Дыскаграфія

 

Вэраніка Круглова

“VERANIKA KRUHLOVA & EXPERIENCE IN BERLIN”.
(p) 2001. Сыгнальнае выданьне

Гэта яшчэ не тыражаваны альбом, але ўжо і ня дэма. Пакуль бракуе вокладкі, аднак запісы даюць поўную інфармацыю пра амаль сольны праект “крывянкі” Вэранікі, рэалізаваны ў Бэрліне з дапамогай міжнароднага бэнду. На жаль, не магу назваць гэтых музыкаў з-за адсутнасьці той самай вокладкі. Адно можна сказаць, што ўсе яны схільныя да джазава-імправізацыйнай стылістыкі і менавіта таму адважыліся экспэрымэнтаваць на глебе народнай музыкі — твораў, як варта думаць, прапанаваных самой Вэранікаю.

Запісаны на дыску матэрыял можна клясыфікаваць як world-music зь вельмі выразным джазавым акцэнтам. Нельга сказаць, што яна адразу кладзецца на душу. Музыкі ня здолелі цалкам адарвацца ад народных песень, якія самі па сабе — ня вельмі зручны для менавіта джазавага імправізаваньня матэрыял. Але й так атрымаўся найбольш “прасунуты” ў сучасную стылістыку праект, што паўстаў з удзелам беларускіх выканаўцаў. Гэта сапраўды сьмела і сапраўды спрэчна. Галоўнае — не шаблённа і не зайграна. Менавіта такія вось экспэрымэнты і прыносяць найбольшы плён.

Вэраніка абрала знаёмы рэпэртуар: “Купалінку”, “Ой, рана-рана”, “На гарэ царкоўка”, “Я скакала, я плясала”, а таксама дзьве песьні па-расейску. Зь дзесяці запісаных твораў, усяго два — чыста інструмэнтальныя, прычым адзін зь іх уяўляе сабой такую сабе фартэпіянную баляду, якая прыгожа гучыць на фоне харавых партыяў (плён працы Вэранікі ды гукарэжысэра).

Ансамбль, апрача рытм-групы, узбагачаны трубой, скрыпкай і фартэпіяна, прычым труба найчасьцей выступае як вядучы інструмэнтальны голас. У сэнсе аранжаваньня інструмэнтальныя партыі выкананыя не заўсёды роўна: ёсьць эпізоды вельмі ўдалыя, ёсьць і такія, што прыкметна “кульгаюць”. Але той факт, што ўпершыню беларускі мэляс ушчыльную сутыкнуўся з джазавай стылістыкай, прымушае зьвярнуць на гэтыя запісы пільную ўвагу.

SLUCHATCH, naturlich

 

Безь білета

“НА НЕБА”.
Гурт “Безь білета”.
(р) 2001. Выдавец

не пазначаны

Наагул, адсутнасьць на дыску апазнавальных знакаў выдаўца — гэта яскравая прыкмета нецывілізаванасьці музычнага рынку, што, між іншым, дазваляе пускаць плёткі адносна таго, што пэўныя пазыцыі не тыражуюцца, як належыць, а проста наразаюцца ў колькасьці пары дзясяткаў штук.

Тая заўвага, спадзяюся, гэтага дыску ня тычыцца.

Да таго ж, афармляючы альбом, нязнаны выдавец дапусьціў яшчэ адзін ляп, “забыўшыся” згадаць аўтараў музыкі і вершаў, што таксама зусім нецывілізавана.

Альбом канцэптуальна падзелены на дзьве часткі: беларускую, так бы мовіць, і палярна-аэраплянную.

“Мая краіна Беларусь”, якая адкрываецца просьценькай песенькай зь яўным водгукам “El Condor pasa”, збольшага вельмі традыцыйная, хоць і выкананая на належным узроўні. Тут шмат фальклёрнага настрою, шмат даўно пройдзенага, нават у беларускай музыцы, тут вельмі дарэчы дзявочы голас (дакладна ў стыль песьні “Валадар”!) і скрыпка, але Віталь “Артыст” і калегі крочаць тут даўно ходжаным шляхам, прапануючы часам нешта зусім няўцямнае па сэнсе — кшталту песьні “Прывітаньне”.

Другая частка альбому — расейскамоўная і называецца “Песни полярных лётчиков”. Вось тут “Безь білета” дэманструюць куды больш арыгінальнасьці. Акцэнт робіцца на інструмэнтальныя партыі, і тут музыкантам ёсьць што паказаць – як, напрыклад, у песьні “Вертолёты”, хоць яна й не перагружаная сэнсам. А вось “Всплеск” пачынаецца цытаваньнем “Concierto de Aranjuez” Хаакіна Радрыга, пасьля чаго, аднак, жахлівага правалу ў разьвіцьці кампазытарскага мысьленьня айчынных рокераў не назіраецца. Вось што значыць, ня маючы білету Саюзу кампазытараў, умець далікатна прылашчыцца да клясыкаў!

Завяршае альбом вельмі ўдалая песьня “Pozytywne wibracje”, мяркуючы па мове выкананьня, — польскага паходжаньня. Калі б увесь матэрыял альбому быў гэткага ж узроўню, за маладую зьмену беларускіх рок-музыкантаў я быў бы спакойны і мог бы з чыстым сэрцам спачываць, нібы на небе.

А пакуль безьбілетнікі будуць маляваць на вокладках чарговых альбомаў малых з коскамі, а музыка групы — бадзяцца паміж Беларусяй і Палярным кругам. Я жывы ўпэўненасьцю, што адпачываць буду шчэ няскора.

СЛУХАЧ Унебаняўзенты

 

Чысты голас

“ПОЙ, СЛАВЯНСКАЯ ДУША”. Вакальны гурт “Чысты голас”. (р) 2000, “Ковчег”.
“РОЖДЕНИЕ НА НЕБЕСАХ”. Вакальны гурт “Чысты голас”. Год і выдавец не пазначаныя.

Пакуль гурт “Безь білета” толькі імкнецца на неба, “Чистый голос” ужо тамака, на аблачынках, сьвяткуе нечае нараджэньне. Мабыць посьпеху ад выданьня адразу двух дыскаў, зьмест якіх значна розьніцца.

Першы, прысьвечаны сьпевам славянскай душы, вытрыманы ў адпаведнасьці з памкненьнямі галоўнага капэльмайстра-інтэгратара краіны: 16 сьпеваў расейскіх і 2 — беларускія. Больш, трэба думаць, сьпеваў славянскіх душаў не існуе. “Чысты голас” — ансамбль бездакорна прафэсійны і, адбіраючы рэпэртуар альбому, кіраваўся здаўна слушным прынцыпам: дарогу выбірае кіроўца, а не пасажыр. У нашым выпадку: выканаўцы, а не слухачы. Нам, слухачам, застаецца адно: альбо шукаць нешта іншае, альбо слухаць “Черный ворон” ды думаць, як будзе сьпяваць славянская душа, калі пасьля 9 верасьня вэктар інтэграцыі павернецца ў бок іншых славянскіх і неславянскіх краінаў.

Слухаць гэты альбом прыемна, хоць з-за такога аднабаковага адбору песень ён даволі хутка прыядаецца, нягледзячы нават на тое, што гучаць у асноўным гіты. “Чистый голос” працуе ў акадэмічнай манеры, не адыходзячы ад канонаў. З-за гэтага калектыў звужае кола сваіх слухачоў.

Другі альбом — даніна музыцы рэлігійнай. Зразумела, не каталіцкай, бо той самы вэктар ня надта дазваляе ў нас прапаганду “няправільных” рэлігій. Альбом вельмі цікавы, хоць належным чынам, з пункту гледжаньня адпаведнасьці канонам выкананьня, ацаніць яго варта было б спэцыялісту. А паколькі назвы твораў на вокладцы дубляваныя на нямецкай (дзіўна, што не на славянскай!) мове, варта думаць, што альбом у першую чаргу адрасаваны нашым верагодным сябрам на захадзе. Зьвяртаюць на сябе ўвагу два традыцыйныя калядныя канты: “Нова радасьць”, вядомы па альбоме “Сьвяты вечар-2000”, гучыць тут чамусьці на расейскай мове, а “Неба і зямля” — на беларускай. Дастаткова праслухаць два гэтыя творы, каб пераканацца ў высокім прафэсіяналізьме выканаўцаў. А рэпэртуар гэткага кшталту, вядома, будзе куды больш цікавы на Рэйне, чым на Волзе.

Чыста СЛУХАЧ

Гітарная музыка

“GUITAR RENAISSANCE”. Розныя выканаўцы.
(р) 2001. Выдавец не пазначаны.

Касэта зьявілася дзякуючы ініцыятыве арганізатараў міжнароднага фэсту “Рэнэсанс гітары”, які штогод адбываецца ў Гомлі. Гэта ўжо другі альбом з фэстывальнымі запісамі — першы выдала гады тры таму фірма “Каўчэг”. Слухаць амаль паўтары гадзіны адну клясычную гітару — прыемнасьць хіба для людзей загартаваных, аднак гітарны фэстываль у Гомлі — надзвычай дэмакратычны. Апрача твораў акадэмічных, там можна пачуць сучасную экспэрымэнтальную музыку самых розных жанраў ды стыляў. У гэтым самым ключы вытрыманая й касэта. Яна ўражвае разнастайнасьцю й рознастылёвасьцю, нягледзячы на тое, што багата якія зьмешчаныя на ёй творы належаць аднаму чалавеку — Ігару Шошыну, арганізатару гомельскага фэсту. Але гэта ня ёсьць выкарыстаньнем службовага становішча ва ўласных мэтах. Ігар — здольны й актыўны аўтар, і ягоныя “Bach and Computer” у выкананьні Натальлі Ліпніцкай і Гомельскага сымфанічнага аркестру, Prelude in Clouds (Ян Скрыган), “Blues-park” (флейтыстка Ірына Пухальская) толькі ўзбагацілі альбом.

Касэта прэзэнтуе ня толькі лепшых беларускіх гітарыстаў, але й гасьцей, што ў розныя гады выступалі ў Гомлі. Гэта засяроджаны Дэвід Паўловіч з Вугоршчыны, тэхнічны Лешак Курапачэўскі з Польшчы, абаяльны ўкраінскі дуэт Аксана Шаляжэнка — Амалія Крывенка, Жыль Бале й Патрык Брун (Францыя). Апошнія выконваюць на касэце два творы Д’юка Элінгтана, хоць гэтыя вэрсіі асабіста я цікавымі назваць не магу.

Прыцягваюць увагу творы Вячаслава Дацкевіча, які сьмела ўжывае “мінусоўкі” й дасягае надзвычай цікавых вынікаў (“Alica’s Angel Day”). Яшчэ адна нечаканасьць альбому — запісы гітарнага біг-бэнду пад кіраўніцтвам Яўгена Грыдзюшкі. Уявіце, як могуць гучаць разам амаль два дзясяткі гітарыстаў і гітарыстак, якія зладжана выконваюць няпростыя творы Леа Браўэра й Караса.

Словам, калі, паслухаўшы гэтую касэту, вам захочацца кінуць усё й на тры дні зьехаць у гітарны Гомель, значыць, выдаўцы сваёй мэты дасягнулі. Тым больш, што нідзе, акрамя як на чарговым фэсьце, вы гэтага альбому не набудзеце.

Шасьціструнны Слухач

 

Леанід Гурвіч джаз-бэнд

“ALL THAT…” Леанід Гурвіч джаз-бэнд. (р) 2001. Дэма-выданьне.

Ня так і шмат у нас выдаецца музыкі, каб пакідаць па-за ўвагаю дэманстрацыйныя выданьні, тым больш, што гэты альбом мае ўсе шанцы, каб неўзабаве стацца законна тыражаваным.

Касэта не праходзіла стадыі мастэрынгу, яна перадае натуральнае жывое гучаньне бэнду на канцэрце, што адбыўся сёлета, 5 сакавіка.

Леанід Гурвіч і ягоныя калегі — клясычны скрыпач Карэн Карапецян, саксафаніст Антон Машкала, кантрабасіст Віктар Пынцікаў, пэркусіяніст Андрэй Сівец ды бубнач Андрэй Славінскі прапануюць музыку “трэцяй плыні” — своеасаблівае спалучэньне музыкі акадэмічнай з джазам. Гэта адчуваецца ня толькі ў творах (напрыклад, “О, фартуна!” з опэры “Carmina Burana” Карла Орфа, “The Romance About You” Гурвіча), але й у агульным настроі альбому, выразна афарбаванага ў вытанчана-акадэмічныя тоны. Леаніду варта было б і надалей глыбей і сьмялей уваходзіць у гэтую “трэцюю плынь”, бо, акрамя яго, туды ў нас яшчэ ніхто сунуцца не наважваўся.

Апрацаваны на студыі варыянт альбому будзе розьніцца ад сёньняшняй “дэмкі” яшчэ й па зьмесьце. Бо цяпер рэпэртуар занадта стракаты, каб па ім рабіць высновы пра мастакоўскія схільнасьці лідэра бэнду. “St. Louis Blues” Уільяма Хэндзі ці “Micky-Knife” (падазронае напісаньне: у арыгінале — “Mack The Knife”) Курта Вайля не пераконваюць, нават калі ўяўляеш іх змастэрынгаванымі.

Але здаровае зерне ва ўсім гэтым ёсьць, як і ў пачку кавы “Чыба”, нават разважанае ў Польшчы. І альбом у Леаніда Гурвіча зь сябрамі можа атрымацца арыгінальны й зьмястоўны. Ужо хоць бы таму, што так у нас ніхто пакуль ня грае.

Бэндыцкі Слухач

 

Зоя Гарына

“ЗЕРКАЛА ПАМЯТИ”. Зоя Гарына. (р) 2001. Аўтарскае дэманстрацыйнае выданьне.

Альбом нарадзіўся дзякуючы намаганьням новапаўсталага беларускага лэйблу “Дзеці сонца”, які зьбіраецца і надалей радаваць слухачоў музыкай рэгей, ска і рэпам. Што такое беларускае ска, мне сказаць цяжка. Відаць, нешта падобнае да мурманскіх дыняў...

Альбом файны. І спадабаецца ён ня толькі тым, хто захапляецца сучаснай рамансавай творчасьцю. У свой час Зоя выступала па ўсім Саюзе як бард, потом “Каўчэг” выдаў альбом яе расейскамоўных блюзаў. У “Зеркала памяти” ўвайшло 11 рамансаў, зь якіх адзін — беларускамоўны. Тэксты песьняў належаць Бэле Сасноўскай і Зоі Гарынай, музыка — шмат якіх аўтараў, у тым ліку — француза Э.Важалена (рэха адкладзенага міжнароднага праекту “Зоя ды хранцузы”).

Альбом дзіўным чынам сугучны рамансам Алеся Камоцкага на вершы Рыгора Барадуліна. Песьні “Подоконники”, “Девочка и спички”, “Песенка сумасшедшей”, “А цябе няма, няма…” — тонкія, прыгожыя мэлёдыі, сьціпла, але з густам аранжаваныя Славам Ковалем (ня блытаць з Коранем!)

Альбом робіць уражаньне высокамастацкай, вытанчанай працы, якая знаходзіцца па-над модаю, ён дэманструе талент Зоі Гарынай у музычных пераўвасабленьнях. А гэта — сьведчаньне ня толькі досьведу, але й клясы, здольнасьці пацэліць дакладненька ў душу кожнаму слухачу, незалежна ад таго, якая музыка яму даспадобы ў першую чаргу.

Гады два таму, пасьля зьяўленьня касэты “Улыбка Луны”, Зоя была намінаваная на “Рок-князёўну”. Аднак яна дагэтуль застаецца “найбольш непрызнанай з найбольш невядомых з найбольш таленавітых» беларускіх сьпявачак, хоць і заслугоўвае значна большага.

Памятлівы Слухач


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0