Сяргей Харэўскі

Самая старажытная

 

Калі ў паселішчы ёсьць вуліца Замкавая — гэтае паселішча старое. І кожны камень пад нагамі можа выявіцца ўнікальнай археалягічнай знаходкаю.

Ідучы па Замкавай у Дрысьвятах, па вуліцы з трох сядзібаў, якая робіць рэзкі выгін у бок касьцёлу, адразу ўяўляеш сабе колішнюю веліч мястэчка, пра якое італьянец Аляксандар Гваніні яшчэ ў ХVI ст. у сваёй “Кроніцы Эўрапейскай Сарматыі” пісаў: “Замак над возерам вялікім”... І адразу пачынаеш па-іншаму глядзець на простыя хаціны, што стаяць тут цяпер. Углядаешся, міжволі чакаючы сустрэчы зь якой старадаўняй таямніцаю. І ўсё тут здаецца вечным.

Замкавая вуліца можа быць шыкоўным эрзацам старога гораду, як у Вільні, альбо толькі пазначаць старасьвецкую яго мяжу, як у Віцебску, дзе Замкавая заціснутая паміж вуліцай Кірава й праспэктам Фрунзэ... Замкавая можа й насамрэч весьці да старажытнага замчышча, як вузенькая брукаванка ў Браславе. А то й да сапраўднага каралеўскага замку, як у Горадні. Альбо заставацца адно напамінам пра былыя часы, як Замкавы завулак у Полацку, які ідзе ўздоўж шматкроць панявечаных будынкаў колішняга езуіцкага калегіюму. Яе нават можна перайменаваць. Напрыклад, у Камсамольскую, як у Слоніме. Але яна мусіць быць. Быць у кожным горадзе, прынамсі, з нашага боку Атлянтыкі. Бо сам панятак замку як высокага сымбалю абароны й заступніцтва, заможнасьці краю й любові да яго — нешта фундамэнтальнае.

Мэтафара замку — неад’емная частка эўрапейскае культуры, яна сустракаецца там у тысячы праяваў — ад Кафкі да Караткевіча.

А вось у Менску цяпер Замкавай вуліцы больш няма. Небасхіл ня ўпаў у Сьвіслач, а нацыянальныя мэдыі ня ўгледзелі ў тым “інфармацыйнае нагоды”... Руйнаваць яе пачалі ў сярэдзіне 80-х, падчас будаўніцтва мэтро. Ведама, можна было скарэктаваць праект, штосьці перайграць, капаць катлаван недзе ўбаку. Але... Вырашылі зьнішчыць увесь правы фронт старасьвецкае забудовы й калярытны аднапавярховы будынак зь вялізнымі вокнамі, на рагу вуліцы Вызваленьня. Тым часам выйшла кніга Зянона Пазьняка “Рэха даўняга часу”, дзе быў зьмешчаны апошні здымак гэтае старадаўняе вуліцы, пазначаны 1983-м... Пазьняк тады пісаў:

“Галоўнай вуліцай у замку, а потым і на Замчышчы на працягу ўсяго пэрыяду яго йснаваньня да сярэдзіны ХХ ст., была вуліца Замкавая. Трасіроўка яе самая стражытная з усіх вуліцаў у Менску. Яна перасякала Замчышча па дыяганалі з усходу на захад і ўжо ў першай палове ХVI ст. была забрукаваная... Пазьней вуліца прадаўжалася й за валам, аж да перасячэньня зь Вялікай Татарскай. Зараз яшчэ захавалася частка яе трасы, што прымыкае да вуліцы Дзімітрава. Тут захаваліся і пабудовы XVIII і XIX стагодзьдзяў...”

Калярытную згадку пра Замкавую вуліцу сярэдзіны ХІХ ст. пакінуў нам Павал Шпілеўскі:

“Як напамін пра замак захавалася назва вуліцы Замкавай: яна йдзе ад Сьвіслачы міма Нізкага рынку, і, перарэзваючы вуліцу Ракаўскую, каля жыдоўскае школы, упіраецца ў падэшву гары Высокага Рынку й тым, нібыта, пазначае межы старога гораду. Вуліца гэтая даволі брудная й населеная большай часткаю цэхавымі мяшчанамі, маўляў, як успамін аб правах стражытнага Менску, выдадзеных у замку. Ёсьць тут і жыды, дробныя гандляры. Маюць яны такія-сякія крамкі, напоўненыя збанамі, драўляным посудам, казіным сырам, маслам, малаком і дзёгцем. Не зьдзіўляйцеся — у некаторых крамках гэта прадаецца ўсё разам. Ля вуліцы Замкавай ёсьць гэтак званы Смачны куток, нешта накшталт абжорного раду, дзе за пяць капеек срэбрам частуюць супам-крупнікам і кавалкам ялавічыны, а таксама калдунамі й валовай пячонкаю”.

Я добра памятаю вуліцу Замкавую. Ці ж мне яе ня памятаць? Менавіта па гэтай вуліцы я 8 гадоў хадзіў у школу, якая была на гары, на вуліцы Шпалернай. Зімою мы, малыя, на сваіх ранцах каталіся з гэтае гары проста на Замкавую, рызыкуючы зімовым надвячоркам патрапіць пад чыесьці колы. Ох і сварыліся на нас тамтэйшыя жыхары! А ўвосень я брыў сабе пакрысе па старым пыльным бруку, над якім навісала гальлё вялікіх дрэваў у золаце й срэбры жоўклага лісьця...

З раніцы да ночы тутака ўсё жыло нейкім мініятурным дробна прамадэляваным жыцьцём... Там — дзеці гуляліся са шчанюком. Там — сядзелі калярытныя п’янтосы. А там — пара старых жыдоў гуляла ў шахматы. Тут — цётка здымала зь вяровак бялізну. А тут нехта бясконца ўвіхаўся ля адзінае тэлефоннае будкі, ушчэнт разьбітае й размаляванае бог ведама чым. Будынак былое сынагогі, дзе былі мастакоўскія майстэрні, што стаяў на скрыжаваньні вуліц, наагул быў таямніцаю. Вось там у дзіцячым уяўленьні і мог быць сапраўдны замак. Калі мы, школьнікі, вымаўлялі назву гэтае вуліцы — Зам-ка-ва-я.., дык нават дрывотнікі й пункт прыёму шклатары на рагу здаваліся нам чымсьці зусім не звычайным. А кожны камень пад нагамі мог выявіцца археалягічнай знаходкаю.

Цяпер на месцы вуліцы Замкавай не захавалася нічога. Шыльда на плоце новабудоўлі, што атачае адзіны будынак на Дзімітрава, сьведчыць, што тут будзе чатырохпавярховы дом з падземнымі гаражамі й стаянкаю. Ад вуліцы Замкавай засталася толькі адна сьцяна дому ХІХ ст., што прымыкае да новага пампэзнага й безгустоўнага будынку. Гэты новы дом быў пабудаваны паводле праекту архітэктара Грэчына. Зрэшты й назва салёну ў гэтым будынку адпаведная: “12 крэслаў”. На тым уломку старасьвецкае сьцяны яшчэ засталася шыльдачка: дом нумар 31... Вось і ўсё што датрывала ад дзясяткаў дамоў на самай старажытнай менскай вуліцы, брук на якой меў амаль паўтысячы гадоў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0