У апошнім нумары «Літаратуры і мастацтва» (15 чэрвеня 2007) зьмешчаны артыкул, прысьвечаны праблемам рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Горадні.

Апошнім часам ў афіцыйнай прэсе распачалася сапраўдная кампанія па папулярызацыі дзеяньняў гарадзенскіх уладаў, і адначасовы наступ на абаронцаў гістарычнай часткі Горадні. «Літаратура і мастацтва» зьмясьціла досыць аб’ектыўны матэрыял на тэму сёньняшняй Горадні.

У артыкуле «Мінулае і сённяшняе Горадна...» падрабязна апісваецца сытуацыя вакол рэканструкцыі Старога гораду ў Горадні. У ім знайшлося месца для афіцыйных і неафіцыных меркаваньняў. Прыводзяцца словы гарадзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў наконт неабгрунтаваных, а часьцяком і незаконных дзеяньняў гарадзкіх уладаў. Газэта піша пра ініцыятыву гарадзенскай інтэлігенцыі па правядзеньні гарадзкога рэфэрэндуму, пра збор подпісаў ў абласную пракуратуру.

У артыкуле апісваецца праблема транспартнай сыстэмы ў гістарычным цэнтры: даводзіцца памылковасьць ўжо створанай у раёне Савецкай плошчы разьвязкі, а таксама робіцца перасьцярога наконт далейшых плянаў пашырэньня Старога маста. Аднак пры гэтым па‑за ўвагай застаецца існаваньне альтэрнатыўнага праекту разьвіцьця транспартнай сыстэмы. Газэта абяцае пільна сачыць за далейшым разьвіцьцём падзеяў. Напрыканцы артыкулу падаецца камэнтар Уладзімера Ісачанкі, аўтара Генэральнага пляну Горадні, былога галоўнага архітэктара Гарадзенскай вобласьці. Прывядзем яго цалкам.

«Усё, што робіцца ў Горадні ў гістарычным цэнтры за апошнія год‑паўтара ніякім чынам не дапасуецца да праектаў, выкананых нашым інстытутам па Ўказе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь — гэта Генэральны плян горада Горадні да 2020 году і Дэталёвы плян рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру гораду. У гэтых двух дакумэнтах выразна зафіксавана: галоўнай задачай сёньня і ў будучым ёсьць ліквідацыя транспартных перасоўваньняў у цэнтральнай гістарычнай частцы гораду, якія не адносяцца да бслугоўваньня гэтага гістарычнага цэнтру. Іншымі словамі, галоўная задача — так вырашыць транспартную сувязь, каб транспарт абыходзіў гістарычнае ядро гораду.

І ў Генэральных плянах мінулых гадоў, і ў Генэральным пляне, падпісаным прэзыдэнтам краіны ў 2003 г., а таксама і ў Дэталёвым пляне, прынятым у 2005‑м, прадугледжаныя абсалютна ўсе рашэньні. Гэта агаворана і ў адпаведным лісьце інстытута ў адказ на зварот «Грамадзянпраекта», пра ўзгадненьне рэканструкцыі Савецкай плошчы. (...) Я хачу асабліва падкрэсьліць, што ніякага ўзгадненьня рэканструкцыі Савецкай плошчы з Інстытутам БелДНІП Горадабудаўніцтва ў тым выгладзе, у якім яно зроблена — не было.

У Інстытута не было пярэчаньняў наконт таго, каб участак Савецкай плошчы , які прылягае да Палацу культуры і Дому Стэфана Баторыя выканаць у сучасным машчэньні — але пры безумоўным захаваньні двух сквэраў, якія цяпер высечаныя, а таксама пры ўмове недапушчэньня на плошчу якіх‑небудзь дарог і большых транспартных патокаў. Наадварот, Інстытутам прапаноўвалася зьняць рух тралейбуса і аўтобуса з Савецкай плошчы і пусьціць іх па вуліцы Парыскай камуны з выхадам на вуліцу Будзённага. Зь Інстытутам не ўзгадняліся рашэньні па рэканструкцыі і пашырэньні да чатырох палосаў Віленскай вуліцы. Відавочна, што праведзеныя і плянуемыя там работы накіраваныя на павелічэньне прапускной здольнасьці дарогаў, што вядуць у гістарычны цэнтар, а выхаду туды буйных транспартных плыняў не павінна быць увогуле.

Што да адносінаў мясцовых уладаў да шэрагу менш каштоўных будынкаў, то мы мяркуем — няма неабходнасьці зносіць іх бо і яны зьяўляюцца часткай гістарычнага асяродзьдзя гораду. Зноў жа, у Дэталёвым пляне ўстаноўленыя рэжымы выкарыстаньня гістарычных будынкаў, выразна прапісная неабходнасьць іх захоўваньня ды зьберажэньня. Таксама прапісаны парадак правядзеньня рэканструкцыйных работаў з забудовамі, што маюць ніжэйшую катэгорыю каштоўнасьці, альбо ня маюць такой катэгорыі ўвогуле. Прадугледжаны ня знос, а іх мадэрнізацыя. Але і яна павінна рабіцца паводле спэцыяльна распрацаваных праектаў, прычым праекты павінны абавязкова ўзгадняцца зь Міністэрствам культуры і зь Інстытутам — распрацоўнікам Генпляну Горадні.

Дзеля рэканструкцыі ў гістарычным цэнтры неабходна ўнесьці зьмены ў Генплян. Любыя ж зьмены ў Генэральны альбо Дэталёвы плян маюць права ўносіцца толькі тады, калі ў БелДНІП Горадабудаўніцтва прадстаўленае адпаведнае абгрунтаваньне і калі спэцыялісты інстытута, разгледзеўшы гэтыя абгрунтаваньні, палічаць зьмены правамернымі і неабходнымі. Іншымі словамі, аніякая інстанцыя, акрамя той, што зацьвярджала Генэральны плян, ня можа ўносіць у яго зьмены без узгадненьня зь Міністэрствам культуры і нашым інстытутам. Апошнія работы, пра якія мы, на жаль, дазнаемся ад жыхароў Горадні і са СМІ, — не ўзгадняліся з намі, што фактычна зьяўляецца парушэньнем дзеючага заканадаўства».

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0