З усіх старон

 

Справы азіяцкія

Цзян Цзэмінь завітае ў Менск падтрымаць Лукашэнку

Сталіцу Алімпійскіх гульняў 2008 г. выбіралі ў Маскве на пасяджэньні Міжнароднага алімпійскага камітэту. Перамог Пэкін, які атрымаў 56 галасоў з 111. Беларускі НАК напярэдадні пасяджэньня ўхваліў кандыдатуру Пэкіна.

 

Кажуць, што звычайна падчас такіх працэдураў галасы папросту купляюць. Мяркуйце самі: цягам апошніх 3 гадоў кітайскія фірмы практычна за свой кошт збудавалі ў Афрыцы 28 футбольных стадыёнаў.

КНР змагалася за права арганізаваць Алімпійскія гульні ад 1993 г. Тады перад прыездам інспэкцыі Міжнароднага алімпійскага камітэту ўлады павывозілі зь места ўсіх “непажаданых” асобаў і, каб зьліквідаваць смог, пасярод зімы выключылі цэнтральнае ацяпленьне. Відовішча сініх кітайцаў, што грозна ляскалі зубамі, інспэктарам пэўна не спадабалася. Гэтым разам былі зробленыя высновы, і калі ў лютым Пэкін наведала камісія МАК, улады толькі на тыдзень зачынілі самыя экалягічна брудныя фабрыкі ды пафарбавалі газоны. Інспэкцыя прайшла ўдала, і змаганьне за Алімпіяду перайшло ў сфэру хабараў і абяцанак дый урэшце завяршылася кітайскай перамогай.

Кітайскі кіраўнік Цзян Цзэмінь завітае ў Беларусь па дарозе з Расеі ў Малдову. У Кішынэў ён паляціць, каб падтрымаць прэзыдэнта Вароніна — няшмат у сьвеце краінаў, дзе камуністы пры ўладзе. У Расеі Цзэмінь будзе падпісваць дамову аб стратэгічным супрацоўніцтве. А да нас заедзе, каб прывітаць Лукашэнку, даўняга сябра кітайцаў усяго сьвету. Цікава будзе, калі Кітай разам з Кувэйтам, адкуль нядаўна вярнуўся Мясьніковіч, выдзеляць Беларусі крэдыты, неабходныя для аднаўленьня разбуранай выбарамі гаспадаркі.

Візыт Цзян Цзэміня — доказ таго, што Беларусь мае свой уплыў у сьвеце (кітайскай, а не амэрыканскай ягонай частцы). Прэзыдэнты дзьвюх супэрдзяржаваў – Расеі і Кітаю — знаходзяць час, каб завітаць у Менск і маральна падтрымаць Лукашэнку перад выбарамі — ці гэта ня лепшае пацьверджаньне таго, што “жыве Беларусь”? (І як жыве Беларусь...)

 

Язапат Змысла

 

Злачынства расейскіх салдацюгаў

Прэзыдэнт Інгушэціі Руслан Аўшаў абвінаваціў расейскія фэдэральныя войскі ў барбарстве. Нагодай сталіся дзеяньні жаўнераў у Джэйраскім раёне, дзе вайскоўцы разбурылі адзін з найстаражытных інгускіх могільнікаў і зрабілі прыбіральню ў сярэднявечным храме ХІІ ст. Хаба-Ерды, які для горцаў, прыкладам, як наша Каложа. Вайскоўцы на свае патрэбы яшчэ й разабралі частку сьценаў бажніцы. Інгушы ўзбудзілі крымінальную справу па факце апаганьваньня сьвятыні.

 

Reforma pravapisu

З 1 жніўня ўсе азэрбайджанскія СМІ, дзяржаўныя ўстановы, рэклямныя й мастацкія выданьні пяройдуць на лацінку. Прэзыдэнт Гейдар Аліеў падпісаў распараджэньне аб стварэньні дзяржаўнай камісіі па рэформе мовы, старшынём якой будзе ён сам. Сваімі намесьнікамі ён прызначыў галаву прэзыдэнцкае адміністрацыі, прэзыдэнта АН, старшыню Саюзу пісьменьнікаў, а таксама дзесяць экспэртаў ад ураду, парлямэнту і ВНУ.

 

Гэй, газу!

“Газпрам” у парушэньне ранейшых дамоўленасьцяў скараціў пастаўкі газу ва Ўкраіну, бо тая нібыта не даплочвала за ўжо атрыманае. У адказ “Нафтагаз Украіны” абвесьціў “Газпраму” і ягонай крэатуры “Ітэры”, што ўкраінскі бок сам будзе штодня забіраць патрэбныя 10 млн. кубамэтраў газу з аб’ёмаў ітэраўскага транзыту ў Эўропу. І сталі адпампоўваць, не чакаючы адказу.

 

Вайна з кракадзіламі

Улады афрыканскай дзяржавы Маляві шукаюць паляўнічых-добраахвотнікаў для адстрэлу кракадзілаў. Такі крок выкліканы тым, што рэптыліі ўсё часьцей і часьцей нападаюць на людзей у ваколіцах возера Ньяса. Кожны добраахвотнік атрымае афіцыйны дазвол забіць дваццаць кракадзілаў у пэўных раёнах краіны. Тутэйшыя паліцыянты ў часе сэзону дажджоў амаль штодня атрымліваюць паведамленьні пра напады кракадзілаў на людзей, нават на зямлі.

 

Візы, межы і карупцыя

Урад Нямеччыны пераглядае іміграцыйную палітыку. У праекце новага закону прапануецца штогод прымаць 50 тысячаў новых імігрантаў, перадусім маладых і кваліфікаваных, пераважна з тэхнічнай адукацыяй, а таксама 10 тыс. мэнэджэраў і студэнтаў. Імігранты, якія вывучаць мову й будуць добра сябе паводзіць, атрымаюць права застацца ў Нямеччыне назаўжды, а за 6 гадоў атрымаць грамадзянства. Трэба сказаць, што ня так тыя адмыслоўцы і прагнуць ехаць у Нямеччыну. Нядаўна Бэрлін запрасіў 20 тысячаў кампутарных спэцыялістаў, але прыехала толькі 8 тыс.

Віцэ-міністар нацыянальнай абароны Польшчы Шарамецьеў пазбыўся пасады, а ягоны намесьнік Фармус арыштаваны па абвінавачаньні ў карупцыі. Ён, нібыта, вымагаў хабары дамаўляючыся аб закупках для польскага войска. Фармус меў ажно чатыры пашпарты — польскі, канадзкі, нямецкі і турэцкі (нават быў прапісаны ў Турэччыне). Скандал усчаўся пасьля артыкулу ў Rzeczpospolitej, хоць і раней неаднакроць казалі, што асыстэнт віцэ-міністра — хабарнік. Маючы зарплату 1,5 тыс. даляраў у месяц, Фармус купляў дарагія вілы й шыкоўныя лімузыны.

Сэрбам нарэшце паказалі праўду аб разьні, учыненай 6 гадоў таму ў Срэбраніцы. У ліпені 1995 г. бялградзкія СМІ паведамілі, што сілы басьнійскіх сэрбаў вызвалілі Срэбраніцу ад мусульманскіх экстрэмістаў. Дзяржаўнае ТБ паказала колькі кадраў, на якіх генэрал Радка Младзіч кажа пра гарантыі бясьпекі для местачкоўцаў. У хуткім часе незалежная газэта “Наша Борба” і незалежнае радыё Б-92 паведамілі пра разьню, але ўрадавыя СМІ на працягу ўсіх наступных гадоў абвяргалі паведамленьні пра гэтае злачынства. Таму, калі дзяржаўнае ТБ паказала перадачу пра Срэбраніцу, грамадзтва было ў шоку. Выявілася, што тыя, каго шэсьць гадоў называлі патрыётамі, у 95-м забілі 7500 чалавек.

Сяргей Рак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0