Івонка Сурвілла: “Свая ўлада раней ці пазьней прыйдзе”

Гутарка са Старшынёю Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з нагоды дзесяцігодзьдзя з моманту аднаўленьня “Нашай Нівы”

“НН”: Сёлета спаўняецца 10 гадоў, як незалежнасьць Беларусі прызнаў сьвет. Спадарыня Старшыня, гэтае дзесяцігодзьдзе застанецца ў гісторыі як пэрыяд стратаў ці як час здабыткаў?

Івонка Сурвілла: Гісторыя падзеліць гэтыя дзесяць гадоў на два пэрыяды: першыя тры гады будуць лічыцца пэрыядам адраджэньня, здабыткаў і вялікіх надзеяў, а наступныя сем — пэрыядам дыктатуры, эканамічнага застою й павароту дэнацыяналізацыі савецкіх часоў.

Здабытага за першыя гады незалежнасьці Беларусь ня страціла. Страціць толькі тады, калі наш народ дазволіць рэжыму ўцягнуць яго ў “саюз” з Расеяй. Пакуль што Беларусь яшчэ на мапах сьвету фігуруе як незалежная краіна. Нашая моладзь яшчэ ня змушаная аддаваць жыцьцё за чужыя інтарэсы ў Чачэніі. Беларусяй цікавіцца сьвет, ведамыя людзі выступаюць у абарону нашых чалавечых правоў. Цяпер ужо нам няма патрэбы даказваць, што тут не Расея, што мы не расейцы.

У Беларусі вялікая частка насельніцтва толькі нядаўна даведалася аб сваёй гісторыі, сваёй багатай культуры: ужо не ўважае Івана Грознага сваім героем, а ганарыцца Кастусём Каліноўскім ды случчакамі, сваёй мовай, сваёй культурай. Гэтыя людзі рабамі ня будуць. Будуць змагацца за сваю чалавечую годнасьць, пакуль не здабудуць сабе вольнай дзяржавы, каб жыць бяз страху, нармальна і заможна.

Усё гэта, безумоўна, здабыткі.

Апошнія сем гадоў у нашай гісторыі застануцца пэрыядам нявыкарыстаных магчымасьцяў, страчаных шанцаў, змарнаванага часу. Заміж таго, каб карыстаць, як нашыя суседзі, з дапамогі цывілізаванага сьвету ды працаваць на карысьць свайго народу, Беларусь штораз больш ізалявалася ды бяднела.

Мы тут робім вялікія высілкі, каб давесьці да ведама сьвету, што Лукашэнка ня ёсьць прадстаўніком нашага народу. Што ён — папросту часовая зьява. Дабіўся да ўлады з дапамогай Масквы і ёй служыць. Дасюль, дзякаваць Богу, ня змог інтэграваць краіну ў Расею. Але небясьпека гэтая і надалей існуе. Калі Пуцін здолее зьмяніць канстытуцыю Расейскай Фэдэрацыі, каб падоўжыць свой мандат, ён можа заадно зрабіць у ёй адпаведныя папраўкі ды аднавіць колішні “саюз”. Магчыма, гэта галоўная мэта ягонай задумы.

Між тым, Беларусь краіна ня бедная, як гэта адвечна імкнуліся даказаць нашыя суседзі. Народ наш моцна пацярпеў у ХХ ст., аднак ён выжыў. Ён жыцьцяздольны. Уявіце сабе, што мы маглі б дасягнуць, каб не гамаваліся нашыя высілкі ды ініцыятывы. Мы здольныя ўзьняць наш край да ўзроўню найбольш разьвітых краінаў Эўропы. Мы маглі б шмат зрабіць у гэтым кірунку за апошнія 10 гадоў, каб ня выбралі ў 1994-м чалавека, які меў іншыя мэты і амбіцыі.

“НН”: На чым базуецца Ваш аптымізм?

І.С.: Моцна веру ў беларускі народ, у ягоны розум, здольнасьці, працавітасьць. Моцна веру ў нашую моладзь, якая ўжо даказала сваю адданасьць роднаму краю, якая мела нагоду быць за мяжой ды бачыць, як жывуць іншыя, і якая мае энэргію, у адрозьненьне ад цяпер ужо спрацаваных старэйшых.

Дый краіна нашая ў сярэдзіне Эўропы. Гэтая акалічнасьць сама сабою ў нармальных абставінах ужо робіць нас багатымі, бо суседзі змушаныя праяжджаць праз наш край, плаціць за транспарт сваіх тавараў па нашых дарогах.

Калі ўлада нашая будзе працаваць на карысьць свайго народу, адбудуе нашую цудоўную Бацькаўшчыну, зробіць яе чыстай экалягічна і такой цікавай, што будуць прыяжджаць з інвэстыцыямі ня толькі землякі, якія жывуць у іншых краінах, але й чужаземныя прадпрымальнікі. Мы — адзін з найгасьціньнейшых народаў у сьвеце. Канадыйцы, якія адведваюць Беларусь, вяртаюцца захопленыя ветлівасьцю, шчырасьцю, цеплынёй нашых людзей. А гэтыя якасьці моцна цэняцца ў сьвеце, дзе пануе напружанасьць, стрэс. Да таго ж мы ў Эўропе, зусім блізенька ад турыстычнага рынку...

Свая ўлада — а яна раней ці пазьней прыйдзе — будзе добрым гаспадаром у краіне. Ня будзе выдаткоўваць грашовыя сродкі на сілавыя структуры, каб бараніцца ад свайго народу, а будзе клапаціцца аб ягоным дабрабыце, ліквідаваць радыяцыйнае забруджаньне, ствараць нармальныя ўмовы жыцьця. Паставіць краіну на ногі, перастане яе ізаляваць, а наадварот, будзе старацца здабыць падтрымку ад іншых прыязных краінаў.

Дзеля якасьцяў нашага народу, дзеля прыгаства нашага краю, дзеля яго становішча ў цэнтры Эўропы, моцна веру ў лепшую будучыню Беларусі.

Спадзяюся, што народ наш выбера на прэзыдэнта добрага чалавека, беларускага патрыёта, які будзе яго шанаваць і дбаць пра ягоны дабрабыт.

“НН”: Чым, на Вашую думку, ёсьць газэта “НН” для беларускага грамадзтва?

І.С.: Для беларускага грамадзтва “Наша Ніва” — гэта той голас волі, годнасьці, пашаны да ўсяго беларускага, які так моцна яму цяпер патрэбны.

З мужам мы “НН” пачалі чытаць ледзь толькі яна аднавілася дзесяць год таму. Яе ўзровень і адначасова яе патрыятычны кірунак рабілі яе для нас цікавай і мілай, “сваёй”. Віншую зь дзесяцігодзьдзем!

Гутарыў Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0