ВЫЗВОЛЬНЫ РОК

Часопіс “ARCHE” прысудзіў сваю штогадовую прэмію “За сумленнае слова” сьпеваку Лявону Вольскаму

Фармальнай падставай уганараваньня Вольскага стаўся ягоны ўдзел у стварэньні альбому “NRM” “Тры чарапахі”, супольнага праекту “Я нарадзіўся тут” і рок-гурту “Zet”. Намесьніца галоўнага рэдактара “ARCHE” Аляксандра Андрыеўская сказала, што сёлетнюю прэмію варта было б назваць “За вызвольны рок”.

 

Прэмія “ARCHE” прысуджаецца штогод за найбольшы ўнёсак у разьвіцьцё вольнага беларускага слова (у шырокім разуменьні слова “слова”). Ёй адзначаюцца ўсе наватарскія і адначасова вечныя дасягненьні беларускамоўнае грамады. Прэтэндэнтаў маюць права вылучаць сябры рэдакцыі часопісу, яны ж выбіраюць вартага з вартых на сваім апошнім паседжаньні ўвесну.

Сёлета сярод намінантаў былі прыватнае выдавецтва “Беларускі кнігазбор”, што абагнала дзяржаўныя па колькасьці выдадзеных беларускамоўных кніг; тры Сяргеі — Дубавец, Харэўскі і Шупа, якія стварылі новае беларускамоўнае радыё “Балтыйскія хвалі”; Дзяніс Раманюк, сын Міхася Раманюка, што падрыхтаваў да друку бацькаву кнігу “Беларускія народныя крыжы”; беларускі студэнт з Аўстрыі Андрусь Жвір, які заклаў Інтэрнэт-бібліятэку “Беларуская палічка”; а таксама два літаратары: Леанід Галубовіч за кнігу паэзіі “Апошнія вершы Леаніда Галубовіча” й Віктар Шніп за антыкаляніяльную сатыру “Сабачых гісторыяў”.

Музыка — мастацтва, якое наймацней уплывае на сьвядомасьць і здольнае найлепей адлюстраваць чалавечыя пачуцьці. Вольскі быў завадатарам і лідэрам рок-рэвалюцыі ў беларускай музыцы. Ягоныя песьні сьпяваюць дзясяткі тысячаў чалавек.

Таму выбралі Вольскага.


Лявон Вольскі

Быць рок-музыкам у Беларусі нашмат цікавей, чым у якім іншым месцы — трэба шмат чаго ўмець: граць на айчынных электраінструмэнтах, зробленых з адкідаў вытворчасьці Барысаўскай запалкавай фабрыкі; варыць струны ў каструлі з салёнай вадой дзеля паляпшэньня гуку; заклейваць бубны гарачым прасам праз газэту; “зазямляць” апаратуру на сыстэму цэнтральнага ацяпленьня або на жалезную лесьвіцу, калі рэпэтыцыйная кропка ўзімку не ацяпляецца... Таму ўцекачоў і калябарантаў з эшалёну рок-музыкаў больш, чым адкуль. Бягуць збольшага ў іншыя краіны, маўляў, цісьне праклятая рэчаіснасьць, не дае раскрыцца надзвычайнаму таленту. Зь пераездам дзяржаўнае мяжы апошні мізарнее ў параўнаньні з глябальнай вясёлкавай пэрспэктывай працы ў піцэрыі. Бо сапраўдная прычына ад’езду — унутраная вычарпанасьць, разгубленасьць, няведаньне, што сказаць людзям, якія прыйшлі на канцэрт.

Лявон Вольскі нікуды ад нас ня зьедзе. Ягоная непрадказальнасьць і выбуховая энэргія дапамагае яму зьмяняцца разам з часам. Немагчыма здагадацца, каго ўбачыш на наступным канцэрце — Канцлера ў чорным галіфэ, звар’яцелага фантамаса, дзецюка ў чырвоным пінжаку або ўвогуле якога-небудзь Пінокіё. Невядома, што пачуеш — “Простыя словы” ці “Дастала”. На ўсіх ягоных песьнях, малюнках, вершах, апавяданьнях ляжыць папросту кляймо геніяльнасьці, якое немагчыма сьцерці нават супэрсучаснымі тэхнаапрацоўкамі. І гэта прымушае публіку шалець на канцэртах. Вольскі ладзіць сэансы масавага гіпнозу, запісвае касэты зь лекавым эфэктам, ператварае ваду ў напітак “Бураціна”. Ягоныя продкі былі ў ліку першых перасяленцаў, якія пасьля глябальнай катастрофы ў сыстэме зоркі Бэтэльгейзэ трапілі на Беларусь. Толькі дзякуючы экстрасэнсорным здольнасьцям, якія перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне, ягоны прапрапрадзед здолеў выйсьці зь лесу, у які завёў ліцьвінаў магутны расейскі вядзьмак Іван Сусанін. Мэлёдыі многіх песьняў Вольскага нагадваюць пракаветныя ведычныя гімны (аж да супадзеньня пэўных гітарных хадоў!). А праз 200 гадоў у ягоны гонар будзе названы найглыбейшы кратэр на тэрыторыі беларускай калёніі на Марсе.

Ігар Няхведараў


Наша гісторыя

ZET.

Нашая каманда стварылася пры канцы 70-х, калі буяў хіпанскі рух. Было нас, як і зараз, чацьвёра плюс клявішнік. Усе мелі рознага кшталту музычную адукацыю — ад сярэдняй спэцыяльнай да вышэйшай. Гралі на розных студэнцкіх вечарынах. Тады на такія мерапрыемствы зьбіралася страх колькі народу, заўзятары року нават разьбіралі дахі, каб трапіць у памяшканьне, дзе ўсё адбывалася.

Неўзабаве з Англіі прыйшоў запыт на беларускую каманду, дзеля ўдзелу ў фэстывалі супраць Апартэіду. Мы былі самыя прафэсійныя, маладыя і яшчэ не пасьпелі запляміць свае імёны п’янствам ды іншымі формамі распусты. Мінкульт выбраў нас. З намі доўга праводзілі прафіляктычную работу, тлумачылі, што можна, што нельга, і вось мы пераехалі мяжу СССР! Нашая радасьць ня мела межаў. Крыху псавалі яе хіба 11 суправаджальнікаў, відавочных агентаў КГБ, якія ўсю дарогу пілі, чапляліся да правадніцаў, выкідалі ў вокны пустыя бутэлькі, бычкі, майткі ды іншую брыдоту.

Згралі мы канцэрт на стадыёне Ўэмблі. Посьпех быў шалёны.

Потым мы згралі яшчэ адзін канцэрцік у маленькім клюбе (ангельцы зразумелі, што грошы за вялікі канцэрт забірае савецкая дзяржава, і папросту далі нам зарабіць).

Ледзьве мы вярнуліся дахаты, як 11 агентаў заклалі наш нелегальны канцэрцік, і нас пачалі цягаць па сьледчых органах. Наш клявішнік ня вытрымаў уціску, пачаў ужываць марыхуану, гераін, какаін і транквілізатары і праз восем гадоў памёр.

Мы вымушаныя былі завязаць з музыкай.

Пачалася перабудова. Хтосьці пайшоў у бізнэс, хтосьці працягваў піць. Я сам гандляваў сродкамі мабільнае сувязі...

Год таму мы сабраліся на дні нараджэньня аднаго свайго даўняга знаёмага-бізнэсоўца. Ён і кажа: “А ці не сабрацца вам, хлопцы, нанова, не паграць старыя свае гіты?” Мы на п’яную галаву пагадзіліся, а нараніцу глядзім – кантракт падпісаны: за 3 наступныя гады трэба зграць 80 канцэртаў!

Пачалі зьбірацца, рэпэтаваць. Паехалі на “Басовішча”, атрымалі там прыз. Часта граем у Польшчы, у Беларусі, зьбіраемся ў Трынідад і Табага.

Часта ў нас пытаюцца: у якім стылі вы працуеце? Гэта сынтэз музыкі флямэнка, кантры, твісту, рэгтайму з элемэнтамі індастрыел і драм-н-бэйс.

Яшчэ нас пытаюць: чаму вы граеце ў масках? Па-першае, мы не настолькі маладыя, каб дэманстраваць публіцы свае твары, а подзьвігі “ролінгаў” паўтараць ня маем намеру. Па-другое, такім чынам хочам пазьбегнуць культу асобы вакаліста і лідэр-гітарыста, які зазвычай суправаджае каманды нашага кшталту. Мы лічым, што гэта заганная практыка, калі басіст і бубнач застаюцца ў ценю. Усе ў гурце мусяць быць раўнапраўнымі.

Хай маладыя павучацца, хай створыцца, нарэшце, канкурэнцыя ў беларускай музыцы! Бо, калі ня мы, дык хто, а калі хтосьці, дык чаму ня мы?

Адзін з каманды

Біяграфіі:

Портэр. Характар нардычны, ганебных сувязяў ня мае. Нарадзіўся даўно. Вучыўся ў інстытуце энэргетыкі й мэханізацыі ліфтавага абсталяваньня. Граў у гурце на бубнах. Працаваў у сфэры нафтавага бізнэсу. Калі фірма была зачыненая афіцыйнымі структурамі, вырашыў вярнуцца да музычнае дзейнасьці. Мянушку атрымаў за любоў да цёмных гатункаў піва і чорнаскурых жанчынаў.

Стронг. Нарадзіўся 31 лютага 1939 г. У часе нямецкае акупацыі працаваў у паліцыі. Пасьля вайны апынуўся ў Аргентыне. У 1971 г. вярнуўся ў Беларусь (быў скінуты з парашутам непадалёк ад Ёцэвічаў). Стаіўся. Граў у гурце на гітары дзеля падрыву савецкіх устояў. Пасьля 1991 г. адышоў ад музычнае й падрыўное дзейнасьці й вярнуўся да іх у 2000-м. Мянушку атрымаў за рэзкі характар.

Акрабат. Скончыў цыркавую вучэльню. Аднойчы падчас складанага піруэту зваліўся з-пад купалу на арэну. Два гады быў паралізаваны. Намаганьнем волі прымусіў сябе ўзьняцца са шпітальнага ложка. Стаў на злачынны шлях — карыстаючыся цыркавой падрыхтоўкай, залазіў у цяжкадаступныя памяшканьні, дзе знаходзіліся грошы й каштоўнасьці. Граў на бас-гітары. Стварыў фірму, якая займалася адмыўкай брудных грошай. Пасьля перастрэлкі з канкурэнтамі сыйшоў са злачыннага шляху ды вярнуўся ў музыку.

Канцлер. Нарадзіўся ў Паўночнай Карэі. Горача падтрымліваў палітыку вялікага настаўніка Кім Ір Сэна, ідэі Чучхе. Вучыўся ў СССР, у Менску. Там падпаў пад уплыў гурту, дзе гралі вышэйзгаданыя асобы. На радзіму не вярнуўся. Граў на гітары, сьпяваў. Працаваў у супольнай беларуска-нямецкай фірме, якую зачынілі цераз ізаляцыянісцкую палітыку цяперашняе ўлады. Вярнуўся да музычнае дзейнасьці. Мянушку атрымаў праз сваю празаходнюю арыентацыю, якая прыйшла на зьмену адданасьці ідэям Чучхе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0