Аб усім патроху
Разанаў спаткаўся з Грасам
Паэт Алесь Разанаў, што цяпер жыве ў Гановэры, сустрэўся там з Нобэлеўскім ляўрэатам, пісьменьнікам Гюнтэрам Грасам.
— Я сачу за тым, што адбываецца ў Беларусі, — сказаў у размове з Алесем Разанавым Гюнтэр Грас. — І ведаю, што становішча ў вашай краіне цяжкое. Шчыра зычу, каб яно як мага хутчэй зьмянілася на лепшае.
Оскар Ансул
Апошні палёт
Раніцай у панядзелак пад адным з шматпавярховікаў баранавіцкага вайсковага гарадка быў знойдзены невядомы, які зваліўся з даху й забіўся. Як высьветлілі міліцыянты, мужчына спрабаваў ноччу ўлезьці ў кватэру, што знаходзілася на 9-м паверсе. Страпа, прывязаная да антэны на даху, абарвалася. Тут злодзей і паляцеў у апошні палёт.
Руслан Равяка, Баранавічы
90 нахлебнікаў
Больш за 90 жыхароў Клімавічаў ня плацяць за кватэру. Яны завінаваціліся мясцовым камунальнікам амаль 5 млн. рублёў. Шматразовыя просьбы ліквідаваць запазычанасьць не далі вынікаў, і кіраўніцтва Клімавіцкага ЖЭК даслала сьпісы няплатнікаў у мясцовую газэту з надзеяй, што ганьба дапаможа выкалаціць зь іх грошы.
Андрэй Кузьмін, Крычаў
Баран раённага значэньня
У Талачынскім раёне для правядзеньня аналізу на пранцы выкарыстоўваецца кроў барана-донара. Раней баранюю кроў для правядзеньня рэакцыі Васэрмана дастаўлялі поштаю зь Менску, і рэактывы часта псаваліся ў дарозе. Цяпер у барана Барыса, які жыве пры лякарні, двойчы на месяц бяруць па 100 мл крыві. На корм донару мэдыкі зарабляюць у бліжэйшых гаспадарках. Улетку чакаецца павелічэньне нагрузкі на донара, бо сэзонна павялічваецца патрэба правядзеньня адпаведных аналізаў.
Паводле Радыё Рацыя
Машэка зь пяску
6-га ў Магілёве, на пляжы Сьвятога возера, Генік Лойка з сваімі студэнтамі прэзэнтуе чарговую “Легенду зь пяску”. Гэтым разам вынікам пленэру пяшчанай скульптуры станецца Магіла Льва. Будзе гучаць гістарычная музыка, адбудуцца рыцарскія спаборніцтвы.
У “Альбе”
З 4-га й цэлы месяц усім, хто мае вольны час, варта быць у Нясьвіжы, дзе талакою будуць даводзіць да ладу славуты парк “Альба”. Ягоныя алеі, унікальная сыстэма штучных азёраў і каналаў, на якіх за радзівілаўскім часам разыгрываліся цэлыя “марскія баталіі”, захаваліся дагэтуль. Але сьмецьця назьбіралася, дый пазарастала ўсё гэтак, што патрабуе ўмяшаньня. Не згубіце шанец уласнымі рукамі аднавіць гістарычную спадчыну! Валянцёрскі лягер “Альба-парк” чарговы раз арганізуе нясьвіскае аддзяленьне БСМ — ня блытаць з БПСМ.
На Сход!
5—6 га ў Менскім Доме літаратара пройдзе ІІІ Зьезд беларусаў сьвету. Прыедуць прадстаўнікі 85 беларускіх арганізацыяў з 28 краінаў.
Збор подпісаў
І, вядома ж, варта схадзіць туды, дзе зьбіраюць подпісы за кандыдатаў у прэзыдэнты. У тых, хто паставіць свой подпіс на наступным тыдні, ёсьць шанец стацца ганаровым 100 000-м падпісантам.
Дзяніс Носаў
Партугалія бяз нас
Беларуская фэдэрацыя футболу пасьля сэнсацыйнага запрашэньня ад партугальскай нацыянальнай зборнай згуляць таварыскую гульню ня менш сэнсацыйна адмовілася. Футбольныя кіраўнікі дураць нам галаву рознымі адгаворкамі, а насамрэч у іх проста няма 30 тысячаў даляраў на паездку. А мо заўзятарам скласьціся? Да жніўня назьбіраем...
Менскае “Дынама” ў першым матчы 2-га раўнду эўрапейскага Кубку УЭФА-Інтэртота на роднай траўцы перамагло ізраільскі “Хапаэль” 2:0. Менчукі зорак зь неба не хапалі, аднак яшчэ горш выглядалі госьці, якія прывезьлі ў Менск рэзэрвовы склад. Калі праз тыдзень у Хайфе беларусы дадуць “Хапаэлю” рады, то ў трэцім крузе эўраспаборніцтваў нас чакае нямецкі “Вольфсбург”. Трымайцеся, Вікі, то бок, sorry, Гансы!
На Ўімбледонскім турніры беларускім асам паабломвалі рогі ўжо ў першых кругах індывідуальнага разраду. Ёсьць яшчэ спадзеў на дуэт Мірны-Ваўчкоў, які надоечы перамог расейска-швайцарскі канглямэрат Сафін-Расэ.
А нашыя весьляры на Кубку сьвету ў Вене ўдваццацёх “нагрэблі” 6 прызавых месцаў: 2 залатыя, 1 срэбнае ды тры бронзавыя. І пагрэблі дахаты.
Богусь Біятлянёнак
Лісты ў рэдакцыю
Магістар жыве ў Глыбокім
Валеры Тарыкаў — лекар-псыхафізыёляг, сьвядомы беларус.
Нядаўна “Міжнародная асацыяцыя народных лекараў”, “Міжнародны біяэнэргетычны цэнтар нетрадыцыйных мэтадаў лячэньня і дыягностыкі “Лотас-Тэхнакор-Жан” і “Беларуская асацыяцыя спрыяньня разьвіцьцю нетрадыцыйных мэтадаў лекаваньня й дыягностыкі” прысвоілі яму найвышэйшую міжнародную катэгорыю і выдалі дыплём Магістра Ўсходняй Мэдыцыны.
Як сьцьвярджае Валеры Тарыкаў, ягоны род, у 49 калене, пачынаецца зь іх прапра...бабкі Рамаясі, якая жыла ў Паўночнай Індыі. Старажытныя веды індускай жрыцы ён і выкарыстоўвае. А прозьвішча паходзіць з арабскай мовы: “эль тарык” — пісар. Напэўна, адсюль і схільнасьць роду Тарыкавых да краязнаўства, паэзіі, мэдыцыны і спазнаньня Сусьвету.
Як лічыць Валеры Тарыкаў, яму ўдалося прачытаць Фэсцкі дыск, які італійскія археолягі знайшлі ў 1908 г. на Крыце. На Сусьветным кангрэсе дзеячоў культуры “Вынікі тысячагодзьдзя”, які адбыўся 21—23 лістапада 2000 г. у Санкт-Пецярбургу, даклад Валер’я Тарыкава, прысьвечаны расшыфроўцы Фэсцкага дыску, меў посьпех.
Як сьцьвярджае Валеры, дыск утрымлівае таямніцу сьветастварэньня й праграму эвалюцыйна-біялягічнага разьвіцьця чалавецтва на наступныя 1000 гадоў, інфармацыю пра разьвіцьцё навук, новыя ўяўленьні аб відах часу, новы від біялягічнай энэргіі. Праца над тэкстамі Фэсцкага дыску будзе працягвацца і надалей.
У сьнежні 2001 г. Валеры Тарыкаў мае запрашэньне ў Францыю на міжнародную канфэрэнцыю, прысьвечаную 500-м угодкам ад нараджэньня Мішэля Настардамуса. Да 1 лістапада трэба даслаць даклад. Толькі вось ці знойдзе ён фундатара на гэтую паездку?
Вось такім клопатам жывуць людзі ў Глыбокім.
Уладзімер Скрабатун, Глыбокае
Мэталалом замест камбайнаў
Нядаўна, пераяжджаючы польска-беларускую мяжу, заўважыў прыстойнага выгляду “Мэрсэдэс” з прычэпам, заваленым старымі сялянскімі прыстасаваньнямі: мэханічнымі косамі, баронамі...
Гаспадар распавёў, што вывозіць з суседняй краіны тое, ад чаго польскія фэрмэры пазбаўляюцца, бо ўжо маюць трактары ды камбайны. А нам, беларусам, гэтыя прыстасаваньні якраз дарэчы, бо яны разьлічаныя на працу з коньмі. “Дык мае старыя з такімі машынамі на вёсцы цяпер каралямі хадзіць будуць!” — ганарыўся ўладальнік “Мэрсэдэсу”.
А я раптам успомніў свайго дзеда Аляксея, які за польскім часам меў вялікую гаспадарку з сучаснай тэхнікай. Нават пасьля раскулачваньня і пятнаццаці гадоў лягеру ў калгас ён не пайшоў, а на сваім кавалку зямлі намагаўся мець усё самае сучаснае.
Памятаю, як на пачатку 90-х, незадоўга да сьмерці, ён спытаў мяне, ці праўда, што цяпер у Менску робяць новыя машыны — “матаблёкі” — на якіх можна і езьдзіць, і сена вазіць, і барану да іх прычапіць. “Трэба, унучку, каб і ў нас такая была — трэба сачыць за новым, каб быць наперадзе”, — сказаў мой дзевяностагадовы дзядуля. Тады я быў шчыра зьдзіўлены. А цяпер разумею, што мой дзед-“кулак” мэталалом з Польшчы наўрад ці вывозіў бы.
Аляксей Дзікавіцкі, Пінск
Вілы
Відаць па ўсім, спадарыні Скарынкінай, чый артыкул “Краёўцы ідуць” быў надрукаваны ў “НН” ад 25 чэрвеня, бракуе ведаў па гісторыі.
Інакш бы яна ведала, што “вілы, уторкнутыя ў зямлю” — вялікалітоўскі герб “Калюмны”, выява якога месьцілася на харугвах нашых дзядоў пад Грунвальдам.
Вось і атрымліваецца, што для кагосьці “Калюмны” — сьвяты сымбаль велічы й гонару, а для кагосьці — проста “вілы”.
Павал Батуеў, Салігорск
Памылковыя мапы
Апынуўся ў вельмі непрыемным становішчы і хачу засьцерагчы чытачоў “Нашай Нівы”.
Скарыстаўся атлясам аўтадарог (Менская вобл., 2001 г., выдавецтва “Тривиум”). У атлясе станцыя Пціч пазначаная на левым беразе аднайменнай рэчкі, а на самой справе яна знаходзіцца на правым беразе. Памылка прыблізна на 1 см (згодна з маштабам карты гэта 2 км). Месца адпачынку карыстаецца папулярнасьцю, і людзі могуць мець нязручнасьці. На маё запытаньне выдавецтва “Тривиум” нічога не адказала.
А.К., Менск
Мазаічны Віцебск
Гасьцей гатэлю “Віцебск” сустракае пералік “ганаровых наведнікаў”. У першым шэрагу Машэраў, Лукашэнка, Філарэт ды Пугачова, трохі ніжэй — Дземянцей, Гарбачоў, Алексій Другі, Кіркораў і гэтак далей (дакладней, ніжэй) аж да Радамілы Караклаіч…
На вуліцы свайго імя, фанабэрыста задраўшы галаву, глядзіць паўзь мінакоў адноўлены генэралісімус-вар’ят. Бронзавы Караткевіч, нацягнуўшы на вушы барэт, звыкла сьцьвярджае: “Быў. Ёсьць. Буду”. Але выглядае, што й сам ён не дае веры гэтым словам. Самы вядомы ў Беларусі паэт — Аляксандар Сяргеевіч — задумліва разглядае мост празь Дзьвіну ды патыліцу Пятра Міронавіча. Яму баяцца пакуль што няма чаго — вуліц, праспэктаў, завулкаў, бібліятэк, калгасаў, навучальных устаноў і г.д. імя Пушкіна ў нас нашмат болей, чым імя вясковага настаўніка зь Віцебшчыны…
Вялізныя літары на сьцяне плавальнага басэйну сьцьвярджаюць, што “пабудаван” ён да 50-годзьдзя кампартыі на сродкі, сабраныя рабочымі “Акцябрскага” раёну…
У палацы былога губэрнатара месьціцца абласны КДБ, а губэрнатар цяперашні сядзіць у былой жаночай вучэльні. Вежу побач з аблвыканкамам, збудаваную на месцы царквы, мясцовыя жартаўнікі ахрысьцілі “Член аблвыканкаму”…
Ля Смаленскага базару віцебскія мальцы жлукцяць з рыла “Славянскій белый” — напой коштам 750 рублёў з выявай саламянага белага каня. Сядай не хачу…
Дзякуючы “Славянкаму базару” цэнтар гораду мае больш-менш прыстойны выгляд. Але грошай на фарбу камунальшчыкам, відаць, не стае, бо надпісы, якія ў сталіцы замазваюцца адразу ж, тут вабяць вока працяглы час. Графіці збольшага звычайныя — “ЗУБР”, “Жыве Беларусь!”, нешта пра нейкага Луку, але сустракаецца “БНР” і нават “Расею ў жопу!”. Такі радыкалізм і ў сталіцы рэдка сустрэнеш…
Ля цэнтральнага гастраному ў “сінім доме” час ад часу стаіць прыхільнік КХП-БНФ ды прапануе ўсім ахвотным “Беларускія ведамасьці” за студзень. Ахвотных няшмат…
Вячка Васілёнак, Менск-Віцебск