З усіх старон

 

Халерная саюзьніца

У сталіцы Татарстану пачалася эпідэмія халеры. Захварэла ўжо 62 чалавекі, зь іх 34 дзіцяці, найбольш тыя, што плавалі ў заражаных ставах. У шпіталі й ізалятары патрапіла 290 асобаў, якія кантактавалі з хворымі. Вядзецца абсьледаваньне працаўнікоў гандлю й харчаваньня. Дзяржсанэпіднагляд прымае меры перасьцярогі, каб хвароба не пайшла па Расеі. Пакуль невядома пра выпадкі хваробы ў іншых расейскіх рэгіёнах.

 

Ці прыедзе халера з Казані ў Беларусь? Даведка чыгуначнага вакзалу паведаміла, што цягнікі адтуль прыбываюць нерэгулярна. Але акурат 7 жніўня праз нашу краіну пройдзе цягнік № 45 Екацярынбург–Берасьце (праз Казань). Так што небясьпека тэарэтычна існуе.

Халера недарэмна ўжываецца ў беларускіх праклёнах. У 80-я XIX ст. эпідэмія ў нашай краіне забрала некалькі дзясяткаў тысяч жыцьцяў. Губэрнатары стваралі адмысловыя халерныя атрады, што трымалі карантын вакол заражаных населеных пунктаў, палілі заражаныя будынкі. Зьвесткі пра гэта можна знайсьці ў тагачасных “Памятных кнігах губэрняў” ды ў пэрыёдыку “Врачебные ізвестія”.

Халера азіяцкая або эпідэмічная – адна з самых небясьпечных інфэкцыйных паморак. Яе называюць “хваробай брудных рук”, як і іншыя вострыя кішэчныя інфэкцыі, бо халера перадаецца пры кантакце з рукамі чалавека, які ня мае звычкі або магчымасьці мыць рукі пасьля прыбіральні. Заражэньне адбываецца таксама праз ваду й харчовыя прадукты, заражаныя халернай жывучкай, ці вібрыёнам (Vibrio cholerae). Санітарна-эпідэміялягічныя службы мусяць адсочваць стан вады ў водаправодзе й прадуктаў у крамах і на кірмашох. На жаль, у Беларусі каля 50 гарадоў маюць аварыйныя водаправоды. Гэта робіць яшчэ меней абароненымі перад хваробамі, што прыходзяць з поўдня ці ўсходу.

Халера хутка распаўсюджваецца, выклікае рэзкае абязводжаньне ды атручваньне арганізму зь цяжкім анатамічным пашкоджаньнем страўніка й кішак. Інкубацыйны пэрыяд доўжыцца зазвычай 2—3 дні. Пасьля надыходзяць стадыі халернае срачкі, халернага гастраэнтэрыту, альгідны пэрыяд. Гастраэнтэрыт – гэта калі ў чалавека сканчаецца панос і пачынае выдзяляцца вадкасьць з хлапякамі эпітэлію кішэчніка, якая нагадвае рысавы адвар. Хворы часта й пакутліва ванітуе. Пачынаюцца сутаргі. У альгідны пэрыяд хворы ўпадае ў апатыю, перастае баяцца сьмерці, тэмпэратура ягонага цела зьніжаецца да 35 градусаў. Скура бялее, рукі пухнуць і пруцянеюць, не распростваюцца. Голас і дыханьне слабеюць і надыходзіць сьмерць. Пры правільным дыягназаваньні й хуткім лячэньні ўратаваць чалавека можна ў любым пэрыядзе.

Паставіць дыягназ халеры “на вока” вельмі складана нават для дасьведчаных мэдыкаў. Трэба правесьці сэрыю аналізаў. Пры падазрэньні на халеру, калі ў вас пасьля вяртаньня з Расеі ці Ўкраіны пачалася нядужасьць, належыць імгненна зьвяртацца да лекара!

Самая простая й неабходная прафіляктыка — жыць у чысьціні, мыць рукі, ня піць негатаванае вады і малака, ня есьці брудных прадуктаў і не купацца ў выпадковых вадаёмах.

Халера зьяўляецца там, дзе беднасьць і побытавае бескультур’е, найчасьцей у краінах Азіі й Афрыкі. Але яна можа зьявіцца і ў эўрапейскіх гарадох, дзе ёсьць няшчасныя, што прывыклі ня мыцца ды есьці са сьметніцы.

Беларускія мэдыкі ведаюць пра небясьпеку. Як паведаміў намесьнік галоўнага лекара адной зь менскіх больніцаў, ёсьць дастатковая колькасьць халернага бактэрыяфагу нават на выпадак эпідэміі. Аднак у Міністэрстве аховы здароўя пэўныя, што навала нас міне.

Доктарка

 

Дарагая Масква

Калі ў студзені сярэдняя цана квадратнага мэтру жытла ў Маскве складала $632, дык у ліпені яна дасягнула $704.

І яно працягвае даражэць. Прагназуюць, што ўвосень цэны на нерухомасьць падымуцца яшчэ на 10—20%. На сёньня кватэры ў Маскве каштуюць утрая даражэй, чым у Менску.

Палова новых кватэраў прадаецца яшчэ на стадыі будаўніцтва.

Адна- і двухпакаёвыя кватэры таньнейшыя за, адпаведна, $18000 і $24000, зьніклі яшчэ ў студзені-лютым. Калі на пачатку году 50-мэтровую двухпакаёўку сярэдненькай якасьці льга было купіць за $35000—38000, дык зараз яны каштуюць ад $40000. І знаходзяць попыт.

Новага жытла паменшала, бо ўжо цалкам заселеныя буйныя маскоўскія “спальнікі” кшталту Бутава, Жулебіна, Навакосіна, Мар’інскага Парку. Кватэры ў “кропкавых” новабудоўлях ва ўжо засвоеных раёнах, натуральна, будуць нашмат даражэйшыя.

Забудова старых раёнаў дамамі палепшанай якасьці прывяла да таго, што “сталінскія” і “цэкоўскія” дамы пачалі страчваць прэстыж. Купіць больш танную кватэру можна за маскоўскай кальцавой дарогай — там цэны на 25—30% меншыя. Квадратны мэтар жылплошчы ў Падмаскоўі ў панэльным доме ў Мыцішчах каштуе $400—450, у пасёлку Белыя Дачы — $300 (пры сабекошце $220 за кв.м), у Троіцку — $280 за кв.м. Рост цэнаў зьвязваюць з ростам даходаў насельніцтва, якое пачало больш выдаткоўваць.

 

Сьвяты адмірал

Расейская праваслаўная царква кананізавала стваральніка Чарнаморскага флёту адмірала Вушакова. Чаму Вушакоў сьвяты, ня могуць толкам патлумачыць нават самі маскоўскія царкоўнікі: маўляў, усё жыцьцё служыў Радзіме і бліжнім, меў “манаскі дух”... Наступнымі будуць, трэба думаць, Жукаў і Шаманаў.

 

Злачыннасьць
у войску вырасла

Ад пачатку году толькі зарэгістраваная злачыннасьць у расейскім войску вырасла на 27%. Найбольшы рост назіраўся ў памежных войсках — у 2,5 разы. Больш за палову правапарушэньняў складаюць цяжкія і вельмі цяжкія злачынствы. Найгоршае становішча — у Паўночна-Каўкаскай, дзе Чачэнія, Уральскай і Маскоўскай акругах.

 

 

Беларусаў
не спыталіся

Расейскі ўрад ухваліў праграму прыватызацыі на 2001 г. Нечакана ў сьпісе прадпрыемстваў, якія падлягаюць прыватызацыі, зьявілася і кампанія “Слаўнафта” — плянуюць прадаць 19,68% яе акцыяў. Нечакана таму, што ніхто не параіўся ў гэтым пытаньні зь беларускім урадам, хоць гэтая кампанія беларуска-расейская. Мяркуецца, што гэтыя акцыі выкупіць фінансава-прамысловая група ТНК, якой ужо належыць больш за 10% акцый “Слаўнафты”. Такім чынам, у руках новага суўладальніка апынецца блякуючы пакет акцыяў.

С.Р.

 

У Сараеве ловяць, а ў Гаазе судзяць

2 жніўня македонцы адсьвяткавалі Iлiн Дэн. У 1903 г. на Iльлю ў Македоніі адбылося паўстаньне супраць турэцкіх акупантаў. Тады ж была абвешчаная рэспубліка, якая пратрывала тры месяцы — прадвесьніца сёньняшняй незалежнай македонскай дзяржавы. Напярэдадні сьвята прэзыдэнт Трайкоўскі паведаміў грамадзянам, што славянская і альбанская супольнасьці краіны дамовіліся ўрэшце паміж сабой, але пасьля зноў прыйшлі паведамленьні аб баях.

Чуткі пра тое, што сэрбскі ўрад дасьць ЗША вайсковыя базы на сваёй тэрыторыі, абвяргаюць і Бялград і Вашынгтон, але друк цьвердзіць адваротнае. Так, сэрбская прэса піша, што амэрыканцы хочуць арандаваць паветраную і радарную базы на поўдні Сэрбіі і базу Бондсьціл у Косаве. Сэрбскае агенцтва “Бэта” паведаміла, што ЗША гэта трэба для падтрымкі міратворчых сілаў у Косаве і з стратэгічных меркаваньняў: у хуткім часе распачнецца будаўніцтва балканскага нафтаправоду для касьпійскае нафты. Афіцыйны Бялград прызнаецца толькі ў тым, што з амэрыканцамі дамаўляліся пра абмен вайсковымі аташэ й навучальныя праграмы – амэрыканцы дапамогуць мадэрнізаваць сэрбскае войска.

Мiжнародны трыбунал у Гаазе даў 46 гадоў турмы генэралу басьнійскіх сэрбаў Крсьцічу. Крсьціч у ліпені 1995 г. камандаваў сэрбскім корпусам, які расстраляў больш за 7 тысяч басьнякаў — жыхароў Срэбраніцы. Гэта першы прысуд за генацыд у Эўропе пасьля Нюрнбэрскага трыбуналу.

У Сараеве паліцыя арыштавала двух генэралаў і палкоўніка (усе трое – басьнійцы-мусульмане), абвінавачаных у вайсковых злачынствах супраць сэрбаў і харватаў. Харватыя ў ліпені аддала Гаагскаму трыбуналу генэрала Рагіма Адэмі, якога вінавацяць у злачынствах супраць сэрбаў. Па нацыянальнасьці Адэмі альбанец.

У Празе гарадзкі суд прызнаў 76-гадовага Любаміра Штроўгала, былога прэм’ера камуністычнай Чэхаславаччыны, вінаватым у сьмерці трох чалавек. Штроўгал, калі быў міністрам унутраных справаў, не перадаў у Генэральную пракуратуру краіны дакумэнт, які сьведчыў, што сьледчыя чэхаславацкіх спэцслужбаў падчас допытаў катавалі людзей. І трох невінаватых, якія ня здолелі давесьці, што прызналіся пад катаваньнямі, расстралялі ў 1948 г.

Чэская Камісія па расьсьледаваньні злачынстваў камунізму за 6 гадоў сваёй чыннасьці высунула абвінавачваньні супраць 160 чалавек, але пакарана было толькі 9.

Малдова стала 142-й краінай, што ўвайшла ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Нягледзячы на імідж найбяднейшай у Эўропе, Малдова тут апярэдзіла і Беларусь, і Расею. Сяброўства ў СГА дае магчымасьць невялікім краінам на роўных вырашаць свае гандлёвыя спрэчкі з супэрдзяржавамі. Можна чакаць і росту інвэстыцыяў у эканоміку краіны, чые законы прайшлі старанную праверку СГА. Для Малдовы, падзеленай на дзьве часткі, прыток інвэстыцыяў — пытаньне ня толькі эканамічнага, але й палітычнага выжываньня.

Сяргей Рак

 

Нафта Мажэйкяю

На мінулым тыдні літоўскі Сойм унёс зьмены ў закон, што рэглямэнтуе дзейнасьць нафтаперапрацоўчае прамысловасьці краіны. Бязь іх не магло б уступіць у дзеяньне пагадненьне, падпісанае 14 чэрвеня расейскай нафтавай кампаніяй “Юкас” і амэрыканскім Williams International, якое мае вызначыць далейшы лёс нафтаперапрацоўкі ў Літве.

Пазалетась акцыянэрнае таварыства «Бутынгес нафта», што займаецца перадусім экспартам расейскай нафты праз Балтыйскае мора, нафтаперапрацоўчы завод «Мажэйкю нафта» і нафтаправод «Нафтацекіс» былі рэарганізаваныя ў канцэрн «Мажэйкю нафта», 33% акцыяў якога купіла амэрыканская кампанія Williams Int., а каля 60% засталося ў руках літоўскага ўраду. Нашыя суседзі хацелі гэтак пазьбегнуць уплыву расейскіх кампаніяў. Тыя ў адказ скарацілі пастаўкі сыравіны. З-за гэтага «Мажэйкю нафта» працавала са стратамі. Пабудаваны за саветамі з разьлікам на сібірскую сыравіну камбінат ня мог нармальна функцыянаваць безь яе.

Першым з расейцаў цікавасьць да “Мажэйкю нафта” выявіў “Лукойл” – Williams паўтары гады вёў зь ім безвыніковыя перамовы. “Лукойл” хацеў кантраляваць камбінат, чаго не маглі дазволіць літоўцы.

Кампанія “Юкас” поўнага кантролю ня прагнула, і было вырашана працаваць зь ёй. Сёлета яна й Williams падпісалі пагадненьне, паводле якога расейцы за $75 млн. купяць 26,85% акцыяў «Мажэйкю нафты». “Юкас” станецца роўным партнэрам Williamsу, бо кожны зь іх будзе мець па 26,85% акцыяў. Пагадненьне мае ўступіць у сілу зь верасьня. Паводле яго, «Юкас» да 2011 г. штогод будзе пастаўляць 4,8 млн. тонаў нафты для камбінату і яшчэ 4 млн. тонаў – для рээкспарту на Захад.

Неўзабаве пасьля падпісаньня пагадненьня “Лукойл” і Цюменская нафтавая кампанія заявілі, што прапануюць лепшыя ўмовы, аднак ні Williams, ні літоўскі ўрад ужо слухаць іх не захацелі.

Мажэйкаўская нафтаперагонка здольная штогод перапрацоўваць да 12 млн. тонаў нафты, так што і надалей завод ня зможа працаваць на поўную магутнасьць. Але цяпер, забясьпечыўшы доўгатэрміновыя пастаўкі сыравіны, Williams і «Мажэйкю нафта» маюць шанцы атрымаць крэдыты ад Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця дый мадэрнізаваць вытворчасьць, што дазволіць вырабляць больш якасныя прадукты і палепшыць фінансавае становішча.

Сяргей Богдан

 

У Кеніі антыглябалістаў няма

Прэм’ер Італіі Бэрлюсконі хоча перанесьці прызначаную на кастрычнік у Рыме сустрэчу Сусьветнае арганізацыі харчаваньня і сельскай гаспадаркі (FAO) у якое іншае места (мо ў сталіцу Кеніі Найробі). Як піша італійскі друк, Бэрлюсконі баіцца новых хваляваньняў антыглябалістаў.

С.Р.

 

Аднаўленьне сувязяў

Сусьветны Банк, пасьля шасьцігадовага перапынку, дасьць Беларусі 22-мільённую пазыку на мадэрнізацыю ацяпляльных сыстэмаў у школах ды шпіталях. Банк цяпер распрацоўвае стратэгію дапамогі нашай краіне. У 2002—2004 г. мы можам атрымаць пазыкі памерам да 260 млн. даляраў, калі ў краіне адбудуцца зьмены да лепшага. Таксама Беларусь распачала пад кантролем Міжнароднага валютнага фонду шасьцімесячную праграму, скіраваную на зьмены ў макраэканамічнай палітыцы, у тым ліку на зьмяншэньне дзяржаўнага кантролю за цэнамі. Калі праграма завершыцца пасьпяхова, а выбары пройдуць дэмакратычна, Беларусь можа весьці перамовы наконт новых доўгатэрміновых крэдытаў МВФ.

 

Памёр Герак

Кожны другі паляк сёньня мяркуе, што за часоў кіраваньня “Герка” жылося лепей, чым зараз. У паспалітай сьвядомасьці беластоцкіх беларусаў 70-я засталіся як “залаты век”. І нават сёньня ў народзе можна пачуць — Chcesz cukierka, idź do Gierka, Gierek ma, to ci da.

Герак збудаваў 2,5 млн. кватэраў, але набраў пазыкаў у Захаду аж на 20 млрд. даляраў. Яго адхілілі ад улады ў 1980 г., бо ня даў рады “Салідарнасьці”.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0