Пацярпелыя за Беларусь

6 чэрвеня Валер’ю Шчукіну далі 10 сутак арышту за пратэст супраць абыякавасьці да лёсу зьніклых людзей падчас Усебеларускага сходу. Але адседзець яму гэтыя 10 сутак ня прыйдзецца, бо 12 чэрвеня яго запраторылі ў турму на тры месяцы за непадпарадкаваньне міліцыі. Паколькі выхад яму прызначаны аж на пасьля выбараў, ён мае шанец быць выпушчаным на волю датэрмінова. У Койданаве падчас пікету “Хочам ведаць праўду” затрымалі сяброў АГП Анатоля Лябедзьку, Леаніда Малахава, Алеся Карніенку і Ўладзімера Радзівончыка. Іх затрыманьне патлумачылі падазрэньнем у тэрарызьме. Маўляў, тыдзень таму хтосьці кінуў гранату на гарадзкім рынку, і праваахоўныя ворганы вядуць пошук падазроных. Міліцыянт, які ў часе затрыманьня назваўся Івановым, аказаўся Казеем, родзічам піянэра-героя Марата Казея. У Рэчыцы затрымлівалі за расклейваньне ўлётак дзесяціклясьніка Зьмітра Цярэшчанку. Сябар «Маладога Фронту» Дзяніс Мархаток быў вымушаны забраць дакумэнты зь менскай СШ №86. Прычынай для выключэньня стаўся ціск на дырэктара з боку камісіі па справах няпоўнагадовых, якая вынесла Дзянісу Мархатку папярэджаньне за ўдзел у акцыях Маладога Фронту. За нанясеньне надпісу на будынак Фрунзэнскага выканкаму міліцыянты затрымалі 18-гадовага Максіма Вінярскага. 10 чэрвеня ў Віцебску затрымалі сябра КХП-БНФ былога палітвязьня Ўладзімера Плешчанку, які распаўсюджваў улёткі Беларускае Салідарнасьці. Бліжэйшымі днямі ў суд перадаюць крымінальную справу ў дачыненьні да актывістаў «Зубра» — Сяргея Коктыша, Анатоля Алізара, Аляксандра Ермакова і Аляксея Шыдлоўскага. Суд мае адбыцца ў ліпені. Іх абвінавачваюць па артыкуле 218, частка 1 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці) за тое, што 26 студзеня гэтага году расьпісалі адзін райвыканкам у Менску словам «Зубр».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0