Тыдзень нашага жыцьця

 

Дык улада ж гнілая!

Лукашэнка гады ў рады сустрэўся зь не залежнымі ад сябе журналістамі. І выявілася, што тым няма пра што пытацца!.. Спытацца, чым ягоная палітыка ў наступныя пяць гадоў будзе адрозьнівацца ад мінулых сямі? Дык нічым ня будзе. З чаго пачнецца эканамічная лібэралізацыя пасьля выбараў? Дык не прызнаецца. Скажа: не аддам ні капейкі! А калі перастануць душыць беларусаў? Ды хто вас душыць, Сярожа? — па-бацькоўску паўшчувае. — Вот задаёте мне вопрос по-белорусски, и нихто вас за это не преследует. Ведь правда?

 

Чаго тады крыўдаваць, што журналісткі выкарысталі сустрэчу, каб выгаварыцца, і зьвярталіся да Лукашэнкі не як да першага прэзыдэнта сваёй дзяржавы, а як да невядома каго. Чаго ж хацелі вы, панове мажнаўладцы? Разьвя-лі калхоз на 200 тыс. квадратных кілямэтраў — цярпіце цяпер яго. Залілі краіну гноем сваіх рэзанансаў і азаронкаў — цяпер дыхайце ім. Болей таго — саслабнеце, састарэеце, вас яшчэ гэты гной есьці прымусяць. Вашы ж рэзанатары.

У пятніцу невядомыя разаслалі ў газэты электронны ліст за подпісам Алесь Сьвядомы. Гэты ліст выкрывае зладзейскую сутнасьць зьніклага Захаранкі на прыкладах таго, як ён з дапамогай сваіх украінскіх і расейскіх сяброў “кінуў” сумленнага бізнэсмэна Лява Зэльманавіча Валозу на 76 тыс. даляраў. Не сумняюся, што той самы ліст ужо быў зачытаны на БТ. Сам Валоза, праўда, ні пацьвердзіць, ні абвергнуць зьвестак ня можа. Летась яго забілі ў Расеі.

Вось такімі спосабамі цяпер дзейнічаюць лукашэнкаўскія лібэралы-аналітыкі, надзея эўрапейскіх сталіцаў (што ні кажыце, а гэта справа менавіта лібэралаў, бо лукашэнкаўскія “сокалы”-славянафілы дагэтуль уважаюць электронную пошту сіянісцкай выдумкай). Лібэралы думаюць, што гэта “пі-ар”. Слова “сэрвільнасьць” яны не ўжываюць.

Дэмакраты зусім падупалі духам. Улада робіць, што хоча. Узяла й канфіскавала ўсю тэхніку ў рэсурсавых цэнтрах. Узяла й закляйміла Ганчарыка фашыстам. Узяла і стварыла штурмавыя атрады з крапавых барэтаў. Ні Бажэлкі не баіцца, ні Алкаева, ні непрыезду назіральнікаў АБСЭ. А мы ж ужо пасады падзялілі. Вось толькі ОРТ з РТР прышлюць падкрапленьне…

Апазыцыю вывелі на гэтыя выбары без пары. Без папярэдняга “круглага стала” з уладамі, бяз роўных умоваў для стварэньня СМІ, зьнякровіўшы за 2000 год кволыя апазыцыйныя газэты, нанёсшы руйнавальныя ўдары па беларускай культуры — адзіным апірышчы дэмакратыі. А цяпер давайце, змагайцеся, намэнклятура з бээнэфаўцамі, за права побач зь Вікам сесьці. Ламайце галаву, падпіша Ганчарык угоду з Домашам ці не падпіша…

Але ўвесь перадвыбарчы тлум, уся слабасьць апазыцыі, уся непераканаўчасьць намэнклятурных кандыдатаў, усе хітрыкі Замяталіна і Латыпава ня могуць засланіць адной жорсткай відавочнасьці: улада ў краіне — гнілая. Сыстэма — гнілая. Гнілое — паваліцца. Ня трэба толькі думаць, што паваліць яе можна чужымі рукамі. З парахні ўлады зараза перакідваецца і на палітычную апазыцыю. Дык жа каб побач з гнілой уладай не струхлелі і нашы сэрцы.

Барыс Тумар

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0