Хроніка кампаніі

Лідзія Ярмошына: “Дзе Пазьняк?”

У духу старых Літоўскіх статутаў падышла да рэгістрацыі Зянона Пазьняка кіраўнічка лукашэнкаўскага Цэнтравыбаркаму. На ліст Зянона, які даслаў сьпісы сваёй ініцыятыўнае групы поштаю, яна адказала двума. Адзін накіравала ў Канстытуцыйны суд: ці мае права Пазьняк вылучацца, калі ён ня жыў у Беларусі? Другі — самому Пазьняку: патлумачце, калі ласка, зь якой прычыны Вы не жылі ў Беларусі? З Суду адказалі: можаце рэгістраваць на свой одум. Пазьняк адпісаў: у Беларусі прапісаны, у Беларусі жыў і жыву, апроч пэрыядаў знаходжаньня за мяжой па службовай ці палітычнай неабходнасьці. Калі мяне не рэгіструеце, тады ня маеце права зарэгістраваць і Сініцына з Чыгіром. Ярмошына тлумачэньнем Пазьняка задаволілася і ягоную ініцыятыўную групу зарэгістравала.

Застаецца гадаць — чаму: ці то яна такая верная літары закону, ці то Пазьняк на выбарах патрэбны Лукашэнку, ці то безь Сініцына Лукашэнку ў верасьні не абысьціся.

 

Зянон Пазьняк: “Абаронца
гэтага народу”

У інтэрвію Радыё Свабода Зянон паведаміў: “Сярод тых людзей, якія заявілі аб жаданьні выступіць на выбарах у якасьці кандыдатаў, няма ніводнага чалавека, які б выступаў на баку беларускага народу. Гэта ўсё людзі, якія супрацоўнічаюць з Масквой, з маскоўскай палітыкай. Я цудоўна разумею, што я ў гэтай сытуацыі адзіны кандыдат, які будзе прадстаўляць альтэрнатыву маскоўскай і лукашэнкаўскай палітыцы. Ніякіх саюзаў з Расеяй! Што датычыць шляху ў Эўропу, то гэта ня значыць, што мы адразу туды пабяжым. Нам трэба стаць на ногі і падняць высока галаву, і пайсьці з высока ўзьнятай галавой, а не на каленях. Цяпер, у гэтым стане, нас могуць пагнаць толькі на каленях, а тых, хто стаіць на каленях, — ніхто ня любіць. Таму мы павінныя сыходзіць з нашай нацыянальнай годнасьці і з нашых магчымасьцяў, з нашай уласнасьці, культуры і гісторыі. Вось такая мая пазыцыя. Я адчуваю абавязак — я проста абавязаны выступаць абаронцам гэтага народу, да якога сам належу”.

Калі ж ты вернешся, Зяноне?

 

Наталя Машэрава: непадкупная

Быццам бы Лукашэнка прапанаваў ёй пост віцэ-прэм’еркі па сацыяльных пытаньнях, абы яна не ішла на выбары, а яна быццам бы адмовілася. Быццам бы сказала: “Калі жанчына ідзе на выбары, яна спадзяецца на перамогу”. Такая вось быццам бы апазыцыянэрка выгадавалася пад крылом Замяталіна.

А што? У калхозах і не такому верылі.

 

Сямён Домаш: амаладжэньне

З усіх ініцыятыўных групаў Цэнтравыбаркам адклаў толькі рэгістрацыю домашаўскай. У выніку збою домашаўскага кампутара ўсе яе сябры аказаліся ў дакумэнтах маладзейшыя на 10 гадоў. Чытае Ярмошына сьпісы і ня можа ўцяміць, што гэта сярод зборшчыкаў подпісаў 13—14-гадовыя робяць?

 

Міхаіл Марыніч:
“Пуць у нікуда”

Міхаіл Марыніч спрабаваў на беларускамоўныя пытаньні журналістаў адказваць па-беларуску.

Лукашэнкаўская палітыка, кажа, — “гэта пуць у нікуда”.

Мікола


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0