Сяргей Абламейка

Калхоз Беларусь

 

Таму, хто едзе празь Беларусь цягніком і бачыць за вакном спрэс нягеглыя драўляныя хаткі нашых вёсак, можа прыйсьці думка, што беларусы мала маюць таму, што мала хочуць. Узровень прэтэнзіі і амбіцыі ня той. Вы з сумам разумееце, што глядзіце на сваю краіну вачыма замежніка. Калі вы паходзіце па вуліцах роднага Менску, паслухаеце радыё, паглядзіце тэлебачаньне, у галаву прыйдзе думка, што ў беларускай мове варта пакінуць словы калхоз і калхозьнік, якія ня трэба блытаць з калгасам і калгасьнікам, бо азначаеце вы імі зусім пэўны культурны архетып. Калхоз як сынонім правінцыйнасьці, што працінае ўсю рэчаіснасьць вашай роднай краіны.

 

Вы падумаеце пра гэта, калі будзеце ехаць цягніком з Прагі ў Менск. У вашае купэ трапяць два работнікі-беларусы — з Маладэчна і Салігорску. Аднаго падманулі з шэнгенскай візай, і ён, страціўшы паўтары сотні даляраў, скрушна ехаў дадому. А другога за нелегальную працу ў Чэхіі дэпартавалі адтуль, паставіўшы адпаведны штамп у пашпарце. Гэтага апошняга яшчэ й зьбілі на вакзале чачэнцы, забраўшы куплены на апошнія грошы мабільны тэлефон. Абодва злосна наракалі на эканамічную сытуацыю ў Беларусі, зьбіраліся паспрабаваць ізноў прабіцца на Захад дзеля нелегальнай працы ў Партугаліі (“Мне б хоць тысячу зарабіць, а там хай выганяюць і штамп ставяць, я ўжо страціў 150 — назад дарогі няма…”), і абодва на маё пытаньне, за каго будуць галасаваць, адказалі: вядома, за Лукашэнку, за каго яшчэ, больш нікога няма!..

Для вас самым дзіўным стане тое, што такіх жа беларусаў-работнікаў быў ці ня цэлы суседні вагон і палова вашага. Яны хадзілі адно да аднаго пад’есьці ці пакурыць, абмяркоўвалі прапановы розных фірмаў у газэтах (адна зь якіх іх і падманула), дамаўляліся сустрэцца, пазычалі адно ў аднаго грошы, каб даехаць дадому на прыгарадным аўтобусе, і вы ня толькі нанюхаецеся паху іх згнілых зубоў і па колькі тыдняў ня мытых целаў, але й наслухаецеся праклёнаў на адрас Пазьняка і БНФ, якія хочуць высяліць зь Беларусі ўсіх расейцаў… Вы спытаецеся, адкуль яны ведаюць пра Пазьняка і расейцаў, і вам прадказальна і шчыра паведамяць: з тэлевізіі… І былі яны ўсе беларусамі і гарадчукамі зь невялікіх местаў вакол Менску, некаторыя — адстаўнікі, якія нават у Латвіі паслужылі… І ўсю гэтую падманутую, абрабаваную і выгнаную публіку можна назваць беларусамі, суайчыньнікамі, тутэйшымі… А вы назавеце калхозам…

Вы пераканаецеся ў слушнасьці сваёй высновы, калі пачуеце на менскім FM-радыё словы недарэчнай беларускай песенькі “Ты мая сАперніца…”, а дыктарка будзе ўжываць фразы кшталту: “Надвор’е некалькі палепшылася…”. Зайшоўшы ў краму, вы ўбачыце на беларускамоўным цэтліку падушкі словы “размер 60х40…”. Дадасьць вам перакананьня ў сваёй рацыі і новая форма міліцыянтаў, асабліва інспэктароў ДАІ, кашкеты якіх змалпаваныя з сучасных расейскіх, калі не лацінаамэрыканскіх, афрыканскіх ды паўночнакарэйскіх дыктатарскіх узораў.

Яшчэ больш вас у вашай думцы ўмацуе сьвяточны канцэрт 8 траўня ў так званым Палацы Рэспублікі, чыя архітэктура — таксама аргумэнт на вашую карысьць. Канцэрт перамог усе астатнія аргумэнты — асабліва расейская “Кацюша” ў выкананьні вайсковага хору!.. Парадная вайсковая форма выканаўцаў, паўкола ў тры шэрагі на сцэне, “Кацюша” ў новым, незвычайна хуткім аранжаваньні, пад якую хочацца пайсьці ў скокі, прыцемненая заля і мігценьне сініх, чырвоных і зялёных агеньчыкаў “цьветамузыкі” па-над сцэнай… Дзе яшчэ гэта магчыма? І вы разумееце, што гэта ня сьцёб авангарднага рэжысэра-пастаноўшчыка масавых акцыяў, а ўсё той жа калхоз, апагей калхозу!..

І канчаткова вы пераканаецеся ў сваёй рацыі, калі ў так званы дзень Перамогі ўбачыце ля фантану Палацу культуры МАЗу гульлівы натоўп п’яных і абсалютна шчасьлівых людзей, якіх, як вы цяпер разумееце, вы слушна называеце калхозьнікамі, хоць большасьць зь іх нарадзілася ў Менску. На шэрых, нездаровых ад дрэннай экалёгіі і кепскага харчаваньня тварах вы ўбачыце абсалютна бесклапотны выраз задаволенасьці жыцьцём.

А пасьля пачуеце ад знаёмца, што землякі клічуць яго зьехаць зь места назад, у родную вёску, бо, маўляў, калі амэрыканцы пачнуць бамбаваць беларускія гарады, у вёсцы будзе больш бясьпечна.

І тады вы адчуеце жорсткую праўду пра родную краіну і тых п’яных шчасьлівых людзей ля заводзкага фантану: ГЭТА ІХ ДЗЯРЖАВА, ІХ УРАД, ІХ ПРЭЗЫДЭНТ, ІХ КРАІНА! А калі вам нешта не падабаецца, то гэта вашая асабістая праблема. Палітычная барацьба — гэта змаганьне эгаізмаў. Іншых эгаізмаў аказалася больш, чым эгаізмаў вашых аднадумцаў. Аднадумцы змагаліся за краіну, якую хацелі б мець, а іншыя — за краіну, якая ёсьць. І перамаглі.

І вашай горкай высновы не абвергне нават тое, што ў кожнай менскай кнігарні вы сустракаеце беларускамоўных пакупнікоў, пераважна юначага веку. Вы разумееце, што сытуацыю сёньня ўжо (ці яшчэ) вырашаюць ня тыя шчырыя ды сумленныя хлопчыкі й дзяўчынкі. Яе вырашылі калхозьнікі, што шчасьліва танчылі ля МАЗаўскага фантану ў дзень не зусім нашай перамогі. Вырашылі ў 1994 годзе.

І вы раптам пагодзіцеся з Байранам, які сказаў некалі, што ён любіць Айчыну, але ня любіць сваіх суайчыньнікаў…

І каўтаючы сваю горыч, вы пойдзеце ў лечкамісію да хворага прафэсара Юр’я Хадыкі, сярод хваробаў якога ёсьць і адна карысная — ён невылечны аптыміст. Там вы нечакана сустрэнеце мудрага акадэміка Гарэцкага, зь якім прагаворыце гадзіну, але на душы лягчэй ня стане. Пакуль вы будзеце чакаць з мэдагляду хворага прафэсара, да вас далучацца яшчэ тры непапраўныя аптымісты — Бяляцкі, Вячорка ды Івашкевіч. Вы іх паважаеце і любіце, але разумееце, што ў іх становішчы інакш нельга, а вы — сам па сабе, і вам тужыць і наракаць на калхоз не забаронена. Гарката будзе непракоўтна сьціскаць горла і пасьля сустрэчы са спадаром Юр’ем…

Дыхаць будзе цяжка і тады, калі вы павалачэцеся бязрадаснымі вуліцамі каханага ня толькі для Адамовіча-Юстапчыка гораду да Максіма Лужаніна, нацдэма 30-х, бо ў далёкай Празе вам часам не стае прыгожага беларускага верша, такога, як мазок пэндзля…Ці пах паленага восеньскага лісьця... Дзядзька Максім раскажа вам шмат цікавага, падпіша пару сваіх кніжак і два зборнічкі яго геніяльнай жонкі — Яўгеніі Пфляўмбаўм. Яна пайшла, а калхоз гэтага і не заўважыў…

Сьлед думкі вандроўнай вядзе да айчыны,

Пад водарным вецьцем чакае дамок,

Што даць наўзамен белай фарбы каліны,

Калі яна гэтак усьцешыла зрок?…

І вы разьвітаецеся, дамовіўшыся на запіс радыёгутаркі са сьведкам і амаль раўналеткам самага трагічнага стагодзьдзя беларускай гісторыі — ХХ-га. І кніжачкі з шыкоўнымі вершамі ў вашых руках на менскіх вуліцах толькі паглыбяць вашую адзіноту і пачуцьцё бясконцай адасобленасьці ад тых, хто дашчэнту змучаны жабрацкім жыцьцём, прагне хутчэй атрымаць заробак і пэнсію расейскімі рублямі. Вы ня можаце ім дапамагчы грашыма, бо ведаеце, што грашыма нельга дапамагчы нікому… А іншай дапамогі калхоз не жадае і не прымае.

І па дарозе назад вы ўжо ня будзеце прагна ўглядацца ў любыя сэрцу пэйзажы. Але й лежачы пад коўдрай у купэ вагону, які мчыць вас у нялюбую Прагу, вы будзеце бачыць перад вачыма сваіх няшчасных суайчыньнікаў, іх згаслыя вочы, іх шэрыя твары, іх змучаную таропкасьць на вуліцах і фатальную заклапочанасьць быцьцём. І недзе на сподзе душы азавецца ня раз адчутае і зазнатае на менскіх вуліцах пачуцьцё пякучай спагады, жалю і шкадобы да зблажэлых са свае цяжкое долі суайчыньнікаў…

І ўжо засынаючы пад грукат чыгункі, вы задасьцё сабе пытаньне, адказ на якое нясьмела варухнецца недзе на прадоньні вашае збалелае душы незадоўга перад тым: можа, Байран быў занадта эгаіст?..


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0