Беларуская калекцыя выдавецтва l’Harmattan

Сапраўдны прарыў у францускім беларусазнаўстве адбыўся з пачаткам выданьня сэрыі кніг “Беларуская калекцыя” ў парыскім выдавецтве Harmattan. Пачалася яна з кнігі Ігара Лялькова “Агляд палітычнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага” (2000). Сярод сёлетніх навінак — кніга Алены Лапатнёвай “Беларусь: мізансцэны ўлады”, выданьне пад рэдакцыяй Аляксандры Гужон, Жана-Шарля Ляльмана і Віржыніі Шыманец “Хронікі пра сучасную Беларусь” і ўспаміны жонкі першага пасла Францыі ў Беларусі Ані Жаліф “Беларуская прыгода”.

Самае бэлетрыстычнае і лёгка напісанае з гэтых трох выданьняў — эсэ Ані Жаліф. Стварэньне францускай амбасады “на голым месцы” апісваецца аўтаркай як незвычайная, рызыкоўная авантура. У вачах беларусаў прыбыцьцё дыпляматаў надавала рэальную афарбоўку незалежнасьці краіны, таму пяць гадоў перабываньня ў Менску пакінулі добрае ўражаньне ў мадам Жаліф, і яна не хавае сваёй сымпатыі да Беларусі. Будучы з адукацыі спэцыялістам у палітычных навуках, спадарыня Жаліф не цураецца ў кнізе й палітычнага аналізу беларускае сытуацыі, але найперш глядзіць на рэчаіснасьць вачыма жанчыны. Чытаючы яе кнігу, нібы вяртаешся ў пачатак 90-х, але бачыш Беларусь пры гэтым францускімі вачыма: вось спадарыня Жаліф едзе з мужам-паслом у Беларусь. Пры сабе яны маюць толькі пасольскі сэйф зь пячаткай і 10 тысячамі даляраў дробнымі купюрамі. Яны едуць на сваёй “Пэжо” зь Берасьця па менскай трасе. Вакол буяе сіні лубін. У ваколіцах гарадоў паўстаюць першыя катэджы ў маўрытанскім стылі. На дарогах — рэдкія “Жыгулі”. Прыяжджаюць у “пасольства” — нумар у гатэлі “Беларусь” з санвузлом з “іржавай сантэхнікай у вясковым стылі”, як мякка выражаецца спн.Жаліф. Ладзяць першы прыём на 14 ліпеня, перабіраюцца ў Дразды... Першы менскі прыватны рэстаран — белы мармур, чорная мэбля... Ягоны ўладальнік таямніча зьнікае... Менск, пабачаны знутры.

Іншыя кнігі — навуковыя. У прадмове да кнігі А.Лапатнёвай, парыскай дасьледчыцы беларускага паходжаньня, францускі навуковец Ален Блюм піша: “Кніга прапануе для гісторыкаў і палітолягаў, якія сёньня ўсё больш цікавяцца формамі ўлады й кіраваньня, каб зразумець прыроду пэўнае нацыянальнае гісторыі, няшчасны і, на жаль, малавядомы “досьвед” таго, як на маланаселенай тэрыторыі паўтараюцца тыя элемэнты гісторыі, што былі вызначальнымі для ХХ стагодзьдзя. Яна дапамагае таксама наблізіцца да разуменьня вычварнага і абсурднага. Яна дае нам пэўныя зьвесткі пра тое, якім чынам разыгрываюцца “мізансцэны” дэмакратыі і ўяўнага (а, магчыма, часткова й рэальнага) народнага суўдзелу ў формах кіраваньня, практыкі якіх адмаўляюць любую форму суўдзелу і дэмакратыі, а вынікі якіх толькі глыбей заганяюць краіну ў роспачны стан... Яна таксама паказвае крохкасьць такое формы кіраваньня, адзінай легітымізацыяй якой ёсьць гвалт, самавольства і інсцэнаваньне ілюзорнага народнага ўдзелу”.

“Хронікі пра сучасную Беларусь” складаюцца з артыкулаў розных аўтараў, якія працуюць у розных галінах навукі і чый дасьледчыцкі інструмэнтар істотна розьніцца. У разьдзеле “Гісторыя” друкуюцца артыкулы “Беларусь, множная гісторыя” Бруна Дрвэскі, “Дасьледаваньне ўяўленьняў пра гісторыю ў Беларусі” Алены Лапатнёвай і “Адраджэньне жыдоўскай гістарыяграфіі ў Беларусі: між гісторыяй і памяцьцю” Клер Лё Фоль. У разьдзеле “Палітыка і эканоміка” — “Аўтарытарны пераход: ідэалягічныя асновы і палітычныя практыкі” Аляксандры Гужон, “Бітва прэзыдэнцкіх кланаў: стратэгіі кааптацыі ў аўтарытарны рэжым” Жана-Шарля Ляльмана, “Эвалюцыя эканамічнай сытуацыі ў Беларусі з 1991 да 1999 г.” Надзі Лісоўскай. У разьдзеле “Міжнародныя стасункі” — “Беларусь на міжнароднай арэне: між ізаляцыяй і інтэграцыяй” Вольгі Бяловай, “Продаж зброі па-леваму і па-праваму” Жана-Шарля Ляльмана. У разьдзеле “Культура” — “Аляксандар Лукашэнка і беларусы ў люстэрку анэкдотаў” Амандыны Рэгамэ, “Францускае культурнае супрацоўніцтва зь Беларусяй” Вольгі Чалновай і Філіпа Бэрнара, “Аўтарытарныя культуры” Віржыніі Шыманец. У разьдзеле “Чарнобыль” — “Чарнобыльская катастрофа і здароўе” Мішэля Фэрнэкса, “Адказнасьць Захаду за ўплыў чарнобыльскай катастрофы на здароўе жыхароў Беларусі, Украіны й Расіі” Бэлы Бэльбэок, “Жыцьцё ў забруджанай зоне, або парадоксы кіраваньня рызыкай” групы аўтараў.

Зьяўленьне сэрыі мы заўдзячваем высілкам Аляксандры Гужон і Віржыніі Шыманец, нашчадкаў беларускіх эмігрантаў, маладых францускіх навукоўцаў.

 

Каштуе кожная з кніг каля 20 даляраў + кошт перасылкі. Замовіць можна ў выдавецтве L’Harmattan, 5-7, rue de L’Ecole-Polytechnique 75005 Paris (Tel. 01 40 46 79 21).


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0