Суб’ектыўныя заўвагі рэдактара

Рыхтуючы да друку дыскусію вакол Паліводы, зрабіў цікавае назіраньне: калі спачатку азнаёміцца з шматлікімі водгукамі ўдзячных сваякоў, а таксама знаёмых і незнаёмых сяброў Ігара Паліводы на артыкул Андрэевай “Караоке па-беларуску”, а пасьля пачытаць сам артыкул, адчуеш пэўнае расчараваньне: чакаў чагосьці страшна-выкрывальнага, амаральнага, а пабачыў звычайны тэкст – з традыцыйным для гэтае аўтаркі падыходам да праблемаў беларускае музыкі. Гэта наводзіць на думку, што канфлікт мае нейкія глыбейшыя прычыны... Аднак, чым займацца дадумваньнем, зьвернемся лепей да дыскусіі.

Часам дзіву даешся – наколькі глыбока ў нашай (пад)сьвядомасьці сядзіць памяць пра камсамольскае “прапясочваньне”, партыйныя праборкі й народны кантроль. Менавіта такая патэтыка ажно пырскае з тэкстаў “вакол Паліводы”. Так, Юлія Андрэева ў сваім адказе на крытыку ўвесь час падкрэсьлівае – вось, маўляў, Раінчык зладзіў ансамбль “Верасы”, а Палівода – не, Кандрусевіч перахварэў на бітламанію й зрабіўся грамадзка-карысным кампазытарам, а Палівода – не, Алоўнікаў паступіў у Маскоўскую кансэрваторыю, а Палівода – не. Папросту як у той песьні “Radiohead” пра Джоні й ягонага сябра... Мала, маўляў, зрабіў для Беларусі. Ня езьдзіў па абласных ды раённых цэнтрах зь Філярмоніяй, не прапагандаваў у масах высокай музыкі. Задаволіўся роляй другога пляну ў... “Песьнярах”. Цікава гучыць, асабліва калі згадаць, чым былі “Песьняры” ў 70-х. Дый цяжка назваць чалавекам другога пляну кампазытара, які пісаў ансамблю цэлыя праграмы.

Дзіўна чытаць пра піяністыку і кансэрваторскую кар’еру як нешта вышэйшага гатунку, а “бітламанію” ды поп-кар’еру як нешта другаснае, на што лепей за ўсё “перахварэць” і забыцца. А як быць з “Let It Be” Джона Ленана, прызнанай ці ні лепшым музычным творам тысячагодзьдзя? Сама катэгорыя вышэйшасьці-ніжэйшасьці ў дачыненьні да музычных жанраў папросту бессэнсоўная.

А сярод прыхільнікаў Паліводы выбух абурэньня выклікала згадка пра агарафобію ягонага настаўніка, прафэсара Шэршэўскага, якую Юлія Андрэева аблудна ахрысьціла “псыхічнай хваробай” (хоць больш чым на псыхалягічны комплекс альбо сымптом яна ня цягне). Аднак абураюцца не з нагоды няправільна ўжытага мэдычнага тэрміну, а папросту таму, што яна пра гэта згадала. Разумны чалавек, пачытаўшы, даўмеецца, што прафэсар меней за ўсё быў вінны ў сваёй бядзе, і камплексаваць з нагоды ягонае непадобнасьці да бальшыні няма падставаў. Але ж не, людзі яшчэ не забыліся на часы, калі “крок управа — крок улева” лічыўся спробай уцёкаў з савецкай рэчаіснасьці й адпаведна караўся – адсюль, відаць, і такая хваравітая рэакцыя.

Аднак галоўная прычына такой рэакцыі на “Караоке па-беларуску” крыецца, відаць, у традыцыі бесхрыбетна-фактаграфічнага асьвятленьня опэрнага й кансэрваторскага жыцьця ў нашай прэсе. Матэрыял Андрэевай – жывы й канфліктны, таму й выклікаў гэткае абурэньне й пратэст у людзей, што з журналісцкае віны адвыклі бачыць сябе на газэтных старонках простымі сьмяротнымі – з усімі ўласьцівымі апошнім слабасьцямі. Калі калегі-кампазытары, па словах Андрэевай, не прыйшлі на вечарыну памяці свайго сябра і суаўтара, дазнаўшыся, што яе рыхтуе жонка Паліводы, якая, ізноў жа па словах Андрэевай, “не катуецца” ў кансэрваторскім асяродзьдзі, – чаму б пра гэта не напісаць? (Дзіўна, праўда, выглядае й пазыцыя аўтаркі артыкулу, якая лічыць такую аргумэнтацыю дастатковай.)

Калі канцэрт (больш за тое – вечар памяці) насамрэч быў нізкаякасны, калі добрыя песьні дрэнна выконваліся, калі музыкі й арганізатары паставіліся абыякава – чаму б пра гэта не напісаць?

Юлія Андрэева бачыць і ўздымае праблемы, упісвае прыватныя зьявы ў шырэйшы кантэкст. Гэта журналістыка іншага, высокага ўзроўню, але стылю Беларусі амаль не вядомага. Варта дараваць аўтарцы памылкі, непазьбежныя пры асваеньні новага стылю.

Андрэй Скурко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0