тэма нумару
Паэт-сымулянт
Янка Лучына. 1851—2001
Янка Лучына — самы менскі паэт у гісторыі беларускай літаратуры, гарадзкі культурны герой, вядомы кожнаму тагачаснаму менчуку і на вуліцах места і ў менскім тэатры, дзе ад імя ўдзячнай публікі па-беларуску вітаў заежджыя трупы. Акурат на ганку тэатру яго разьбіў паралюш. Хочацца дадаць: паводле паданьня. Бо гэты паралюш выглядае зручным спосабам “закасіць” ад разьмеркаваньня на Каўказ. Мяркуйце самі: пасьля Пецярбурскага інстытуту маладога чалавека адпраўляюць у далёкі Тыфліс, які сытуацыйна нічым не адрозьніваўся ад сёньняшняга Гудэрмесу, — працаваць на чыгункавых складах. Праз два гады Лучына завітвае ў Менск, і тут яго разьбівае паралюш. Пра тое, што гэта магло быць сымуляцыяй, сьведчыць і такі факт: спаралюшаваны Лучына ня кідае сваіх улюбёных заняткаў і рэгулярна езьдзіць у Мархачоўшчыну лавіць рыбу ды паляваць на ласёў зь медзьвядзямі.
У Менску чалавек цёгаецца на мыліцах на нялюбую працу. А як выпадаюць вольныя дні — выпраўляецца на вёску. Тут мыліцы адкідаюцца ўбок, Лучына распраўляе плечы, купаецца ў Нёмане, выходзіць на доўгія паляваньні ў навакольныя лясы, добра харчуецца. Навокал зычлівыя паспалітыя людзі, а можа быць, і тая прыгожая сялянка... Пасьля чалавек ізноў вяртаецца ў свой футарал — устае на мыліцы, пачапляе акуляры і едзе ў Менск.
Менск для яго — футарал. А Мархачоўшчына — самое жыцьцё, сьвятая Літва і сьвятая Беларусь, якая натхняе яго на творчасьць.
1851—2001
Няма тугі па прамінулым ХХ ст. Бо ўсё лепшае, што за гэты час рабілася ў беларушчыне, было прадыктаванае тугою па стагодзьдзі ХІХ-м. У дакумэнтальнай рэальнасьці ХХ ст., нібы тыя печы на папялішчах хат, парасстаўляныя мулкія і неадушаўлёныя знакі бяды — Курапаты, Хатынь, Чарнобыль, а за імі, нібы параграфы разьдзелаў, — калектывізацыя, нацдэмы, партызаншчына, радыяцыя, намэнклятура, Лукашэнка... Ходзіш паміж гэтых знакаў, а ў душы — туга. Бо самая культура наша — гэта туга па ідыліі: па фантастычна прыгожых краявідах, як на малюнках Орды, — зямля сядзібаў; па чалавечай шчырасьці, як у лістах Пачынальнікаў; па яснай мэце змаганьня, калі не мяшаюцца дабро і зло, як у бітвах 1831-га і 1863-га; па высокім аўтарытэце культуры і адукацыі, як у Полацкім калегіюме або Віленскім унівэрсытэце; па чыстаце і людзкасьці. Самыя беларускія творцы, чыё мастацтва прасякнутае нацыянальнай ідэяй — людзі гэтай тугі. Таму Ўладзімер Караткевіч, да прыкладу, — пісьменьнік ХІХ ст. А Пётра Сергіевіч — мастак ХІХ ст. А Зянон Пазьняк — палітык ХІХ ст. Ад творцаў пазьнейшага часу іх адрозьніваюць рамантызм, адназначнасьць і першынство маралі. Таму і творы ХІХ ст. чытаюцца нібы сёньняшнія. Выглядае, што пры канцы ХІХ ст. выразьнікі беларускай ідэі моцна затужылі па сваім веку. Туга тая стала культурай на ўсю пэрспэктыву, і мы са сваёй верхатуры часу, тым ня менш, таксама — частка тае тугі і тае культуры. Адлік усяго гэтага тужэньня пачынаецца з канкрэтнага чалавека — зь Янкі Лучыны.
Сяргей Паўлоўскі