Нястрашны кандыдат

Мэханіка вылучэньня і пэрспэктывы росту “прадказальнага і адказнага” лідэра

Пяцігадзіннае паседжаньне “пяцёркі” ўначы зь пятніцы на суботу скончылася безь нечаканасьцяў: кандыдатам нумар адзін ад антылукашэнкаўскага дэмакратычнага блёку стаў Уладзімер Ганчарык. У выпадку ягонай перамогі пост прэм’ера дастанецца Сямёну Домашу, паўнамоцтвы прэзыдэнта будуць абмежаваныя, а прэм’ера — пашыраныя.

Асноўным крытэрам для выбару Ў.Ганчарыка называюць вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў. Яны паказалі, што:

1) сярод прыхільнікаў Лукашэнкі каля чвэрці гатовыя былі б, калі што, прагаласаваць за Ганчарыка. Да Домаша гатовая перайсьці пятая частка лукашэнкаўскага электарату. Невялічкая, але розьніца.

2) Ганчарык мае меншы, чым іншыя кандыдаты, нэгатыўны рэйтынг у традыцыйным апірышчы Лукашэнкі — на Магілёўшчыне, Гомельшчыне і Берасьцейшчыне. Мяркуецца, што Менск, Гарадзеншчына, захад Меншчыны і Віцебшчыны прагаласуюць за любога кандыдата, непрыхільнага да Лукашэнкі, у любым разе.

3) Ганчарык мае крыху большую падтрымку сярод пэнсіянэраў і тых, каму за 50. Мяркуецца, што моладзь у любым разе ня будзе галасаваць за Лукашэнку, хто б не ішоў супраць яго.

Сацыялягічныя дасьледаваньні былі дэталёвымі. Яны выявілі, што Домаш мае найлепшую дынаміку рэйтынгу і “нажніцы” пазытыўнага/нэгатыўнага рэйтынгу, найвышэйшую папулярнасьць сярод жанчынаў (якія складаюць 54% выбарцаў) і моладзі (гатовай выйсьці на вуліцы за свайго кандыдата). Чыгір апярэджвае ўсіх па вядомасьці і пазытыўным рэйтынгу, а Казлоўскі мае найменшы нэгатыўны рэйтынг. Ёсьць яшчэ Калякін, якога ніхто ўсур’ёз не разглядаў, але які гатовы быў здаць свае галасы кандыдату-сацыялісту. І Ярашук па-за пяцёркай — таксама, у прынцыпе, гатовы.

Зь “пяцёркі” вылучылі такога, каб нікога не палохаў. Не радыкал, не нацыяналіст, не лібэрал... Кожны пабачыць у Ганчарыку тое, што хоча пабачыць.

На мове лічбаў аргумэнты за Ганчарыка выглядаюць пераканаўча, а ў перакладзе на рэальную Беларусь можна канстатаваць адно: Домашу і Чыгіру прыйдзецца папацець, каб пераканаць і актывістаў сваёй кампаніі, і сваіх выбарцаў згуртавацца вакол Ганчарыка. А Ганчарыку — каб заваяваць давер нацыянал-дэмакратычных выбарцаў, якіх у краіне каля 20% (моладзь, інтэлігенцыя, каталікі, заходнікі) і якія лёгка могуць расьсеяцца між Пазьняком, Марынічам ды не ў апошнюю чаргу... Лукашэнкам, выразна больш нацыяналістычным сёлета проці ранейшага.

Як выказаўся з уласьцівай яму дыпляматычнасьцю Вінцук Вячорка: “Ад У.Ганчарыка патрабуюцца неадкладныя крокі, каб скансалідаваць рэальныя палітычныя сілы для перамогі над дыктатураю. Мы чакаем ад яго адназначнай фармулёўкі стаўленьня да незалежнасьці Беларусі, вяртаньня дэмакратычнага ладу, падзелу ўладаў, эканамічных рэформаў, нацыянальна-культурнае пэрспэктывы беларускага народу”. Што, калі адкінуць умоўнасьці, азначае: мы прайгралі перадвыбары левым, але чакаем, што яны зробяць выгляд, быццам бы гэта проста яны перайшлі на нашы пазыцыі. Што цяжка ўявіць, дый наўрад ці мае для Ганчарыка сэнс.

Зрэшты, прафсаюзны лідэр выдатна ўмее дасягаць кампрамісаў і перацягваць праціўнікаў на свой бок і нашмат танчэйшымі спосабамі. Гэта, бадай, ягоны наймацнейшы бок як палітыка.

Пачалося ўсё з Свабодных прафсаюзаў, якія мерыліся дэмантаваць усю сыстэму постсавецкай ФПБ, аж пакуль не знайшлі падтрымкі... з боку гэтай самай ФПБ: памяшканьні для дзейнасьці ды інш. Таксама Ганчарык і матор ягонае кампаніі — абаяльная і энэргічная Валянціна Палевікова — падтрымалі камуністаў, каб урэшце камуністы падтрымалі іх. У памяшканьнях ФПБ атабарыўся штаб Лявонава. Нарэшце, у адрозьненьне ад правых нацыянал-дэмакратаў, Ганчарык ніколі не “бароўся” зь непахісным Гансам-Георгам Вікам. А Вік, адпаведна...

Вылучэньне “адзіным” Ганчарыка пацьвярджае старую максыму: перамагае ня той, хто мае многа саюзьнікаў, перамагае той, хто ня мае ворагаў.

У адрозьненьне ад просталінейнага Домаша, хітрамудры Ганчарык ня сьпісвае з рахунку нават пазьнякоўцаў: у апошнім нумары прафсаюзнага “Беларускага Часу” Генадзь Бураўкін, аглядальнік газэты, прысьвячае вялізную захопленую рэцэнзію леташняй кнізе Зянона “Gloria Patria”. Добраму гаспадару ўсё прыдасца!

На сёньня рэйтынг даверу да Ганчарыка складае каля 15%. Але па-сапраўднаму ня гэта, і нават ня зьвесткі сацапытаньняў, забясьпечылі лідэру прафсаюзаў вылучэньне, а падтрымка намэнклятуры — усялякае намэнклятуры, ад Гілевіча да Шушкевіча празь Ціцянкова. Нягледзячы на тое, што ў 1994 г. выбарцы галасавалі супраць усіх намэнклятурных кандыдатаў, сярод “колаў уплыву”, тых людзей, якія паўзьдзейнічалі на прыняцьцё рашэньня аб Ганчарыку, было распаўсюджанае меркаваньне, што “толькі намэнклятура здольная скінуць Лукашэнку”.

Ганчарык — прадказальны і адказны кандыдат — пераважыў на шалях колаў уплыву ў траўні-чэрвені. На пачатку ліпеня на варыянт “Ганчарык прэзыдэнт, Домаш прэм’ер” пагадзіліся кіраўнікі некаторых правацэнтрысцкіх палітычных сілаў і грамадзкіх арганізацыяў, што з восені мінулага году падтрымлівалі Домаша. Гэта было і свайго роду адрачэньне, і перабяганьне, і капітуляцыя. На пачатку ліпеня апытаньні грамадзкае думкі далі тыя вынікі, пра якія гаварылася вышэй. Зрэшты, гэтыя вынікі настолькі дваістыя, а розьніца ў папулярнасьці кандыдатаў — нязначная, што іх можна было праінтэрпрэтаваць на карысьць любога з кандыдатаў, апроч, хіба, Калякіна. Але ўгода склалася — за Ганчарыка. Недзе пасьля 10 ліпеня да вымушанага “кампрамісу” схілілі каманду Домаша. Верагодна, менавіта гэта меў на ўвазе В.Лявонаў, кажучы 9 ліпеня ў “НН”, што адзі-ны кандыдат мае быць названы сёньня-заўтра. І тады 13 ліпеня Ганчарык абнародаваў жахлівыя дакумэнты са справы аб палітычных забойствах. Думка кандыдатаў, за якімі не стаяла акрэсьленых палітычных сілаў, вялікае ролі не іграла, але яны шчэ працівіліся да апошняга. І 21 ліпеня — позна, недаравальна позна для грамадзкае раскруткі — роўна праз два гады пасьля сканчэньня законных паўнамоцтваў Лукашэнкі, імя адзінага кандыдата было абвешчанае публіцы.

Тым ня менш, усе пяцёра падалі сабраныя за сябе подпісы ў Цэнтравыбаркам, аднак адразу пасьля рэгістрацыі Ў.Ганчарыка кандыдатам астатнія здымуцца. На ўсялякі выпадак, вызначылі запаснога, але ягонае прозьвішча “пяцёрка” не паведамляе. Найхутчэй, што гэта С.Домаш.

Вынікі кампаніі па зборы подпісаў яшчэ стануць прадметам дэталёвага аналізу. Ужо цяпер ясна, што кандыдатам не ўдалося сабраць столькі подпісаў, на колькі яны разьлічвалі (Домаш падаў на рэгістрацыю 144 тыс., Ганчарык — 120 тыс., Пазьняк — 104 тыс.). Палітычны спэктар раздроблены, 13 кандыдатаў дэкляруюць, што сабралі больш за 100 тыс. подпісаў.

Няўдачу пацярпелі нацыянал-лібэралы, якім не ўдалося настаяць на сваёй стаўцы — Домашу. Вось і застануцца, магчыма, без свайго кандыдата, тады як прафсаюзы прасунулі аж двох.

Зацікаўленасьць Захаду ў Беларусі вырасла за сем апошніх гадоў, і ягоная роля ў кампаніі 2001 г. нашмат вышэйшая, чым у 1994 г.

Нарэшце, з завяршэньнем эпохі пераменаў падае ўплыў інтэлігенцыі на палітыку і імкліва расьце значэньне бізнэс-колаў, здольных вывесьці ў кандыдаты нават асобаў, за якімі не стаіць ніякая палітычная сіла.

Чыста па-чалавечаму “беларускі Каштуніца”, 61-гадовы брунэт у тоўстых акулярах, выклікае ў пакаленьня 80—90-х столькі ж сымпатыі, як паэзія Гілевіча і Бураўкіна. Але супрацьстаяць яму на выбарах будзе нехта нашмат страшнейшы і абрыдлы. Аналітыкі Ганчарыка мяркуюць, што галасаваньне ўсё адно ператворыцца ў плебісцыт “за Лукаша ці супраць”. І тады, маўляў, усё ж людзі прагаласуюць супраць. Супраць таго, што родам з Шклоўшчыны, з самага ўсходу, і супраць таго, што родам з Івейшчыны, з самага захаду. А за таго, спакойнага, што з Лагойшчыны, з самага цэнтру. Такі плян Ганчарыка, на рэалізацыю якога застаецца 40 дзён.

Барыс Тумар


Ганчарык Уладзімер, сын Івана, нарадзіўся 29 красавіка 1940 г. у вёсцы Аўгустова на Лагойшчыне. Яму 61 год, таму на наступных прэзыдэнцкіх выбарах ён балятавацца ўжо ня зможа. Кандыдат эканамічных навук (1976). Скончыў наргас у 1961 г., Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС — у 1976 г. Пачынаў працу як эканаміст і намесьнік галоўнага бухгальтара саўгасу на Любаншчыне. Пасьля працаваў у камсамоле ды КПБ (Любань, Койданава, Чэрвень, Магілёў). У 1986 г. другога сакратара Магілёўскага абкаму КПБ робяць старшынём прафсаюзаў краіны. У 1995 г. ён ня выказаў сваёй пазыцыі перад рэфэрэндумам па мове і сымболіцы. У Вярхоўны Савет 13-га скліканьня абраўся ад Чэрвеншчыны. У 1996 г. адназначна выступіў супраць пашырэньня паўнамоцтваў Лукашэнкі. Як лідэр прафсаюзаў, за часоў Лукашэнкі быў схільны да кампрамісаў з дэмакратычнай апазыцыяй і лібэральнай часткай істэблішмэнту, дапамагаў шэрагу выдавецкіх і мастацкіх праектаў нацыянальна-дэмакратычнае інтэлігенцыі. Ачольваная В.Адамчыкам камісія па прафсаюзных прэміях пры ім ніколі не адзначала ўзнагародамі творцаў расейска-нацыяналістычнага кірунку. У якасьці кандыдата на прэзыдэнты падтрыманы сацыялістычным блёкам (Фэдэрацыя Прафсаюзаў, Партыя Працы, Жаночая Партыя, сацыял-дэмакраты), які знаходзіцца ў стадыі фармаваньня, і намэнклятурным задзіночаньнем “За новую Беларусь” на чале з былым першым сакратаром Магілёўскага абкаму КПБ і міністрам сельскае гаспадаркі В.Лявонавым (таксама толькі фармуецца). Па-беларуску да гэтага году публічна не выступаў. Цяпер ужывае беларускую мову ў інтэрвію белмоўным СМІ.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0