З усіх старон

 

Чарговы працоўны адпачынак Мясьніковіча, 
якога пасьля выбараў можа зьмяніць Сівакоў

З 8 да 10 ліпеня адбываецца візыт кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Міхаіла Мясьніковіча ў Кувэйт. У склад беларускае дэлегацыі ўлучаныя прадстаўнікі канцэрнаў “Белэнэрга” і “Белнафтахім”.

 

Цягам візыту плянуецца падпісаць міжурадавыя пагадненьні аб узаемнай абароне інвэстыцыяў, пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня, а таксама пратакол у Кувэйцкім фондзе арабскага эканамічнага разьвіцьця. Паводле афіцыйных зьвестак, таваразварот між нашымі краінамі за першыя тры месяцы 2001 г. склаў 1218 тыс. даляраў (выключна беларускі экспарт).

Візыт у Кувэйт, як і нядаўні візыт прэм’ера Ўладзімера Ярмошына ў Лібан, у чыноўніцкіх колах называюць працоўнымі адпачынкамі перад маючымі адбыцца прэзыдэнцкімі выбарамі. Зьвязаная зь візытам у Кувэйт часовая адсутнасьць Мясьніковіча ў Менску можа мець і ўнутрыпалітычнае значэньне.

Ягоны першы заступнік Уладзімер Замяталін зьяўляецца старшынём беларуска-ірацкае камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве й адстойвае ў Менску інтарэсы Багдаду. Ягоная замежнапалітычная дзейнасьць не заўсёды віталася ў МЗС.

Замяталіна называюць адной з пэрспэктыўных кандыдатураў на пасаду пасла ў Багдадзе. Але пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Магчымая і высылка самога Мясьніковіча паслом куды-небудзь. Не сакрэт, што Замяталін фактычна выйшаў з падпарадкаваньня свайго непасрэднага начальніка Мясьніковіча й замахваецца на пасаду кіраўніка Адміністрацыі. Так што ён цалкам можа скарыстацца ў сваіх карысьлівых інтарэсах адсутнасьцю свайго шэфа. Але больш шанцаў зьмяніць Мясьніковіча пасьля выбараў мае іншы намесьнік галавы Адміністрацыі — Юры Сівакоў. Пад маркай інспэкцыі ачольваная ім група супрацоўнікаў Адміністрацыі працягвае езьдзіць па рэгіёнах Беларусі, замацоўваючы сувязі зь мясцовымі органамі ўлады й правяраючы па заданьні кіраўніка дзяржавы надзейнасьць кадраў, якія ўважаюцца вылучэнцамі Мясьніковіча.

Рычард Бурштым

 

Пуцін, магчыма,
не прыедзе

На 25 ліпеня прызначаная сустрэча Лукашэнкі, Кучмы і Пуціна ў Віцебску на “Славянскім базары” — чарговы этап перадвыбарнай кампаніі ППРБ. Але, як паведамілі крыніцы з выбарчага штабу М.Марыніча, які на мінулым тыдні быццам бы езьдзіў у Маскву, магчыма, Пуцін у Віцебск не прыедзе.

Р.Я.

У Беларусь?

Папа Ян Павал II 24—26 верасьня наведае Арменію, заехаўшы перад тым у Казахстан. Нагода для візыту ў Арменію — урачыстасьці, што адбудуцца ў тым краі з прычыны 1700-х угодкаў абвяшчэньня хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй Арменіі. На ўрачыстасьці запрасілі й маскоўскага патрыярха Алексія ІІ, які адмаўляецца-ткі сустрэцца зь Янам Паўлам. Крыніцы, блізкія да беларускага біскупату, паведамляюць, што Папа вельмі хацеў бы наведаць і Беларусь. Яны не выключаюць, што такі візыт мог бы адбыцца ўжо налета. Застаецца дадаць умову, пра якую яны маўчаць: калі ў Беларусі зьменіцца палітычная сытуацыя.

Сяргей Рак

 

На шляху
да вэртыкалі

Кіраўнікі Паволжжа адмаўляюцца ад часткі сваіх уладных паўнамоцтваў на карысьць цэнтральнае ўлады, пра што й пішуць у калектыўным лісьце Пуціну, які мае зьявіцца на днях. Яны просяць ануляваць дамовы між правінцыямі і цэнтрам аб разьмежаваньні паўнамоцтваў, бо, маўляў, патрэбы ў іх больш няма і тэрмін іх дзеяньня пераважна выйшаў. Засталася толькі адна праблема — існаваньне гэткіх дамоваў замацавана ў расейскай Канстытуцыі.

 

Заняпад цэркваў

Сьвята Кірылы й Мятода ды ўгодкі сьмерці Яна Гуса – адзіныя, апрача Калядаў і Вялікадня, рэлігійныя сьвяты ў Чэхіі, абвешчаныя выходнымі днямі. 5 ліпеня ў паўднёвамараўскім Веляградзе адбылася імша ў памяць сьвятых, якія ў 863 г. прынесьлі чэхам хрысьціянства. Але сабралася на яе толькі 30 тыс. чалавек. Няшмат!.. Праблемы чэскае каталіцкае царквы выявілі і вынікі апошняга ўсеагульнага перапісу. За 10 апошніх гадоў вернікаў у Чэхіі паменшала на 1,3 млн асобаў. У 1991 г. каля 40% чэхаў называла сябе бязбожнікамі, у 2001 г. гэты паказьнік дасягнуў 58%. Найбольшыя страты меў рыма-каталіцкі касьцёл, дзе колькасьць вернікаў паменшала ад 4 да 2,7 млн. асобаў. Вернікаў пагублялі і Эвангелічная царква (140 тыс.), і Гусіцкая царква (96,4 тыс.).

 

Выгады Эўразьвязу

Чэхія пасьля ўваходжаньня ў Эўразьвяз штогод будзе атрымоўваць з Брусэлю каля $1700 млн. датацыяў, а сама будзе плаціць у саюзны скарб $660 млн.

С.Р.

 

Аркуш – у Вільню

Полацкі пісьменьнік Алесь Аркуш, галоўны рэдактар часопісу “Калосьсе”, часова перабраўся на жыхарства ў Вільню. Мо, застанецца там і на стала.

С.Х.

Ліст у рэдакцыю

Пішу да вас з Аўстраліі

Піша да вас Міхась — з Аўстраліі.

У Аўстраліі зараз восень і пачатак зімы, самыя прыгожыя і прыемныя поры году: цёплыя сонечныя дні, тэмпэратура ў Сыднэі 12—21 градус. У сярэдзіне зімы (ліпень — пачатак жніўня) бывае і “вельмі халодна”, бо часам 3—4 градусы раніцай.

Ёсьць у нас таксама бяда, хвароба, якая завецца старасьць. Бальшыня нацыянальна сьвядомага беларускага грамадзтва ўжо пасьля 70 гадоў, а прыросту амаль няма, так што будучыня выглядае ня вельмі цікава. Але ж не пахіляем галоваў, можа здарыцца цуд.

Міхась Лужынскі, Гілдфард

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0