Падарожжа ў блізкае замежжа

Беласток – Дубічы – Мельнік – Дарагічын – Крынкі – Грабарка – Сэйны

17—29 чэрвеня я браў удзел у Міжнароднай гуманістычнай школе Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, зладжанай намаганьнямі Асяродку дасьледаваньня старажытнай культуры Варшаўскага ўнівэрсытэту, фундацыі Instytut Artes Liberales і Беластоцкага ўнівэрсытэту. Кіраўнікамі школы былі прафэсарка Эльжбета Смулкова, былая пасол Польшчы ў Беларусі, і гісторык Яўген Мірановіч.

У працы школы бралі ўдзел 30 “студэнтаў”, хоць сапраўдных студэнтаў сярод іх было толькі трое, усе астатнія — асьпіранты ці маладыя навукоўцы з Горадні, Менску, Наваполацку, Берасьця, Львова, Беластоку.

 

Школа нашая месьцілася ў Гайнаўскім павеце, у вёсцы Дубічы-Царкоўныя, што за 5 км ад Белавескай пушчы. Вёска зьяўляецца цэнтрам гміны, ейнае насельніцтва — чалавек 300. Дубічы-Царкоўныя маюць свой герб: на кармінава-бела-кармінавым тле сымбаль, які складаецца з паловы лісточка дубу й паловы царкоўнай цыбуліны. На ўсе Дубічы толькі дзьве вуліцы — Паштовая і Галоўная, два бары і дзьве крамкі. Але аж чатыры тэлефоны зь міжнароднай сувязьзю, якія выглядаюць навюткімі. Сувязь зь Беларусяй ідэальная.

Жылі мы а двох кілямэтрах ад Дубічаў, у курортнай зоне Бахматоўка — на ўскраіне лесу ў драўляных дамках. Час ад часу, зусім як у Менску, не ставала гарачай вады.

Наш шлях у Дубічы ляжаў каля стравусінай фэрмы. Але колькі мы ні прыглядаліся, колькі ні прыўздымаліся над плотам, ніводнай птушкі не пабачылі. Трэба думаць, што для іх пакуль ствараюць патрэбны ляндшафт, каб яны не памерлі ад настальгіі сярод беластоцкіх бярозак. Затое буслоў на Беласточчыне — як у Менску вераб’ёў, літаральна на кожным кроку.

Сярод іншых нашых “школьных” заняткаў былі “баданя тэрэновэ” (палявыя дасьледаваньні), у часе якіх мы павінны былі запісваць успаміны мясцовых людзей (Беластоцкі ўнівэрсытэт рыхтуе кнігу пра жыцьцё ў Польшчы ў 20—30-я гады). У вёсцы Дубічы-Тафілоўцы, дзе мы гэтымі “баданямі” займаліся, людзей дзівілі нашыя пытаньні пра нацыянальны й сацыяльны ўціск за Другой Рэччу Паспалітай. Ну, так, жыць было цяжка, не ставала грошай, але каб што гэткае... Пілсудзкага не любілі. Калі ў Дубічах у 1936 г. польскія ўлады вырашылі паставіць помнік Начальніку Дзяржавы, на наступную ноч мужыкі згаварыліся і дзесьці яго ўтапілі, ды так добра, што дагэтуль ніхто ня можа знайсьці.

Найлепшым часам праваслаўныя жыхары Беласточчыны (а іх тут амаль 100%) лічаць часы “камуніі” (Польскай Народнай Рэспублікі). Тады беларусы мелі мажлівасьць працаваць ва ўладных структурах, камуністычны ўрад даваў шчодрыя субсыдыі на сацыяльна-эканамічную сфэру і культуру. Часы Герэка згадваюцца зь цеплынёй: “Гэта не за злодзеямі Валэнсам і Квасьнеўскім, аднак Ваш... Лукашэнка яшчэ горшы за нашых бандытаў”.

Людзі ў размовах з намі наракалі на малыя пэнсіі, што вагаюцца ў межах 600—900 злотых. (1 даляр — гэта менш за 4 злотыя). Калі мы распавядалі пра беларускія пэнсіі, людзі ня верылі і думалі, што мы нешта блытаем зь лічбамі.

Аднак жыцьцё ў Польшчы насамрэч не такое салодкае, як можа падацца. Пэнсіянэры атрымліваюць грошы. А што рабіць маладым, якія ня маюць працы? Эканамісты палічылі, што Гайнаўскі павет, адзін з найбяднейшых у Польшчы, пры сёньняшніх тэхналёгіях пракормяць 60 фэрмэраў, а сёньня там 2000 сем’яў займаюцца сельскай гаспадаркай. Дзяржава імкнецца рэгуляваць эканамічныя адносіны, не дапускаць перавытворчасьці сельскагаспадарчай прадуцыі. Прыкладам, яна засявае зямлю лесам, плоцячы ейным гаспадарам арэнду. Але людзі, якія ўсё жыцьцё працавалі на зямлі, не разумеюць такога клопату дзяржавы.

У кожнага суразмоўцы мы пыталіся, хто ён па нацыянальнасьці і якой мовай гаворыць. Усе казалі: мы беларусы, размаўляем нашай беларускай мовай. Толькі адна жанчына акрэсьліла сябе праваслаўнай полькай, але патлумачыла, што яна полька, бо жыве ў Польшчы, а насамрэч яна беларуска.

Аднаго разу мы выправіліся ў аўтобусную вандроўку па гарадах, разьмешчаных на Бузе. У Мельніку найбольш уразіў абраз Маці Божай пры ўваходзе ў тамтэйшую царкву. У 1939 г. савецкія воіны практыкаваліся ў стральбе, цаляючы ў яго, і зрашэцілі яго ўшчэнт. Жыхары так і пакінулі абраз вісець як памяць пра “воінаў-вызваліцеляў”...

У Дарагічыне-над-Бугам наведалі духоўную сэмінарыю. Вясёлы ксёндз Бароўскі паказаў нам інкунабулы і дакумэнты XVI ст., і нават мэтрыку Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Паказаў шыкоўны слуцкі пояс, які выглядае што навюткі. Пахваліўся айцец Бароўскі і аўтографам Адольфа Гітлера, пашкадаваўшы, што не стае аўтографу другога злыдня — Сталіна.

Распавёў гісторыю келіха для сьвятой камуніі. У 1939 г. у Дарагічын прыйшлі саветы, разрабавалі касьцёлы, сэмінарыю, павывозілі каштоўнасьці. Сьвятароў “пасялілі” каля Томску. Ксяндзы не скарыліся і ладзілі ў лягерных умовах набажэнствы для вернікаў. Але як правесьці сьвятую камунію на 40-градусным марозе, калі келіх прымярзае да рук? Выйсьце было знойдзена. Келіху была “падараваная” душа — у ім прасьвідравалі дзірку, каб устаўляць сьвечку.

Наведалі мы і сьвятую гару Грабарку. Кажуць, калі хочаш пазбыцца хваробы або папросту заручыцца дапамогай вышэйшых сілаў у нейкай справе, трэба паставіць на гэтай гары крыж, напісаўшы на ім сваю просьбу. Тысячы крыжоў, прынесеных людзьмі з усёй Белаcточчыны, робяць незабыўнае ўражаньне. Але санктуарый крыху зьмяншае эфэкт сьвятога месца: начыньне з золата й дываны пад нагамі псуюць уражаньне.

Нельга было не завітаць і да Сакрата Яновіча ў Крынкі. Паваленага плоту, пра які сьпявае Шалкевіч, я не пабачыў, усё прыстойна і прыгожа пафарбавана. Вось і Villa Socrates, і ейны добразычлівы, хоць і востры на язык гаспадар. Дасталося ўсім: і беларускай інтэлігенцыі, якая прафукала нацыянальнае адраджэньне й беларускую мову, і палякам, і беластоцкім беларусам. Пахваліў, праўда, часопіс “ARCHE”, новы нумар якога пасьпеў прачытаць да нашага прыезду, выпраўляючы ў сваім тэксьце граматычныя й сынтаксічныя памылкі.

Апошнія тры дні мы правялі на польска-літоўскім памежжы, у Сэйнах, дзе ў 1919 г. адбылася сутычка паміж польскім палком, што складаўся зь беларусаў, і літоўскім палком, у якім таксама ваявалі беларусы... Цяпер у Сэйнах жыве каля 20% летувісаў, і працуе шыкоўны Дом літоўскай культуры. Але наймацней літоўскасьць адчуваецца ў Пуньску, што на самай мяжы зь Літвой, дзе 80% насельніцтва — літоўцы. Найбольш гэта адчувалася ў рэстарацыі, інтэр’ер якой зроблены ў стылі літоўскай карчмы 30—40 г. Нацыянальныя стравы, славуты крупнік, дзяўчаты-афіцыянткі — тыповыя балткі. Калі гасьцінны гаспадар рэстарацыі паставіў нам касэту зь літоўскімі песьнямі-маршамі, мне падалося, што на дварэ чэрвень 1946 г. Вось зараз увойдзе лясны брат, паставіць у куце карабін, паглядзіць на нас пільна і... закажа такія самыя стравы дый будзе спакойна вячэраць. І ніхто яго не затрымае, бо ўсе свае.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0