Паштовая скрынка
Віталю З. зь Віцебску. Пры рэгулярным чытаньні “НН” шмат што стане для Вас ясьнейшым.
Андрэю С. зь Менску. Гэтыя грошы лепей ахвяраваць на “Падпіску сябра”.
Міколу Я. з Чудзенічаў. Старонкі вершаванага радка даўно не друкавалі, бо зусім мала вершаў дасылаюць нам у рэдакцыю апошнім часам.
Мары з Лунінца. Вы даслалі нам такі кшталт навуковай фантастыкі, якому месца ня ў рубрыцы “Беларусь праз 100 гадоў”: “За 100 год прагрэсу чалавецтва, а разам зь ім і Беларусь, прайшлі вельмі далёка ў сваім разьвіцьці. Але разьвіцьцё гэтае прынесла жудасныя разбурэньні й чалавечыя ахвяры. Чарнобыль паўтараўся ня раз і ня два. Узровень радыяцыі вельмі значна пабольшаў, асабліва на Палесьсі. Чалавецтва паступова пачало выміраць. Асноўная колькасьць насельніцтва стала разьмяшчацца ў Віцебскай вобласьці. Паўднёвая мяжа рэспублікі пасьля другога радыенукліднага буму стала праходзіць па гарадах Ашмяна-Маладэчна-Лагойск-Барысаў-Талачын-Ворша”. Занадта гэта ўсё адвольна і нелітаратурна.
Ігару С. з Кобрыня. Апавяданьне “Скула” нам не падыдзе. Ненатуральна.
Генадзю Т. з Гомеля. Пра каралеву Бону чытаецца захапляльна, але ў выглядзе рэцэнзіі на кнігі 12- і 16-гадовай даўніны глядзіцца недарэчна. Перарабіце гэта ў артыкул ці эсэ.
Вінцэсю М. з Полацку. “Спроба рэінкарнацыі” — эсэ для кнігі, а не для газэты.