Зьезд артадаксальных рамантыкаў

Учора ў менскім ДК “Сукно” адбыўся першы Кангрэс беларускай моладзі, на які сабраліся дэлегаты ад Маладога Фронту, Маладой Грамады, зуброў, ЗБС, БПС і яшчэ дзясяткаў суполак — усяго за 300 чалавек. Прадстаўнікі БПСМ і БСМ не прыйшлі, хоць іх і запрашалі.

Кангрэс мусіў “зацьвердзіць” Ганчарыка ў якасьці адзінага кандыдата і выпрацаваць стратэгію перадвыбарчай кампаніі.

У залі ўдзельнікаў па-дыджэйску вітаў лідэр МФ Севярынец: кожныя пяць хвілінаў крычаў “Жыве Беларусь!”, “Моладзь за Беларусь!”, аж вушы закладала.

У фае працавалі так званыя work-shop’ы: інструктары МФ і “Супольнасьці” вучылі будучых “мабілізатараў” правільна ўзьдзейнічаць на электарат. Мастачка Лія Кійко малявала ўсім ахвотным фарбай на біцэпсах, трыцэпсах, далонях і паголеных патыліцах лёзунгі мабілізацыйнай кампаніі “Зрабі прэзыдэнта” і “Горад — наш”.

Урачыстая частка распачалася гімнам “Магутны Божа”. Адчувалася, што з прысутных у залі мала хто ведае словы.

Сярод моладзі былі заўважаныя Ю.Хашчавацкі, А.Трусаў, А.Грыцкевіч, В.Вячорка, Р.Кійко, Г.Быкаў, В.Сіўчык, І.Саверчанка. Трусаў, як заўсёды, у сваім выступе адзначыў, што яшчэ 30 гадоў таму на людзей, якія гаварылі ў трамваі і мэтро па-беларуску глядзелі з падазрэньнем. (Менскае мэтро было пабудаванае ў 1984 г.). Ён ахаяў расейскамоўных кандыдатаў-дэмакратаў, абрынуўся з крытыкай на небеларускі “Зубр” і прапанаваў байкатаваць расейскую прадукцыю. Нехта з залі нясьмела запытаў: “А як быць зь півам “Балтыка”?” — “І піва таксама!” — рашуча адрэзаў лідэр ТБМ.

Уладзімер Ганчарык зьвярнуўся да дэлегатаў на чыстай беларускай мове. У сваім выступе цяперашні адзіны кандыдат заклікаў усіх незадаволеных рашэньнем пяцёркі аб’яднацца: “Трэба разам змагацца за незалежную Беларусь, якая стане эўрапейскай краінай, у якой ніколі ня будзе эскадронаў сьмерці”. Ён паабяцаў, што ў новай Беларусі вялікая ўвага будзе надавацца нацыянальным каштоўнасьцям, культуры і ў такой краіне Васіль Быкаў ня будзе абвешчаны паліцаем ад літаратуры.

Некалькі дзясяткаў чалавек рынуліся да Ганчарыка па аўтографы, і не адпускалі яго хвілінаў пятнаццаць. Ганчарык спадабаўся. Лёгка ўскочыў на трыбуну, гаварыў упэўнена, рухаўся натуральна.

Дзьвюхгадзінны абед, які складаўся з порцыі бульбы з парай сасісак і салацікам, аздобілі безвыніковыя пошукі бомбы ў памяшканьні ДК і настройка апаратуры гурту NRM, канцэрт якога мусіў адбыцца па сканчэньні зьезду.

Па абедзе выступаў Сямён Домаш. Калі ён ішоў да трыбуны, заля ўстала і авацыямі сустрэла кандыдата цэнтраправіцы. Домаш паўтары гадзіны таму прыляцеў зь Цюмені, куды яго запрашала мясцовая беларуская дыяспара. Ён адзначыў, што сапраўдная бомба закладзеная ня тут, а ў Адміністрацыі прэзыдэнта, і яна абавязкова выбухне. Ягоная прамова была перасыпаная цытатамі: “Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей Сэрцы цьвёрдыя, быццам з каменьня”, “Ці жыць у шчасьці, ці галаву скласьці”. Пасьля цытаты “Беларусь можа трапіць у рукі няўмелага ганчара”, дэлегаты зараўлі “Домаш, а не Ганчарык”. Але Домаш хітра пасьміхнуўся і папрасіў падтрымаць адзінага кандыдата, выгнаўшы ў верасьні з панадворку ліхадзеяў сваёй гадоўлі і чужых прыхвасьняў. Пад гул авацый Домаш спусьціўся са сцэны. Аматараў аўтографаў адцясьніла імправізаваная ахова.

З астатніх выступоўцаў запомніўся толькі Сяржук Высоцкі, афіцыйны лідэр БПС, які выйшаў на трыбуну з уласным ахоўнікам і заклікаў беларусаў быць больш нацыяналістычнымі, фанатычнымі і ўтрапёнымі.

Моладзь прагне пераменаў і хоча працаваць. Хочам, можам, пераможам! Але моладзь кепска разумее драматызм сёньняшняе сытуацыі. Пляскала Ганчарыку, уставаньнем эўфарычна вітала Домаша. А надыдзе 10-га верасьня, і што потым? Ніхто на зьезьдзе пра гэта, ясная рэч, не казаў. І мо нават і ня думаў. Зрэшты, што загадваць на будучыню, калі табе 17, а на тваіх плячах – цэлая Беларусь і цэлая прэзыдэнцкая кампанія?

Эдвард Людовіч

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0