Пра сучасны фэмінізм

Фэмінізм — гэта рэвалюцыя, якая не вядзе ані да цкаваньня апазыцыянэраў, ані да Гулагаў.

Элізабэт Бадэнтэр

Яшчэ раз хочацца вярнуцца да дэфініцыі “фэмінізму” ў ягоным сучасным беларускім бачаньні. Неяк у Віцебску пачуў я філязофскую спрэчку двух спадароў у краме. Неўпрыкмет яна перайшла ў абмен абразамі. Дык нароўні з “казлом” я пачуў слова “хвэмініст”. На жаль, мясцовы філёзаф не пажадаў патлумачыць мне сэнс ужытага слова. Таму я застаўся сам-насам з таямніцай пранікненьня слова “фэмінізм” у віцебскую краму.

Трэба адзначыць, што ня толькі для “тутэйшых філёзафаў”, але й для ўнівэрсытэцкіх панятак “фэмінізм” мае нэгатыўны сэнс. А ў абсалютнай бальшыні беларусаў гэтае слова наагул ні з чым не асацыюецца, аднак набывае адмоўнае гучаньне пад уплывам агульнай нянавісьці да ўсіх ізмаў/ызмаў.

У Беларусі панятак “фэмінізм” першапачаткова ўвайшоў ва ўжытак дзякуючы камуністычнай ідэі — ён пазначаў канцэпцыю барацьбы за правы кабетаў. Як камунізм, што стаўся савецкім, кубінскім, азіяцкім ці афрыканскім, фэмінізм набыў новыя нюансы. У Скандынавіі, Канадзе, Аўстраліі й Новай Зэляндыі паўстаў гэтак званы “дзяржаўны фэмінізм”.

У Францыі фэмінісцкі рух падзяляецца на дзьве плыні: унівэрсалісцкі, ці рэспубліканскі, на чале зь філёзафкай Элізабэт Бадэнтэр, і “дыфэрэнцыялісцкі”, ці традыцыйны. Выбітнай прадстаўніцай апошняга зьяўляецца Сільвіан Агасінскі, жонка сёньняшняга прэм’ер-міністра.

Беларускі фэмінізм таксама досыць разнастайны.

Традыцыйны фэмінізм асноўнай мэтай лічыць абарону правоў жанчыны-маці. Ліга жанчынаў, Арганізацыя мацярок, дзеці якіх загінулі ў Аўганістане, Асацыяцыя адзінокіх мацярок і дабрачынная арганізацыя “Вера, Надзея, Любоў” прэзэнтуюць беларускі традыцыйны фэмінізм.

Процілеглы вобраз фэмінізму створаны калектывам цэнтру гендэрных дасьледаваньняў на чале з Аленай Галавай. ЦГД сымбалізуе ўнівэрсалісцкі падыход да вырашэньня сацыяльных, эканамічных і тоеснасных праблемаў як жанчынаў, так і мужчынаў.

Нарэшце, партыя “Надзея”, створаная як выключна жаночая, пакрысе зьмяніла статут і адчыніла дзьверы мужчынам. Чым тлумачыцца гэтая тактычная зьмена: адыходам ад традыцыйнага бачаньня фэмінісцкіх ідэяў ці жаданьнем актыўна ўключыцца ў палітычнае жыцьцё краіны, што магчыма толькі з унівэрсалісцкімі праграмамі?

Параўноўваючы традыцыйны й унівэрсалісцкі фэмінізмы, трэба сказаць, што ў Беларусі больш палітычных шанцаў мае апошні. Бо ён не засяроджваецца выключна на жаночай тэматыцы, а займаецца праблематыкай роляў, статусаў і правоў абодвух палоў.

Калі жанчыны пераасэнсоўваюць сваё становішча ў грамадзтве, гэта закранае й мужчынаў, бо адбываецца перагляд традыцыйнага разьмеркаваньня роляў і абавязкаў. Таму няма нічога дзіўнага, што шмат мужчынаў заангажаваныя ў фэмінісцкія пошукі і выпрацоўку новых мадэляў адносінаў. Так, Ж.-П.Сартр ці П.Бурд’ё заўжды падкрэсьлівалі, што яны фэміністы. Цікава, што мае на ўвазе Лукашэнка, калі абвяшчае на ўсю краіну разуменьне жаночых праблемаў, павагу й любоў да беларусак?

Унівэрсалісцкая фэмінісцкая канцэпцыя ўключае ў кола інтарэсаў і прыярытэтаў “гамафобнае пытаньне”. То бок, абараняе правы гомасэксуальных асобаў. Здаецца, што пакуль аніводная палітычная партыя ў Беларусі, ані клясычныя фэміністы не спрабуюць артыкуляваць гэтае пытаньне ў сваіх праграмах. Відаць, ня модна, не актуальна. А мо ў партызанскай Беларусі гэткія паняткі як “гетэрасэксуальнасьць”, “гомасэксуальнасьць” і “фэмінізм” выглядаюць недалуга й адцягнена?

Уладзь Гарбацкі, Страсбург

 

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0