Валеры Булгакаў

Ці давядзе Лукашэнка
беларускую гаспадарку да краху?

 

Перадвыбарная кампанія Аляксандра Лукашэнкі вызначаецца размахам — тут табе і зьезды ў мармуровых залях, і палёты ў Маскву і Ерэван, і візыты дарагіх зорак — ад таварыша Цзэміня да пана Пуціна, і раздача Герояў дырэктарам, і дарэньне гінэкалягічных цэнтраў жанчынам сталіцы, і ратаваньне айчыннага кінэматографу, і запуск падстаўных кандыдатак з наступным гістэрычным зьняцьцём, і ўвядзеньне ў дзеяньне новых станцый менскага мэтра, і прыцягальны для беларускіх выбарцаў сямейны канфлікт зь беглым алігархам Ванем Ціцянковым. Іншыя кандыдаты ў гэтым яму не дараўнаюцца.

 

Але пры гэтым Лукашэнка, як і сем гадоў таму, ня грэбуе зарабляць палітычныя дывідэнды на дробных антыкарупцыйных скандалах і абяцаньнях “запусьціць заводы”. Ролю другога цяпер адыгрывае прапаганда посьпехаў беларускай прамысловасьці.

Лукашэнку падабаецца нацягваць на сябе маску эканаміста (так ён сам сябе ахарактарызаваў у заяве, пададзенай у Цэнтравыбаркам). Ён лічыць бізнэс-эліты найбольшай патэнцыйнай небясьпекай для створанага ім рэжыму і таму што ёсьць сілы імкнецца паказаць сябе гарантам іх будучага працьвітаньня, заручыцца іх падтрымкай. Ён сустракаецца з удзельнікамі Эканамічнай рады СНД і не шкадуе цёплых словаў для яшчэ нядаўна “вашывых” пераможцаў конкурсу “Найлепшы прадпрымальнік 2000 г.”: “Прадпрымальнікі — гэта людзі, якія ствараюць асноўныя вартасьці ў нашым грамадзтве, у нашай дзяржаве”.

Перадвыбарная кампанія Лукашэнкі накіраваная на шырокія слаі беларускага грамадзтва — і на аматараў кіно, і на зацікаўленых у паляпшэньні жытловых варункаў, і на прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй і барацьбы з карупцыяй, і на работнікаў буйных прадпрыемстваў ды бізнэсоўцаў. Ну і, канечне, тутэйшых носьбітаў “праваслаўнай духоўнасьці”.

Лукашэнкаўская кампанія можа быць узорам для іншых кандыдатаў, бо ён мабілізаваў найбольшую колькасьць матэрыяльных і людзкіх рэсурсаў. А таксама таму, што Лукашэнка імкнецца стварыць уражаньне палітыка, які рэальна кансалідуе беларускае грамадзтва.

Утапічная думка Вячоркі

Апазыцыі пакуль рэдка калі хапае на такі напор. Відаць, таму Вінцук Вячорка падчас праведзенай ім пры канцы чэрвеня ў Віцебску прэс-канфэрэнцыі дапусьціў, што Лукашэнка можа перамагчы на восеньскіх выбарах, але тады рэжым пратрымаецца ад сілы год-паўтара — ягоны хуткі крах непазьбежны ў выніку расколу ў асяродзьдзі намэнклятурных работнікаў і эканамічных чыноўнікаў.

Такая палітычная нізкавокасьць агулам характэрная для асяродзьдзяў беларускай апазыцыйнай інтэлігэнцыі. Той самы прагноз можна прачытаць у звароце Зянона Пазьняка да выбарцаў у артыкуле газэты “Московский комсомолец”, падрыхтаваным з дапамогай “Хартыі’97”. Згадваецца, як Алег Трусаў яшчэ ў 1996 г. у інтэрвію “НН” прадказваў, што Лукашэнка пратрымаецца ўва ўладзе ад сілы год-два. Рэальнасьць зьняпраўдзіла ўсе гэтыя прагнозы.

Недарэчнасьць такога кшталту разважаньняў падвойная: па-першае, яны выклікаюць апатыю ў стане дэмакратаў (маўляў, мы так многа зрабілі, што цяпер можна і адпачыць — Лукашэнка сам хутка галаву сабе скруціць), па-другое, імі памылкова акрэсьліваецца крыніца галоўнай небясьпекі для лукашэнкаўскага рэжыму — у разуменьні Вячоркі, гэта фактычна вышэйшыя аддзелы дзяржаўнага апарату. Калі выказаць тэзу В.Вячоркі ясьней, дык: эканамічныя інтарэсы беларускай намэнклятуры маюць настолькі разысьціся з лукашэнкаўскай эканамічнай палітыкай, што адзінай зарукай іх пасьпяховай рэалізацыі неўзабаве стане адхіленьне Лукашэнкі ад улады.

Апазыцыйная інтэлігенцыя часта ня бачыць, што лукашэнкаўскі рэжым, які ён ёсьць, — гэта спараджэньне вышэйшай беларускай намэнклятуры. Гэты рэжым цягам усяго свайго існаваньня выконваў ад пачатку ўскладзеную на яго асноўную функцыю — кансэрваваў паўсталыя пасьля распаду СССР адносіны ўлады і ўласнасьці ў Беларусі. Больш за 80% маёмасьці дагэтуль знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці — г.зн., фактычна належыць той самай беларускай намэнклятуры, якая прывяла да ўлады Лукашэнку (адпаведна, зьмяненьне адносінаў уласнасьці немінуча пацягнула б за сабой зьмяненьне балянсу ўлады; акурат таму Лукашэнка да апошняга супрацьдзейнічае перадзелу стасункаў уласнасьці ў Беларусі, нават прыходу расійскага капіталу на беларускі рынак). Да таго ж, адхіленьне Лукашэнкі ад улады магло б выклікаць непрадказальныя і непажаданыя для намэнклятуры структурныя трансфармацыі палітычнай сыстэмы.

Такім чынам, створаны Лукашэнкам рэжым у вызначаны Вячоркам тэрмін можа разваліцца толькі ў выніку народнага паўстаньня або эканамічнага краху (магчымасьці вайсковай інтэрвэнцыі, агульнанацыянальнага стыхійнага бедзтва і інш. трэба выключыць). Пэрспэктыва народнага паўстаньня або маштабных сацыяльных катаклізмаў у азначаны пэрыяд з пазыцыі сёньняшняга дня здаецца ўтапічнай. Калі сьледам за Вячоркам дапусьціць, што Лукашэнка пераможа на восеньскіх выбарах, то ўжо гэтая падзея дасьць “бацьку” гэткі “крэдыт даверу” ад беларускага народу, які ён наўрад ці пасьпее вытраціць да восені-зімы 2002—2003 г. Больш за тое, Лукашэнка даўно і трывала зарэкамэндаваў сябе як майстра сацыяльнага папулізму, у якога ёсьць немудрагелістыя і даступныя адказы на самыя злабадзённыя пытаньні беларусаў. Безаглядны папулізм Лукашэнкі прымушае яго апэратыўна адгукацца на надзённыя клопаты простых беларусаў. Апошняе, дарэчы, варта было б пераняць і кандыдатам ад дэмакратычнага блёку, у чыіх разрэклямаваных у СМІ іміджах нярэдка зашмат халоднай адстароненасьці і замала жывой чалавечнасьці. Можна з пэўнасьцю сьцьвярджаць, што пераможцам Лукашэнкі будзе палітык, здольны адчуць біцьцё кожнага беларускага сэрца.

Эканамічны крах Беларусі не пагражае

Эканамічны крах Беларусі таксама ў найбліжэйшы час не пагражае. Натуральна, у беларускай камандна-адміністрацыйнай эканоміцы назіраюцца шматлікія крызысныя зьявы і тэндэнцыі, якія Лукашэнкава абяцаньне давесьці сярэднюю заработную плату да 100$ узмацніла.

Табліца 1 паказвае, якую цану беларускай эканоміцы даводзіцца плаціць за папулісцкія абяцаньні Лукашэнкі. Зьмяншэньне капітальных укладаньняў, істотнае запаволеньне жытловага будаўніцтва, павелічэньне колькасьці беспрацоўных, сьведчаць аб спадзе справовай актыўнасьці ў Беларусі. Стодаляравы заробак ад Лукашэнкі таксама аплачаны беспрэцэдэнтным падзеньнем беларускага імпарту.

Апрача гэтага, у першым квартале г.г. паводле афіцыйных зьвестак прырост валавага ўнутранага прадукту (ВУП) склаў 1%, а паводле ацэнак шэрагу незалежных экспэртаў ВУП увогуле зьнізіўся на 3%. За студзень–люты вытворчасьць спажывецкіх тавараў зьменшылася на 2,5%, у тым ліку прадуктаў харчаваньня — на 5,3%. Са студзеня да ліпеня рост цэнаў у Беларусі склаў больш за 20%. За студзень—красавік адбылося зьмяншэньне памеру статутных фондаў банкаў на 6,4%. Унутраны дзяржаўны доўг толькі за першы квартал павялічыўся на 17,2% (прыкладна на 365 млн. даляраў), без уліку крэдытаў пад гарантыі ўраду.

Нягледзячы на ўсе запэўніваньні Лукашэнкі, што нарэшце нам удалося выйсьці на ўзровень “дакрызыснага” 1990 г., у 2001 г. вытворчасьць прамысловых тавараў склала адно 88% ад узроўню 1990 г. Затое толькі за мінулы год імпарт тавараў лёгкай прамысловасьці вырас на 16,7%, аб’ём экспартаваных у краіну прадуктаў харчаваньня ўзрос на 34%.

Лявінападобна расьце доля стратных прадпрыемстваў. У лёгкай прамысловасьці яна дасягае 33%, у харчовай — 15%, у цэлым па прамысловасьці — 21%. Больш за палову з 2543 беларускіх калгасаў і саўгасаў стратныя, штомесяц на датацыі для аграпрамысловага комплексу выдаткоўваецца каля 20 млрд. рублёў.

100$ — цяжар для гаспадаркі

На фоне падзеньня асноўных эканамічных паказьнікаў дэфіцыт у гандлі з Расіяй дасягнуў рэкорднай адзнакі — 1 млрд. 700 млн. даляраў ЗША.

Таму, хоць зарплата расьце, а больш як 40% беларусаў па-ранейшаму знаходзяцца за рысай беднасьці.

Беларуская гаспадарка — гэта тыповая для Ўсходняй Эўропы пераходная эканоміка, якая на пачатку рынкавых трансфармацый валодала някепскім патэнцыялам і ня страціла яго да канца і цяпер. Яшчэ ў падрыхтаваным у 1990 г. аналітыкамі “Deutsche Bank’у” індэксе пэрспэктываў разьвіцьця савецкіх рэспублік Беларусь атрымала высокія балы — 8 за ўзровень індустрыялізацыі і 6 за разьвіцьцё інфраструктуры.

 

Гады лукашэнкаўскага кіраваньня былі чаргаваньнем непасьлядоўнай, палавіністай лібэралізацыі гаспадарчай дзейнасьці і крутых адкатаў назад, да яе гіпэррэгуляцыі з боку дзяржавы. Што ж адбывалася ўвесь час — суб’екты гаспадараньня пастаянна былі закладнікамі палітычных амбіцый беларускага кіраўніцтва. Таму аздараўленьне беларускай эканомікі магчымае толькі пры карэкцыі палітычнага курсу нашай дзяржавы. Але як хутка прыйдуць да ўсьведамленьня гэтага беларускія эканамічныя эліты, гаварыць яшчэ рана. На жаль, кандыдаты антылукашэнкаўскага блёку замала ўвагі надаюць абароне інтарэсаў тых, хто вызначае палітыку краіны — кіраўнікоў прадпрыемстваў і бізнэсоўцаў. Такім чынам, яны ўвесь час апынаюцца без сацыяльнай базы і песьцяць дарэмныя надзеі, што рэжым вось-вось пахісьнецца сам сабой.

Эканамічны крах Беларусі не пагражае. Тое, што назіраецца ў краіне апошняе дзесяцігодзьдзе — гэта незаўважнае, але няўхільнае спаўзаньне ў эканамічнае недаразьвіцьцё, якое, няглядзячы на ўсю лукашэнкаўскую пыху і пераможныя рэляцыі БТ, робіць зь Беларусі дзяржаву другога гатунку, безабаронную перад галодным Усходам і вечна абражаную на багаты Захад. Толькі сыход Лукашэнкі можа зьмяніць эканамічны курс краіны.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0