Беларусь праз 100 гадоў

 

Сьціплыя ўрачыстасьці ў сталіцы

Зьдзейсьніліся прароцтвы сярэднявечнага полацкага астроляга Васіля Нямчына ды ягонага пасьлядоўніка Паўла Глобы. Яшчэ ў 2050-я гады Полацак аб’яднаўся з Наваполацкам і стаў ня толькі духоўнай і культурнай, але і адміністрацыйнай сталіцаю Беларусі. На гэта паўплывалі і геапалітычныя зьмены пасьля распаду Расейскай Фэдэрацыі. Межы краіны пасунуліся на поўнач і ўсход за кошт добраахвотнага ўваходжаньня ў склад Беларусі шэрагу гістарычна і этнічна нашых тэрыторыяў зь Невелем, Себежам, Вяліжам, Навазыбкавым і Старадубам. Плебісцыт пра далучэньне рыхтуецца пад эгідаю ААН у памежным Смаленску, дзе высьпела вострая незадаволенасьць пэрманэнтнай вайной, якую Расейская народная рэспубліка са сталіцаю ў Маскве вядзе з Волжскай мусульманскай канфэдэрацыяй.

 

Але баі з выкарыстаньнем цяжкой бранетэхнікі, стратэгічных бамбавальнікаў і касьмічнай лязэрнай артылерыі грымяць далёка на ўсходзе. Беларусь жыве ў варунках міру й эканамічнай стабільнасьці, што спрыяе разьвіцьцю культуры, у тым ліку яе галоўнага складніка — нацыянальнае літаратуры, якая пасьля Васіля Быкава ганарыцца яшчэ двума нобэлеўскімі ляўрэатамі.

Кароткае газэтнае эсэ не дае магчымасьці распавесьці нават пра найбольш маштабныя тагачасныя культурніцкія праекты. Застаецца засяродзіцца на адным, далёка ня самым істотным, у якім, аднак, быццам ранак у кроплі расы, адбіваецца агульны цывілізацыйны стан краіны.

Сталіца рыхтуецца ўрачыста адзначыць 150-гадовы юбілей пісьменьнікаў Уладзімера Арлова і Вінцэся Мудрова, а таксама 145-годзьдзе іхных малодшых сучасьнікаў Сержука Сокалава-Воюша і Лявона Баршчэўскага.

Вялізарную цікавасьць выклікае ўжо разгорнутая ў Нацыянальным музэі юбілейная выстава, што дае яскравае ўяўленьне пра цяжкое дзяцінства, змагарнае юнацтва і няўрымсьлівую творчую сталасьць гэтых монстраў прыгожага пісьменства.

Большасьць наведнікаў таўчэцца каля вітрынаў з унікальнымі здымкамі, рупліва сабранымі з фондаў спэцслужбаў і прыватных архіваў. Стваральнікі экспазыцыі зыходзілі з таго, што біяграфія пісьменьніка — найлепшы камэнтар да ягонае творчасьці, а таму пазьбягалі ўсякай гераізацыі юбіляраў, што робіць рэтраспэкцыю асабліва карыснай для айчынных і замежных літаратуразнаўцаў.

На гэтыя фатаздымкі, кранутыя пацінай Гісторыі, сапраўды нельга глядзець без глыбокага хваляваньня: “Выхавацелька дзіцячага садка лупцуе Ў.Арлова за раньнія нацыяналістычныя погляды”, “С.Сокалаў заціскае ў школьным гардэробе аднаклясьніцу”, “В.Мудроў употайкі ад бацькоў курыць “Беламорканал”, “У.Арлоў, В.Мудроў і С.Сокалаў-Воюш выпіваюць на кансьпірацыйнай кватэры”, “Прафіляктычная гутарка ў КГБ”, “Канфіскацыя сьвежага нумару самавыдавецкага альманаху “Блакітны ліхтар”, “Л.Баршчэўскі рыхтуе крамольны пераклад “Стихов о советском паспорте” расейскага паэта Ў.Маякоўскага”, “С.Сокалаў-Воюш набывае чарніла для напісаньня верша на мэлёдыю палянэзу М.-К.Агінскага “Разьвітаньне з Радзімай”, “У.Арлоў п’е кашэрны джын бяз тоніку з героем аднайменнага апавяданьня Вовам Цымэрманам”, “В.Мудроў і Ў.Арлоў атрымліваюць ад рэзыдэнта амэрыканскай выведкі па 2 даляры за ўдзел у “Маршы Свабоды”, “Л.Баршчэўскі ў прыёмніку-разьмеркавальніку МУС працуе над перакладамі з Эсхіла”...

У суседніх залях аматары літаратуры і навукоўцы могуць пабачыць дакумэнты, зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю іншых выдатных палачанаў — сяброў юбіляраў і іхных паплечнікаў па літаратурнай дзейнасьці. Найбольшую ўвагу прыцягваюць зробленыя схаванай камэрай панарамныя здымкі: “Лера Сом мэдытуе на гарадзкім пляжы”, “Алесь Аркуш зь дзіцёнкам уначы клеіць улётку на сьцяну крамы “Прадукты”, “Якуб Лапатка зь юнымі перакладчыкамі ў “Чабурэчнай”, “Аляксандра Чарніцкага забіраюць за мыцьцё ног у фантане каля помніка першадрукару Францішку Скарыну”, “Праводзіны А. Чарніцкага ў Ізраіль”, а таксама “Алег Мінкін пазычае ў Навума Гальпяровіча 25 савецкіх рублёў на працяг літаратурнага працэсу”.

Заснаванае некалі Алесем Аркушам незалежнае выдавецтва “Полацкая ляда”, цяпер найбуйнейшае ў краіне, напярэдадні юбілею перавыдала вялікім накладам творы Валянціны Аксак і Арыны Жарнасек. Пільнай патрэбы ў новых выданьнях твораў саміх юбіляраў не ўзьнікае, бо іхныя кнігі ёсьць у кожнай пісьменнай беларускай сям’і — як у традыцыйным фармаце, так і ў найсучасьнейшым выглядзе кампакт-капсулі, прызначанай для глытаньня наноч.

Падрыхтоўка да юбілею памысна спрычынілася да рэстаўрацыі, рэканструкцыі ды адзначэньня мэмарыяльнымі дошкамі літаратурных мясьцінаў беларускай сталіцы. У Доме-музэі Л.Баршчэўскага ў Запалоцьці адноўлены ложак, на якім будучы мастадонт мастацкага перакладу зрабіўся мужчынам. З кватэры на Млынавым завулку, дзе ў тым самым ціхім Запалоцьці пражыў свае найлепшыя гады А.Мінкін, нарэшце адселены ягоны нашчадак, сквапнасьць і абыякавасьць якога да літаратуры абуджаюць заслужаны сумнеў у сваяцтве зь незабыўным мэтрам. Намаганьні навуковых і судовых інстанцыяў неадкладна далі свой плён: на самым пачатку рэстаўрацыйных захадаў пад канапай, дзе паэт спаў і абдумваў свае вершы і антыўтопіі, знойдзены скарб — літровы слоік з-пад салянкі з 100 савецкімі чырвонцамі, акуратна загорнутымі ў літаратурную старонку полацкай раённай газэты “Сьцяг камунізму” за 25 сакавіка 1981 г.

Дасьледнікі адразу выявілі на старонцы пераклад вядомага верша А.Мінкіна “Хмелі-сунэлі” (тады будучы майстар пісаў яшчэ на ўнутрана чужой яму мове суседняга народу). З дапамогаю натхнёнага перастварэньня тэксту, якое належыць пяру Ў.Арлова, паэт зьвяртаецца да суайчыньнікаў на роднай мове. “Мы хмелі-сунэлі ні разу ня елі!” — выгукае ён, і ў гэтых словах, як справядліва адзначае прэса, “у Дзень Волі ў тыя цяжкія гады эзопавай мовай выказваецца палымяная прыхільнасьць да ідэалаў БНР, ажыцьцяўленьне якіх урэшце вырашыць ня толькі харчовую, але і ўсе астатнія праблемы нацыянальнага існаваньня”.

На месцы першай сустрэчы Л.Баршчэўскага, С.Сокалава-Воюша і Я.Лапаткі летась зьявілася густоўная паркавая скульптура “Л.Баршчэўскі, С.Сокалаў-Воюш і Я.Лапатка думаюць пра Беларусь”. Творцы выгодна ўладкаваліся на масянжовай лавачцы пры імправізаваным століку над самай дзьвінскай стромаю. Блізкасьць коннага помніка Ўсяславу Чарадзею і Сафійскага сабору, які стаў экумэнічным храмам, робяць скульптурную кампазыцыю надзвычай папулярнай у айчынных і закардонных турыстаў. Адзінае, чаго вымагае ад уладаў сталічная грамадзкасьць — усталяваць побач з думаньнікамі пра Беларусь кругласутачны паліцэйскі пост, бо невядомыя зламысьнікі рэгулярна пакідаюць на масянжовай стальніцы зусім не масянжовыя пляшкі. (Побач меркавалася адчыніць яшчэ адну групавую скульптуру — “Вова Арлоў думае пра Беларусь, а Вова Цымэрман — пра ад’езд у Ізраіль”, — але антысэмітам удалося адтэрмінаваць рэалізацыю гэтай сымпатычнай ідэі да адпаведных парлямэнцкіх слуханьняў).

На юбілейныя дні чакаецца прыезд у сталіцу шматлікіх блізкіх і далёкіх нашчадкаў выдатных полацкіх літаратараў. Геаграфія пражываньня спадкаемцаў прадзедаўскае славы (ім перадаліся як шматстайныя таленты продкаў, так і іхная незьнішчальная схільнасьць да зьмены месцаў) пазначаная на адпаведнай мэмарыяльнай мапе каля параднага ўваходу ў Нацыянальны музэй. Нашчадкі С.Сокалава-Воюша, да прыкладу, атабарыліся ў ЗША, Чэхіі і Папуа-Новай Гвінэі. З Гэльсынкаў чакаецца прыезд праўнука Я.Лапаткі, Юкі Лапатайнэна, лідэра фінскіх ультраправых.

Праўнукі Ў.Арлова, В.Мудрова і Л.Баршчэўскага, як і знакамітыя прадзеды, выявілі зайдросную вернасьць роднай зямлі (за выняткам аднаго з Мудровых, у якім загаварыла ваяўнічая кроў пісьменьнікавага бацькі — афіцэра Савецкай Арміі родам з-пад Уладзімеру; юнак узяў расейскае грамадзянства і бясслаўна загінуў сьмерцю храбрых у антытэрарыстычнай апэрацыі супраць башкірскіх маджахедаў дзесьці ў стэпах пад Стэрлітамакам). Прапраўнук У.Арлова, фінансавы дзялок, што кантралюе блізу 90% шоў-бізнэсу краіны, выдае да юбілею супэрмультымэдыйны дыск “Я нарадзіўся ў Полацку” з галяграмамі выканаўцаў у натуральных памерах. Сярод выканаўцаў — поп-зорка Яніна Баршчэўская, больш вядомая пад сцэнічным псэўданімам Завальня.

СМІ з глыбокім задавальненьнем канстатуюць, што ўсе нашчадкі славутых палачанаў незалежна ад месца дысьлякацыі, вольна валодаюць моваю продкаў, а некаторыя, працягваючы іхную справу, нават пішуць на гэтай мове вершы й прозу. Гэта, далікатна кажучы, звычайная журналісцкая “дэза”, бо зь незалежных крыніцаў абсалютна дакладна вядома, што праўнук А.Мінкіна, першы кітайскі касманаўт Мін Кін, сапраўды спрабуе складаць вершы, толькі не па-беларуску, а па-кітайску. Ягоны кузэн Іягуда Мінкінд прылятае ў Полацак наўпростым рэйсам з Ізраілю, а дэпутат грузінскага парлямэнту Гогі Гальперавішвілі, натуральна, з Тбілісі.

Днямі сталася вядома, што пасьля замаху левакоў на ягонае жыцьцё, Юкі Лапатайнэн запатрабаваў ад ураду Беларусі гарантыяў бясьпекі, наўзамен дэкляраваўшы выступіць на ўрачыстасьцях на неблагой беларускай мове, адно што зь недасканалым вымаўленьнем “ч”, “дз” і “дж”.

Прагрэсіўная грамадзкасьць сталіцы зь нецярплівасьцю чакае заплянаваных тэатралізаваных відовішчаў, сярод якіх — масавы мэмарыяльны заплыў у гонар У.Арлова на полацкім возеры Люхава, улюбёным месцы адпачынку працоўных і беспрацоўных, якое ў савецкія часы ўлады марна намагаліся пераназваць Маладзёжным, а ў пэрыяд 5-й Рэспублікі — ня менш марна пераймяноўвалі на Пазьняк-возера.

У сьпісе згаданых вышэй імпрэзаў значацца максымальна набліжаныя да жыцьцёвае верагоднасьці паказы: “У.Арлоў і В.Мудроў б’юцца з задзьвінскай шпаной у раёне грамадзкай прыбіральні каля танцпляцоўкі”, “Першаклясьнік Пятро Васючэнка спаборнічае з таварышамі, хто далей сікане ў ваду зь берагу Палаты”, “Будучыя пісьменьнікі маркітуюцца з малалеткамі пад перакуленымі лодкамі вобліз Багаяўленскага сабору”. Галоўныя ролі будуць выконваць вядучыя акторы і акторкі сталічных тэатраў. Юбілейны камітэт вядзе запіс ахвотных узяць удзел у масоўках.

Урачыстасьці распачнуцца 25 жніўня ўскладаньнем кветак да помніка аўтару гэтых радкоў.

Уладзімер Арлоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0