Водгукі

 

Маланкаадвод ці маланкапрыймач?

Каб засьцерагчы свой дом аб перуноў, трэба мець громаадвод ці, правільней, маланкаадвод. На жаль, нашмат лягчэй змайстраваць “маланкапрыймач”. Аб чым і сьведчыць матэрыял, зьмешчаны ў “НН” ад 30 ліпеня 2001 г. Справа ў тым, што калі маланка трапляе ў маланкаадвод, гэта — няштатная сытуацыя. Маланкаадвод для таго і прызначаны, каб “адводзіць” маланку, разраджаючы атмасфэрную электрычнасьць ня “гучным” іскравым разрадам, а ціхім каронным. Электрычнасьць проста “сьцякае” з вастрыя маланкаадводу.

Толькі на канцы вастрыя ўтвараецца неабходны патэнцыял (нагадаю, што звыклае нам напружаньне — гэта рознасьць патэнцыялаў). Калі ж вастрыё прытупіць, напрыклад, шарыкам, пятлёй і г.д., гаспадар можа быць упэўнены: маланка ў ягоную хату будзе трапляць рэгулярна (на тое й “маланкапрыймач”). Так што ня ўсім энцыкляпэдыям трэба давяраць.

Аляксандар Батура, в.Садкі (Капыльшчына)

 

Ня трэба песьняў

У “НН” ад 25 чэрвеня Ігар Лялькоў, аўтар артыкулу “Адвечная песьня”, піша пра першыя крокі пасьляваеннай беларускай эміграцыі. Кажа пра ейныя намеры, цяжкасьці ды заадно пераконвае чытачоў “НН” ды ўвесь сьвет у няздатнасьці беларусаў да творчага арганізацыйнага жыцьця, няздатнасьці нашай эміграцыі дараўняць эміграцыям палякаў, балтаў, украінцаў.

У 1948 г. беларуская эміграцыя толькі пачыналася. Не было яшчэ беларускіх нацыянальных арганізацыяў, апрача “Хаўрусу” ў Францыі, створанага старой беларускай эміграцыяй (Мікола Абрамчык і Лявон Рыдлеўскі згуртавалі вакол сябе беларускіх работнікаў, выдавалі газэту) ды Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі, Першы Агульны Зьезд якога адбыўся ў студзені 1947 г. На ім беларускія дзеячы-незалежнікі Францыі й Англіі думалі пра шляхі арганізацыі жыцьця ўсяе беларускае эміграцыі. Для гэтага трэба было арганізаваць зьезд прадстаўнікоў яе па магчымасьці з усіх куткоў сьвету. І ўжо сама задума Сусьветнага Зьезду беларускай эміграцыі і, тым больш, зьдзяйсьненьне яе было пазытыўным, правільным, нават неабходным крокам. Другім пазытывам Першага Сусьветнага зьезду беларускай эміграцыі было абмеркаваньне й апрацоўка галоўнага ідэалягічнага й практычнага напрамку дзеяньня для ўсяе незалежніцкае беларускае эміграцыі, пададзенага ў пастановах-рэзалюцыях зьезду.

І няпраўда, што Зьезд быў “няўдалай спробай аб’яднаньня паваеннай беларускай эміграцыі”. Зьезд такіх заданьняў перад сабой ня ставіў. Ды што значыць “аб’яднаць”?! Ці можна, прыкладам, аб’яднаць тых, хто за незалежнасьць Беларусі, з тымі, хто супраць незалежнасьці, а за ўлучэньне Беларусі ў Расею?

І ня ставіў сабе Першы Сусьветны зьезд беларускай эміграцыі заданьня “дагнаць і перагнаць Амэрыку” — дараўняць эміграцыям палякаў, балтаў ды ўкраінцаў.

Запачаткаваны Зьездам Фонд 25 Сакавіка існуе па сёньня й фінансуе дзейнасьць Рады й Ураду БНР.

Раіса Жук-Грышкевіч, Таронта


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0