Новыя дакумэнты па гісторыі стасункаў БНР з Францыяй у 1919-1920 гг.

Што да “замежнай прэзэнтацыі” першай беларускай партыі, то гэтая падзея, безумоўна, мела вялікае сымбалічнае значэньне, але ніякай рэальнай карысьці нацыянальна-вызвольнаму руху яна не прынесла… Зыходзячы з гэткай багатай перадгісторыі, зусім натуральнаю падаецца й гісторыя нараджэньня і сьмерці аднаго пазьнейшага малавядомага дагэтуль праекту, якая паўстае са старонак дакумэнтаў, што друкуюцца ніжэй. Вядзецца пра спробу ўраду Беларускае Народнае Рэспублікі праз сваю дэлегацыю на Парыскай мірнай канфэрэнцыі1  заахвоціць Францыю ўкласьці грошы ў будову Балта-Чарнаморскага навігацыйнага шляху і такім чынам паспрыяць пасьляваеннаму аднаўленьню Ўсходняе Эўропы ды ўмацаваць пазыцыі БНР. Разьлік быў на тое, што гэткі магутны інвэстар, як Францыя, будзе любым коштам бараніць укладзеныя капіталы, а зь імі й гарант іхнае недатыкальнасьці, то бок дэмакратычны рэжым у Беларусі. Таму, хто б сумняваўся, што тым спадзяваньням было наканавана застацца марнымі, раю перачытаць гэты артыкул спачатку…

Ніжэй пададзеныя дакумэнты выяўленыя мною ў Цэнтры эканамічных і фінансавых архіваў (Centre des Archives Economiques et Financiиres) Міністэрства фінансаў Францыі, што ў горадзе Савіньі-Лё-Тампль. Сыгнатура адзінкі захаваньня: B-31979, нумарацыя старонак адсутнічае. Дакумэнт №1 і дадатак да яго — машынапісныя, дакумэнты №2 і 3 — рукапісныя. Усе дакумэнты ёсьць арыгіналамі. Друкуюцца ўпершыню, у маім перакладзе з францускай мовы.

 

Дакумэнт 1.

[На блянку Дэлегацыі Беларускай Народнай Рэспублікі на Парыскай мірнай канфэрэнцыі]

Парыж, 3 [?] ліпеня 1919.

№ 122.

Спадару Міністар,

Сярод праблемаў эканамічнага жыцьця Ўсходняй Эўропы вельмі важнае месца займае пытаньне аб стварэньні навігацыйнага шляху паміж Балтыйскім і Чорным морамі.

Вырашэньне гэтае праблемы залежыць ад трох наваствораных дзяржаваў: Латвіі, Беларусі й Украіны. Але, на жаль, гэтыя дзяржавы ніколі ня здолеюць рэалізаваць гэты праект сваімі ўласнымі сіламі з прычыны нястачы ў іх неабходных капіталаў. Паколькі справа ідзе аб мільярдах (ад 1 і 1/2 да 2 мільярдаў), яны будуць вымушаныя запрашаць замежныя капіталы.

Нямеччына з прычыны краху сваіх плянаў будаўніцтва чыгункі, накіраванай на Ўсход (лінія на Багдад), і зьяўленьня новага праекту Антанты правесьці гэтую лінію па-за нямецкай тэрыторыяй, узялася за распрацоўку новай ідэі, якая прадугледжвае стварэньне вялікага судаходнага шляху з Балтыйскага мора ў Чорнае (да Адэсы).

Сьведчаньнем гэтаму ёсьць артыкул пад назвай “Der Grosschiffahrtsweg Königsberg-Kijew von Handelskammer-Sindicus Fritz Simon”, надрукаваны ў адным нямецкім часопісе (Die Ukraine, Januar 1919, Heft 2). Гэты артыкул, у сваю чаргу, разьвівае плян інжынэраў Контага і Сімона, выкладзены ў брашуры “Königsberg Grosschiffahrtszege nach Litauen, der Ukraine und Polen” у верасьні 1918 г.

Калі Нямеччына здолее зрэалізаваць названы грандыёзны праект, гэта дазволіць ёй зноўку выйграць на Ўсходзе ўсё тое, што яна згубіла ў Эўропе ў выніку сваёй паразы, а таксама аказваць вялізны ўплыў на лёсы дзяржаваў, зацікаўленых у стварэньні гэтае навігацыйнае лініі.

Такім чынам, Антанта мусіць мець за свой інтарэс выцягнуць гэты козыр з рук Нямеччыны, узяўшы на сябе ініцыятыву стварэньня судаходнага шляху паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Дзеля гэтага яна зможа выкарыстаць плян № 1, дзе той шлях праектуецца паміж Дзьвіною й Дняпром, якія цякуць паўз Латвію, Беларусь і Ўкраіну, што дазволіць цалкам выключыць Нямеччыну з гэтае камбінацыі.

Маем гонар перадаць Вам у дадатку ўсе дакумэнты, якія маюць адносіны да гэтага пытаньня2 , з надзеяй, што Вы разгледзіце іх зь цікавасьцю, належнай праекту гэткае капітальнае важнасьці з пункту гледжаньня эканамічнага й палітычнага, і прыцягнеце да іх увагу высокапастаўленых францускіх пэрсонаў, здольных зацікавіцца ягонай рэалізацыяй.

Дзякуючы Вам наперад, просім прыняць, спадар Міністар, заўпэўненьні ў захаваньні нашай вельмі высокай павагі.

За Старшыню Дэлегацыі

[Асабісты подпіс:

А. d’Osnobichine3 ]

Спадару Міністру фінансаў.

 

Дадатак да Дакумэнту 1.

Парыж, 1 ліпеня 1919

Вялікая навігацыйная лінія паміж Балтыйскім і Чорным морам.

 

Вялікі гістарычны шлях з Поўначы ў Бізантыю, які праходзіў паўз раку Волхаў, возера Ільмень, раку Ловаць і цягнуўся на поўдзень да Дняпра, калісьці адыграў вельмі важную ролю ў разьвіцьці Ўсходняе Эўропы.

Зараз ён згубіў усю сваю важнасьць. Аднак, ідэя стварэньня вялікай і добра арганізаванай навігацыйнай лініі паміж Балтыйскім морам і Чорным морам, якой маглі б карыстацца караблі зь вялікім танажам, працягвае эвалюцыянаваць і даваць жыцьцё ўсё новым і новым праектам.

Сутнаснай ідэяй, што зь іх вынікае, ёсьць ідэя злучэньня Балтыйскага мора з Чорным праз сыстэму каналаў.

Першыя крокі да рэалізацыі гэтага пляну ўжо зробленыя: так, Сергуцкі канал зьвязвае Вулу, прыток Дзьвіны, і Бярэзіну, прыток Дняпра; Агінскі канал яднае Шчару, прыток Нёмана, зь Ясельдай, прытокам Прыпяці, і праз гэтую апошнюю злучае Дняпро з вышэйназванымі рэкамі. Нарэшце, Днепра-Бускі канал яднае прыток Віслы з Прыпяцьцю ды з Дняпром.

Але ўсе гэтыя каналы прымітыўнай канструкцыі ня могуць служыць для навігацыі караблёў вялікага танажу. Не прыстасаваныя для гэтага й рэкі, празь якія ідуць гэтыя тры лініі.

Прычыны такой нядбайнасьці трэба шукаць у цэнтралізаванай палітыцы былога расейскага ўраду, які абсалютна не цікавіўся сваімі “аддаленымі правінцыямі” і не жадаў рабіць вялікіх выдаткаў на іхную карысьць. Тым ня менш, ва ўсіх праектах, што датычацца названага судаходнага шляху, ён ідзе паўз гэтыя “аддаленыя правінцыі”, то бок Латвію, Беларусь і Ўкраіну, або Літву, Беларусь і Ўкраіну, ці яшчэ Польшчу, Беларусь і Ўкраіну.

Карысьць ад стварэньня вялікай навігацыйнай лініі, даступнай для цяжкагрузных караблёў, настолькі відавочная, што мы нават не зьбіраемся разьвіваць далей гэтую тэму.

У названым пытаньні найбольш зацікаўленыя дзяржавы, празь якія мусіць прайсьці названая лінія, аднак, ня меншым ёсьць інтарэс і краінаў, што маюць эканамічныя зносіны з тымі дзяржавамі. Немцы гэта добра зразумелі па акупацыі краінаў Балтыі, Літвы, Беларусі й Украіны.

У пэўных колах Нямеччыны адразу ж пачалі ліхаманкава вывучаць чатыры ніжэй пададзеныя праекты стварэньня гэтага воднага шляху, каб вылучыць адзін найвыгоднейшы.

— Дзьвіна—Дняпро (простая лінія, якая атрымаецца, калі пракапаць новы канал, што пройдзе праз канал Вула-Бярэзіна);

— Нёман—Шчара — Агінскі канал — Ясельда—Прыпяць—Дняпро;

— Прэгель4  — Мазурскія азёры — Аўгустоўскі канал — Нёман—Шчара—Агінскі канал—Ясельда—Прыпяць—Дняпро;

— Вісла—Буг — Днепра-Бускі канал — Прыпяць—Дняпро.

Відавочна, што Нямеччына будзе мець усе выгоды, прыняўшы праект №3, які ёсьць найкарацейшым і перасякае ладны кавалак нямецкай тэрыторыі.

Што да дзяржаваў, якія месьцяцца ў Балтыйскім і Чарнаморскім рэгіёнах, яны зацікаўленыя бачыць увасобленым у жыцьцё праект №1 ці №2: першы праходзіць празь дзяржавы-сяброўкі Латвію, Беларусь і Ўкраіну, другі — празь нямецкую Літву, расейскую Літву, Беларусь і Ўкраіну.

Першы з гэтых праектаў мае тую перавагу, што ён робіць гэтую лінію цалкам незалежнай ад Нямеччыны і ня мусіць сустрэць аніякіх пярэчаньняў з боку трох наваствораных дзяржаваў, як з прычыны іхных гістарычных сувязяў у мінулым, так і сёньняшніх супольных эканамічных і палітычных інтарэсаў. Ягоная рэалізацыя патрабуе іхнага супрацоўніцтва і вялікіх капіталаў. Апошняга, на жаль, яны ня маюць, але зараз гэтага не бракуе ні ў Эўропе, ні ў Амэрыцы.

Незалежна ад таго варыянту праекту, які будзе канчаткова прыняты дзяржавамі, што разьмешчаныя на захадзе тэрыторыі былой Расеі, важнасьць ролі Беларусі ў стварэньні гэтае Вялікае Навігацыйнае Лініі ёсьць фундамэнтальнаю. Менавіта гэта прымусіла Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ўзяць на сябе ініцыятыву па ягонай рэалізацыі.

Паводле справаздачы: “Königsbergs Grosschiffahrtswege nach Litauen der Ukraine und Polen”, von Contag und Simon. Верасень 1918.

 

Дакумэнт 2.

Парыж, 9 верасьня 1920.

Спадару Міністар,

Урад Беларускай Народнай Рэспублікі, як наўпрост, так і пры пасярэдніцтве Беларускай Дэлегацыі на Парыскай мірнай канфэрэнцыі, старшыня якой, палкоўнік Ладноў5 , мае належны мандат для вырашэньня ўсіх палітычных і эканамічных пытаньняў, вось ужо больш за год таму захапіў мяне прапановаю, адной з найцікавейшых для францускіх фінансаў. Дарэчы, гэтая прапанова была перададзеная Вам, а таксама сп.Мільерану6 Консулам Беларусі ў Парыжы7  27 траўня гэтага году.

1 чэрвеня Вы палічылі магчымым адказаць, што перадалі гэтую прапанову ў Службу агульнага руху фондаў і што, паколькі пытаньне належыць да дыпляматычнай сфэры ў такой самай ступені, як і да фінансавай, Вы паінфармавалі аб ім сп.Мільерана.

Са свайго боку, Дэлегацыя Беларусі падтрымлівае сталы кантакт зь Міністэрствам замежных справаў.

Беларускі Ўрад, які зараз знаходзіцца ў Рызе, прасіў мяне прыехаць у гэты горад, каб давесьці да яго дакладныя зьвесткі пра стаўленьне францускага ўраду да ягоных прапановаў.

Дарэчы, мне вядома, што беларускі ўрад атрымаў прапановы з боку іншых урадаў, якія абяцаюць, за пэўныя перавагі ў будучыні, адразу ж падтрымаць яго палітычна й фінансава, маючы на ўвазе прызнаньне Беларускае Дзяржавы і дэлімітацыю ейных межаў. Гэта й прымусіла беларускі ўрад прасіць мяне аб тэрміновай зь ім сустрэчы ў Рызе.

Адчуваючы, што вырашэньне пытаньня ня можа больш адтэрміноўвацца, я вырашыў прыняць гэтае запрашэньне.

Мне неабходна ведаць, якія ёсьць сучасныя намеры францускага ўраду, каб вызначыць сваю асабістую манеру паводзінаў падчас сустрэчы зь беларускім урадам, што знаходзіцца ў Рызе.

Прыміце, спадару Міністар, запэўненьні ў маёй высокай да Вас павазе.

Geogérald, дэпутат [Нацыянальнага Сходу Францыі],

Старшыня Нацыянальнага камітэту па эканамічнай экспансіі ва Ўсходнюю Эўропу.

 

Дакумэнт 3.

[На блянку чарнавіка Міністэрства фінансаў Францыі]

Загад № 14-508

Ад 20 верасьня 1920

Міністар

Сп. Жажэралю, Дэпутату,

Старшыні Нацыянальнага Камітэту па эканамічнай экспансіі ва Ўсходнюю Эўропу.

У адказ на Ваш ліст ад 9 верасьня маю гонар адзначыць, што ўрад Беларусі не прызнаны нават дэ-факта, і таму ўсе эканамічныя й фінансавыя пытаньні, якія могуць паўстаць у зьвязку з гэтай краінай, ёсьць абавязкова другаснымі ў адносінах да палітычнага пытаньня. У гэтых умовах толькі Дэпартамэнт замежных справаў здолее дакладна вызначыць сучасныя намеры францускага ўраду наконт Беларусі.

 

Нашыя дасьледнікі гісторыі БНР, магчыма, здолеюць адказаць на пытаньні, ці паехаў сп.Жажэраль па гэткім адказе ў Рыгу, і калі так, дык ці пасьпеў ён там сустрэцца з прадстаўнікамі ўраду Вацлава Ластоўскага перад тым, як яны мусілі пакінуць тэрыторыю некалі сяброўскай Латвіі, якая ў канцы кастрычніка 1920 г. заключыла мірную дамову з Савецкай Расеяй і разарвала дыпляматычныя зносіны зь Беларусяй. Аднак фактам ёсьць тое, што францускі ўрад Аляксандра Мільерана ў гэты момант аказваў моцную фінансавую й мілітарную дапамогу Польшчы, войскі якой займалі большую частку тэрыторыі БНР, а зь іншага боку — прызнаваў адзіным законным урадам Расеі ўрад генэрала Пятра Ўрангеля, вядомага прыхільніка “адзінай і непадзельнай”. Для нейкай там Беларусі ў гэтай геапалітычнай камбінацыі кіроўная эліта Францыі месца, відавочна, ня бачыла…

Ігар Лялькоў

 

 1 Міжнародная канфэрэнцыя, скліканая дзяржавамі-пераможцамі ў першай сусьветнай вайне для выпрацоўкі й падпісаньня дамоваў зь пераможанымі дзяржавамі. Праходзіла з 18.01.1919 па 21.01.1920. Пасьля афіцыйнага завяршэньня канфэрэнцыі ў Парыжы засталіся працаваць ейныя працоўныя органы (у 1920—21).

 2 Да ліста даданыя: 1) Аналітычная зацемка “Une grande ligne de navigation entre la Mer Baltique et la Mer Noire” (падаецца далей); 2) Францускі пераклад артыкулу Фрыца Сімона пад назваю “Une grande ligne de navigation Königsberg — Kieff” (у гэтай публікацыі не падаецца).

 3 Азнабішын А.А., былы Гарадзенскі віцэ-губэрнатар, на той момант — сябар Дэлегацыі БНР на Парыскай мірнай канфэрэнцыі.

 4 Ці Прэголя, рака, у вусьці якой знаходзіцца Каралявец (Кёнігсбэрг).

 5 Ладноў Я.М., на той час — міністар замежных справаў БНР, старшыня Дэлегацыі БНР на Парыскай мірнай канфэрэнцыі.

 6 Мільеран А., на той час — прэм’ер-міністар і міністар замежных справаў Францыі, з канца верасьня 1920 — прэзыдэнт Рэспублікі.

 7 Прозьвішча ня высьветленае.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0