Дыскусія між Івонкай Сурвіллай і Барысом Тумарам

Спадарыня Сурвілла паведаміла пра свой намер выслаць артыкул-успамін пра стварэньне Канадыйскага Фонду Дапамогі Ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, але засумнявалася, пачытаўшы нашаніўскую публікацыю «Перабольшаны Чарнобыль». Яна піша: «Справа ў тым, што магчыма хацелі, каб яно гэтак было, але яно гэтак ня ёсьць. Напісана папросту як на заказ самога Лукашэнкі. Тады, калі ўвесь сьвет пачынае разумець, што такое радыяцыя, нават Францыя пачынае зачыняць ядравыя электрастанцыі, тут раптам палякі «адкрылі», а «Наша Ніва» паўтарае, што ўсё гэта «блеф»!!! Пачала чытаць, думаючы, што гэта сарказм. А тут выглядае, што аўтар зусім сур’ёзны! Замыкаць вочы й хаваць галаву пад падушку — гэта дапамога ядраваму, інтэрнацыянальнаму і Лукашэнкаваму лобі».

Шчыра кажучы, мы не чакалі такога павароту справы й пераказалі, у сваю чаргу, гэтае меркаваньне самому Тумару. Ён стаў пераконваць, што мае рацыю. Бо, маўляў, падазроная рэч — дасёньня ніхто ня мае пэўных статыстычных зьвестак. І наадварот, падтрыманьне атмасфэры пасьлячарнобыльскага страху на руку акурат Лукашэнку. Бо выбудоўваецца гэткая лёгіка: Беларусь адна ня дасьць рады «касьмічнай бядзе», а значыць трэба братацца з Расеяй пад Лукашэнкавым кіраўніцтвам. Зьняможаны й зьнявераны народ ня бачыць сваёй самастойнай пэрспэктывы. «Бяда меншая, чым мы меркавалі, — піша Барыс Тумар. — Перабольшваньне яе, падтрыманьне радыяцыйнага іміджу Беларусі наносіць шкоду нацыянальным эканамічным інтарэсам, атручвае й карумпуе мэнталітэт беларусаў».

Цяжка спрачацца з апошнімі словамі сп.Тумара. Але ці меншая тая бяда, чым нам уяўлялася дагэтуль?

Сапраўды, поўных і вартых даверу высноваў незалежных дасьледчыкаў мы ня маем. Ніхто ня мае! Дык ці значыць гэта, што бяды няма (ці наадварот)? А вось тое, што ў Беларусі дзейнічаюць дзясяткі «чарнобыльскіх» фондаў, тузін дзяржаўных арганізацыяў — гэта праўда. Яны шляхам сэлекцыі апошніх гадоў манапалізавалі ўсе патокі дабрачыннае дапамогі. Тае дапамогі, што шчыра й бяз «задняй» думкі ахвяруюць сумленныя людзі з усяго сьвету, у тым ліку, згаданыя канадыйцы. Спробы рэалізаваць наўпростую, адрасную дапамогу натыкаюцца на штыхі тых самых фондаў і дзяржаўнага чынавенства.

Прыгадваецца гутарка ў віленскай рэдакцыі “НН” з мастаком Сяргеем Покладам, які дапамагаў ладаваць дабрачынныя транспарты зь Нямеччыны на сваю родную Краснапольшчыну. «Ведаеце, — казаў ён, — лепей, каб ніхто пра гэта ня ведаў. Бо калі я ўсё раблю сам, я ўпэўнены, што дапамога прыйдзе да тых, каму яна патрэбная. Калі пачну афішаваць — усё заваліцца. Мне давядзецца боўтацца паміж сталамі бюракратаў і выкідаць процьму грошай».

На закіды пра карумпаванасьць «чарнобыльскіх» функцыянэраў Івонка Сурвілла адказала наступнае: «Факт, што некаторыя людзі нажываюцца чарнобыльскай бядою, ня значыць, што Бяды няма! Наш народ прывык падазраваць, што ніхто нічога за нішто ня зробіць. Лепш нічога не рабіць, каб толькі яго не абвінавацілі. А людзі ёсьць хіба і ў Беларусі добрыя... У Канадзе, праўда, некаторыя будуць дапамагаць, каб потым пахваліцца гэтым. Але бальшыня дапамагае дзеля таго, што шчодрыя, добрыя людзі. Ня толькі з гэтага мэркантыльных задавальненьняў ня маюць, але і ўкладаюць шмат часу й энэргіі, каб дапамагчы, тады, калі маглі б гэтыя сродкі ўкласьці на пабольшаньне сваіх даходаў. Доўгая звычка з савецкай рэчаіснасьцю й выклікае ў Беларусі неразуменьне рэчаіснасьці заходняй. Гэта перашкаджае нашым людзям зьмяніць сваё жыцьцё на лепшае. Ды ня хочуць верыць, калі ім гаворыш».

Рацыя ў гэтых словах неаспрэчная. Насамрэч, праблема паразуменьня ў беларускім грамадзтве нашмат шырэйшая за чарнобыльскія й калячарнобыльскія праблемы. Маральная абыякавасьць захоплівае ўсё большыя пласты народу. Спачатку хлеб зямны, а там разьбяромся... Як Бог да мяне, так і я да Бога.

Што ж, выходзіць, сп.Тумар ды Івонка Сурвілла абое маюць свае рацыі. Абое прасякнутыя беларушчынай. Кожны па-свойму імкнуцца паспрыяць Бацькаўшчыне. Бачаць і перажываюць за адныя й тыя ж праблемы, але высновы робяць розныя. Ня дзіва, што і ўся Беларусь за гады пасьля катастрофы ня здолела прыйсьці да адной ацэнкі. Ня выславіла, ня ўцяміла, сама не закрычала... І культура наша не ўзьнялася да пэўных высноваў і вобразаў, якія сталі б знакавымі для ўсіх, агульнапрынятымі. Мастакі памалявалі жудзікі, пісьменьнікі нарабілі рэпартажаў, і... прысталі. Прысталі, як і люд увесь, што спрадвеку ТАМ пражываў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0