Саtching in the Rye

Біблія падлеткаў

Сяргей Паўлоўскі

 

Cпаўняецца 50 гадоў культавай кніжцы, свайго роду бібліі ўсіх падлеткаў другой паловы мінулага стагодзьдзя. На беларускую мову яна не перакладзеная дагэтуль, таму ў нашых краёх чытаюць яе па-расейску або па-ангельску. «Над пропастью во ржи» — так гучыць яе расейская назва. Праўда, дапытлівыя крытыкі і сёньня працягваюць спрачацца пра тое, ці не занадта яна расплывістая і далёкая ад ангельскага арыгіналу, які літаральна перакладаецца як «Лавец у жыце». Гучыць нязвыкла. Няпростая гэта справа — зьмяніць клішэ гатовага культу.

Біяграфія амэрыканца Джэрама Сэлінджэра, які напісаў «Лаўца ў жыце», уяўляе сабою бэстсэлер, ня горшы за згаданую кніжку. Найперш ён славуты тым, што ў 1965­м, на вяршыні папулярнасьці, раптам кінуў пісаць, зашыўся ва ўласнай сядзібе ў глыбокай правінцыі, і больш яго амаль ніхто ня бачыў і ня чуў. Гэтак працягваецца ўжо тры дзесяцігодзьдзі. А самому Сэлінджэру цяпер 82 гады.

Дачка Сэлінджэра Маргарэт нядаўна разбурыла таямніцу самотніцтва бацькі, надрукаваўшы кнігу пра яго пад назвай «У пагоні за марай». Маргарэт вырасла побач з бацькам акурат на той недаступнай для цікаўнае публікі сядзібе.

«Маё маленства было падобнае да страшнае казкі. Існаваньне Джэрама Сэлінджэра далёка не заўсёды было добраахвотным зьняволеньнем, аднак на жыцьці ягоным ляжаў нейкі злавесны водсьвет. У гэтым чалавеку заўсёды адчувалася трагічная раздвоенасьць».

Дачка пісьменьніка часткова тлумачыць гэта ягоным дзяцінствам:

«Ён рос у цэнтры Нью-Ёрку, на Манхэтэне. Бацька ягоны, габрэй, пасьпяхова гандляваў прадуктамі харчаваньня. Звыш меры клапатлівая маці была ірляндкай, каталічкай. Аднак яна падпарадкоўвалася абставінам і выдавала сябе за габрэйку, хаваючы праўду нават ад сына. Сэлінджэр, які з асаблівай вастрынёй усьведамляў сябе паўжыдкам, на ўласным досьведзе спазнаў, што такое антысэмітызм. Вось чаму гэтая тэма неаднаразова і даволі выразна праступае ў ягонай творчасьці».

Бацька пісьменьніка прыехаў у Амэрыку з колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Нашы землякі-габрэі добра спрычыніліся да стварэньня амэрыканскай культуры. Пачынаючы ад Мэера Ланскага-Шушланоўскага, які прыехаў з Горадні, стаў «крутым» мафіёзі ў Штатах і заснаваў Лас-Вэгас. Ад братоў Гершвіных — Джорджа і Айры, стваральнікаў амэрыканскае опэры. Ад Сэлінджэра. Цікава, як гучала прозьвішча ягонага бацькі да ад’езду ў Амэрыку?..

Далейшая біяграфія пісьменьніка нагадвае лёс Васіля Быкава. Менавіта вайна сталася тым вірусам, які выклікаў у абодвух захворваньне на прозу. Маргарэт піша:

«Скончыўшы вайсковую вучэльню, Джэрам растварыўся ў масе амэрыканскіх «джы-ай». У складзе 12-га пяхотнага полку 4-й дывізіі ўдзельнічаў у другой сусьветнай вайне, адкрываў другі фронт, дэсантаваўся ў Нармандыі. На фронце было несалодка, і ў 1945-м будучы клясык амэрыканскай літаратуры патрапіў у шпіталь з нэрвовым зрывам».

Мусіць, было ад чаго. Там, на фронце, Сэлінджэр пазнаёміўся з Хэмінгуэем і на ўсё жыцьцё быў шакаваны тым, як старэйшы таварыш па-заліхвацку расстрэльвае куранятаў. Тады Джэрам яшчэ ня мог ведаць, што праз шмат гадоў зьедлівая крытыка назаве яго самога «Хэмінгуэем для бедных».

У адрозьненьне ад Быкава, Сэлінджэр ваенным пісьменьнікам ня стаў. Аднак, калі ўлічыць, што ваенны — гэта ня быкаўскае самавызначэньне, а прыдумка крытыкі, дык тое адрозьненьне можа і зьнікнуць. Тэматычны бок літаратуры — вонкавы. Затое максымалізм Быкава яднае яго з Сэлінджэрам і робіць у беларускай літаратуры непараўнальным ні з кім.

«Стаўленьне да вайны і пасьляваеннага сьвету ў яго было таксама дваістым — на жаль, іншае вызначэньне падшукаць цяжка. У якасьці супрацоўніка амэрыканскай разьведкі Джэрам удзельнічаў у праграме дэнацыфікацыі Нямеччыны. Будучы чалавекам, які ўсёй душой ненавідзіць нацызм, ён аднойчы арыштаваў дзяўчыну — маладую функцыянэрку нацысцкай партыі. І ажаніўся зь ёю. Тую немку — першую жонку бацькі — звалі Сыльвія. Разам зь ёй ён вярнуўся ў Амэрыку, і нейкі час яна жыла ў доме ягоных бацькоў. Але шлюб аказаўся недаўгавечным. Яна ненавідзела габрэяў з такой самай жарсьцю, зь якой ён ненавідзеў нацыстаў».

Інтрыгу аповесьці Сэлінджэра стварае эфэкт чытаньня чужога дзёньніка. У нас падобнага дасягаў Андрэй Федарэнка ў сваёй аповесьці «Гісторыя хваробы». Але Федарэнка вырас наўзбоч ад амэрыканскае масавае культуры, і таму аналёгіі яму трэба шукаць хутчэй у расейскай літаратуры. Затое цалкам у полі амэрыканізму вырас Адам Глёбус і ягоныя аповесьці з кнігі «Толькі не гавары маёй маме».

Дзіўнавата раптам адкрыць для сябе, што ты як бы напалову амэрыканец. Але так і ёсьць. Прынамсі так было ў школе. У глыбокія савецкія часы мы з нашымі жуйкамі “Wrigley” і джынсамі “Levi’s”, партрэтамі Джона Ўэйна і музыкай “Rolling Stones” былі напалову антысаветчыкамі, бо былі напалову амэрыканцамі. Нават ніколі ня думаючы пра гэта.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0