Навіны

 

Прыватны помнік

У Старых Дарогах на фасаднай сьцяне тутэйшага прыватнага музэю адкрылі помнік беларускай мове: мэталёвыя на ўсю вышыню і шырыню сьцяны герб «Пагоня» ды цытата з клясыка: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай...». Іх выразаў са сталі старадароскі ўмелец Сяргей Емяльянаў. Да канца лістапада на тле Багушэвічавай цытаты разьмесьцяцца таксама помнікі Скарыну, Багушэвічу, Багдановічу ды Геніюш. Мэмарыял адкрыюць падчас сьвяткаваньня 71-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну.

Б.Т.

Сытуацыя выходзіць з-пад кантролю

Зубры, памідоры й Лукашэнка на ровары

Учора ў Менску на плошчы Незалежнасьці адбыўся вайсковы парад. Лукашэнкава запрашэньне паназіраць за ім з урадавай трыбуны прынялі Ганчарык, Калякін і Гайдукевіч. Іншыя апанэнты Лукашэнкі назвалі запрашэньне танным рэклямным ходам.

 

Сваю прамову перад пачаткам вайсковага параду на плошчы Незалежнасьці ў Менску Аляксандар Лукашэнка чытаў не адрываючыся ад паперкі, — цьвёрдым і жорсткім голасам. Амаль адразу ён згадаў пра напады ворагаў, якія стагодзьдзямі разбуралі Беларусь. Пры гэтым пералік бакоў, адкуль прыходзілі захопнікі, Лукашэнка пачаў з усходу, а ўжо потым згадаў пра захад, поўнач і поўдзень.

Падчас народных гуляньняў міліцыянты затрымалі на праспэкце Скарыны 8 сяброў арганізацыі “Зубр”, якія раздавалі газэту “Наша Свабода” і налепкі “Час выбіраць!” Праз тры гадзіны іх выпусьцілі.

Літаральна перад самым пачаткам эстафэты з плошчы Перамогі, у якой плянаваў удзельнічаць Лукашэнка, калёна з сотні сяброў “Зубра” ў жоўтых саколках “Час выбіраць” прайшла праспэктам Скарыны да Кастрычніцкай плошчы зь лёзунгамі “Далоў дурня!”, “Час выбіраць!” і “Жыве Беларусь!” пад воплескі людзей, якія стаялі ўздоўж праспэкту. Празь некалькі хвілінаў пасьля гэтага шэсьця Лукашэнка на ровары паехаў з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Перамогі, каб разьмяцца перад прабегам. Падчас гэтай разьмінкі ў яго кінулі памідорам. Зрабіў гэта нейкі Сяргей Лапцеў. Яго затрымалі людзі са службы бясьпекі, завезьлі ў гараддзел міліцыі і зьвінавачваюць у дробным хуліганстве.

Цікава, што расейская gazeta.ru паведаміла, нібы ў Лукашэнку засадзілі не памідорам, а “цяжкім прадметам”, што адразу робіць з прэзыдэнта ледзь не ахвяру тэракту.

Падчас эстафэты Лукашэнку зноў чакалі непрыемнасьці — маладафронтаўцы пры ім шпурнулі на праспэкт пару пачкаў бел-чырвона-белых улётак “Зрабі прэзыдэнта!” Іх кінуліся затрымліваць, але ўсіх арыштаваць не пасьпелі. У пастарункі зьвезьлі толькі Паўла Севярынца, Паўла Патапава і Зьмітра Касьпяровіча.

Мікола

 

Саханчук знайшоўся

Пінскі студэнт Максім Саханчук, які быў на тыдзень зьнік, знайшоўся. Колькі дзён таму ён патэлефанаваў у Менск, дужа дзякаваў усім за падтрымку, за тое, што інфармацыя пра ягонае зьнікненьне пайшла так шырока, бо бяз гэтага ён наўрад ці зьявіўся б. Саханчук па тэлефоне не сказаў, што зь ім адбылося, адно паабяцаў усё распавесьці, прыехаўшы ў Менск. Зараз Максім дома, бацькі нікуды яго не выпускаюць і не дазваляюць нікому бачыцца зь ім.

Бог няроўна дзеле

На апошнюю імшу Папы рымскага ў Львове сабраўся мільён народу, а на апошнія гомельскія службы Патрыярха маскоўскага – хіба пару тысячаў.

Кадэбістам ад праваслаўных

Падчас візыту патрыярха Маскоўскага Алексія ІІ шэраг супрацоўнікаў КДБ Беларусі, у тым ліку ягоны старшыня Леанід Ерын, атрымалі ўзнагароды Расейскай праваслаўнай царквы. Ерыну далі ордэн Роўнаапостальнага князя Ўладзімера ІІІ ступені — за тое, што ён “зь вялікай павагай і акуратнасьцю рэалізоўваў волю беларускага ўраду ва ўзмацненьні духоўных асноваў грамадзтва”.

 

У паляўнічага-ўніята аплямбавалі стрэльбу

Перад прыездам Алексія ІІ да парафіяніна пінскай уніяцкай парафіі Паўла Аляхновіча, заўзятага паляўнічага, прыйшлі міліцыянты й аплямбавалі сэйф з паляўнічым рыштункам. Запэўніваньні сп.Аляхновіча, што ён разам з усімі пінскімі ўніятамі паедзе ў Кіеў на сустрэчу з Папам, міліцыянтаў не пераканалі.

Напалі на Лукашэнку

Ахвярай чарговае акцыі Маладога Фронту “Горад наш!” стаўся Лукашэнка. 2 ліпеня ў 20.45, калі Рыгоравіч пасьля афіцыйнага мерапрыемства выходзіў з Палацу Рэспублікі, пачуліся воклічы “Жыве Беларусь!” і на Лукашэнку пасыпаліся фантаны бел-чырвона-белых улётак. Моладзь, якая, хаваючыся ад дажджу, стоўпілася на прыступках Палацу, вітала відовішча галёканьнем і воплескамі. Рыгоравіч пад прыкрыцьцём аховы хуценька схаваўся ў машыну.

С.М.

 

Масква прыслала падкрапленьне

Днямі ўрад атрымае першую частку абяцанага міжбанкаўскага крэдыту з Расеі й пачне выплачваць запазычанасьці па заробках бюджэтнікам. Гэтых сродкаў хопіць таксама, каб утрымаць курс беларускага рубля. Аднак мадэрнізацыя пакуль яшчэ канкурэнтаздольных прадпрыемстваў (“Беларуськалій”, магілёўскае “Хімвалакно” і г.д.) ізноў адкладаецца да сьвятога ніколі. Затое сярэдні заробак у краіне, паводле афіцыйных зьвестак, дасягнуў у чэрвені 87 даляраў.

Паводле дадзеных міністэрства статыстыкі й аналізу на 1 траўня 2001 г. агульная запазычанасьць беларускіх прадпрыемстваў за энэргарэсурсы склала 2122,2 млрд. рублёў (1,59 млрд. даляраў ЗША). На 1 студзеня яна складала 1772,3 млрд. рублёў (1,5 млрд. даляраў ЗША).

Незапатрабаванасьць айчыннага піва наўпрост зьвязаная з сыстэмай дзяржзаказу, што дзейнічае ў Беларусі: піўных вытворцаў абавязваюць закупаць узрошчаны на Беларусі піваварны ячмень, які па якасьці значна саступае замежнаму. Акрамя таго, 80% абсталяваньня бровараў састарэла, адсутнічаюць абаротныя сродкі і прыток капіталу. За пяць месяцаў 2001 г. у Беларусі выраблена 5 мільёнаў 283 тысячы дэкалітраў піва, што на 19% меней, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году.

Падчас візыту калінінградзкай дэлегацыі ў Беларусь абмяркоўваліся транспартныя праблемы: як калініградцам, перш чым Літва ўвядзе візавы рэжым, забясьпечыць спрыяльныя ўмовы транзыту празь Беларусь. Абыходны шлях па тэрыторыі Польшчы мог бы скараціць шлях з Калінінградзкай вобласьці ў Беларусь, а пасьля ў Маскву. Але палякі нэгатыўна ставяцца да пабудовы ўсякіх транспартных калідораў. Перамовы з Польшчай будуць весьці ўрады Расеі й Беларусі. А пакуль бакі дамовіліся ў хуткім часе адкрыць авіялінію Калінінград-Менск.

1 ліпеня ў краіне скончылася чарговая перарэгістрацыя юрыдычных асобаў. Патрабаваньне здымаць для працы спэцыяльныя офісы аказалася непераадольнай перашкодай для перарэгістрацыі амаль паловы прадпрыемстваў малога бізнэсу. Яны апынуліся па-за законам і мусяць быць зьліквідаваныя. Саюзы прадпрымальнікаў просяць урад працягнуць перарэгістрацыю суб’ектаў гаспадараньня краіны прынамсі на два гады. Што з гэтага атрымаецца, стане вядома, калі Ярмошын вернецца з адпачынку.

Сяржук Іваноўскі

 

Домаш першы

Сямён Домаш паводле зьвестак на 1 ліпеня сабраў 87 тысячаў подпісаў у падтрымку свайго вылучэньня. Найбольш за яго падпісалася ў Менску – 22 тысячы чалавек, на Гарадзеншчыне – 15,5 тыс. ды Берасьцейшчыне – 12,8 тыс. У Менскай вобл. – 12,2 тыс., у Віцебскай – 10,3 тыс., у Гомельскай – 8,7 тыс., Магілёўскай – 6 тыс.

 

Паводле зьвестак рэдакцыі, дзякуючы актыўнаму збору ў Менску і на Гарадзеншчыне Домаш на пару тысячаў галасоў апярэджвае ў агульным заліку Ў.Ганчарыка, хоць каманда апошняга, якая складаецца ў асноўным з студэнтаў, прафсаюзных актывістаў і сацыял-дэмакратаў, працуе вельмі зладжана. Мяркуючы па тэмпе, гэтыя два кандыдаты могуць разьлічваць на больш як 200 тыс. подпісаў па выніках месяца збору. Каб на ўсходзе краіны збор ішоў як на захадзе, дзе іншы раз за Пазьняка й Домаша падпісваюцца цэлымі вёскамі, было б і болей. Але ж усход марудзіць: домашаўскі пікет у Мазыры штодзень набірае хіба тры-пяць подпісаў.

Цяжкавата ідзе збор у трох іншых дэмакратычных кандыдатаў — паводле нашых зьвестак з розных рэгіёнаў, у іх набіраецца подпісаў у сярэднім у 2—3 разы меней, чым у Ганчарыка з Домашам, г.зн., што яны рызыкуюць не набраць неабходныя 100 тыс. Яно было б і някепска: лягчэй вырашылася б пытаньне пра вылучэньне адзінага кандыдата.

Палітрада АГП учора вырашыла запатрабаваць ад кандыдатаў “пяцёркі” вызначыць “адзінага” да 15 ліпеня. У адваротным выпадку яна пагражае адклікаць усіх сваіх сяброў з ініцыятыўных групаў кандыдатаў. Трэба думаць, ціск з боку незалежнага беларускага грамадзтва на дэмакратычных кандыдатаў будзе ўзмацняцца. Васіль Лявонаў, які каардынуе працэс вылучэньня “адзінага”, абяцае, што да 15 ліпеня адпаведнае рашэньне прымуць, але будуць трымаць у таямніцы.

С.Гайдукевіч гучна абвесьціў, што 100 тыс. подпісаў ужо сабраў, але супернікі па гонцы не даюць яму веры.

З.Пазьняк і Л.Сініцын пра колькасьць сабраных подпісаў не паведамляюць.

Сярод зборшчыкаў М.Марыніча былі заўважаныя курсанты Акадэміі міліцыі. Ці то сапраўды намэнклятура рыхтуе антылукашэнкаўскі бунт, ці то Марынічу дапамагаюць з Адміністрацыі прэзыдэнта.

Улады не наважацца адмовіць у рэгістрацыі кандыдату, які прадставіць некалькі соцень тысяч подпісаў. Дык падпісвайся!

Мікола

 

Пацярпелыя за Беларусь

1 ліпеня ў Менску былі затрыманыя маладафронтаўцы і сябры “Моладзі АГП” Аляксей Талстоў, Ільля Бягун, Міхал Шарамет, Зьміцер Дзялендзік, Павал Севярынец, Міхась Царкоў, Вольга Чарных, Наста Карповіч, Марыя Лось, Віталь Кошалеў, Вольга Чарневіч, Стася Басава, Марына Канапелька, Дзьмітры Сьвірыдаў, Алесь Кудравец, Руслан Харкевіч, Зьміцер Касьпяровіч, Алесь Карніенка, Павал Гормаш, Алесь Тарасаў і Алесь Жукоўскі. Маладафронтавец Максім Вінярскі быў зьбіты чатырма невядомымі. Ноч перад “днём рэспублікі” ў Першамайскім аддзяленьні міліцыі за раскідваньне ўлётак пратрымалі сяброўку Маладога Фронту Ірыну Вяткіну.У Віцебску за раздачу ўлётак затрымлівалі Натальлю Паймулаву, Аляксея Камінскага, Сяргея Белязеку і Аляксея Альшанку. У Барысаве ўжо другі раз за апошні час палітычныя хуліганы зьбілі актывістку руху «Зубр» Тацяну Ясюк.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0