Водгук

Дакладней пра кітабы

Напярэдадні публікацыі ў “Нашай Ніве” артыкулу “Кітаб Хасяневіча” (2 траўня 2001 г., аўтары С.Богдан, В.Гушча), я, так супала, скончыў трансьлітарацыю гэтага ж рукапісу. Таму — тэма знаёмая.

 

У сваёй публікацыі С.Богдан і В.Гушча прапануюць адмовіцца ад назвы “арабіца” і называць арабскае пісьмо аліфам, бо альфабэт у кітабах “значна адрозьніваецца ад абэцэды арабскае мовы”.

Па-першае, аліфам у кітабе Хасяневіча называецца ўласна арабскае пісьмо, а не дастасаванае татарскімі кніжнікамі да беларускай фанэтыкі. Перапісчык потым пералічвае ўсе 28 літараў арабскага альфабэту (і яшчэ 29-ю — Ла, лігатуру, утвораную зь літараў лям і аліфа) безь пяці дадатковых літараў для беларускай фанэтыкі. Дый гэтыя дадатковыя стылізаваныя пад арабскае пісьмо, на ўзор канкрэтных арабскіх літараў.

Магчыма, і ёсьць культурна-гістарычныя падставы карыстацца тэрмінам “аліф”, але й сынанімічная назва “арабіца” мае права на існаваньне, бо ёсьць аналягічныя тэрміны кірыліца, лацініца. Назву “арабіца” зразумее чалавек, які філялёгіяй не займаецца, назва “аліф” запатрабуе тлумачэньня.

Можна пашкадаваць, што ў пададзенай С.Богданам і В.Гушчам табліцы арабскага альфабэту — аліфу — не пазначаюцца мяккія гукі і тым самым не адрозьніваюцца ад цьвёрдых. Гук [з] паводле пададзенага ў газэце альфабэту пазначаецца літарамі За, Заль і Зо (назва аўтарская). Але першымі дзьвюма літарамі ў кітабах пазначаецца мяккі [з’], а трэцяй — цьвёрды [з]. Тое самае зь літарамі Ка (для пазначэньня цьвёрдага [к]) і Каф (для пазначэньня мяккага [к’]). Дый навошта прыдумляць новыя назвы літарам, калі старыя — больш лягічныя? Літара для пазначэньня цьвёрдага [к] — Каф, для пазначэньня мяккага [к’] — Кяф.

Ёсьць і іншыя пытаньні да С.Богдана і В.Гушчы. Навошта ў сучасным аліфе дзьве літары для пазначэньня гука [х]? У чым іх функцыянальная розьніца?

Калі існуюць дзьве літары для перадачы [г], то можна здагадацца, што адна літара — для [г] фрыкатыўнага, а другая — для [ґ] выбухнога. Але ў “спарадкаваным” альфабэце не пазначана, дзе якая.

Зь якога часу арабская Йа стала пазначаць гук [і]?

Які гук у беларускай мове аўтары зьбіраюцца абазначаць літарай Тэ? Ёй у тэкстах XVI ст. пазначаўся мяккі [т’], у тэкстах XVIII—XIX ст. ім карысталіся хутчэй па традыцыі, і пазначаў ён этымалягічна цьвёрды [т]. Але ж для цьвёрдага [т] ёсьць іншая літара То.

Што чуваць пра пазначэньне галосных гукаў “агаласоўкамі”, якім аўтары прыдумалі новыя назвы, адпаведныя іх выгляду? Дзе самі “агаласоўкі”? Чаму адсутнічаюць у публікацыі?

Не хачу пакрыўдзіць аўтараў, але ў манаграфіі А.Антановіча “Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом” (1968) усе гэтыя моманты прапісаныя ня проста акуратна, а зь любоўю, і разабрацца там можа любы і кожны. Тут — не.

Каб пісаць арабскімі літарамі па-беларуску, трэба добра ўяўляць сабе нормы правапісу. Аўтары і тут хуткія на вырашэньне праблемы: “Як будзеце пісаць, трымайцеся аднаго варыянту”. Выключна моцна! Гэта самая кароткая граматыка, якую даводзілася чытаць. А між тым ёсьць сур’ёзныя праблемы ў дастасаваньні арабскага пісьма для запісу беларускай мовы. Гэта, напрыклад, праблема, якая не была вырашана татарскімі кніжнікамі: перадача на пісьме цьвёрдасьці-мяккасьці беларускіх зычных.

Пойдзем далей. “Трэба сказаць пра абсалютную неўпарадкаванасьць артаграфіі аліфнага пісьма, перапісчыкі пісалі так, як ім здавалася... шукаць заканамернасьцяў у тагачасным аліфным правапісе — справа марная”.

Сапраўды, Кітаб Хасяневіча непасьлядоўны ў выкарыстаньні артаграфічных нормаў. Але навошта гэта пераносіць на ўсе кітабы? Варта ўзяць згаданую кнігу Антона Антановіча: “Артаграфія кітабу (1837 г.) Шагідзевіча вельмі пасьлядоўная” (пра тэкст 1815 г.) (с.75).

Няма ў С.Богдана і В.Гушчы падставаў зьмяншаць моўную каштоўнасьць кітабаў. Мове вядомых і апісаных А.Антановічам кітабаў, асабліва ХVIII і пачатку XIX ст., уласьцівая артаграфічная ўнармаванасьць. Рукапіс Хасяневіча ў гэтым сэнсе зьяўляецца выключэньнем.

Зьвернемся да трансьлітараваных С.Богданам і В.Гушчам беларускіх тэкстаў. Справа аўтараў, якой сыстэмай карыстацца пры трансьлітарацыі — з элемэнтамі фанэтычнай траскрыпцыі (гучаньня) ці ўвогуле вольна пераказваць тэкст. Але пры любой канвэрсіі павінна захоўвацца спэцыфіка арыгіналу. І там, дзе зычны мяккі, то яго адпаведна і перадаюць. Аўтары гэтага не прытрымліваліся. Так, у аўтараў Забур (Псалтыр), а ў арыгінале — Зябур. У аўтараў — Загідова, Загідка (аўтары лічаць гэта ўласным імем. Сумнеўна! Словам Зягідове зьвяртаюцца да маці-ўдавы і сына адначасова, а словам Зягідка — да жонкі-ўдавы), у тэксьце — Зягідове, Зягідка.

Асобныя месцы расчытаныя няслушна. Параўнаем адзін толькі ўрывак. У публікацыі:

“Сулейман пытаў у сваіх паноў-маршалкаў у старэйшых (ці хопіць пачастунку на ўсіх). “Старшына, — мовілі, — і крулю ня только на дзень, але на кілько дзесент дней можа быць, і сам, і дзеўце ўсіткага сяла (і любым дзеўкам хопіць)”. У дужках — камэнтар С.Богдана і В.Гушчы.

У арыгінале:

Сюлейман пытаў у сваіх паноў, маршалкаў, у старшых: ці будзе досіць? Старшына мувілі: І, крул(ю), не тыл(ь)ко на дзен(ь), але на кіл(ь)ка дзесент дней можэ быць і сам відзіў жэ ўшыткегко сіла”.

Камэнтар: досіць (аўтары яго чамусьці прапусьцілі) бел. досыць; і, крулю адпавядае беларускаму ай, каролю (слова І — тут выклічнік цюрскага паходжаньня, адпавядае беларускаму выклічніку ай). У аўтараў — гэта злучнік. І ўжо зусім нечаканае — “дзеўка” ўсіткага (?) сяла (?). Няма ў арыгінале “дзевак”. Што да “ўсіткага”, то гэта ўшыткегко — зьмененае польскае слова вшысткегко “ўсяго”. Выклікае, безумоўна, роздум слова “сіла”. Цёмная мясьціна. Слова “сіла” можа тут азначаць “шмат, вялікая колькасьць”. Такое адно са значэньняў гэтага слова ў сучаснай украінскай мове.

Гэта, на жаль, не адзіны недагляд. Так, са слова дзісейшага (дня), г.зн. сёньняшняга дня, сёньня аўтары зрабілі два, ды яшчэ з камэнтаром, які зацямняе сэнс выказваньня: “дзе (быццам бы) сейсяга дня”.

Не разабраліся аўтары і са словамі йедзене (ядзеньне, яда, страва), яно ў іх — “едзена”. Старажытнае слова ўдыханьні (зьвяры, рыбы, птушкі, увогуле жывыя істоты) у аўтараў “удыхана”.

Увогуле ўся публікацыя С.Богдана і В.Гушчы падзяляецца на некалькі частак. Найбольш вабная — матэрыялы з кітабу Хасяневіча. Можна было б на гэтым паставіць кропку, каб не адна акалічнасьць. Гэтая акалічнасьць называецца выхаванасьцю. Цяжкае ўражаньне засталося ад першай часткі публікацыі. Ёсьць веды, але няма павагі, адсутнічае паважлівая ацэнка зробленага папярэднікамі.

“На жаль, дасёньня нашыя навукоўцы не займаліся гэтымі кнігамі сур’ёзна”. А як? Сьмехам? Ці трэба гэта разумець так, што гісторыя дасьледаваньня кітабаў цяпер будзе дзяліцца на два пэрыяды: да публікацыі С.Богдана і В.Гушчы і пасьля?

Так, незаўважанай засталася кніжка Антона Мухлінскага, прафэсара і дэкана факультэту ўсходніх моў Санкт -Пецярбурскага ўнівэрсытэту, выдадзеная ў 1857 г. у Санкт-Пецярбургу. Так беларусы ведаюць пра славутага земляка з-пад Наваградку...

Кніга Антона Антановіча “Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-артаграфічная сыстэма” (1968) ставіць беларускае мовазнаўства ўпоравень з сусьветнымі дасягненьнямі ў гэтай галіне. Пра яе — мімаходзь, паўслова.

“Многія навукоўцы ў працах пра беларускіх татараў выяўляюць сваю некампэтэнтнасьць”. А Вашыя прыдуманыя “дзеўкі”, “усіткі”, “удыхана”, “едзена”, “дзе сейсяга”? А пачытайце пачатак пятага абзацу на с.8, дзе напісана, што арабскае пісьмо ідзе “зьлева направа”. А ці дакладна запісаная па-беларуску фраза на с.8 пад арабскім радком: “За пажыткі дзякуюць, за нэндзу (няхай) церпяць”? У дужках — прапушчанае ў трансьлітарацыі слова.

Зусім неабгрунтаванае наступнае сьцьвярджэньне аўтараў: “Пра іншыя матэрыялы гэтых зборнікаў (маюцца на ўвазе зборнікі публікацый па матэрыялах тэматычных канфэрэнцый, якія ладзіліся з удзелам грамадзкага аб’яднаньня “Аль-Кітаб”) і такое літаратуры часам проста няма чаго й сказаць”...

“Дарэмна шукаць вычарпальную інфармацыю пра Кітабы і ў Энцыкляпэдыі Гісторыі Беларусі”, — пішуць далей С.Богдан і В.Гушча. Дык на тое гэта і энцыкляпэдыя — сьцісла, (бо аб’ём слоўнікавага артыкулу абмежаваны) але пра ўсё.

“Прыходзіцца часам сумнявацца і ў тым, што аўтар чытаў тыя кніжкі, пра якія піша, — скажам, легенду пра ўзьнясеньне Мухаммада на неба В.Несьцяровіч называе паэмай, хоць твор гэты ніяк пад азначэньне паэмы не падпадае”. Што праўда, то праўда, памылковае азначэньне. Цяжка растлумачыць, чаму так напісалася. Але што з гэтага? Няўжо гэтая памылка ўнесла такое сумненьне? А што калі В.Несьцяровіч чытаў гэтую легенду? І ня толькі гэта?

Пішу пра гэта і думаю, ну чаму беларускамоўныя аўтары замалада пачынаюць з пагардліва-амбіцыйнага расштурхоўваньня іншых беларускамоўных аўтараў? Няўжо ж нельга было падказаць хоць такім чынам: легенда Мерадж напісана ў такой ступені ўрачыста, узьнёсла, з выкарыстаньнем вобразных сродкаў тагачаснай беларускай мовы, што асобныя аўтары памылкова называюць легенду паэмай?

Пры канцы публікацыі аўтары даводзяць перавагу арабскага пісьма пры трансьлітарацыі ўсходніх геаграфічных назваў і ўласных імёнаў. З гэтым можна пагадзіцца. “У расейцаў і эўрапейскіх народаў няма традыцыяў пісьма арабскімі літарамі, таму і даводзіцца ім прыдумляць розныя сыстэмы трансьлітарацыі”, — пішуць С.Богдан і В.Гушча. Хіба што палякаў і сэрбаў не лічыць эўрапейцамі, бо ёсьць кітабы, напісаныя польскай і сэрбскай мовамі. “Але ж мы маем свой аліф, адпаведна і няма чаго нам вычварацца”, — заключаюць аўтары.

Што праўда, то праўда. Вычварацца ня варта. У самы раз паставіць кропку.

Віктар Несьцяровіч, Віцебск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0