З УСІХ СТАРОН

 

Вугорцы працуюць, альбанцы галасуюць

Гэтымі днямі чэхі сьвяткавалі дзясятыя ўгодкі заканчэньня савецкай акупацыі. 21 чэрвеня 1991 г. ад савецкае ваеннае базы ў Мілавіцэ ад’ехаў апошні цягнік з жаўнерамі Цэнтральнае групы войскаў і скончылася 23-гадовае знаходжаньне 140-тысячнага савецкага войска ў Чэхаславаччыне.

Этнічныя вугорцы ў Румыніі і Славаччыне атрымаюць адмысловыя “пасьведчаньні вугорскасьці”, што дасьць ім права легальна вучыцца й працаваць на абшарах гістарычнае радзімы, задарма карыстацца вугорскімі культурна-асьветнымі ўстановамі й установамі аховы здароўя ды атрымліваць грашовую дапамогу для дзетак, што вучацца на роднай мове.

Усяго на тэрыторыі Румыніі, Славаччыны, Украіны, Сэрбіі й Славеніі жыве 3,5 млн. мадзяраў – у выніку Трыянонскага трактату 1920 г. Бальшыня “замежных вугорцаў” хацела б мець падвойнае грамадзянства або наагул пераехаць на радзіму, таму будапэшцкі ўрад, каб пазьбегнуць наплыву перасяленцаў, заахвочвае вугорцаў заставацца там, дзе яны жывуць цяпер. А дазвол на працу задаволіць патрэбу краіны ў працоўнай сіле.

Румынія й Славаччына, баючыся пагаршэньня міжэтнічных стасункаў, абвесьцілі, што новы закон ня будзе мець моцы на іхнай тэрыторыі. Дзеяньне закону не распаўсюджваецца й на аўстрыйскіх вугорцаў, бо прынцыпы ЭЗ не дапускаюць аніякае, у тым ліку й “дадатнае” дыскрымінацыі эўрапейскіх грамадзянаў, а дапамога замежным вугорцам якраз і ёсьць гэткай “пазытыўнай дыскрымінацыяй”.

Польшча будзе купляць у Даніі па 2 млрд. кубамэтраў газу штогод. Гэта забясьпечыць дзьве траціны польскіх патрэбаў, яшчэ адну здабываюць самі палякі. Дагэтуль 90% газу Польшча купляла ў Расеі. Для ажыцьцяўленьня дамовы трэ будзе збудаваць 230-кілямэтраовы газаправод коштам каля 290 млн. даляраў. Справа гэтая адкрывае новыя далягляды ня толькі Польшчы, але й іншым краінам Сярэдняе Эўропы – размову наконт падаўжэньня газаправоду ўжо мелі прэм’еры Польшчы і Ўкраіны.

У Альбаніі на гэтую нядзелю прызначаныя парлямэнцкія выбары. Напярэдадні кіраўнікі альбанскіх паўстанцаў на поўначы Македоніі абвясьцілі перамір’е й выправіліся ў Альбанію падтрымаць апазыцыйную Дэмакратычную партыю колішняга прэзыдэнта Салі Бэрыша. Аднак лёзунгі антыкамуніста Бэрыша, які вінаваціць кіроўных сацыялістаў у карупцыі, выглядаюць слаба на тле дасягненьняў дзейнага ўраду. Апошні шмат зрабіў для ўмацаваньня грамадзкага парадку, дзяржаўных інстытутаў, правоў чалавека і свабоды слова. За гэты час ВУП краіны вырас на 7%, а інфляцыя не перавышала 2%.

Сяргей Рак

Разьдзел краіны

Узровень нацыянальнай сьвядомасьці македонцаў прыкладна адпавядае беларускаму. Ды нашае грамадзтва шмат больш згуртаванае, чым македонцы – у нас і гаворкі няма аб тым, каб нейкая група запатрабавала выхаду са складу краіны. Македонія ж хутка дакоціцца да таго, што на яе тэрыторыю ўвойдуць міжнародныя сілы NАТО і краіна будзе падзеленая на этнічныя сэктары. Аргумэнтаў для гэтага ўжо дастаткова — у краіне больш за 35 тысячаў уцекачоў, альбанцы бягуць з македонскага войска, усе мірныя пачынаньні пасьпяхова правальваюцца, а баі ідуць у дзясятку кілямэтраў ад сталіцы.

С.Р.

Непрыемныя чуткі

Перад балтыйскімі краінамі паўстала небясьпека бліжэйшым часам не ўвайсьці ў NАТО. Амэрыканскі Сэнат усё часьцей зьвязвае справу пашырэньня блёку з пабудовай сыстэмы проціракетнай абароны. Каб пачаць яе стварэньне, Буш мусіць атрымаць дазвол Масквы на зьмены ў адпаведнай дамове. Расея ўжо заяўляла, што дазволіць, толькі калі NАТО адмовіцца ад далучэньня балтыйскіх краінаў. Тыдзень таму Пуцін на сустрэчы ў Любляне чарговы раз падкрэсьліў, што лічыць пашырэньне NАТО праявай варожасьці.

Буш на той самай сустрэчы абяцаў не гандляваць лёсамі народаў, але ў гэты час Сэнат дэбатаваў, ці можна адкупіцца балтамі за маскоўскую згоду на проціракетніцу.

Сэнатары кажуць, што халодная вайна скончылася і бясьпеку балтам можа гарантаваць той самы Эўразьвяз. Маўляў, ужо паўсталі эўрапейскія сілы хуткага рэагаваньня, а таму хопіць Прыбалтыцы й эўрапейскае аховы. Дый Масква нічога супраць пашырэньня ЭЗ ня мае.

Закон для Беларусі

Расейская Дума вось-вось ухваліць закон “Аб парадку прыняцьця ў РФ і ўтварэньня ў яе складзе новага суб’екта РФ”. Разьлічаны ён, відаць, на Беларусь.

Тым часам у Прымор’і губэрнатарам стаў прадпрымальнік Даркін, а не кандыдат Крамля Апанасенка. Каторы раз ужо Пуцін аказваецца няздольны кантраляваць рэгіёны Расеі. Дарма ж некаторыя думаюць, што Пуцін непадзельна распараджаецца лёсам Беларусі. Не такая ўжо й дужая Масква.

Дзяржсакратар ЗША Паўэл, дарэчы, учора заявіў, што нашыя ўяўленьні пра магутнасьць атамнага патэнцыялу Расеі перабольшаныя і што Расея ня здольная даць адэкватнага адказу на разьвіцьцё амэрыканскай сыстэмы ПРА, бо ня мае на тое фінансавых рэсурсаў.

Няўдалая раварызацыя

Экспэрымэнт віленскіх уладаў, якія задарма далі паспалітаму люду ровары, каб перасоўвацца ў гадзіны “пік”, праваліўся на самым пачатку. Ён быў урачыста распачаты ў пазатую пятніцу як частка кампаніі па падтрымцы здаровага ладу жыцьця і памяншэньні колькасьці затораў на вуліцах. Яскрава-памаранчавыя ровары былі расстаўленыя ў гістарычных мясьцінах Старога Места і кожны мог імі скарыстацца. Але ўсяго за колькі дзён 300 ровараў скралі (некаторыя ўжо прадаюцца на кірмашах), а яшчэ 100 – зламалі.

Пры жывым бацьку

У Славеніі абвешчаныя вынікі рэфэрэндуму, згодна зь якімі самотным жанчынам забаронена рабіць штучнае апладненьне — за гэтую пастанову прагаласавала 72,4% выбарцаў. Праўда, удзел у галасаваньні ўзялі толькі 35,6% насельніцтва. Рэфэрэндум ініцыявалі дэпутаты-кансэрватары, якія цьвердзяць, што дзіцё мае права мець бацьку. Іхныя апанэнты сьведчаць, што траціна славенскіх сем’яў і так няпоўныя. Дык жанчына мае права мець дзеці, кажуць яны.

Такія праблемы стануць і нас хваляваць, калі Лукашэнка сыдзе.

Вайны ня будзе ніколі

Новая Зэляндыя зьбіраецца добраахвотна раззброіцца. Яна адракаецца супрацьпаветранай абароны, зьнішчальнікі пераробіць у транспартныя самалёты, наземныя войскі – у міратворчы кантынгэнт, вайсковыя караблі — у акіянаграфічныя. Гэта першы гэткі выпадак у сьвеце. Не баяцца новазэляндцы нічога, дык і ня бачаць патрэбы ўтрымліваць тое войска.

Сяргей Радштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0