Васіль Лявонаў: Каб сышоў дыктатар

Сёньня-заўтра адзіны кандыдат мае быць названы

Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў быў небясьпечным патэнцыйным канкурэнтам А.Лукашэнкі, пакуль ня страціў магчымасьці балятавацца з-за “судзімасьці”. Цяпер Васіль Лявонаў узначаліў згуртаваньне “За новую Беларусь”, што мае стаць перадвыбарным штабам для адзінага антылукашэнкаўскага кандыдата. Ён абяцаў, што да 15 ліпеня дэмакратычная “пяцёрка” вызначыцца з адзіным кандыдатам. Аднак зрабіць гэта нялёгка: адзін кандыдат мае найменшы нэгатыўны рэйтынг, другі — найбольшую вядомасьць, трэці — найбольшую арганізацыйную базу для вядзеньня кампаніі. Васіль Лявонаў адказаў на пытаньні “НН”.

Васіль Лявонаў: Я не губляю надзеі, што «пяцёрка» назаве адзінага кандыдата сама. Пакуль яны не расьпісаліся ў сваёй няздольнасьці назваць яго, я проста ня маю права камэнтаваць гэтую тэму. Сёньня-заўтра мы мусім атрымаць таго адзінага, якога яны назавуць. Прынамсі, яны казалі, што падпарадкуюць свае асабістыя амбіцыі інтарэсам грамадзтва, краіны, і гэта прагучала яшчэ задоўга да таго, як яны амаль усе апынуліся на канале ОРТ, дзе таксама пацьвердзілі, што вылучаць адзінага кандыдата. Я разьлічваю, што яны — людзі слова, інакш што яны за кандыдаты?

“НН”: Ці можа так здарыцца, што незалежнаму беларускаму грамадзтву прыйдзецца падтрымаць некага не зь «пяцёркі», калі гэтыя пяць ня змогуць дамовіцца?

В.Л.: Я ня думаю, каб магло аказацца так, што яны ўсе адмовяцца ад свайго слова. Мо хіба нехта не падпарадкуецца рашэньню... Такі варыянт, пра які вы гаворыце, ёсьць. Але я хацеў бы, каб грамадзтву не прыйшлося прыбягаць да нейкага асаблівага ціску на кандыдатаў, каб змусіць іх да вылучэньня адзінага. Занадта ўсё відавочна: ніводзін зь іх, пры ўсёй павазе да кожнага, аднаасобна ў другі тур ня выйдзе. Толькі аб’яднанага яны разам могуць вывесьці. Таму нікому зь іх няма сэнсу весьці шалёную гульню. Дзейнічаць паводле прынцыпу «або ўсё, або нічога» ў гэтым выпадку непрыгожа. Трэба быць рэалістам.

“НН”: Як Вы ацэньваеце ўдзел Зянона Пазьняка ў кампаніі?

В.Л.: Удзел Пазьняка ў выбарах можа прынесьці карысьць толькі Лукашэнку. У Зянона Станіслававіча — дарэчы, я глыбока паважаю гэтага чалавека за тое, што ён быў першым, хто ўзьняў сьцяг і пачаў нацыянальнае адраджэньне, — было многа памылак. І зараз ён можа зрабіць адну з самых фатальных. Ягоны электарат — 5—10% — гэта вельмі актыўны электарат.

Ён мусіць узяць удзел у кампаніі, сабраць сваіх людзей, але зрабіць правільны выбар. Я працягваю верыць у тое, што ў яго хопіць разуменьня і арыенціроўкі, які выбар зрабіць і калі.

Пра сябе я магу сказаць, што я сам даў слова не прэтэндаваць ні на якія пасады. Мне патрэбна адно: каб сышоў дыктатар. Я сваё слова заўжды трымаў. Я яго вытрымаю і сёньня. Ніхто не папракне мяне, што я змагаюся за ўладу. Я змагаюся за будучыню Беларусі. Працу я сабе знайду і буду прыносіць карысьць Беларусі і без чыноўнічай пасады.

Я ўдзельнічаю ў кампаніі, каб сышоў дыктатар, і нічога не баюся. Расстрэл фізычны мяне не палохае. Таго, хто прайшоў маральны расстрэл, расстрэл фізычны ўжо не палохае.

“НН”: У Захаду ёсьць свае сымпатыі, і яны, здаецца, не супадаюць з сымпатыямі беларускага грамадзтва. Наколькі важна было б для нас цяпер пры выбары адзінага кандыдата пайсьці насуперак сымпатыям Захаду?

В.Л.: Так, на жаль. Я пэўны ў адным і дзейнічаю так і буду дзейнічаць да канца: нічые сымпатыі ня будуць прыярытэтнымі, апроч перамогі над рэжымам. Выбярэм таго кандыдата, які будзе мець большыя шанцы на перамогу над рэжымам. Крайне правы, крайне левы, цэнтрыст — ня мае значэньня. Узважым, у каго болей шанцаў. Няважна, як да яго ставяцца ў Вашынгтоне, Крамлі. Урэшце лёс Беларусі мусяць вырашаць беларусы. Нармальнае разьвіцьцё эканомікі і дэмакратызацыя Беларусі нікому не пагражаюць — ні Маскве, ні Варшаве.

“НН”: Наконт Масквы. Ці не здаецца Вам, што кандыдаты-антылукашысты занадта нэрвова ставяцца да Масквы? Наракаць на Маскву за тое, што яна па-ранейшаму ставіць на Лукашэнку, гэта ўсё адно што наракаць на надвор’е.

В.Л.: Масква мае вялізны ўплыў і аказвае калясальную падтрымку цяперашняму рэжыму. Гэта неаспрэчны факт. І я не магу зразумець, навошта чыноўнікі ў Маскве гэта робяць. Не расейскі народ аналізуе і падтрымлівае дыктатара, але чыноўнікі расейскага МЗС. Але ж яны аналізуюць і бачаць...

Ды кіруюцца прынцыпам, які выказаў, дзякуй Богу, ужо былы галоўны рэдактар «Независимой газеты»: «Сукін сын, але наш сукін сын». Ім нават сукін сын падыходзіць...

“НН”: Баяцца, што без Лукашэнкі СНД разваліцца.

В.Л.: Гэта стэрэатыпы мысьленьня. Зь іншага боку, Лукашэнка ўмела грае на гэтых настроях. А па-трэцяе, гэта адбываецца з-за няправільных паводзінаў нашай апазыцыі.

“НН”: Ваш удзел у кампаніі стаў вялізным козырам антылукашысцкага блёку. Хто наступны далучыцца да яго? Вайцянкоў? Заламай? Гімнасты Іванкоў і Корбут?

В.Л.: Зь некаторымі я гаварыў. Не гатовыя. Але будуць іншыя.

“НН”: Чаму дэмакратычныя кандыдаты так мала працуюць з дырэктарамі і буйнымі прадпрымальнікамі, чаму не адчуваюць іхных інтарэсаў? Чаму няма кантакту зь імі?

В.Л.: Я бачу найперш баязьлівасьць дырэктараў і бізнэсмэнаў. Тое я назіраў яшчэ ў 1994 г. на выбарах. Яны казалі і тады, як цяпер: няважна, хто прыйдзе, я ўсё адно буду жыць. Адзін з такіх першы трапіў у турму пасьля прыходу Лукашэнкі. Гэта былы дырэктар «Магатэксу» Сямёнаў. Пасадзілі за тое, што атрымаў лішнія камандзіровачныя, калі езьдзіў у Вільню — відавочна сфабрыкавана.

Баяцца яны і лёсу Красоўскага. Проста баяцца. Некаторыя ад страху нават ішлі на парушэньне закону. Перад выбарамі я назаву іхныя прозьвішчы. Ведаю я і такіх работнікаў вэртыкалі, што паво-дзяцца папросту злачынна — парушаюць закон. Гэта таксама мае месца, і не таму, што нехта ня хоча зь імі працаваць. Баязьлівасьць! Вось што нам трэ будзе перамагчы – праўду кажа Крыжаноўскі.

Многія ў гарадах лёгка сьпісваюць усё на «калхозьнікаў». Укладаюць у гэтае слова зьняважлівы зьмест. Забываючыся, што «калхозьнік» — гэта ня выбар, гэта доля. Гэта прыгонны ХХ ст. Калгасы — гэта адроджаны ў Савецкім Саюзе прыгон. І вось яны кажуць: «За калхозьнікаў мы больш галасаваць ня будзем». Дык вось, зварот руху «За новую Беларусь» падпісаў старшыня калгасу «Дрыбінскі», і дырэктар аднаго саўгасу падпісаў, а дырэктар заводу не падпісаў ніводзін, а прапаноўвалі мінімум дваццаці.

“НН”: Вы робіце ўсё, каб у верасьні адбыліся зьмены. Але гарантыі даць ня можа ніхто...

В.Л.: Асабліва пры такой падтрымцы, якую аказваюць Лукашэнку крамлёўскія чыноўнікі!

“НН”: Такая справа, як вызваленьне краіны, займае іншы раз дзесяцігодзьдзі. Калі Лукашэнка застанецца, што рабіць тады, з чаго пачынаць?

В.Л.: Пачынаць ня трэба, трэба працягваць. Проста працягваць. Будзем працягваць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0