БІБЛІЯТЭКА

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Żydzi polscy 1648—1772. Źródła. Oprac. A.Kaźmierczyk. Studia judaica Cracovensia. Series fontium 6. Kraków, 2001. 298 p. ISBN 83-7188-437-0

(Польскія жыды 1648—1772. Крыніцы. Пад рэд. А.Казьмерчыка. Кракаў, 2001. Катэдра юдаістыкі Ягелёнскага ўнівэрсытэту. 298 стар.)

Зборнік падае ў арыгінале разнастайныя архіўныя крыніцы, што характарызуюць становішча габрэйскіх грамадаў ува ўладаньнях Рэчы Паспалітай. Складальнік Адам Казьмерчык у сваёй прадмове адрасаваў яго найперш студэнтам. У выданьні зьмешчаныя поўныя тэксты дакумэнтаў з 20 архіваў 8 гарадоў (Варшавы, Кракава, Любліна, Тарнова, Менску і інш.).

Храналягічна зборнік ахоплівае пэрыяд з 1648 да 1772 г. — час заняпаду Рэчы Паспалітай. Гэта досыць умоўнае вызначэньне, бо яно скіраванае на вонкавыя арыенціры, тады як у зборніку гаворка ідзе аб дынаміцы габрэйскага жыцьця са сваімі ўнутранымі законамі і трывалымі традыцыямі сацыяльнай аўтаноміі.

У кнізе сабраны 141 дакумэнт, зь іх 8 тычацца ВКЛ (у прыватнасьці, радзівілаўскіх латыфундыяў, магістратаў Вільні, Віцебску, Берасьця, Нясьвіжу, Слуцку, Смалянаў, ня кажучы ўжо пра выпадковыя згадкі іншых местаў і мястэчкаў). Складальнік кіруецца прынцыпам, што для ўсіх габрэяў Рэчы Паспалітай дзейнічалі адны й тыя законы, таму й не шукае нейкай рэгіянальнай спэцыфікі што да “літоўскіх” габрэяў. Аднак аўтар абмінае ўвагай расейскамоўныя публікацыі Ю.Гэсэна, С.Дубнова і афіцыёз кшталту Архіву Паўднёва-Заходняй Расеі або актавых збораў Віленскай археаграфічнай камісіі. Зрэшты, вызначаць рэгіянальныя адметнасьці — справа аналітычнага твору, а не дакумэнтальнага збору.

Яўген Анішчанка

 

Беларускі нацыяналізм: Даведнік / Укл. П.Казак. — Менск: Голас Краю, 2001.

У даведніку сабраныя зьвесткі пра больш як 200 постацяў нацыяналістычнага руху ад сярэдзіны ХІХ ст.

Arche-Пачатак: Скарына. № 3, 2001. — Менск, 2001. — 104 с.: іл. — Наклад 1000 ас.

Найцікавейшыя матэрыялы нумару: Г.Сагановіч “Вайна зь беларускай гісторыяй”, а. А.Надсан “Скарына і ананасы”, В.Булгакаў “Эканамічны нацыяналізм супраць культурнае экспансіі”.

І.Лазько. Перад патопам: Эўрапейская палітыка Польшчы ў 1932—1939 г. — Менск: БДУ, 2000. — 354 с. — Наклад 400 ас. ISBN 985-445-404-5

Разглядаюцца дачыненьні Польшчы зь Нямеччынаю й СССР, намаганьні Польшчы стварыць блёк дзяржаваў між Балтыйскім і Чорным морамі.

А.Лойка. Старабеларуская літаратура: Падручнік. — Менск: Вышэйшая школа, 2001. — 319 с. — Наклад 4000 ас. ISBN 985-06-0604-5

Аналізуецца старабеларуская літаратура да Люблінскае уніі 1569 г.

Беларуская энцыкляпэдыя: У 18 т. Т.12: Палікрат—Прамэтэй. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 2001. — 560 с.: іл. — Наклад 10000 ас. ISBN 985-11-0198-2 (т. 12) ISBN 985-11-0095-8

Пры канцы тому зьмешчаны сьпіс заўважаных недакладнасьцяў і памылак друку ў I—X тамах. Каштуе 4,3 т.р., у выдавецтве таньней.

Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданьняў / Склад., запіс, апрац. А.Ненадаўца. — Менск: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). — Наклад 2000 ас. ISBN 985-01-0108-3

У кнізе зьмешчаныя легенды пра паходжаньне 131 населенага пункту.

Падрыхтаваў Віктар Мухін

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0