Беларусь праз 100 гадоў

 

Мора ідзе да Беларусі

Калі ў вас, сябры мае, ёсьць машына часу і вы зьбіраецеся перанесьціся ў вясну 2101-га, будзьце асьцярожныя! Нельга лезьці ў будучыню неабачліва. Адзін мой знаёмы вырашыў паглядзець на Санкт-Пецярбург праз 100 гадоў. Прыяжджае — адна вада навокал. Добра, што гумовы човен з сабой узяў, інакш згінуў бы, як рудая мыш.

Пасьпяхова трапіўшы ў будучыню, не задавайце нетактоўных пытаньняў кшталту: «Сёньня што, Дзень мовы, ці вы заўсёды так размаўляеце?» І абавязкова вазьміце з сабой парасон, шорты і гумовікі.

А вось рублі з вадзянымі выявамі лыжнікаў браць ня варта – у будучыні яны ня маюць хаджэньня. Пашукайце лепш зайчыкаў, вавёрачак, зубрыкаў — у любой нумізматычнай краме рарытэт, першыя грошы беларускай дзяржавы, у вас ахвотна набудуць. Адзін мой знаёмы нават спрабаваў зарабляць такім чынам на жыцьцё.

Напэўна, усе чулі пра пацяпленьне клімату і парніковы эфэкт. Канцэнтрацыя вуглякіслага газу ў паветры павольна, але няўхільна павялічваецца. Сонечнае сьвятло праходзіць праз гэты газ безь перашкодаў, але частку інфрачырвонага выпраменьваньня, празь якое Зямля аддае цяпло ў космас, ён затрымлівае. Параўнайце апісаньне беларускай зімы ў «Геаграфіі» Смоліча з тым, што было ў нас апошнія гады, і пераканайцеся, што пацяпленьне сапраўды адбываецца.

Яно неаднолькава адаб’ецца на розных частках зямной кулі. У экватарыяльных джунглях амаль ня будзе зьменаў, у стэпах стане яшчэ больш горача і суха. Да ліку нямногіх земляў, якім пацяпленьне пойдзе на карысьць, належыць наша Беларусь. Наш клімат зробіцца больш цёплым і вільготным. Ня будзе зазімкаў увесну і ўвосень, празьмернай гарачыні ўлетку і вялікіх маразоў зімой. Ужо цяпер на Наваградчыне штогод высьпяваюць абрыкосы, а на скрайнім поўдні можа добра расьці й персік. Да бананаў і какосаў справа, аднак, ня дойдзе.

Антарктыда паступова растане, і ўзровень акіяну ўздымецца на 60 мэтраў. Беларусь ляжыць ад 80 да 345 мэтраў над сёньняшнім узроўнем мора, і нашая краіна не патоне. Але мора будзе так блізка ад Горадні, што трэба будзе толькі паглыбіць рэчышча Нёмана, каб атрымаць выхад да мора. «Калі Беларусь ня ідзе да мора — мора ідзе да Беларусі», — будуць казаць нашыя нашчадкі.

 

Сяржук Карбоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0