Сьвятар перадусім

Нарадзіўся Аляксандар Надсан у мястэчку Гарадзея, што пад Нясьвіжам. Бацька і маці ягоныя былі настаўнікамі, і хлопец зь дзяцінства размаўляў з маці па-француску (у часы ваеннага ліхалецьця юнаку, закінутаму на чужыну, прыдаліся гэтыя веды). Пасьля школы скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, дзе, як і бацька, вучыўся на настаўніка матэматыкі. Сам айцец кажа, што сэмінарыя дала яму “ня толькі грунтоўныя веды, але зрабіла перакананым беларусам на ўсё жыцьцё”.

У час вайны, яшчэ падлеткам, Аляксандар узначаліў мясцовае аддзяленьне Саюзу Беларускае Моладзі. У 1944 г. Аляксандар, як шмат хто зь ягоных раўналеткаў, далучаецца да Беларускае Краёвае Абароны. Праз год ён будзе стаяць у ахове Другога ўсебеларускага кангрэсу ў Менску. Аляксандру не было яшчэ 18 гадоў, калі жаўнеры Беларускай Краёвай Абароны былі скіраваныя на Заходні фронт, у Францыю. Там ён зь сябрамі далучыўся да Руху Супраціўленьня. Пазьней Аляксандру давялося ваяваць у Італіі ў складзе арміі генэрала Андэрса, дзе ён быў паранены. Айцец мае ўзнагароды за змаганьне з фашызмам, але гаварыць пра гэта ня любіць, бо, зь ягоных словаў, “вайна — гэта нялюдзкае і страшнае”.

Па вайне савецкая Беларусь, дзе разгарнуліся рэпрэсіі, была для яго закрытая. Айцец гаворыць цяпер з іроніяй: “У нас не было тады выбару: Ангельшчына або Беларусь. Мне даводзілася выбіраць Ангельшчыну або Салаўкі. Я падумаў, што ў Ангельшчыне будзе крыху выгадней”.

У Брытаніі, дзе айцец апынуўся па вайне, ён за некалькі месяцаў самастойна авалодаў ангельскай мовай і паступіў у Лёнданскі ўнівэрсытэт на аддзяленьне матэматыкі. Якраз тады пачынае фармавацца айцова адкрытасьць да сьвету, да сусьветнае культуры, што надае ягонай унікальнай эрудыцыі эўрапейскі кшталт. Гады самаадукацыі далі яму грунтоўныя веды з сусьветнай гісторыі й культуры, веды, што і цяпер уражваюць ягоных суразмоўцаў.

У 1946 г. Аляксандар Надсан стаецца адным са стваральнікаў Згуртаваньня беларусаў Вялікае Брытаніі, найстарэйшай зь дзейных цяпер беларускіх арганізацыяў у замежжы. Таксама ён удзельнічае ў працы Беларускага акадэмічнага каталіцкага аб’яднаньня “Рунь”, што гуртавала інтэлектуальную беларускую моладзь у Заходняй Эўропе й ЗША.

У 1947 г. у Лёндане ствараецца Беларуская каталіцкая місія. Будучы біскуп Часлаў Сіповіч, які стаяў ля яе вытокаў, стаўся для Аляксандра найбольшым духоўным аўтарытэтам і паўплываў на ягоны далейшы жыцьцёвы шлях. “Пад ягоным уплывам у мяне нарадзілася жаданьне прысьвяціць жыцьцё на службу Богу сярод свайго народу”, — кажа айцец. Увосень 1953 г. А.Надсан едзе ў Рым, дзе праводзіць наступныя шэсьць гадоў у Грэцкай калегіі. У калегіі вучыліся румыны, італа-альбанцы, сырыйцы. Яны размаўлялі між сабою па-грэцку, ведалі італійскую, а ў Грыгарыянскім унівэрсытэце вучыліся на лаціне. Менавіта там айцец сутыкнуўся з разнастайнасьцю нацыянальных традыцыяў у Царкве. Ён казаў пасьля, як глыбока яго ўразіла тое, што студэнты зь іншых Цэркваў маглі пры нагодзе маліцца па-свойму. Для яго ж, беларуса, “сваёй” моваю набажэнства была царкоўнаславянская. З часу навучаньня ў Грэцкай калегіі вынес айцец думку пра пераклад усходніх літургічных тэкстаў з грэцкай мовы на беларускую — працу, якую ён уважае цяпер за найважнейшае зьдзяйсьненьне ў сваім жыцьці.

Высьвячаны на сьвятара ён быў 23 лістапада 1958 г. і ў наступным годзе вярнуўся ў Лёнданскую місію.

У 60-я місія ўтрымлівала Беларускую школу сьв.Кірылы Тураўскага, дзе вучыліся і жылі хлопчыкі зь беларускіх сем’яў з розных краінаў і розных веравызнаньняў. Для дзяцей гэта быў асяродак, дзе яны маглі пазнаёміцца з нацыянальнай літаратурай, гісторыяй, культурай. Айцец Аляксандар працаваў настаўнікам у гэтай школе, а ад верасьня 1966 г. быў ейным кіраўніком.

Сьвятарскае служэньне для айца заўсёды было зьвязанае з працаю дзеля захаваньня беларускае культуры. Таму і працуе ён актыўна ў складзе Ангельска-Беларускага таварыства, чытае культуразнаўчыя лекцыі, друкуецца у пэрыядычных выданьнях, перадусім у “Journal of Byelorussian Studies” і ў адноўленым у Лёндане рэлігійным часопісе “Божым шляхам”. Ён цікавіцца старадрукамі, скарыназнаўствам, робіць унікальную працу па дасьледаваньні і трансьлітарацыі Аль-Кітабаў.

У 1971 г. у Лёндане адкрываецца Беларуская бібліятэка імя Скарыны. Бібліятэчная калекцыя спачатку складалася з прыватных кнігазбораў трох сьвятароў — уладыкі Ч.Сіповіча, а.Л.Гарошкі і а.А.Надсана. Цяпер гэта сусьветна вядомы цэнтар, які валодае найбуйнейшым па-за межамі Бацькаўшчыны зборам беларусазнаўчай літаратуры, унікальнай калекцыяй старадрукаў і старажытных мапаў, багатым і дагэтуль мала дасьледаваным архівам. Сёлета, дарэчы, Скарынаўка сьвяткуе сваё 30-годзьдзе, да якога прымеркаваная канфэрэнцыя ў Лёндане “Роля беларускай дыяспары ў захаваньні й разьвіцьці беларускай культуры”.

Усе гэтыя гады фонды бібліятэкі папаўняліся найперш стараньнямі айца Надсана. Ён выкарыстоўваў кожную магчымасьць, шукаючы рэдкія выданьні, рукапісы, езьдзіў на кніжныя аўкцыёны, у букіністычныя крамы па ўсёй Эўропе, зьбіраў кнігі сярод беларусаў дыяспары. Айцец са сьмехам распавядае, што быў у Монтэ-Карла, слаўным сваімі казыно, і шмат грошай там пакінуў. Быў жа ён там насамрэч на кніжным аўкцыёне і неблагі набытак зь яго прывёз для Скарынаўкі. Альбо яшчэ, як давялося яму ў аднаго нью-ёрскага беларуса цэлы дзень частавацца чымсьці моцным і брыдкім, каб назаўтра атрымаць ад яго “Гісторыю крыўскай кнігі” В.Ластоўскага.

А яшчэ было навязваньне кантактаў зь дзяржаўнымі бібліятэкамі і ўстановамі культуры ў Беларусі, арганізацыя навуковых канфэрэнцыяў, выданьне рукапісаў з фондаў бібліятэкі (у т.л. дзёньніка Казіміра Сваяка і рукапіснага паэтычнага зборніка Ларысы Геніюш).

Адначасова айцец робіць велізарную працу па перакладзе літургічных тэкстаў бізантыйскае традыцыі. Плён ягоных 20-гадовых высілкаў — гэта ўвесь корпус багаслужбаў надзвычайнае духоўнае і эстэтычнае вартасьці, цяпер даступны беларускім вернікам. Айцец не абмяжоўваецца перакладамі: разьвіваючы беларускую літургічную традыцыю, ён уводзіць ва ўжытак малітвы і акафісты Скарыны, сам піша тэксты (Служба аб памнажэньні любові, Службы да сьв.Эўфрасіньні Полацкае і да сьв.Кірылы Тураўскага і інш.). Асноўная частка гэтых тэкстаў падрыхтаваная цяпер да друку лёнданскім выдавецтвам “Божым шляхам”.

Пасьля сьмерці біскупа Сіповіча а.Аляксандар робіцца рэктарам місіі ў Лёндане, а ў 1986 г. яго прызначаюць Апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў замежжа. Доўгі час ён самастойна выдаваў “Весьнік беларускага каталіцкага душпастырства”. Двойчы тады ён аб’ехаў сьвет, адведваючы беларусаў ад Аўстраліі і Новае Зэляндыі да ЗША і Канады. Да апошняга часу вадзіў ён штогадовыя пілігрымкі да Крыжа беларускіх пакутнікаў, што ў Канадзе. На працягу некалькіх гадоў “Наша Ніва” зьмяшчае казаньні а.Аляксандра на Каляды і Вялікдзень, адрасаваныя беларусам усяго сьвету. У сталым сваім веку айцец рэгулярна бывае ў беларусаў розных веравызнаньняў ад Францыі да Амэрыкі, служыць набажэнствы, хрысьціць і вянчае, проста сустракаецца зь людзьмі — трымае іх разам. Разам зь Беларусяй і разам з Богам.

Калі зьнятая была жалезная заслона, айцец прыехаў на Беларусь — з дапамогаю для дзяцей, што пацярпелі ад чарнобыльскае аварыі. Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі, які айцец стварыў і ўзначаліў у Вялікабрытаніі, распачаў тады дастаўку лекаў у найбольш пацярпелыя раёны, ладзіў летнія адпачынкі для дзяцей у Ангельшчыне, Валіі і Ірляндыі.

У той свой прыезд зь вялікай радасьцю для сябе сутыкнуўся айцец зь першымі намаганьнямі адрадзіць Уніяцкую Царкву на Беларусі. 11 сакавіка 1990 г. ён адслужыў сьвятую Літургію за беларускі народ — першую каталіцкую службу ўсходняга абраду ў Менску ад часоў скасаваньня Уніі ў 1839 г. Сотні людзей прыйшлі на ягонае набажэнства і адчулі тады, што гэта — іхняя Царква. Царква зь беларускай моваю літургіі, Царква, дзе душы адгукаюцца на мудрыя і сьветлыя словы сьвятара. Пры ўсёй разнастайнасьці абавязкаў і пакліканьняў айца, пры ягонай неверагоднай заангажаванасьці ў сьвеце, сьвятарства для яго — ня роля, а тоеснасьць. “Я — сьвятар перадусім”, — часта кажа ён пра сябе.

З адраджэньнем Грэка-Каталіцкае Царквы на Беларусі праца Лёнданскае місіі набыла новае значэньне: цяпер тут атрымліваюць тэалягічную адукацыю беларускія студэнты, запрошаныя айцом. Цяпер ёсьць надзея на працяг, на пераемнасьць пачатае колісь айцом справы.

На жаль, свой сёлетні юбілей айцец сустрэне на чужыне. Прыехаць у Беларусь яму, вольнаму чалавеку з вольнага сьвету, не дазваляе абсурдная вымога беларускіх уладаў, што тычыцца ўсіх замежных прадстаўнікоў неправаслаўных канфэсіяў: дзеля прыезду ў Беларусь ім неабходны дазвол Камітэту па справах рэлігіяў. Адпаведна, у Беларусі мы яго пабачым ня хутка. Але ўсё ж добра ведаць, што там, у Лёндане, у царкве Сьв.Пятра і Паўла, айцец асьвячае пачатак кожнага дня Боскай літургіяй па-беларуску і моліцца вось ужо колькі дзясяткаў гадоў “за краіну нашу Беларусь і за ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас”.

Караліна Мацкевіч,
Ігар Іваноў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0