. Бывае, наша мілая цяпершчына так дастане, так прыцісьне, што хоць не жыві. А пачытаеш “НН” — і зноўку пачуваешся Асобаю.

 

Я ня ведаю іншага выданьня, якое так натуральна кантактавала б з чытачамі, запрашала іх на свае старонкі — у “Варштаты”, “Прыватныя абвесткі”, “Сабачыя гісторыі”, праект “Беларусь праз сто гадоў”, якое так уважліва ставілася б да чытацкага ліставаньня. Але “НН” — ня толькі самая дэмакратычная беларуская газэта. Найперш яна — самая арыстакратычная. Спавяданьне беларускай нацыянальнай ідэі й арыстакратызм духу — у гэтым існасьць “НН”. Захоўваючы клясычны беларускі правапіс, “НН” ажыўляе і разьнявольвае нашую мову, заціснутую, згвалтаваную “наркамаўкай”.

З нагоды юбілею “НН” я шчыра дзякую супрацоўнікам ды аўтарам газэты за іх няпростую працу, за зьмястоўныя, часта нечаканыя, але заўсёды цікавыя матэрыялы. Я ўдзячная рэдакцыі “НН” за дапамогу ў пошуках магілы маёй маці, якая 55 гадоў таму памерла ў вялейскай турме.

Шчасьця вам, добрага здароўя, трываласьці, творчых здабыткаў, дарагія нашаніўцы! Пакуль вы ёсьць, “не загаснуць зоркі ў небе”...

 

З павагаю,

Рагнеда Аляхновіч, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0