Беларусь праз 100 гадоў

 

Краіна замкаў

2101 год. Лета. Зямля Беларусі сіняя-сіняя, як у апошніх мроях інсургента зь вядомага апавяданьня Караткевіча. Сінее безьліч азёраў, рэкаў, ставоў з чыстай, празрыстай вадою. Сінеюць бяскрайнія палеткі лёну, якія толькі-толькі зацьвілі. Вакол гэтай сінечы — мурожныя сенажаці, дагледжаныя палі, сівыя пушчы, гонкія гаі, маладыя дубровы. А над такой пекнатою ўзносяцца ў неба чырвона-брунатныя і белыя вежы замкаў, ратушаў, бажніцаў. Ня толькі Ружаны, Гальшаны ды Крэва, Слуцак, Нясьвіж ды Наваградак, Лагойск, Менск, Горадня й Полацак — амаль кожнае места й мястэчка мае сваю, няхай сабе з падмурку адбудаваную даўніну. У замках месьцяцца музэі, мастацкія галерэі, дасьледніцкія лябараторыі, гатэлі для турыстаў. У парадных залях ладзяцца кангрэсы, канцэрты, карнавалы, іншыя прынагодныя імпрэзы. У ратушах, як і шмат вякоў таму — магістраты. Беларусь — шматканфэсійная краіна. У касьцёлах ды цэрквах моляцца уніяты, рыма-каталікі, пратэстанты, праваслаўныя, у мячэтах — мусульмане. Але ўсе славяць Бога па-беларуску.

Мінула амаль дзевяноста гадоў з таго часу, калі першы дэмакратычны парлямэнт Беларусі прызнаў дзяржаўнымі нашы спрадвечныя сымбалі — герб “Пагоня” ды бел-чырвона-белы сьцяг. Рэспубліка была абвешчаная нэўтральнай дзяржавай. Сродкі, якія ішлі на зброю ды сілавыя структуры, парлямэнт накіраваў на аднаўленьне эканомікі. Паступова Беларусь багацела. Стала мажлівым адраджэньне Краю, зьнявечанага бязглуздым гаспадараньнем ранейшых кіраўнікоў. Па праектах вучоных — эколягаў ды гісторыкаў — людзі лекавалі прыроду, рэстаўравалі старажытныя помнікі дойлідзтва. Гэтак цягам гадоў у Беларусі знову ўзнавілася яе спрадвечная аўра. Беларусы пачуліся дзецьмі Айчыны, нязмушана вярнуліся да свае мовы, культуры, ладу жыцьця.

Беларусь — парлямэнцкая рэспубліка. Сталіцай дзяржавы стаўся Полацак. Тут месьцяцца ўсе ўрадавыя ўстановы ды амбасады. А ў Задзьвіньні, на месцы Высокага замку ўзьведзены барокавы будынак парлямэнту. Менск застаўся буйным навуковым, гандлёвым ды прамысловым цэнтрам.

У гарадах Беларусі жыхароў паменела. У Менску — якіх 700 тысячаў, у іншых буйных местах — па 200—400 тысячаў. Паўсюдна вабіць вока зеляніна паркаў ды сквэраў, сінеча басэйнаў з фантанамі. Сучасныя будынкі гарманічна дапаўняюць даўніну. Помнікі таталітарных часоў даўно зьвезеныя ў музэй таталітарызму ды ва ўтылізатары. Гарады й мястэчкі ўпрыгожваюць скульптуры сьвятых патронаў Беларусі, ейных абаронцаў, асьветнікаў, дзеячоў Адраджэньня. Таксама зьмененыя назвы некаторых пляцаў ды вуліцаў. Ужо трэцяе пакаленьне месьцічаў жыве на вуліцах братоў Луцкевічаў, Філістовіча, Арсеньневай, ходзіць па пляцох Сьвятой Эўфрасіньні, 27-га ліпеня, Герояў Айчыны. Мікрараёны рэканструяваныя. Кватэры ў дамах двухузроўневыя, з бальконамі-садамі. Але беларусы найбольш любяць жыць па-за местам, у палацыках са смалістага, звонкага дрэва. А дзеля транспартных патрэбаў маюць аўталёты.

На палетках гаспадараць фэрмэры. З дапамогай адмысловых дыстанцыйных пультаў яны кіруюць машынамі, што абрабляюць дзясяткі гектараў зямлі. Вакол фэрмаў раскінуліся вінаграднікі, шпалеры карлікавых садовых дрэваў. Кожная гаспадарка забясьпечвае сябе электраэнэргіяй, найбольш зь перапрацоўкі адкідаў па японскай тэхналёгіі. А ўвогуле ў краіне карыстаюцца энэргіяй гідраэлектрастанцыяў, ветракоў, зь вялікаю засьцярогаю — атамнай. На лясных прагалінах фэрмэры ўтрымліваюць плянтацыі журавінаў, чарніцаў, арэхаў. Дары лесу ды лён складаюць значную частку беларускага экспарту. І толькі ў Чарнобыльскай зоне няма ні палеткаў, ні плянтацыяў. Зямля адпачывае, павольна пазбаўляецца ад радыяцыі.

У беларускіх сем’ях шмат дзетак, здаровенькіх, цікаўных, працавітых. З робатаў-хатнічкаў найбольш папулярная мадэль — Кот Баюн. Ён і ў доме прыбярэ, і малых дагледзіць-нагадуе, збаіць ім казачку, змурлыкае калыханку. Але матулінай пяшчотаю ды бацькоўскаю ўвагаю дзеткі таксама не абдзеленыя. Школы ўзгадоўваюць моладзь нацыянальна сьведамую, здольную самастойна набываць веды, даваць сабе рады ў найскладанейшых сытуацыях. Наведваньне заняткаў — на выбар вучняў. Абавязковыя толькі экскурсійныя дні. Вышэйшая адукацыя — на эўрапейскім ўзроўні.

...Па-над вежамі замкаў кружляюць спартовыя электраплянэры. Вакацыі! Хлопцы й дзяўчаты ўзьлятаюць у паднябесьсе, каб з вышыні наглядзецца на свой любы Край. Апошнім часам беларусы мала вандруюць па сьвеце. Бо ўсё ня могуць наталіць душы сваёй высьненай, вымаленай, выпакутаванай ды ўрэшце здабытай і адроджанай Беларусяй.

Рагнеда Аляхновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0