Беларусь па-расейску

«Зуброўцы» пакляліся змагацца з дыктатурай да канца сваіх дзён

Адзінай буйной палітычнай акцыяй на Дзень Незалежнасьці сталася прысяга сяброў арганізацыі “Зубр” на плошчы Перамогі ў Менску. Некалькі сотняў зуброў, збольшага дзяцей, усклалі вянкі да манумэнта Перамогі, далі прысягу “бороться против диктатуры до конца своих дней”, а пасьля рушылі праспэктам са здымкамі зьніклых апазыцыйных палітыкаў. Міліцыя блякавала дэманстрантаў ля мосту церазь Сьвіслач, тады яны пабраліся за рукі і паселі на асфальце. Калі акцыя пратэсту скончылася, моладзь кінулася хавацца ў суседнія двары на вуліцу Камуністычную, а міліцыя перайшла да рэпрэсіяў. Тэлекамэры зафіксавалі, як адных затрымліваюць, а другім проста даюць копа ўдагонку.

Нацыянал-дэмакратычныя сілы, застаўшыся на выбарах без сваіх кандыдатаў, знаходзяцца ў прастрацыі. А вось зубры не праспалі Дня Незалежнасьці.

Аднак дзіўная гэта была клятва: на Бібліі і бел-чырвона-белым сьцягу, але па-расейску. Дый тэкст прысягі быў нейкі недарэчны. Як змагацца? Так і ўяўляеш сабе дзеда, які перад сьмерцю піша на плоце “Время выбирать”…

Гэтая расейскамоўнасьць зуброў — татальна і скрозь ні слова па-беларуску — невыпадковая. Ідзе яна не зь нізоў, а згары. Відаць, на сходках старэйшыя даюць інструкцыі тынэйджэрам: пісаць трэба «Где Гончар?», а ня «Дзе Ганчар?», бо гэтак патрабуе тактыка. Пытаньняў, чаму такая тактыка, ва ўмовах падпольнае рамантыкі задаваць не выпадае. Апранацца трэба гэтак... Налепкі такія... Як на сходцы «Гербалайфу». Ясна, што раптоўная русіфікацыя тых, хто яшчэ ўчора гаварыў па-беларуску, ідзе не з душы, што гэта пажаданьне таямнічых спонсараў. Маўляў, ёсьць Малады Фронт для белмоўных, і няхай будзе «Зубр» для расейскамоўных.

За гэтым бачыцца воля людзей, якія ведаюць Беларусь, па-першае, на ўзроўні лічбаў, па-другое — у межах менскае кальцавое дарогі. Паказаў перапіс, што 60% беларусаў у хаце гавораць па-расейску — значыць, трэба агітаваць па-расейску. Аднак ня ўлічваецца, што для большасьці расейскамоўных беларуская мова не чужая. Нават для той чвэрці грамадзянаў, якія не назвалі белмовы роднай, яна таксама важны элемэнт “я”, нешта дарагое, хатняе, хоць і далёкае. Статыстыкай гэтага не пакажаш і ў перапісе не адлюструеш.

Больш за тое, мова сталася такім самым сымбалем, як сьцяг. Яе заціскаюць, аплёўваюць, не пускаюць з путаў савецкага правапісу. І якраз-ткі мове масавая сьвядомасьць спачувае больш, чым апазыцыі. Бо – роднае, бо – сьвятое, вечнае. Быкаўскае і караткевіцкае.

Дарэчы, чаму ж па-расейску, але пад бел-чырвона-белым сьцягам? Ясна, калі б Аляксей Шыдлоўскі, якому турэмшчыкі дубцамі на белай сьпіне намалявалі чырвоны пісяг, прысягаў на чырвона-зялёным, гэта глядзелася б як абсурдны спэктакль. Аднак хлапцы не заўважаюць, што і расейская прысяга гучыць ня менш абсурдна. Як рэнэгацтва. Як пагоня за таннай папулярнасьцю. Як несвабода.

У 90-х у Беларусі ішло змаганьне «або — або». Учора зрабілі выбар на карысьць расейскай цывілізацыі, расейскай культуры і расейскага Лукашэнкі, а некалі заўтра зробяць выбар на карысьць беларускай цывілізацыі, культуры і кандыдата. Гэта непазьбежна! Цяжка зразумець тонкасьці палітычных праграмаў, але ўсе выдатна ведаюць: расейская мова — гэта Лукашэнка, беларуская мова — гэта свабода. Наколькі каравая беларусізацыя 90-х нашкодзіла вобразу мовы, настолькі лукашызм і кроў, пралітая эскадронамі сьмерці, яго адмылі. Перапіс 1999 г. толькі пацьвердзіў гэта.

Зубры сваёй расейскай мовай хочуць падмануць філістэра? Ці расейскага аналітыка? І для першага, і для другога яны застануцца «нацыяналістамі» ўжо з-за бел-чырвона-белага сьцяга, праз самую апазыцыйнасьць інтэгратару Лукашэнку! Затое чалавек беларускае культуры расейскую мову ўспрымае як фальш, кепскі спэктакль для тэлекамэры НТВ. І ён мае нюх, гэты бульбаш. І ён зьняверваецца. А на каго яшчэ можа разьлічваць беларуская апазыцыя ў непазьбежным вулічным змаганьні, як не на людзей беларускае культуры? Вярхоўны Савет у 96-м ужо пагрэбаваў іхнай падтрымкай. Што атрымалася — вядома.

Калі вы супраць Лукашэнкі — значыць, вы за Беларусь. А значыць, мусіце падтрымліваць Пазьняка безаглядна. Такую безвыходнасьць прапаноўваў Фронт раней. Цяпер адна крайнасьць зьмяніла другую: калі вы за Беларусь і дэмакратыю, значыць, мусіце безаглядна падтрымліваць зуброў ці Ганчарыка. Але ж як ім верыць, калі расейскамоўная і русафільская апазыцыя, тыя самыя ідэйныя натхняльнікі зуброў, якія прынцыпова нідзе ні слова па-беларуску, зь нязьменным посьпехам правальвалі адну палітычную кампанію за адной, з 1996 г. пачынаючы?

У іх свае мэты, у нас свае. Кампраміс магчымы. Толькі ў выніку яго можа ўзьнікнуць палітычная альтэрнатыва Лукашэнку. Падзел на людзей расейскай культуры і людзей беларускай культуры — цяжкая спадчына каляніялізму. На гэтых супярэчнасьцях і грае рэжым Лукашэнкі. Пазьняк ня верыць “пяцёрцы”. Актывісты Домаша ня вераць Ганчарыку. Але пераадолець гэты разлом можна толькі кампрамісамі. Ад таго, што кампанія Ганчарыка вядзецца па-расейску, даверу да яго не дадасца. Як і да зуброў. Бо беларускія актывісты працуюць за ідэю, а зубры?..

Ідэя недальнабачных палітыкаў, што для пераходу Беларусі ў слаўны новы сьвет без Лукашэнкі нам дастаткова скінуць зь сябе аксаміты “нацыяналістычнае мовы”, нагадвае нешта вельмі знаёмае. Яна нясе новы раскол, сее недавер, разбурае самы падмурак ідэі беларускае незалежнасьці і дэмакратыі.

А зубры, перайшоўшы на расейскую мову, адразу робяцца маляўкамі.

За імі няма Астроскага, няма Каліноўскага, няма Грынявіцкага, няма Рагулі, няма «Беларусі залатой» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Якія ж баявыя песьні зубры сьпяваюць? Хіба «Последняя осень»?.. Дык якая ж яна апошняя? Яшчэ змагацца а змагацца!

Зубры робяцца пешкамі ў чужой двайной (а мо й трайной) гульні. Пазаўчора Шарэцкі, учора Домаш, сёньня Ганчарык, заўтра... А мо краіна проста ня хоча «пераходнай фігуры», як і «пераходнай» мовы?

Верасень пакажа.

Калі «Зубр» растане, як “Гербалайф”, для спонсараў у гэтым ня будзе праблемы, у шарагоўцаў жа застанецца балючы ўспамін пра няспраўджаную мару. Адракаючыся беларускай мовы, «Зубр» адракаецца і гістарычнай пэрспэктывы. Не ўкаранёныя ў мове — дачасьнікі. А вось “Край”, Малады Фронт ці Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў захаваюцца ў нашмат больш стабільным выглядзе, бо ставяць сябе ў пэрспэктыву ня трох месяцаў, але году, пяці, пяцідзесяці гадоў.

Сапраўдная свабода і дэмакратыя немагчымыя бяз моцнай грамадзянскай супольнасьці. Моцнае незалежнае грамадзтва ня ўчэпіцца бяз моцнае нацыянальнае сьвядомасьці. Нацыянальны дух не загартуецца без прыгожае культуры.

Сьвет урэшце — у верасьні або празь пяць гадоў — вырашыць праблему Лукашэнкі. Ці вырашыць гэта праблемы Беларусі — во пытаньне. Ці палюбім мы сваю краіну — пытаньне. Каб Беларусь зьмянілася, патрэбнае культурнае перараджэньне, называйце яго нацыянальным адраджэньнем, памкненьнем да культуры ці сьпеўнай рэвалюцыяй. А ў гэтай справе любая цётачка з Івенца, што зьбірае грошы з пэнсіі на ахайны гранітны беларускамоўны помнік памерламу мужу, робіць болей, чым спансараваныя зубры. На жаль, хлопцы-зуброўцы!

Культурнае перараджэньне сьпее падсподна, за Лукашэнкам ці не за Лукашэнкам. Ад палітычнага клімату яно залежыць, але ня больш, чым зерне — ад зімы.

Ад прысягі школьнікаў засталося пачуцьцё анэкдатычнасьці. Пасьля ўцямілася, чаму. “Бороться до конца своих дней” — гэта ж дрэнны пераклад беларускага “змагацца да скону”. Па-беларуску — узьнёслы выраз, па-расейску — як пракляцьце, але і як анэкдот адначасова. Нібы песьню засьпяваць: “Мы выйдем тесными рядами”.

Ня мае сваёй мовы расейскамоўная апазыцыя. Грошы мае, ідэалы мяняе на кандыдатаў, а замест мовы ўжывае сурагат. Сурагат мовы можа нарадзіць толькі сурагат дэмакратыі. Як маем ужо сурагат незалежнасьці. Трагедыяй хлапчукоў і дзяўчатак, якіх вывелі на плошчу Перамогі дарослыя кіраўнікі, будзе тое, што супраць гэткага сурагату дэмакратыі сапраўды можна будзе змагацца да канца сваіх дзён зь нязьменным посьпехам.

Барыс Тумар

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0