Водгукі

 

Нацыяналістычныя брыгады

Сяргей Балахонаў, Гомель

 

Точацца дні, зьядаюцца ночы. Стаецца ўсё большая колькасьць народу, якая закладае спадзевы на верасьнёўскі рэванш. Здаецца, што тымі выбарамі скончыцца і Беларусь, і белы сьвет.

 

“Тысячы беларусаў зьбіраюцца эміграваць у выпадку перамогі Лукашэнкі на верасьнёўскіх выбарах”, — піша “НН”. Уяўляеце, як гучала б ў 1864 г.? “Тысячы ліцьвінаў і палякаў зьбіраюца пакінуць край у выпадку, калі імпэратар не заменіць Мураўёва”. Глупства. Залішні фанатызм вакол выбараў небясьпечны роспаччу, апатыяй, псыхалягічным зрывам, калі справа пасьлізгоча па зусім ня нашай каляіне. Насамрэч, як мне бачыцца, найгалоўнейшая задача палягае ў тым, каб працягваць гадаваць нармалёвае грамадзтва. І хто скажа, што езьдзіны Арлова з Бартосікам у Барань менш плённыя для Беларусі, чым бясконцыя сэмінары для адных і тых самых асобаў?

А выдавецкая справа? Цяжка, але ёсьць людзі, якім падабаецца выдаваць, і ёсьць на тыя выданьні чытачы. Бываюць малатыражкі (недзяржаўныя, вядома), у якія дзясяткамі прыходзяць лісты. Тут паказальны прыклад гомельскага выданьня “UndergroўnD”. Праблемы панкаў, рэпэраў, байкераў і г.д. у беларускай мове клясычным правапісам. Людзі проста невыцерпна чакаюць новых нумароў, на якія рэдактар — 18-гадовы хлопец — знаходзіць грошы й мажлівасьці друку нават паўзбоч рэсурсавых цэнтраў.

Дарэчы наконт апошніх. У Беларусі існуе значная колькасьць няўрадавых арганізацыяў, якія маюць офісы з факсамі й e-mail’амі. Не бяруся назваць дакладную колькасьць. Мяне цікавіць, няўжо гэтак цяжка адправіць у Менск на якое радыё свае беларускамоўныя заяўкі зь віншаваньнямі й песьнямі да калегаў? Чаму я не магу па тым самым “РОКСе” поруч зь віншаваньнямі супрацоўнікаў усялякіх ТАА “Вінцікі-шпунцікі” замовіць беларускія словы для якога-небудзь сябра? Калі мы ёсьць, нашую прысутнасць трэба зазначаць.

В.Акудовіч наракае, што бяз НАС будуюцца дарогі й масты. Мысьляр гэты заўжды вызначаўся ў сваіх тэкстах пэсымізмам. Але мне сьмешна ўяўляць сп.Валянціна, які клаў бы плітку на ходніках на праспэкце Скарыны ў Менску ці ў нас на Савецкай. Мы адасобленыя ад грамадзтва на столькі, на колькі даем сабе вольку адасобіцца. І ў прынцыпе можна было колькі разоў на год зьбіраць “нацыяналістычныя брыгады” ды ехаць змагацца за ўраджай. Няхай у тэлевізары не пакажуць, але ж канкрэтныя вяскоўцы ўбачаць і пачуюць. Ужо нешта.

Аднак, як ні круціся, праблема “дэмакратычнай апазыцыі” ўпіраецца і ў адсутнасьць недзяржаўных радыё і тэлевізіі. Здаецца, ніхто за тое так і не бярэцца. “Усё адно забароняць”. Хутка так і дзяцей пладзіць страшна будзе — а раптам забароняць?


Вера спасе

Сёньня атрымала чародны 23-ці, за 4 чэрвеня, нумар “Нашай Нівы”. Дзякую за надсланьне яго.

Артыкул Валянціна Акудовіча “Бяз Нас” напісаны прыгожа, умела, разумна й, здавалася б, лягічна, а я зь ім аніяк не магу пагадзіцца. Уся мая язьнь пратэстуе. Я не суджу Аўтара: ён піша з болем душы, і ён “таптаў чаравікі” на шэсьцях за незалежніцкія ідэалы, а я — не. Тым ня менш, я зь ім не згаджаюся. Кожны незалежнік, змагар за ідэалы 25 Сакавіка — гэта нашая — беларускага народу — каштоўнасьць, надзея на выжыцьцё беларускае нацыі, надзея Беларусі на вызваленьне. Аўтар артыкулу перажывае, што нас, незалежнікаў, — меншасьць у беларускім народзе. Дзіва што: нас з 30-х гадоў, а то й раней, сыстэматычна, плянамерна вынішчаюць. Страляюць у Курапатах, Чалюскінскім парку, замучваюць у астрогах, ссылаюць у Сібір, выганяюць у эміграцыю. А незалежнікі ўсё жывуць, і скуль яны бяруцца! У 20-х гадох у Вільні палякі сьмяяліся, што ўсіх беларускіх дзеячоў можна пасадзіць на адной канапе. І беларускія дзеячы гэтым не зьняверваліся, а рабілі сваю ахвярную работу, пладамі якой дасяньня жывіцца беларускі народ.

Не згаджаюся, што “мы, незалежнікі”, непатрэбныя, бо й так усё “бяз нас” робіцца. Беларусь будуецца пад дыктоўку акупанта, так, як гэта патрэбна Маскве. Перш за ўсё Маскве, а значыць — і “беларускаму народу” непатрэбныя незалежнікі, якія самі на сваёй зямлі хочуць быць гаспадарамі. І “бязь іх” — незалежнікаў — Беларусь будзе будавацца і па дарозе зьнішчаць гістарычныя здабыткі.

Ды паводле артыкулу незалежнікі ня толькі непатрэбныя, а й шкодныя. Адгарадзіліся ад “беларускага народу”, які бязь іх быў шчасьлівы, сьвяткаваў першамайскія й кастрычніцкія сьвяты ды ўслаўляў перамогу ня лепшага за гітлераўцаў акупанта. А цяпер незалежнікі забіраюць ад “беларускага народу” шчасьлівае жыцьцё, дык “беларускі народ” ад іх — непатрэбных незалежнікаў — адгарадзіўся.

Быццам бы так. Але ці тыя незалежнікі, прыкладам, Нашаніўцы, Бэнээраўцы, Бэнээфаўцы, Пазьнякоўцы ды тыя, што мяшацца ў палітыку баяцца, бо даволі ўжо ў іхных сем’ях было ахвяраў абагаўлянага “беларускім народам” расейскага камунізму, ці яны ня частка беларускага народу?! Напэўна, не прыляцелі яны зь Месяца ці Марсу... Ці гэтая частка беларускага народу, здаровая й творчая, ня мае права быць, жыць і дамагацца таго, у што верыць — дамагацца быць гаспадарамі на сваёй зямлі?! Мае права! І жыць будзе, выжыве, бо яна здаровая. І як Сьвятое Пісьмо кажа, Іх — Незалежнікаў, а зь імі й Беларусь — “Вера спасе”. Можна й ня верыць Сьвятому Пісьму, але кожны ведае, што зь верай можна “лобам мур разьбіць і горы варочаць”. А напэўна, як пішуць заходнія навукоўцы, вера творыць цэлыя цывілізацыі, а зьнявераньне, цынізм іх нішчыць.

Вітаю Вас, Дарагія Нашаніўцы, з 10-мі ўгодкамі існаваньня адноўленай “Нашай Нівы”. Слава Вам і тым, што ў 1991 г., пасьля трох чвэрцяў стагодзьдзя, узнавілі традыцыю й працу Нашаніўцаў 1906 г. На 5-ыя ўгодкі тае гістарычнае “Нашае Нівы” Янка Купала ў прывітальным нумары “Нашай Нівы” вершы пісаў: “Зерне кінутае ў нівы, усходзе й красуе”. Адноўленая “Наша Ніва” і ёсьць красаваньнем словаў-працы гістарычных Нашаніўцаў. І Вашыя зерне-словы, што вы пішаце ў “Нашай Ніве”, падаюць у сэрцы беларусаў, “усходзяць і красуюць” і не ў адно яшчэ жніва дадуць багаты плён.

 

Жадаю Вам духовай сілы й веры “ў народ і край свой” і саміх сябе. Жадаю Вам, каб Вашыя пасевы ў “Нашай Ніве” ўзыходзілі, красавалі й давалі багаты плён.

Жыве “Наша Ніва”!

Жыве Беларусь!

 

Др. Раіса Жук-Грышкевіч, Таронта


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0