Аляксей Дзікавіцкі

 Помнік над катлаванам

Бакінічы — невялічкая палеская вёска між Пінскам і Лунінцам. Тут да 1939 г. жыў Станіслаў Скірмунт — сваяк прэм’ера БНР Рамана Скірмунта. У мінулую сераду ягоная дачка Тэрэза Скірмунт, якая жыве цяпер у Варшаве, усталявала помнік у Бакінічах, на месцы колішняй царквы, дзе былі пахаваныя яе продкі — дзевяць Скірмунтаў.

 

“Тут жыў, працаваў і любіў гэтую зямлю род Скірмунтаў у 1740—1940 гадох” — па-польску і беларуску напісана на гранітнай пліце. Побач — герб Скірмунтаў, а таксама два крыжы — каталіцкі і праваслаўны.

“Мае продкі-каталікі таксама паважалі і праваслаўную веру і нават ахвяравалі грошы на будаўніцтва цэркваў. Яны заўсёды казалі — Бог адзіны. Таму і я вырашыла, каб на помніку было два крыжы — мы аб’яднаныя ў любові Божай”, — кажа спн.Скірмунт.

Помнік стаіць на ўзгорку побач зь вялізнай ямай, якая засталася ад царквы, дзе месьціліся склепы дзевяцёх Скірмунтаў. Яны й цяпер ляжаць на дне гэтай ямы. Вакол — бярозы.

У 1939 г., калі прыйшлі саветы, першым арыштавалі Станіслава Скірмунта.

Больш ягоная жонка Ружа Скірмунт і дзеці Тэрэза, Гражына і Янэк бацькі ня бачылі. Толькі потым Тэрэза даведалася, што яе бацька не пасьпеў далучыцца да арміі Андэрса і паміж лягерам ды савецкай арміяй выбраў другое. Станіслаў Скірмунт загінуў у Польшчы.

Распавядаюць, што, калі пана Станіслава прыйшлі арыштоўваць, сяляне акружылі яго шчыльным колам, каб абараніць, але, разумеючы, што можа праліцца кроў, ён папрасіў аднавяскоўцаў разысьціся.

Перад прыходам чырвоных яе сям’я мела магчымасьць зьехаць за мяжу, але бацька не схацеў. “Цяпер, калі пачалася вайна, мы мусім клапаціцца пра людзей, зь якімі пражылі столькі гадоў разам. Калі мы зьедзем, гэта будзе здрада”, — сказаў ён.

Сям’ю пасьля расстрэлу Станіслава вывезьлі ў Казахстан. Там ад голаду памерла сястра Тэрэзы Скірмунт — Гражына, брата Янэка выратавалі казахі — забралі ў стэп.

Пэнсіянэрка Тэрэза Скірмунт жыве цяпер у Варшаве, але ня можа забыць сваю Радзіму. Нягледзячы на сталы век і ня вельмі добрае здароў’е, яна дбае пра сваіх землякоў у Бакінічах. Прывозіла ў мясцовую школу падарункі дзецям, а ў чэрвені 1996-га сваім коштам усталявала ў цэнтры вёскі каплічку ў гонар Маці Божай. “З удзячнасьцю за захаваньне жыцьця ў пажары войнаў 1939—1945 гадоў, ахвяруюць гэтую капліцу Тэрэза Скірмунт і жыхары вёскі Бакінічы”.

Яшчэ за савецкім часам Бакінічы залічылі да непэрспэктыўных вёсак. Тут забаранялі будаваць новыя хаты. Цяпер прыкладна 60 хатаў пустуюць, а ў вёсцы засталося пад 200 жыхароў — людзі збольшага сталага веку. Шмат хто зь іх асабіста альбо са словаў бацькоў ведае Станіслава Скірмунта, які “панам быў не заможным, але гаспадаром добрым; хлопцаў, што лазілі ў сад, ніколі ня біў — пасварыць хіба трохі”.

Цяпер тут ёсьць школка (дзясятак вучняў), фэльчарска-акушэрскі пункт і крама з гарэлкай, “чарнілам” ды чакаляднымі пернікамі.

Жанчына ў краме кажа, што ня здолее набыць нават белага хлеба — у калгасе “нічога ня плацяць”. “Дурная я, усё жыцьцё працую, а грошай так і не зарабіла... Але, хлопчыкі, не ўспамінайце мяне ў сваёй газэце, а то й чорны хлеб адбяруць...”

У Бакінічы мы прыехалі амаль за пяць гадзінаў да асьвячэньня. Селі ў халадку адпачыць. Празь некаторы час спрацаваныя вяскоўцы паднесьлі нам, зусім незнаёмым людзям з гораду, добры шмат сала, памідораў, сьвежага малака. Размаўлялі, слухалі, запрашалі “добра пад’есьці”. Мне падумалася — божыя людзі. Перажылі палякаў, саветаў, нацыстаў, якія ўшчэнт спалілі Бакінічы, ізноў саветаў з Гулагам ды працу за “палачкі”, засталіся добрымі і ветлымі.

Баба Марыя (Міхалевіч), якая за польскім часам была нянькай у Скірмунтаў, цяпер адна жыве на ўскрайку Бакінічаў. Ніяк не хацела адпускаць нас: “Хоць яблычак вазьміце, хоць насеньня сланечнікавага...”

Сьвяточна апранутыя, вяскоўцы прыйшлі на асьвячэньне помніка. Службу ладзілі два сьвятары — каталіцкі і праваслаўны. Тэрэза Скірмунт на разьвітаньне ўзяла іх абодвух за рукі. Фатаграфаваліся.

“Я хачу ўратаваць Бакінічы. Тут добрыя людзі і добрая зямля, і нельга гэтую вёску так проста “сьпісваць”. Тут можна вырошчваць ды перарабляць садавіну — будзе добры прыбытак”, — кажа Тэрэза Скірмунт. Пані Тэрэза шукае ў Польшчы бізнэсоўцаў, якія хацелі б інвэставаць грошы ў Бакінічы. Але ахвотных няма — з-за непрывабнага беларускага заканадаўства... Ня вельмі верыў у інвэстыцыі і старшыня сельсавету, прадстаўнік начальства на цырымоніі.

Адна Тэрэза Скірмунт не губляе аптымізму: “Буду зараз ізноў зьбіраць грошы з пэнсіі. Хачу паставіць яшчэ адзін помнік — дзяўчынку з галубком у адной руцэ і хлебам у другой. У памяць маёй сястры Гражыны, што загінула ў лягеры праз голад. Каб ніколі больш не было войнаў і голаду...”

Адзінае, што прасіла ва ўзрушаных землякоў пані Тэрэза — засыпаць пяском катлаван, на дне якога ляжаць яе продкі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0