Беларусь праз 100 гадоў

 

На чале зь Юнэляй Абуховіч

Беларусь, год 2101. Яшчэ моцна адчуваюцца нэгатыўныя наступствы саратаўска-беларускае вайны 2081—2084 г. за смаленскае дыямэнтавае радовішча. Многія экспэрты вялікія людзкія страты беларусаў стануць зьвязваць з удзелам на баку саратаў дзьвюх брыгадаў іншаплянэтнікаў клясы мэгацэфалы ілжэвідушчыя. На такія меркаваньні ў міжнародных колах будуць глядзець скэптычна: ізноў гэтыя беларусы сабе новыя болькі прыдумляюць. Тым часам міністэрства жыцьця паведаміць аб адтварэньні 50% загінулых у той вайне абываталяў БНР (блізу 3 млн. чал.). Блізу 500 тыс. чалавек адтвораныя ня будуць з прычыны адсутнасьці іхных парэштак, а яшчэ 200 тыс. — зыходзячы з тэстамэнтаў, укладзеных на пачатку вайны.

Канцлерка БНР Юнэля Абуховіч разводзіцца із сваім мужам Юр’ем, дасьледнікам марсіянскага наскальнага жывапісу. Гэта выклікае істотнае ваганьне курсу беларускае капы на найбуйнейшых біржах Зямлі, Месяца і Марсу. У сталіцы Беларусі, месьце Галацічаску, рыхтуецца масавая дэманстрацыя, удзельнікі якой будуць патрабаваць тлумачэньня прычынаў разводу. Тым часам Віртуальны Вальны сойм абмяркоўвае 31-ю папраўку да Ўнівэрсальнага дзяржаўнага Статуту БНР 2015 г., згодна зь якой пабрацца шлюбам у краіне можна будзе толькі чатыры разы на год. Вызначанымі шлюбнымі днямі стануцца Купальле, Жаніцьба Коміна, Аўсень і Дзень Волі.

Інстытут гісторыі АН Беларусі імя Генадзя Сагановіча рыхтуе калектыўную працу “Беларуская гісторыя ХХ ст.: людзі і адлюдкі”, якая, апроч звыклага электроннага варыянту, выйдзе й кнігаю — як сувэнірнае выданьне. Увогуле, сярод найбагацейшых людзей краіны прэстыжнай сталася завядзёнка чытаць папяровыя выданьні, “як даўней”. Самымі папулярнымі газэтамі й часопісамі будуць “Голас Вёскі”, “Гомельская Капейка”, “Наша Ніва”, “Незабудка”, “Беларуская Думка”, “Новы Пачатак”.

У тагачаснай літаратуры ходаюцца два галоўныя кірункі: позьні постмадэрнізм і шызарамантызм. Спаміж беларускіх пісьменьнікаў найбольш вядомымі стануцца паэт Жыгімонт Рымша, празаік Сяржук Тызэнгаўз і гусьляр Бутрым Адамовіч. Міжнародную Быкаўскую прэмію ў галіне літаратуры нарэшце атрымае маскаль Шаміль Улугбек за гістарычны раман “Лукашэнка і траляля”.

Краявіды Беларусі выглядаюць інакш, чым 100 гадоў таму, бо яшчэ за часы т.зв. трохканцлерства (70-я гады ХХІ ст.) зьнікла бальшыня адрозьненьняў між горадам і вёскай. Абсягі ранейшых гарадоў захавалі свае традыцыйныя назвы. Слова ж “горад” ужывацца перастала, яго канчаткова замяніла лексэма “места”. І для месцкіх, і для вясковых забудоваў будзе ўласьцівая сьціплая чароўнасьць. Усе месты і вёскі возьмуцца спаборнічаць міжсобку ў непадабенстве. У рамках праекту “Вяртаньне да Вялікай Літвы” паўстануць з руінаў 25 замкаў, палацаў ды іншых спарудаў, што стаялі да 1772 г. Зьмяняць назву краіны ніхто, праўда, не памкнецца, генэтычна звыкшыся са спаконвечным “Жыве Беларусь!”.

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0