Зьміцер Бартосік
Мархачоўшчына
Наведаемся ў фальварак Мархачоўшчыну пад Стоўпцамі, куды Неслухоўскі-Лучына любіў прыяжджаць на паляваньне. Да Неслухоўскіх гэтую радзівілаўскую маёмасьць арандаваў Аляксандар Кандратовіч, бацька Ўладзіслава Сыракомлі. Цяпер у Мархачоўшчыне ёсьць памятны знак у гонар Сыракомлю і Лучыну — двух выдатных паэтаў. А мясцовы калгас носіць імя трэцяга — Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна.
Паэзія Янкі Лучыны прасякнутая жалем і тугою па ХІХ-м ст., дзе яшчэ ня сьцерліся з памяці трагедыі трох паўстаньняў, дзе яшчэ працягвае жыць насуперак новым парадкам шляхецкая вольнасьць, дзе тутэйшыя паны з тутэйшымі мужыкамі яшчэ не згубілі супольнае мовы. Дзе старыя людзі яшчэ памятаюць артыкулы Літоўскага Статуту, а многія ня выракліся уніі. І дзе яшчэ існуе панятак “сьвятая Літва”. Менавіта так Лучына ў сваіх лістах называе ваколіцы вёскі Мархачоўшчына, дзе сям’я арандавала фальварак. Зрусіфікаваны губэрнскі горад Менск, у якім ужо адчуваецца напоўніцу прыход новага ХХ ст., мала прысутнічае ў творчасьці менскага паэта Янкі Лучыны. Ад шумных чужых рэаліяў яшчэ, дзякуй Богу, ёсьць дзе схавацца.
І як строй дамоў сталічных
Бачу ў пышных я ўбраньнях,
Дзе дагнана ўсё дазваньня,
То хвалю задуму, воблік,
Узьлёт мастацтва, шык будоўлі, —
Але сам у думках звычных
Ля ліцьвінскай хаты простай,
Што ўсьміхаецца празь вёрсты,
Бы здалёк сардэчна кажа:
“Мо зайшлі б, як воля ваша”...
Едучы ў вёску Мархачоўшчына, я, вядома, не спадзяваўся ўбачыць падмуркі шляхецкага фальварку ці сустрэць нашчадкаў Рыгора, пэрсанажа “Паляўнічых акварэлек”. Мне цікава было паспрабаваць зірнуць на Мархачоўшчыну вачыма чалавека ХІХ ст., а менш за ўсё хацелася сустрэць у тых мясьцінах безнадзейнае савецкае бязладзьдзе — вёску, што вымірае, п’яных калгасьнікаў ды закінуты мэхдвор.
Каб трапіць у Мархачоўшчыну, трэба, выехаўшы зь Менску па 30-й трасе ў бок Варшавы, перад Стоўпцамі збочыць на старую варшаўскую дарогу. І празь дзясятак кілямэтраў ужо ў саміх Стоўпцах павярнуць налева на 54-ю дарогу, што вядзе да Нясьвіжу. І вось тут, пераехаўшы церазь Нёман, трапляеш у мястэчка Новы Сьвержань, дзе чакае першае прыемнае ўражаньне. Уся дарога дагэтуль мала чым можа ўразіць. У раёне Стоўпцаў — суцэльная прамзона: пыльныя склады, нейкія аўтабазы, бэтонныя платы з пад’ёмнымі кранамі. І раптам у цэнтры Новага Сьвержаню перад вачыма вырастаюць два старыя вялікія храмы ХVI ст. — праваслаўны й каталіцкі, пабудаваныя абапал дарогі. Празь якія тры кілямэтры трэба збочыць направа, дзе ўказальнік паказвае на вёску Кісялёўку. Дарога пойдзе крута ўверх. І там, на пагорку, у вочы кінецца высозная стогадовая ліпа, зялёная выспа могілак і дахі немалой вёскі. Гэта Мархачоўшчына.
…Як тут зацішна! — не далятае
Тлум гарадзкі тут... Мовай бяз слоў
Вечнасьць са сьвету таго прамаўляе
Рэхам нямых дамавінаў і сноў.
І перад зрокам самотных, прысутных
Цені ўстаюць у прадоннай імгле.
Здэцца, там голас знаёмага чутны,
Поціск далоні каханая шле.
У самым высокім пункце навакольля, пад старою ліпаю ляжыць вялізны гранітны валун з жалезнаю шыльдаю: “Тут бывалі беларускія паэты Ўладыслаў Сыракомля і Янка Лучына падчас арандаваньня фальварку”. Навакольны краявід вельмі беларускі: някідкая экзотыка раскіданая ў драбностках далёка не бяскрайняга далягляду. Някепска было б, каб першым, што бачыш у сваім жыцьці, быў менавіта гэты краявід. Ягоныя ўзгоркі ды пералескі інтрыгуюць і просяцца, каб іх пашырылі, і разам з тым назаўжды застаюцца ў памяці, як нешта глыбока асабістае. І неістотна, якое стагодзьдзе пануе навокал.
Аднак, вока тут цешыць ня толькі прырода. Вёску Мархачоўшчына ніяк не аднясеш да беспэрспэктыўных. Хутчэй наадварот — гледзячы на яе пэрспэктывы, можна засумнявацца ў прагнозах менскіх аналітыкаў адносна хуткага выміраньня вясковага насельніцтва. Старасьвеччыны тут сапраўды амаль няма. Дамы грунтоўныя, пераважна цагляныя. І паселішча разбудоўваецца ўшыркі зграбнымі катэджамі. У шмат якіх прадугледжаныя гаражы.
Я ўявіў, што б рабілася ў маёй галаве ці маёй душы, калі б я даведаўся пра такую незвычайную рэч. Шмат гадоў таму ў маёй вёсцы, мажліва нават на маёй вуліцы, жыў паэт. Які пісаў пра маю вёску, распавёў пра яе сьвету... Далібог на знаёмыя краявіды я глядзеў бы ўжо крыху й ягонымі вачыма. А дзеля чаго жыць тут, як ня дзеля вершаў?..
Па галоўнай вуліцы Мархачоўшчыны ішла кабета сярэдняга веку.
— Вам пра паэта Янку Лучыну ні бацькі, ні дзяды нічога не казалі?
— Ну, бацькі, можа, яго і зналі, але, як быў малазнаёмы, дык ніколі к размове не прыходзіла гэта.
— А Вы самі не чыталі ягоныя вершы?
— Можа і чытала, але ня помню ўжэ.
— А як Вы ўспрынялі гэты факт, што вось у вашай вёсцы жыў беларускі паэт?
— Ну, як ён жыў, як ён паэт, цяпер яго прызналі, дык нармальна. Хай праслаўляецца. Сваёй працай.
Сама таго ня ведаючы, Ірына Юрасава растлумачыла мне вельмі шмат. Якія тут 150 гадоў! Калі “быў малазнаёмы”. І які можа быць паэт, пакуль яго не “прызналі”.
Ад’яжджаючы зь вёскі, я на пару хвілінаў прыпыніўся каля той старой ліпы, пэўна адзінай прыкметы колішняга фальварку. Праз дарогу за плотам маладая жанчына палола буракі. “А Вам вядомае імя Янкі Лучыны?” — “Дык вось тут жа ж іхны дом стаяў.” — “Дзе?” — “Ды вось тут, дзе я буракі капаю”.
Такога адказу я, далібог, не чакаў. “А хто ж Вам гэта сказаў?” — дапытваў я маладзіцу. — “Усе так кажуць”. — “Дык вам не буракі, а, можа, золата капаць тут трэба”. — “А, — не адрываючыся ад працы, усьміхнулася тая, — капалі ўжо. Не знайшлі нічога. Буракі надзейнейшыя”.